Нью-Хэмпшыр (New Hampshire), штат на ПнУ ЗША. Пл. 24 тыс.км². Нас. 1173 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Конкард. Найб. гарады Манчэстэр, Нашуа. Большая ч. штата занята адгор’ямі Апалачаў (масіў Уайт-Маўнтынс, выш. да 1916 м — г. Вашынгтон), на ПдУ штата — берагавая нізіна. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад -5 °C, у студз. да 22 °C у ліп. Ападкаў каля 800—1000 мм за год. Гал.рэкі Канектыкут і Мерымак. Большая ч.тэр. пад лесам (хвоя, хемлак, дуб, бяроза). Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн., электронная, вытв-сцьпрамысл. абсталявання), гарбарна-абутковая, тэкст., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая. Лесанарыхтоўкі. Здабыча буд. матэрыялаў (граніт і інш.), каштоўных камянёў. Портсмут — цэнтр суднабудавання. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя травы, бульбу. Садоўніцтва і агародніцтва. Курортная гаспадарка, турызм і лыжны спорт (Уайт-Маўнтынс). Марское рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,
падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.
Да арт.Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙМЫ́Р, Таймырскі паўвостраў. На Пн азіяцкай ч. Расіі, у Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе, паміж Енісейскім зал. Карскага м. і Хатангскім зал. мора Лапцевых. Крайні паўн. пункт Т. — мыс Чэлюскін, паўд. мяжа — паўн. ўступ Сярэднесібірскага пласкагор’я. Пл. каля 400 тыс.км², даўж. каля 1000 км, шыр. больш за 500 км. Берагі пераважна нізкія, моцна парэзаныя. У цэнтр.ч. — горы Быранга (выш. да 1146 м), якія працягваюцца з ПнЗ на ПдУ. Паўн.-Таймырская і Паўн.-Сібірская нізіны. Радовішчы кам. вугалю. Клімат суровы. арктычны. Ападкаў 115—230 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Найб.рэкі: Пясіна, Верхняя і Ніжняя Таймыра, Хатанга. Шмат азёр, найб.Таймыр. На Пн арктычныя і высакагорныя пустыні і паўпустыні, у сярэдняй ч. тундра, на крайнім Пд лесатундра. У складзе жывёльнага свету: заяц-бяляк, пясец, ліс, воўк, паўн. алень, белы мядзведзь; у моры — бялуха, нерпа, морж; летам шмат птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУЦЗЯ́НЬ,
правінцыя ва Усх. Кітаі, на ўзбярэжжы Усх.-Кітайскага м. і Тайваньскага праліва. Пл. 120 тыс.км². Нас. 34,4 млн.чал. (2001). Адм. ц.Фучжоў. Рэльеф гарысты (выш. да 2158 м, г. Уішань). Невял. раўніны каля марскіх берагоў і ўздоўж рэк. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў да 3000 мм. Рэкі парожыстыя, мнагаводныя; гал. — р. Міньцзян. Вечназялёныя лясы, высакатраўныя лугі. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, пераважна земляробства на арашальных землях. Гал.с.-г. культуры — рыс, батат, цукр. трыснёг, тытунь, алейная камелія, арахіс. Трапічнае садоўніцтва і чаяводства. Жывёлагадоўля, у т. л. шаўкаводства. Нарыхтоўка драўніны, кары камфоравага дрэва і пладоў лакавага дрэва. Здабыча жал. і марганцавай руды, каменнага вугалю, алюмініевай сыравіны, солі (з марской вады). Асн. галіны прам-сці: харч., дрэваапр. і папяровая, тэкст., у т. л. шаўковая, чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, у т. л. суднабудаванне. Рамёствы (фарфоравыя, лакавыя. бамбукавыя вырабы). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАКА́ЙДА,
