ФРОСТ (Frost) Роберт Лі (26.3.1874, г. Сан-Францыска, ЗША — 29.1.1963),

амерыканскі паэт. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це. У 1912—15 жыў у Англіі, дзе выйшла яго першая кн. «Воля хлопчыка» (1913). Рэаліст. тэматыка, «паэзія штодзённага», выкарыстанне гутарковай мовы выявілі яго погляд на этычныя і сац. праблемы эпохі (зб. «На поўнач ад Бостана», 1914). У зб-ках «Нью-Гэмпшыр» (1923), «Далёкі хрыбет» (1936) і інш. адчуванне трагічнай страты жывога кантакту чалавека з прыродай, крызісу сучаснай механістычнай цывілізацыі. Лірычныя вершы кніг «Дрэвасведка» (1942), «Вятроўнік» (1947), «На высечцы» (1962) адзначаны глыбінёй думкі і народнасцю, арыгінальным паэт. бачаннем і належаць да шэдэўраў англамоўнай паэзіі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1968;

Стихи = Poems. М., 1986;

Неизбранная дорога. СПб., 2000.

Літ.:

Зверев А.Р. Фрост // Писатели США: Краткие творч. биогр. М., 1990.

т. 16, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫНКЕРНА́ГЕЛЬ (Zinkernagel) Рольф (н. 6.1.1944, г. Базель, Швейцарыя),

швейцарскі вучоны ў галіне імуналогіі. Замежны чл. Амер. нац. АН (1996), Аўстрал. АН (1996), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1998), Лонданскага каралеўскага т-ва (1998). Скончыў Базельскі ун-т (1968), дзе і працаваў. З 1971 у Лазанскім ун-це. З 1973 у Аўстрал. ун-це (Канбера). З 1975 у клініцы мед. даследаванняў г. Ла-Джола (ЗША). З 1979 у Цюрыхскім ун-це, з 1992 дырэктар Ін-та эксперым. імуналогіі ў Цюрыху. Навук. працы па механізмах імуналагічнай талерантнасці, памяці, распазнавання клеткамі імуннай сістэмы мікробаў і малекул уласнага арганізма. Вызначыў ролю лімфацытаў (кілераў) у абароне ад вірусаў, антыцел у клетачным імунным адказе пры аўтаімунных рэакцыях у запаленчых працэсах. Нобелеўская прэмія 1996 (з П.​Дохерці).

В.​Ф.​Ермакоў.

Р.Цынкернагель.

т. 17, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПІТО́ (франц. chapiteau літар. — капітэль, каўпак),

часовае цыркавое памяшканне для дэманстрацыі спектакляў. Звычайна — купалападобны брызентавы шацёр, які нацягваецца з дапамогай розных мацаванняў на высокія мачты (формы) і бакавыя стойкі. Унутры Ш. знаходзяцца манеж, месцы для гледачоў, неабходныя тэхн. прыстасаванні і закулісная частка. Хутка збіраецца і разбіраецца. Прызначаны пераважна для раз’язнога абслугоўвання гледачоў (перасовачныя цыркі-Ш.). Стацыянарныя Ш. ствараюць у гарадах, дзе няма пастаянных цыркавых будынкаў, у садах, парках у летні перыяд (летнія цыркі-Ш.). Узніклі ў 1830-я г. (Летні цырк. Елісейскія палі, Парыж). Пашырыліся ў ЗША і інш. краінах свету. У Расіі першае Ш. адкрыта ў 1830 у Маскве, на Беларусі — у 1947 у Мінску, у 1950—60-я г. перасовачныя цыркі-Ш. працавалі ў Гомелі.

Літ.:

Кузнецов Е.М. Цирк. 2 изд. М., 1971.

т. 17, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКРАНАПЛА́Н (ад экран + франц. planer лятаць),

лятальны апарат для палётаў паблізу паверхні зямлі або вады з выкарыстаннем эфекту экрана — пругкай паветранай падушкі, што ўзнікае паміж гэтай паверхняй і крылом апарата. Ад судна на паветранай падушцы адрозніваецца выкарыстаннем набягаючага патоку (скараснога напору) паветра, а не напампоўваннем паветра пад днішча.

