МІ́НСКІ НДІ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1939 у Мінску як НДІ буд. матэрыялаў Беларусі. З 1963 саюзнага, з 1972 рэспубліканскага падпарадкавання. З 1994 Дзярж. прадпрыемства Мінскі НДІ буд. матэрыялаў. Асн. кірункі дзейнасці: правядзенне н.-д. работ па тэхналогіях вытв-сці керамічных сценавых і апрацоўчых матэрыялаў, цеплаізаляцыйных матэрыялаў на аснове мінер. і палімернай сыравіны, мясц. вяжучых матэрыялаў і цэменту, новых нізкаэнергаёмістых (безабпальных, безаўтаклаўных) вогнетрывалых матэрыялаў, атмасфераўстойлівых ахоўна-дэкар. пакрыццяў, высокатэмпературных цеплаізалятараў, арх. форм і кампазітаў з мясц. сыравіны; удасканаленне вытв-сці традыц. буд. матэрыялаў з выкарыстаннем высокіх тэхналогій; правядзенне сертыфікацыйных выпрабаванняў на якасць і бяспеку буд. матэрыялаў.

У.М.Ганчарык.

т. 10, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЛІ́Н,

кандэнсаваны араматычны вуглевадарод, С10Н8. У малекуле Н. 2 кандэнсаваныя бензольныя кальцы (гл. Араматычныя злучэнні).

Бясколерныя крышталі з характэрным пахам, tпл 80,3 °C. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, ацэтоне, бензоле, мала — у вадзе. Лёгка ўзганяецца (пры 50 °C). Праяўляе араматычныя ўласцівасці; гідрагенізуецца часткова або поўнасцю (утвараюцца тэтралін і дэкалін), акісляецца з раскрыццём аднаго з цыклаў. Атрымліваюць з каменнавугальнай смалы і прадуктаў піролізу нафты. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці (для атрымання фталевага ангідрыду, нафтолаў, тэтраліну, дэкаліну і інш.), а таксама ў вытв-сці азафарбавальнікаў, пластыфікатараў, паверхнева-актыўных рэчываў, лек. сродкаў, як інсектыцыд. ГДК 20 мг/м³.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́РША»,

адкрытае акцыянернае таварыства. Засн. ў 1993 у г. Орша Віцебскай вобл. на базе з-да лёгкага машынабудавання (створаны ў 1952 як з-д швейных машын на базе з-да ацяпляльных катлоў, засн. ў 1945). Прадукцыю выпускае з 1953. З 1968 з-д лёгкага машынабудавання «Легмаш», з 1977 галаўное прадпрыемства Усесаюзнага ВА «Прамшвеймаш». Асн. прадукцыя (2000): аўтам. і неаўтам. прамысл. швейныя машыны аднаіголкавыя чаўночнага шыўка, адна- і двухіголкавыя машыны ланцуговага шыўка, змацавальныя і гузікавыя паўаўтаматы, машыны вышывальныя аднагаловачныя, для шыцця футра, быт. прызначэння, раскройнае абсталяванне для швейнай прам-сці, чаўнакі для машын айч. і замежнай вытв-сці, зап. часткі для швейных машын.

т. 11, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕЎРАЛІ́Т (ад алеўрыт + ...літ),

сцэментаваная асадкавая горная парода, складзеная больш як на 50% з часцінак алеўрытавых памераў (0,01—0,1 мм, гл. Алеўрыт). Адзін з асн. тыпаў парод асадкавай тоўшчы. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вытв-сці цэменту і керамзіту.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ КАМБІНА́Т СЯНА́ЖНЫХ ВЕ́ЖАЎ.

Створаны ў 1972 у г. Баранавічы. Уключае Упраўленне вытворча-тэхнал. комплексам і 4 тэрытарыяльныя ПМК. Працуюць цэхі па вытв-сці металаканструкцый і бетонных блокаў. Ажыццяўляе буд-ва сянажных вежаў і сховішчаў рознага с.-г. прызначэння.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮМ, блум (англ. bloom),

стальная загатоўка квадратнага сячэння са стараной больш за 140 мм. Атрымліваецца са зліткаў ці з літых загатовак пракаткай на абціскных станах — блюмінгах або блюмінгах-слябінгах. Прызначана для вытв-сці сартавога пракату (рэек, бэлек і інш.).

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ННЫ КА́МЕНЬ,

кіслая каліевая соль віннакаменнай кіслаты, гідратартрат калію, C4H5O6K. Утвараецца пры браджэнні вінаграднага соку (выпадае пры адстоі він). Выкарыстоўваюць у вытв-сці віннакаменнай к-ты і таргратаў інш. металаў, як пратраву пры фарбаванні тканін (гл. Вінныя кіслоты).

