Нашы́льнік ’частка збруі — рэмень ад хамута да пярэдняга канца дышля’ (ТСБМ), укр. наши́льник ’тс’, рус. наши́льник ’назвы розных частак збруі’. Запазычана з польск. naszelnik ’тс’ яшчэ ў старабеларускі перыяд, параўн. ст.-бел. нашельникъ, нашилникъ, нашыльникъ ’частка збруі’ (з 1631 г., Булыка, Лекс. запазыч., 121), а праз беларускую — у рускую, дзе, як і ў іншых усходнеславянскіх, магло зблізіцца з шы́ла (гл. Фасмер, 3, 52); для беларускага і ўкраінскага тэрмінаў больш верагодны ўплыў назоўніка шыя (шия), параўн. нашы́йнік ’ашыйнік’, а таксама чэш. nášijek ’ланцуг ад хамута да дышля’, якое Махэк₂ (391) лічыць зыходным для чэш. nášijk, славац. nášelník, польск. naszelnik і ўсходнеславянскіх слоў (< *našijьnikъ) з ад’ідэацыяй да чэш. šle, польск. szla, szelka, бел. шляя́ (гл.) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наўзна́к ’дагары’ (Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС), наўзнач ’тс’ (Янк. 1; карэл., Янк. Мат., Ян.), навознач ’тс’ (стол., Жыв. сл.), укр. навзнак ’тс’, рус. навзнак, навзначь ’тс’, польск. nawznak, naznak, чэш., славац. naznak ’тс’, серб.-харв. nȁuznak. Прыназоўнікавае спалучэнне з прасл. *vъznakъ ’тс’, параўн. ст.-слав. възнакъ, балг. възнак, славен. vznak, польск. арх. wznak і інш., адносна якіх існуюць розныя меркаванні. Паводле Фасмера (3, 34), магчыма, з *na‑kъ, аналагічнага да *per‑kъ (гл. перак), параўн. серб.-харв. наком ’пасля, ззаду’, накјуче̑ ’пазаўчора’ і інш. Махэк₂ (392) выводзіць чэш. naznak з *na jьz‑na‑nikъ, гл. назнанак, назнайніцу ’навыварат’, што, здаецца, сведчыць у карысць апошняй версіі (у прыватнасці, магчымае народнаэтымалагічнае асэнсаванне падабенства каранёвай часткі слоў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́шкам ’цішком; употай’ (Сл. ПЗБ), ’без шуму, ціха’ (дзярж., З нар. сл.), нішком ’моўчкі’ (Мат. Гом., Маш.), ’без гуку, ціха, шэптам; употай, незаўважальна; знянацку, нечакана’ (ТС), ны́шком ’ціха, моўчкі’ (Клім.; пін., Жыв. сл.), дэрываты — ні́шка ’цішком, спадцішка’ (ТС), ні́шкі ’тс’ (Мат. Гом.), ні́шачкам ’без шуму, ціха’ (дзярж., З нар. сл.), нішчачком ’крадучыся’ (ст.-дарож., Нар. сл.), ні́шчачком ’моўчкі’ (Сл. ПЗБ), укр. нишком ’ціха, употай, шэптам’, рус. ни́шком, нишко́м ’паціху, моўчкі, патаемна; схіляючыся да зямлі, уніз’. Відаць, аднаго паходжання з нішкнуць (гл.); для слоў са значэннем ’употай, незаўважальна, знянацку; крадучыся’ не выключаны ўплыў ні́чкам ’нахіліўшыся тварам уніз’, параўн. таксама балг. дыял. ни́ша се ’прыгнуўшыся, каб ніхто не бачыў; ісці прыгнуўшыся’ і нішковаць ’падкрадвацца, цікаваць спадцішка’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карна́ць ’укарочваць’ (Нас.). Укр. корнати, рус. корнать, чэш. krniti ’кастрыраваць’, серб.