востраў на Пн Японіі, другі па велічыні пасля в-ва Хонсю. Абмываецца Ціхім ак. і яго морамі — Японскім і Ахоцкім. Пл. 77,7 тыс.км² (з прылеглымі астравамі 78,5 тыс.км²). Рэльеф пераважна горны, выш. да 2290 м (г. Асахі). Дзеючыя вулканы (Усу і інш.). Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, серы. Клімат умераны акіянічны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C да -11 °C, ліп. 17—21 °C. Ападкаў 800—1500 мм за год. Гал.рэкі — Ісікары, Тэсіо, Токаты — багатыя гідраэнергіяй, сплаўныя. Азёры: Сарома (лагуннае), Куцяра, Сікоцу, Тоя (кратэрныя) і інш. Каля 60% тэр. (пераважна ў гарах) укрыта лясамі (хвойныя на Пн, мяшаныя і шыракалістыя на Пд). Раўніны пад с.-г. ўгоддзямі (рыс і інш. збожжавыя). Рыбалоўства. Нац. паркі — Сікоцу Тоя, Дайсецудзан, Акан, Сірэтока. Гал. гарады — Сапара, Хакадатэ. Востраў Х. — асобны эканам. раён Японіі аграрна-індустр. характару, гал. пастаўшчык лесу і лесапрамысл. прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮНЬНА́НЬСКАЕ НАГО́Р’Е,
больш высокая зах.ч.Юньнань-Гуйчжоўскага нагор’я на Пд Кітая. Да Ю.н. адносяць і паўд. хрыбты Сіна-Тыбецкіх гор. Усх. і цэнтр. часткі Ю.н. выш. 1800—2000 м, горныя хрыбты на З уздымаюцца да выш. 3000—4000 м. Складзена са стараж.крышт. парод, перакрытых вапнякамі мезазою. Радовішчы волава, фасфарытаў. Высокая сейсмічнасць. Пашыраны карст. Гал.рэкі Меконг, Салуін, Хонгха месцамі працякаюць у цяснінах глыб. да 1—2 км. Горныя азёры — Дзяньчы, Фусяньху, Эрхай. Клімат субтрапічны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. 4—10 °C, ліп. 19—25 °C. Ападкаў 1000—1500 мм, на наветраных схілах гор больш за 2000 мм. Каля 20% нагор’я займаюць лясы. Трапічныя лясы (пальмы, фікусы, бананы і інш.) вышэй змяняюцца субтрапічнымі лясамі (вечназялёныя і лістападныя дубы, юньнаньская хвоя і інш.) і лугамі. У катлавінах і на раўніннай паверхні вырошчваюць рыс, чай, фрукты, цытрусавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́Р,
высакагорная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, гал. частка ў Горна-Бадахшанскай аўт.вобл. Таджыкістана, усх. і паўд. частка ў Кітаі і Афганістане. На Пн абмежаваны Заалайскім хр., на У — Сарыкольскім і Кашгарскім хр., на Пд — р. Памір і вярхоўямі р. Пяндж, на З — мерыдыянальным адрэзкам даліны р. Пяндж. Найвышэйшыя пункты размешчаны ў Кашгарскіх гарах (г. Кангур, 7719 м; г. Музтагата, 7546). Паводле асаблівасцей рэльефу П. падзяляюць на Зах. і Усходні. Для Зах. П. характэрна сістэма высокіх хрыбтоў амаль шыротнага распасцірання. Буйнейшыя антыклінорыі маюць крыштал. ядры палеазойскага ўзросту, якія прарваны гранітоіднымі інтрузіямі. Схілы хрыбтоў расчлянёны глыбокімі цяснінамі рэк. Усх. П. складзены з парод палеазою і мезазою, трапляюцца вулканагенна-асадкавыя адклады палеагену. Для рэльефу характэрны плоскія днішчы вялізных далін і катлавін, якія падняты на выш. 3500—4500 м і запоўнены прадуктамі разбурэння гор, у грунтах трапляецца вечная мерзлата. Над імі ўзвышаюцца хрыбты выш. больш за 6000 м.
