1. Пераступаць з нагі на нагу на адным месцы. На паляне Анісім доўга таптаўся на месцы, чуйна ўслухоўваўся, з якога боку дзьме вецер, — хаця б не пачуў дзік чалавека.Сачанка.// Хадзіць туды-сюды на невялікай прасторы. Яшчэ больш .. [Антон] угнуў плечы і бязмэтна пачаў таптацца каля драбін.Чорны.— Чаго ж мы будзем таптацца на ганку? — зноў парывіста загаманіў Шырокі.Колас.
2. Рабіць што‑н., не дасягаючы мэты. Часці тапталіся на месцы, наступленне, было відаць, пачынала зрывацца.Мележ.// Рабіць што‑н., завіхацца, але без значнага плёну. [Касарыцкая:] — Тут дзень пры дні круцішся, топчашся, падмятаеш, даглядаеш... Іншы раз і знаку ніякага няма, як ваду ў ступе таўчэш...Грамовіч.
3. Глуміць, ходзячы па чым‑н. [Мікалай Патапавіч:] — Чаму вось гэтая .. «Фіялка» стаіць і жолаб з голаду грызе, а побач аднагодак топчацца па сене?Кулакоўскі.//Разм. Ходзячы па чым‑н., наносіць бруд. [Санітарка:] — І ночы на цябе няма! Ідзі спаць, хлопча, і не тапчыся па чыстай падлозе, усё роўна не пушчу.Грахоўскі.
4.Зал.да таптаць.
•••
Таптацца на (адным) месцы — не развівацца, не рухацца наперад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1.што і без дап. Перамешваць у топцы палаючае паліва, увесь час падкідаючы новае. Стараваты ўжо чалавек у ботах, галіфэ і ніжняй кашулі шураваў у топцы доўгай жалезнай качаргой.Нядзведскі.// Ачышчаць паверхню дна, каласнікі печкі, топкі і пад. ад шлаку, попелу. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у палаючую топку вугаль, шураваў каласнікі і ўсё ўсміхаўся.Лынькоў.
2.што і без дап.Разм. Старанна, энергічна мыць, церці, скрэбці, чысціць што‑н. [Валодзька:] — Бяры [Надзя] во швабру і шуруй. Падобраму — і я памог бы.Гроднеў.
3.перан.Разм. Развіваць бурную, энергічную дзейнасць; дзейнічаць, рабіць што‑н. энергічна, з запалам. І вось шуруюць — ездзяць [камісіі] на палі, Кароўнікі ды свірны правяраюць, Гросбух у бухгалтэрыі гартаюць...Корбан.Васіль шуруе граблямі — Працуе ля капніцеля.Ставер.// Хутка куды‑н. рухацца, крочыць, ісці і пад. [Алег:] — Аддайце яму ўсё... А ты, бацька, шуруй адсюль, чуеш?Радкевіч.Умова была простая: паставіш на ногі [грузавік] — сядай і шуруй!..Ракітны.
4.перан.; што. Садзейнічаць хутчэйшаму развіццю чаго‑н., падштурхоўваць, паскараць наступленне чаго‑н. І каб «справа» не заглухла, ён [Іван Іванавіч] узмоцнена яе «шураваў».«Вожык».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КРЫ́МСКАЯ ВАЙНА́ 1853—56,
Усходняя вайна, вайна паміж Расіяй і Турцыяй (з лют. 1854 на баку апошняй ваявалі таксама Вялікабрытанія, Францыя, з 1855 і Сардзінскае каралеўства) за панаванне на Б. Усходзе. Асн. баі праходзілі ў раёне Крымскага п-ва (адсюль назва), Закаўказзя і Чорнага м., дапаможныя — на Балтыйскім і Белым морах, Д. Усходзе. Выцесненая Вялікабрытаніяй і Францыяй з рынкаў Б. Усходу, Рас. імперыя імкнулася аднавіць тут свае пазіцыі, узяць пад кантроль чарнаморскія пралівы і Балканы. Вялікабрытанія і Францыя намагаліся захапіць Крым, Каўказ і інш. Зачэпкай да вайны сталі спрэчкі правасл. і каталіцкай цэркваў за святыя мясціны ў Палесціне і адмова ўлад Асманскай імперыі дазволіць мець апеку над яе правасл. жыхарамі Расіі. Пасля акупацыі рас. войскамі падвасальных Турцыі княстваў Малдовы і Валахіі Турцыя 16.10.1853 абвясціла Расіі вайну. Пры спробе тур. войск прарвацца да Тыфліса яны былі разбіты рас. корпусам ген.
