КЕ́ТЭРЛЕ (Ketterle) Вольфганг (н. 21.10.1957, г. Гайдэльберг, Германія),

нямецкі і амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1999), Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў (2002), замежны чл. Нац. АН ЗША (2002). Скончыў Мюнхенскі тэхн. (1982) і Мюнхенскі (1986) ун-ты. З 1985 у Ін-це квантавай оптыкі М.​Планка (г. Гархінг, Германія). З 1990 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1997 праф.). Навук. працы па атамнай фізіцы, малекулярнай і лазернай спектраскапіі, лазернай дыягностыцы працэсаў гарэння. Атрымаў новы агрэгатны стан рэчыва (1995) лазерным ахаладжэннем да звышнізкіх т-р разрэджанага газу з атамаў натрыю (т.зв. кандэнсат Бозе—Эйнштэйна), на аснове чаго стварыў «атамарны лазер», прамень якога ўтвораны часціцамі з ненулявой масай спакою (1997). Нобелеўская прэмія 2001 (з К.Э.Віманам і Э.Э.Корнелам; гл. Дадатак).

М.​М.​Касцюковіч.

В.Кетэрле.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)