Найвыш. грабяні маюць горна-ледавіковыя формы, якія вылучаюцца на агульным фоне стараж. рэльефу. П. — моцна сейсмічная вобласць, землетрасенні дасягаюць. 8—9 балаў. Радовішчы золата, малібдэну, вальфраму, горнага хрусталю, азбесту, слюды, лазурыту. Клімат суровы, рэзка кантынентальны. У далінах Зах. П. на выш. каля 2100 м сярэднія т-ры студз. -7,4 °C, ліп. 22,5 °C, гадавая колькасць ападкаў да 800 мм (на ледавіку Федчанкі). На Усх. П. клімат больш суровы. На выш. каля 4000 м сярэдняя т-растудз. -20 °C, ліп. +8 °C, ападкаў 100 мм за год. Снегавая мяжа ў Зах. П. размешчана на выш. 3600—3800 м, на ледавіку Федчанкі — на выш. 4400 м, ва Усх. П. — на выш. 5200—5240 м. Пл. зледзянення ў межах Таджыкістана больш за 7500 км² (больш за 10% паверхні П.), агульная колькасць ледавікоў каля 7110. Тыпы ледавікоў: каравыя, вісячыя, схілавыя, складаныя далінныя альпійскага і туркестанскага тыпаў. Найб. ледавікі: Федчанкі (даўж. 77 км) і Грум-Гржымайлы (37 км). Рэкі адносяцца пераважна да бас. Амудар’і, якая ў верхнім цячэнні наз. Пяндж. Найб.рэкі: Кызыл-Суу, Кызылсу, Сурхоб, Вахш. РэкіУсх. П. адносяцца да бас. Яркенда і Кашгара. Яны маюць бурнае цячэнне, ледавікова-снегавое жыўленне, летнія паводкі. Найб. азёры: Каракуль, Рангкуль, Шаркуль, Заркуль, Яшылькуль, Сарэзскае. Глебы халодных высакагорных пустынь П.: саланцаватыя, шэразёмы, такырна-саланчаковыя, шкілетныя на камяністым і пясчаным субстраце; у месцах лепшага ўвільгатнення — бурыя пустынна-стэпавыя. На Усх. П. — участкі камяністай горнай тундры з вечнай мерзлатой, выкапнёвым лёдам, камяністымі многавугольнікамі. На Зах. П. ў далінах расліннасць пустынная палыновая, на выш. 2600—3200 м — дзярнова-злакавыя стэпы з калючымі падушкамі астрагалаў і аканталімонаў. На выш. 3200—3800 м кавыльныя стэпы, якія змяняюцца кабрэзіевымі лугамі. З выш. 4500 м пачынаецца субальпійскі пояс з марозаўстойлівай нізкатраўнай і паўхмызняковай расліннасцю. Па берагах рэк растуць таполі, бярозы, вербы, якія ўтвараюць невял. гаі. На Усх. П. днішчы далін і катлавіны заняты высакагорнай пустыняй з рэдкімі раслінамі падушкападобнай формы. На выш. 3500—4200 мнайб. характэрны паўхмызнячок тэраскен (адзіны від расліннага паліва). Ва ўмовах большай вільготнасці развіваюцца рэдкатраўныя высакагорныя стэпы з ціпчаку ўсходняга, кавылю, палыну. Вышэй за 4200 м пераважаюць падушачнікі з вастралодкі, аканталімону, сібальдыі. Каля рэк і ручаёў Усх. П. сустракаюцца кабрэзіевыя і асаковыя лугі, нярэдка саланчакаватыя і купінаватыя. Жывёльны свет П. прадстаўлены горным баранам архарам, даўгахвостым сурком, чырвонай пішчухай; з птушак — тыбецкім уларам, серпадзюбам, тыбецкім крумкачом і жаваранкам, снегавым гімалайскім грыфам, горнай, або інд. гуссю. Вырошчваюць якаў. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля і горнае земляробства. Вырошчваюць ячмень, гарох, на паліўных землях — вінаград, шаўкоўніцу, грэцкі арэх, абрыкосы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫБЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е, Тыбет,
адно з найбольш высокіх і вялікіх нагор’яў Зямлі. Займае паўд.ч.Цэнтр. Азіі, пераважна на тэр. Кітая. Абмежавана горнымі сістэмамі: на З — Памір і Гіндукуш, на Пн — Куньлунь, на У — Сіна-Тыбецкія горы, на Пд — Гімалаі. Пл. каля 2 млн.км². У рэльефе спалучаюцца горныя хрыбты выш. да 6000—7000 м, раздзеленыя шырокімі, плоскімі або слабаўзгорыстымі раўнінамі выш. 4000—5000 м.
Раўніны Т.н. складзены з пясчанікаў, вапнякоў, кварцытаў, гліністых сланцаў, хрыбты — з гранітаў і гнейсаў. Паўн.ч. ўтварылася ў перыяд герцынскай, сярэдняя — ціхаакіянскай, паўд. — альпійскай складкавасцей. У перыяд альпійскай складкавасці адбылося агульнае падняцце Т.н. На паўд. ускраіне, уздоўж паўн. схілаў Гімалаяў — тэктанічны прагін. Многія раёны сейсмічныя, ёсць гарачыя крыніцы, у т. л. мінеральныя. Радовішчы золата, каляровых металаў, каменнага вугалю, гаручых сланцаў, жал. руды, сурмы, мыш’яку, каменнай солі і інш. Клімат рэзка кантынентальны, халодны. Сярэдняя гадавая т-ра 0—5 °C.