т. 4, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАПО́Н,

эквімалекулярная сумесь сульфіду цынку і сульфату барыю; белы пігмент, ZnS∙BaSO4. Устойлівы да ўздзеяння раствораў шчолачаў, несвятлоўстойлівы, няшкодны. Выкарыстоўваюць для вырабу алейных, эмалевых і водаэмульсійных фарбаў для ўнутр. работ, у вытв-сці гумы, пластмас, лінолеуму, паперы, скуры.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́КІР (Palikir),

горад, сталіца дзяржавы Федэратыўныя Штаты Мікранезіі, на в-ве Понапе ў групе Каралінскіх а-воў у Ціхім ак. 33,4 тыс. ж. (1994). Порт. Аэрапорт. Прадпрыемствы харч. прам-сці, у т. л. па перапрацоўцы рыбы. Цэнтр рыбалоўства. Турызм.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕТРЫВА́ЛЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна чорнай металургіі, спецыялізаваная на вытв-сці шамотных, дынасавых, магнезітавых, алюмасілікатных, вугляродзістых і інш. вырабаў і вогнетрывалых матэрыялаў. З мінер. сыравіны, якая мае вогнетрываласць не ніжэй за 1580 °C, вырабляецца цэгла (фасонная і буйнаблочная) і нефармаваныя матэрыялы мертэлі — парашкі, пластычныя масы і вадкія сумесі. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць вогнетрывалыя гліны, кварцыты, магнезіт, баксіты, даламіты, а таксама сінтэзаваныя або ўзбагачаныя пылападобныя адходы і шламы вытв-сці абразіваў, каталізатары сінт. каўчуку, адходы нафтахім. прам-сці. Прадукцыя вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці выкарыстоўваецца пры буд-ве і эксплуатацыі цеплавых агрэгатаў у металургічнай, цэментнай галінах і энергетыцы (пры пабудове доменных, мартэнаўскіх, коксавых і награвальных, шклаварных і тунэльных пячэй), для футэроўкі сталеразліўных і чыгунавозных каўшоў, вырабу гарачатрывалага бетону, тыгляў, рэтортаў і інш.

Прыродныя вогнетрывалыя матэрыялы (гліну, кварцавы пясок, талькавы камень і інш.) выкарыстоўвалі з даўніх часоў. Шамотныя матэрыялы ў Расіі пачалі вырабляць з сярэдзіны 18 ст., дынасавыя і магнезітавыя — з канца 19 ст., калі ўзніклі першыя спецыялізаваныя з-ды на Украіне (Часаваярскі, 1887, цяпер у Данецкай вобл.) і на Урале. У 1913 у Расіі выраблена 582 тыс. т вогнетрывалых матэрыялаў. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць Расіі мае 14 прадпрыемстваў па вытв-сці крэменязёмістых, алюмасілікатных і перыклаззмяшчальных вогнетрывалых матэрыялаў і вырабаў і 3 рудаўпраўленні, выпускаецца больш за 3 млн. т прадукцыі (1992). Найб. прадпрыемствы на Урале (камбінат «Магнезіт» у Чэлябінскай вобл.), у Падмаскоўі, Варонежскай вобл., Сібіры. Развітую вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць маюць Украіна і Казахстан. Сярод вядучых вытворцаў вогнетрывалых матэрыялаў у свеце ЗША, Канада, Японія, Германія, Расія і інш.

Большая ч. вогнетрывалых матэрыялаў (60%) выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, агульная патрэба ў іх, адносна колькасці, неабходнай для выплаўкі 1 т сталі, вагаецца ад 25 да 100 кг. Вогнетрывалыя вырабы і матэрыялы атрымліваюць шляхам выпілоўвання з горных парод, ліццём, прасаваннем, трамбаваннем, плаўленнем. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць выкарыстоўвае новыя віды сыравіны (напр., храмітавую, алівінавую, цырконіевую, тытаніт, алюміній, алюмамагнезіяльную шпінель і інш.), пашырае вытв-сць малаадходных, энергазберагальных матэрыялаў.

Спажыўцамі прадукцыі вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці на Беларусі з’яўляюцца прадпрыемствы энергетыкі (ЦЭЦ і інш.), цэментнай прам-сці і металургіі (Беларускі металургічны завод і інш.). Сваёй галіны краіна не мае, патрэба ў вогнетрывалых матэрыялах задавальняецца за кошт імпарту, пераважна з Украіны. За апошнія дзесяцігоддзі разведана сыравінная база, на якой магчыма развіццё вытв-сці шамотных вырабаў агульнага прызначэння (каалін), легкаважнай вогнетрывалай цэглы (трэпелы, апокі і крэменязёмістыя мергелі з цэалітамі), керамічных і вогнетрывалых вырабаў (пірафіліты).

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)