цылі́ндр, ‑а, м.
1. Геаметрычнае цела, якое ўтвараецца вярчэннем прамавугольніка вакол аднаго з яго бакоў. Аб’ём цыліндра.
2. У тэхніцы — дэталь або канструкцыя падобнай формы. Паступова ў цыліндрах паравоза нарастаў ціск. Новікаў.
3. Высокі, цвёрды, з палямі мужчынскі капялюш.
[Ад грэч. kýlindros.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЕПАТЫ́Т ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, Боткіна хвароба,
вострая інфекц. хвароба чалавека з пераважным пашкоджаннем печані. Узбуджальнікі гепатыту інфекцыйнага — РНК-змяшчальныя вірусы A, C, E, D (дэльта-агент, які складаецца з антыгену і малекулы РНК) і ДНК-змяшчальны вірус B (часціца Дэйна). Адрозніваюць гепатыт інфекцыйны — A і E, якім характэрны фекальна-аральны механізм перадачы (харч. прадукты, вада, быт. кантакты), і парэнтэральныя (сываратачныя) гепатыт інфекцыйны — B, C і D, што перадаюцца пры пераліваннях крыві ці сывараткі. Крыніца інфекцыі — хворыя на гепатыт і вірусаносьбіты.
У арганізме чалавека вірусы пранікаюць ў лімфатычныя вузлы, потым у кроў з наступнай генералізацыяй інфекцыі (першасная вірусемія) і інтэнсіўным размнажэннем іх у печані («гепатагенная фаза»). З печані вірусы трапляюць у кроў, што значна павялічвае аб’ёмы вірусеміі (другасная стадыя) і абумоўлівае хвалепадобнае цячэнне, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы. Інкубацыйны перыяд пры гепатыце інфекцыйным — 20—45, пры парэнтэральным — 60—160 сутак. У пераджаўтушны перыяд (1—2 тыдні) пры гепатыце інфекцыйным назіраецца страта апетыту, ірвота, адчуванне цяжару ў падмышачнай вобласці, пры парэнтэральным — болі ў суставах і мышцах. Іншы раз гепатыт інфекцыйны пачынаецца з жаўтухі, якая напачатку ахоплівае склеры, паднябенне, потым скуру. Прыкметы хваробы: павялічаная печань, магчымы сверб скуры, парушэнне сну, галаўныя болі, мача цёмная, кал ахалічны. Жаўтушны перыяд цягнецца 2—4 тыдні. Лячэнне: спец. рэжым і харчаванне, вітаміны, кіслародатэрапія і інш.
П.Л.Новікаў.
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
белапе́нны, ‑ая, ‑ае.
Паэт. Пакрыты белай пенай. Узлаваўся Дняпро сумленны, Пасівелы ён стаў, белапенны, Пакрышыў ён бераг каменны. Зарыцкі. // Падобны на белую пену. Выбраўшыся з гумна, Барыс Рыгоравіч ляжаў на спіне і сачыў, як спакойна плыве белапеннае кучаравае воблачка. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клад, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Грошы або другія каштоўнасці, схаваныя або закапаныя дзе‑н. Шукаць клад. Клад манет. □ Навошта той клад, калі ў дзетках лад. Прыказка.
2. Разм. Пра тое, што мае вялікую вартасць, каштоўнасць. Для партызан.. [клунак з медыкаментамі] вялікі клад. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мадзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Жыць у цяжкіх умовах. [Сузан] не жыве, а мадзее.. Трэба лічыцца з кожным цэнтам. Лынькоў. // Бязмэтна існаваць; марнець. — Ну, дык як, дзяўчаты, жывяце? — Як гарох пры дарозе, — першая адказала Валя. — Не жывём, а мадзеем. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́рыва, ‑а, н.
Трымцячы слой цёплага паветра каля паверхні зямлі ў гарачае надвор’е; смуга. Сонца падымалася ўсё вышэй і вышэй, і цяпер далёка на даляглядзе трымцела-пералівалася ледзь прыкметнае марыва. Даніленка. Сонца горача прыпякала. Зняможаная зямля трапятала ў блакітным марыве. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неўраўнава́жаны, ‑ая, ‑ае.
Якому не ўласціва душэўная раўнавага; які лёгка паддаецца настрою. [Шыковіча добра ведаў, што .. [Галіна Адамаўна] зусім не такая спакойная, што яна ў дзесяць разоў больш нервовая, чым яго жонка. Неўраўнаважаная, раўнівая... Шамякін. Мікіта быў чалавек неўраўнаважаны, гарачы, не ўмеў трымаць язык за зубамі. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перадрыжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
Разм.
1. Прабыць у стане дрыжання некаторы час. [Мікола:] — Змокнеш да ніткі, перадрыжыш, а заўтра яшчэ ў дарогу... Новікаў.
2. Пахвалявацца некаторы час. Не раз перадрыжаў .. [Лабановіч] тут, везучы снапы ці сена, каб не абярнуцца з возам. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саці́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да саціну. Сацінавае перапляценне. // Зроблены, пашыты з саціну. [Ніна], распрануўшы паліто і адзеўшы сіні сацінавы халацік, прыбірала на стале параскіданыя часопісы. Адамчык. Чорная сацінавая сарочка з белымі гузікамі, здавалася, вось-вось разапнецца на шырачэзных плячах. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
Знайсці для сябе задаволенне, уцеху ў кім‑, чым‑н., узрадавацца. Аднойчы Валодзя.. спаткаў знаёмага студэнта юрыдычнага інстытута Васю Жудро. Абодва прыяцелі вельмі ўсцешыліся. Новікаў. Глянь на свет, хай усцешыцца сэрца. Колькі светлае радасці сёння!.. Трус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)