Ападкаў на Пн 100—200 мм, на Пд 500—700 мм за год. Бываюць моцныя вятры. На раўнінах зіма бясснежная. У далінах на ПдУ клімат больш мяккі, ападкаў да 400 мм за год. Снегавая лінія на выш. 5000—6000 м (самая высокая на Зямлі), ледавікі найб. у Каракаруме. Рачная сетка рэдкая, рэкі горныя, парожыстыя, ледавіковага і снегадажджавога жыўлення, багатыя гідраэнергіяй. На Пнрэкі ўпадаюць у бяссцёкавыя салёныя азёры. найб. Намца; на Пд і У вытокі вял. рэк Азіі: Інд, Брахмапутра, Салуін. Хуанхэ, Янцзы, Меконг і іх прытокаў. Пераважае расліннасць высакагорных пустынь і паўпустынь на маламагутных горна-пустынных глебах. У паўн.ч. нагор’я і на ПдЗ — нізкая травяная расліннасць, значныя тэр. заняты друзавай або саланчаковай пустыняй. Характэрныя прадстаўнікі расліннасці — тыбецкая асака і балотніца. На Пд трапляюцца ўчасткі горных стэпаў. Лясы на крайнім У (елка, хвоя, бяроза) і ў далінах на ПдУ (тугайныя лясы — лаза, таполя, ціс, падуб, хвойныя). Жывёльны свет: на Пн характэрны капытныя — як, кулан, антылопы аронга і ада, архар, блакітны баран. Ёсць мядзведзі, воўк, ліс, шакал, зайцы, пішчухі. тарбаган; з птушак — барадач-ягнятнік. гімалайскі сіп, арлан-даўгахвост, тыбецкі улар, тыбецкая саджа і інш. На Пд (асабліва ў далінах) трапляюцца тыгр, кабарга, газель, выдра, янот, малпы макакі; з птушак — каршун, сава, сокал і інш. Пра насельніцтва і гаспадарку гл. ў арт.Тыбецкі аўтаномны раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫНГАВА МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж Азіяй на З, Паўн. Амерыкай на У, Алеуцкімі і Камандорскімі а-вамі на Пд. Берынгавым прал. злучана з Чукоцкім м.Пл. 2315 тыс.км², найб.глыб. 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстольскі, Нортан, Алютарскі. Самыя вял. а-вы: Св. Лаўрэнція, Нунівак, Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усх. — нізінныя, зах. — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на Пн арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на Пд умераны марскі. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пд 2 °C, на Пн ніжэй за -1 °C, у жніўні 5—6 °C на Пн і 9—10 °C на Пд. Большую ч. года ўкрыта плывучымі льдамі. Салёнасць 28—33‰. Прылівы на ПнЗ паўсутачныя, на астатняй плошчы — няправільныя паўсутачныя (да 8,3 м у Брыстольскім зал.). Берынгаву мору ўласціва з’ява свячэння мора. Рыбалоўства (ласасёвыя, камбала, селядзец, сайра, мінтай); промысел марскіх коцікаў, цюленяў. На берагах і астравах птушыныя «базары». Гал. парты: Анадыр, Правідзення (Расія), Ном (ЗША). Названа ў гонар В.Берынга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́ША (Oncorhynchus gorbuscha),
прахадная рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн.ч. Ціхага ак. і прылеглай ч.Паўн. Ледавітага ак., на Пд — па амер. узбярэжжы да Каліфорніі, па азіяцкім — да Карэі. Акліматызавана ў Баранцавым і Белым м., у раёне Ньюфаўндленда. На нераст ідзе ў рэкі з быстрай плынню.
Даўж. цела да 68 см (сярэдняя даўж. каля 50 см, маса 1,5 кг). Самы дробны прадстаўнік роду ціхаакіянскіх ласосяў. Афарбоўка ў моры серабрыстая, на хваставым плаўніку дробныя цёмныя плямінкі; у рацэ з’яўляюцца цёмныя плямы на спіне, баках і галаве. Перад нерастам галава і плаўнікі амаль чорныя, цела карычняватае, бруха белае, у самцоў на спіне вырастае горб (адсюль назва), сківіцы загінаюцца крукападобна, на іх вырастаюць вял. зубы. Ікра буйная (дыяметрам да 8 мм). Пасля нерасту гіне. Маляўкі жывуць у гнёздах, потым скочваюцца ў мора, дзе кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Мае вял.прамысл. значэнне.
Гарбуша: 1 — звычайны выгляд; 2 — самец у шлюбным убранні.