-харв. кр́њити ’абломліваць, рэзаць, шкодзіць’, славен. krniti ’абразаць, калечыць’; прасл. kъrniti/karnati. Магчыма, да прасл. *kъrpnǫti з наступным пераўтварэннем на дыялектнай глебе ў *kъrnǫti > *kъrniti, паколькі *kъrnǫti успрымалася як разавае дзеянне (для *kъrpnǫti > *kъrnǫti параўн. topnǫti > tonǫti ’тануць, тапіцца’). Калі дапусціць *kъrniti < *kъrnǫti < *kъrpnǫti, тады можна даць наступныя індаеўрапейскія паралелі да славянскіх слоў: літ. kir̃pti ’рэзаць’ (альтэрнацыя ir/ur у балтыйскіх мовах добра вядомая). Лат. cìrpt ’тс’, ст.-інд. kṛpāṇi ’нажніцы, кінжал’ ст.-грэч. κρώπιον ’серп’, ірл. corran ’тс’, cirrim ’рэжу’ (Фрэнкель, 257–258). Існуючыя этымалогіі (∼ літ. kur̃sti ’глухнуць’, лат. kurns ’глухі’ або ст.-інд. kírṇáḥ ’паранены’ і інш. гл. Фасмер, 2, 350) не задавальняюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашнэ́ ’хустка, вузкі шалік, якімі закрываюць шыю пад паліто’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кашне́, укр. кашне́. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца франц. cache‑nez ’тс’. Франц. слова ўзнікла складаннем, на базе элементаў cacher ’хаваць’ і nez ’нос’. У рус. мове слова запазычана ў сярэдзіне XIX ст. (першая фіксацыя ў 1859 г.). Цікава, што яшчэ Даль у сваім слоўніку прапанаваў пераклад гэтага запазычанага франц. слова як носопрятка. У сувязі са слаба даследаванай канкрэтнай гісторыяй слова кашнэ (як, дарэчы, і многіх іншых культурных слоў) можна ставіць пытанне і аб мовах-пасрэдніках, якія маглі ўплываць на вымаўленне запазычаных лексем. У даным выпадку адзначым, што вымаўленне франц. cachenez выключна як kašine: уласціва толькі ням.-аўстр. вымаўленню (гл. Fremdwörterbuch. Leipzig, 1965, S. 105).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́бка ’пячурка ў печы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. кабиця ’круглая яма пад ганчарнай печчу, летняя кухня’, рус. кабица ’летняя кухня, будка сабакі, логава зайца’. Укр. ковбиця ’наглыбленне для попелу ў печы’, кобиця ’паглыбленне пад прыпечкам’. Украінскае слова не мае надзейнай этымалогіі. Запазычанне з тур. kabig ’вялікі кол’ неверагодна па значэнню, са шв. kabyss ’камбуз’ — па гісторыка-культурных прычынах (гл. ЕСУМ, 2, 332, 481). Бел. кебка ў гэтых этымалогіях не ўлічваецца. Існуе, аднак, рус. кибитка ў значэнні ’цагляны каркас рускай печы, у якую складаюць гаршкі пасля абпалу’. Апошняе значэнне супадае з першым значэннем укр. кабиця. Адсюль можна меркаваць, што крыніцай разглядаемых слоў і рус. кибитка была тая ж цюркская лексема kibit, käbit ’будка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бадзыго́н1 ’ежа з дранай бульбы, запечанай у чыгуне’ (Вешт.). Параўн. укр. (валын.) бадзьоні ’тс’ (Казачук, Бел.-укр. ізал., 32), бадзі ’від ежы з дранай бульбы, мукі, алею або сала, якая запякаецца і падаецца цёплай’ (Яварніцкі, Словник). Слова няяснае. Магчыма, запазычанне (адкуль?). Параўн. укр. бандз ’бульба’, будз ’высушаны тварог’, бундз ’авечы тварог; вялікі кусок авечага сыру’ (якое, відаць, мае рум. сувязі; да рум. слова bulz ’кусок мамалыгі з брынзай’, параўн. Губшмід, Schläuche, 25–27).