Экранны эфект дазваляе зменшыць патрэбную магутнасць рухавікоў. Э. маюць нізкаразмешчанае крыло малога падаўжэння і высока паднятае гарыз. апярэнне. Скорасць да 500—550 км/гадз. Першыя Э. створаны ў 1932—35 Т.​Карыо (Фінляндыя). Э., здольныя ўзнімацца на адносна вял. вышыню, наз. экраналётамі (з’явіліся ў ЗША у 1960-х г., у СССР у 1973).

Літ.:

Белавин Н.И. Экранопланы. Л., 1977.

Экранапланы: а — па схеме самалёта; б — па схеме лятаючага крыла; 1 — стартавы рухавік; 2 — маршавы (асноўны) рухавік.

т. 18, кн. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКУМЕНІ́ЗМ (ад грэч. oikumenē населены свет, Сусвет), экуменічны рух,

рух супраць размежавання паміж рэліг. канфесіямі, за іх збліжэнне і супрацоўніцтва. Хрысц. экуменічны рух узнік у пач. 20 ст. па ініцыятыве пратэстанцкіх цэркваў ЗША і Зах. Еўропы. Арганізацыйна аформлены ў 1910 на Сусв. місіянерскай канферэнцыі ў г. Эдынбург (Вялікабрытанія). У 1948 у Амстэрдаме створаны міжнар. цэнтр Э. — Сусветны савет цэркваў (ССЦ). Рус. правасл. царква прынята ў ССЦ у 1961. Рымска-каталіцкая фармальна не ўваходзіць у ССЦ, але Ватыкан падтрымлівае экуменістычныя ідэі і супрацоўнічае з ССЦ. Сучасны Э. прадугледжвае арганізацыю супрацоўніцтва паміж хрысц. і нехрысц. канфесіямі пры вырашэнні розных праблем сац.-эканам. і культ. характару (міжканфесіянальная цярпімасць, пошук кампрамісаў, наладжванне дыялогаў і г.д.).

Літ.:

Проблемы экуменизма и миссионерской практики. М., 1996;

Кураев А. Вызов экуменизма. М., 1998.

І.​В.​Катляроў.

т. 18, кн. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЧЭВЕ́РЫЯ АЛЬВА́РЭС (Echeverria Alvares) Луіс (н. 17.1.1922, Мехіка),

дзяржаўны дзеяч Мексікі. Скончыў Нац. аўт. ун-т Мексікі (1945). Чл. (з 1946), ген. сакратар Выканкома (1957) правячай Інстытуцыйна-рэв. партыі. З 1952 у мін-вах марскога флоту, асветы. З 1958 нам. міністра, з 1964 міністр унутр. спраў. У 1970—76 прэзідэнт Мексікі. Урад Э.А. прыняў закон аб агр. рэформе (1971), новы выбарчы закон (1972), закон аб заахвочванні мекс. і рэгуляванні замежных капіталаўкладанняў (1973); стварыў фонд жыллёвага буд-ва для рабочых, увёў 5-дзённы рабочы тыдзень для служачых; у знешнепаліт. дзейнасці імкнуўся аслабіць гандл.-эканам. залежнасць Мексікі ад ЗША, пашырыць рознабаковыя сувязі з краінамі Еўропы, Японіяй і СССР, у 1972 устанавіў дыпламат. адносіны з Кіт. Нар. Рэспублікай. У 1976—86 ген. дырэктар Цэнтра вывучэння эканомікі і грамадства краін трэцяга свету.

т. 18, кн. 1, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́НІГ (Binnig) Герд Карл (н. 20.7.1947, г. Франкфурт-на-Майне, Германія),

нямецкі фізік. Замежны чл. Нац. АН ЗША (1987). Скончыў Франкфурцкі ун-т (1978). З 1978 у Цюрыхскай н.-д. лабараторыі фірмы «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс», адначасова ў 1987—95 у Мюнхенскім ун-це. Навук. працы па звышправоднасці, фізіцы паверхні, электроннай мікраскапіі, нанатэхналогіі. Вынайшаў і пабудаваў першы сканіруючы тунэльны электронны мікраскоп (1981; з Г.Рорэрам), які дазволіў атрымаць відарысы асобных атамаў на электраправодных паверхнях. Стварыў атамны сілавы мікраскоп (1986), які дазваляе вызначыць мікрарэльеф паверхняў любых рэчываў. Нобелеўская прэмія 1986 (з Рорэрам і Э.А.Ф.Рускам).