Бадзыго́н2 ’штосьці грувасткае, вялізнае’ (Клім.). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне бадзыго́н1 (гл.): ’ежа, бабка, запечаная ў чыгуне (ежа няпэўнай формы, вялікая бабка)’ → ’штосьці няпэўнае, вялікае’ (параўн. розныя значэнні слоў ба́ба, ба́бка, якія азначаюць і ’ежу з бульбы’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балабо́с1 яўрэй — гаспадар дома’ (Нас.). Укр. дыял. (зах.) балабо́с, балабу́с, балабу́ц ’тс’. Запазычанне з ідыш balabos ’тс’. Гл. Вярхрацкі, ЗНТШ, 12, 42; Рудніцкі, 60; Вінер, ЖСт, 1895, № 1, 59. Гл. таксама Локач, 13.

Балабо́с2 ’гаварун, балбатун’ (Касп.). Бясспрэчна, да групы гукапераймальных слоў з асновай балаб‑ (гл. балаба́йка, балабо́йка, балабо́лка, балабо́ніць і да т. п.). Дзеяслоўны суфікс ‑os‑; дакладная адпаведнасць у рус. дыял. балабо́сить ’балабоніць, балбатаць’, славац. blabosiť (аб ‑os‑ гл. Махэк₂, 250, пад klábositi). Параўн. яшчэ серб.-харв. (Бернекер, 69) бла̀босити заікацца’. Магчыма трэба рэканструяваць прасл. *bolb‑os‑iti ’балбатаць і г. д.’ Параўн. яшчэ Буга, Rinkt., I, 434 і Траўтман, 24 (апошні прымае балта-слав. праформу). Параўн. яшчэ балабо́ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надоечы ’нядаўна, днямі’ (ТСБМ, Мат. Гом., Янк. 2, Ян.), надоячы ’тс’ (Бяльк., Пятк.), надойчы ’тс’ (Сцяшк.), надовечы, надовячы ’тс’ і ’сягоння раніцай’ (Нас., Янк. 2, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Ян.), надоіч ’днямі’ (Сл. ПЗБ), надое ’тс’ (Жд. 2), рус. бран., смал. надоичи, надойчи, надовичи. Найбольш блізкімі да названых зыходнымі словамі маглі быць формы тыпу бел. нагда, рус. онады, оноды ’тс’ (< onogъda/‑dy, гл. ESSJ SG, 2, 525), расшыраныя партыкуламі, што ўзыходзяць да указальных займеннікаў і овъ. Карскі (2–3, 71) і Шуба (Прыслоўе, 63) лічаць ‑чы суфіксам, больш правільным было б разглядаць яго ў якасці ўзмацняльнай партыкулы (параўн. ESSJ SG, 1, 305). Магчыма, збліжэнне канца слоў з прыслоўямі тыпу рус. давеча ’недавно’, параўн. надавяча (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́лымя ’агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць’ (ТСБМ), по́лымʼе, по́ломʼе ’тс’ (ТС), сюды ж по́лань (Сл. ПЗБ), по́лынь ’тс’ (Нар. сл.), ст.-бел. поломѧ (XVI ст.). Укр. по́лумʼя, рус. поломя, по́лымя, пламя, польск. płomień, н.-луж. płomje, в.-луж. płomjo, чэш. plamen, славац. plameň, славен. plámen, серб.-харв. пла̏мен, балг. пла́мен, пла́мък, плам, ст.-слав. пламы, пламень. Прасл. *polmy, *polmenь: аснова *polmen‑ (дзе ‑men‑ — суфікс, параўн. пол ’полымя’ (Сл. ПЗБ)), ад *polti, *polěti ’палаць’ (гл. пала́ць); роднаснае літ. pelenaĩ ’попел’, лат. pę́lni ’тс’, ст.-прус. pelanno, літ. pelẽnė ’ачаг’, магчыма, таксама алб. pjalmë ’слуп пылу’ (Фасмер, 3, 273). Паводле Карскага (1, 254), формы з ‑лы‑ другасныя, у выніку аналогіі да слоў тыпу блыха́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)