Тв.:

Рус. пер. — Растровый туннельный микроскоп (з Г.​Рорэрам) // В мире науки. 1985. Вып. 10;

Сканирующая туннельная микроскопия — от рождения к юности (з ім жа) // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Г.Бініг.

т. 18, кн. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ТЭРЛЕ (Ketterle) Вольфганг (н. 21.10.1957, г. Гайдэльберг, Германія),

нямецкі і амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1999), Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў (2002), замежны чл. Нац. АН ЗША (2002). Скончыў Мюнхенскі тэхн. (1982) і Мюнхенскі (1986) ун-ты. З 1985 у Ін-це квантавай оптыкі М.​Планка (г. Гархінг, Германія). З 1990 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1997 праф.). Навук. працы па атамнай фізіцы, малекулярнай і лазернай спектраскапіі, лазернай дыягностыцы працэсаў гарэння. Атрымаў новы агрэгатны стан рэчыва (1995) лазерным ахаладжэннем да звышнізкіх т-р разрэджанага газу з атамаў натрыю (т.зв. кандэнсат Бозе—Эйнштэйна), на аснове чаго стварыў «атамарны лазер», прамень якога ўтвораны часціцамі з ненулявой масай спакою (1997). Нобелеўская прэмія 2001 (з К.Э.Віманам і Э.Э.Корнелам; гл. Дадатак).

М.​М.​Касцюковіч.

В.Кетэрле.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РНЕЛ (Cornell) Эрык Элі (н. 19.12.1961, г. Пала-Альта, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗПІА (2000). Скончыў Станфардскі ун-т (1985) і Масачусецкі тэхнал. ін-т (1990). З 1992 у Нац. ін-це стандартаў і тэхналогіі (г. Боўлдэр; з 1995 праф.). Навук. працы па атамнай фізіцы, спектраскапіі адзінкавых іонаў, фізіцы нізкіх т-р. Атрымаў новы агрэгатны стан рэчыва — кандэнсат Бозе—Эйнштэйна — ахаладжэннем разрэджанай пары рубідыю да т-ры 20 нК у магн.-аптычнай пастцы і вызначыў яго ўласцівасці (1995; з К.​Віманам). Медалі Лорэнца (1998), Франкліна (1999). Нобелеўская прэмія 2001 (з К.Э.Віманам, В.Кетэрле; гл. Дадатак).

Тв.:

Рус. пер. — Бозе-Эйнштейновская конденсация в разреженом газе. Первые 70 лет и несколько последних экспериментов (разам з К.​Э.​Віманам) // Успехи физ. наук. 2003. Вып. 11.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́ЦІН (Slotin) Луіс Аляксандр (1.12.1910, г. Вініпег, Канада — 30.5.1946),

канадскі фізік. Д-р філасофіі (1936). Бацькі паходзілі з г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Скончыў ун-т правінцыі Манітоба (1933) і Лонданскі ун-т (1936). З 1937 у Чыкагскім ун-це (ЗША). Навук. працы па радыялогіі. З 1942 удзельнічаў у Манхатанскім праекце па стварэнні амер. атамнай бомбы, узначальваў даследчую групу па вымярэнні крытычнай масы ядз. выбуховага рэчыва. У час аварыйнай сітуацыі ў чарговым эксперыменце для спынення ланцуговай ядз. рэакцыі рукамі раз’яднаў паўшар’і з плутонію і атрымаў смяротную дозу нейтроннага і гама-выпрамяненняў; праз 9 дзён памёр. Яго імем названа малая планета.

Літ.:

Лэпп Р. Атомы и люди: Пер. с англ. М., 1959;

Юнг Р. Ярче тысячи солнц: Повествование об ученых-атомниках: Пер. с англ. М., 1961.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)