В.О.Бебутава ў бітве пры Башкадыклары (1.12.1853) і ў інш. месцах, а іх флот пацярпеў паражэнне ў Сінопскай бітве 1853. 4.1.1854 эскадры Вялікабрытаніі і Францыі ўвайшлі ў Чорнае м., 21.2.1854 Расія абвясціла гэтым краінам вайну. Супраць 700 тыс.рас. вайскоўцаў дзейнічалі каля 1 млн. саюзнікаў, якія былі лепш аснашчаны тэхнічна. У крас. 1854 саюзныя эскадры бамбардзіравалі Адэсу. Перад пагрозай уступлення ў вайну Аўстрыі Расія вывела войскі з Малдовы і Валахіі. 14.9.1854 брыт., франц. і тур. войскі высадзіліся ў Крыме каля г. Еўпаторыя, 20.9.1854 на р. Альма разбілі рас. армію пад камандаваннем А.С.Меншыкава і разгарнулі наступленне на Севастопаль. Пачалася Севастопальская абарона 1854—55. Рас. войскі 25.10.1854 няўдала атакавалі брыт.-тур. базу ў Балаклаве, 5.11.1854 пацярпелі паражэнне каля Інкермана. Спробы саюзнікаў захапіць Салавецкія а-вы ў Белым м. (18—19.7.1854) і г. Петрапаўлаўск-Камчацкі (30.8—5.9.1854) былі адбіты рас. гарнізонамі. 16.8.1854 брыт.-франц. флот авалодаў рас. крэпасцю Бамарзунд на Аландскіх а-вах у Балтыйскім м. На Чарнаморскім узбярэжжы саюзнікі занялі гарады Севастопаль (8.9.1855), Керч, Енікале, Анапа, Кінбурн. У Закаўказзі рас. войскі (галоўнакаманд. М.М.Мураўёў) захапілі тур. крэпасць Карс (28.11.1855), прасунуліся да г. Эрзурум і пагражалі прарывам у М. Азію, што паскорыла завяршэнне вайны і заключэнне Парыжскага мірнага дагавора 1856. К.в. выявіла ваен.-тэхн. адсталасць Расіі, абумоўленую панаваннем прыгонніцкіх адносін, выклікала абуджэнне грамадскай думкі і наблізіла правядзенне ліберальных рэформ, у т. л.Сялянскай рэформы 1861.
Літ.:
Тарле Е.В. Крымская война. Т. 1—2. 2 изд. М., 1950;
Русский Север и Россия в годы Крымской войны (1853—1856 гг.): Сб. ст. Вологда, 1979;
Пономарев В.Н. Крымская война и русско-американские отношения. М., 1993;
Крымская война. 1853—1856: (неизвестные страницы) // Родина. 1995. № 3—4.
Да арт.Крымская вайна 1853—56. Адпраўка англа-французскіх вайскоўцаў У Керч. Гравюра Сімпсана. 1856.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944 (кодавая назва «Нептун»),
высадка экспедыцыйных сіл ЗША і Вялікабрытаніі пры ўдзеле кан., франц., чэхаславацкіх і польскіх войск з Брытанскіх а-воў цераз Ла-Манш на ўзбярэжжа Нармандыі (Паўн.-Зах. Францыя) і захоп імі стратэг. плацдарма на тэр.ням.-фаш. войск 6.6—24.7.1944; састаўная частка аперацыі «Оверлорд» у 2-ю сусв. вайну. Саюзнікі (галоўнакаманд. ген. Д.Д.Эйзенхаўэр) сканцэнтравалі 39 дыв., 12 асобных брыгад, 10 атрадаў камандас і рэйнджэраў (англ. і амер. дэсантна-дыверсійныя часці), буйныя сілы авіяцыі і флоту (усяго 2 млн. 876 тыс.чал., 6 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 15 тыс. гармат і мінамётаў, каля 11 тыс. баявых самалётаў, каля 7 тыс. баявых, трансп. і дэсантных караблёў). Сухапутныя войскі былі аб’яднаны ў 21-ю групу армій (каманд.ген. Б.Л.Мантгомеры) у складзе 1-й амер., 2-й англ., 1-й кан. армій (32 дыв. і 12 асобных брыгад). Узбярэжжа Паўн.-Зах. Францыі, Бельгіі і Галандыі абараняла група герм. армій «Б» (ген.-фельдмаршал Э.Ромель) — 38 дыв. (на ўчастку высадкі дзейнічалі 3 дыв.) пры падтрымцы 470 баявых караблёў розных класаў, 42 артыл. баржаў і 49 падводных лодак. Саюзнікам удалося забяспечыць нечаканасць, захаваць тайну месца і тэрміну высадкі войск. З канца крас. 1944 яны наносілі масіраваныя паветр. ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах і пунктах кіравання немцаў. У ноч на 6.6.1944 пры падтрымцы авіяцыі ў штармавое надвор’е былі захоплены 2 плацдармы: на Пн ад Карантана — 2 амер. і на ПнЗ ад Кана — 1 англ.паветр.-дэсантнымі дывізіямі. Пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі саюзнікі ў першы дзень занялі некалькі плацдармаў. Да 5 ліп. ў Нармандыі ўжо было 1 млн. саюзных вайскоўцаў. Сярод амер. дэсантнікаў, што першымі высадзіліся на ўзбярэжжы Нармандыі, былі бел. эмігранты, у т. л. І.Радзюковіч (бацькі паходзілі з Міншчыны). Вял. перавага саюзнікаў над праціўнікам у сілах і сродках, інш. фактары не дазволілі ням. камандаванню паспяхова абараняцца (войскі ўступалі ў бой разрознена, неслі значныя страты). Адной з прычын слабасці вермахта на З з’явілася наступленнеСав. войск на Беларусі (гл.Беларуская аперацыя 1944). Да 25 ліп. саюзнікі стварылі стратэг. плацдарм на рубяжы на Пд ад Кана, Камона, Сен-Ло, дзе сканцэнтраваліся 3 арміі (23 пяхотныя, 8 бранятанк., 1 паветр.-дэсантная дыв.). Ім процістаялі 7-я герм. армія і танк. група «Захад» (24 дыв., з іх 9 танк.). Н.д.а. — буйнейшая марская дэсантная аперацыя ў 2-ю сусв. вайну, якая паклала пач. адкрыццю другога фронту. Саюзнікі страцілі 122 тыс.чал., ням. бок — 117 тыс. чал.
Літ.:
Гл. пры арт.Другі фронт.
Да арт.Нармандская дэсантная аперацыя 1944. Штурмавыя часці саюзнікаў на ўзбярэжжы Нармандыі. Ліпень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дыха́нне, ‑я, н.
1. Працэс паглынання кіслароду і выдзялення вуглекіслаты жывымі арганізмамі; газаабмен. // Убіранне і выпусканне паветра лёгкімі. Бацька заснуў. Дыханне яго было слабое, але роўнае і спакойнае.Чарнышэвіч.// Шум, які ўтвараецца пры дыханні. [Соня] мільганула пад акном, ускочыла ў сенцы, і я ўжо чую яе паскоранае бегам дыханне.Ракітны.// Паветра, якое выходзіць з лёгкіх пры выдыху. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем.Ермаловіч.
2.перан. Подых, павёў, праяўленне чаго‑н. Дыханне жыцця. Дыханне часу. □ Дзень пачынаўся без хмурынкі на небе, без дыхання вецярка.Шамякін.Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада: шум машын, званкі трамваяў.Шыцік.// Набліжэнне, наступленне чаго‑н. Чуецца дыханне восені. □ Ужо чутно вільготнае дыханне хмары, ужо навакол разліты прыемны водар азону.Гамолка.
•••
Штучнае дыханне — сістэма прыёмаў для аднаўлення натуральнага дыхання, якое часова спынілася.
Другое дыханне — аб новых сілах, аб прыліве энергіі, бадзёрасці ў каго‑н. пасля перыяду стамлення, апатыі, няўдачы.
Дыханне заняло (захапіла, перахапіла)гл. заняць.
Дыханне занялося — стала цяжка дыхаць, спынілася дыханне (ад бегу, работы і пад.). У душы ў .. [Шуры] пахаладзела, дыханне занялося, спёрла, нібы хто сціснуў горла.Ставер.
Затаіць дыханнегл. затаіць.
Перавесці дыханнегл. перавесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкме́та, ‑ы, ДМ ‑меце, ж.
1. Адметная рыса, па якой можна пазнаць каго‑, што‑н., вызначыць што‑н. Па слядах, па безлічы толькі яму [егеру] вядомых адзнак і прыкмет ён мог беспамылкова вызначыць дакладную колькасць кожнага віду дзікіх жывёл на сваім участку.В. Вольскі.Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы.Брыль.[Нася:] — Але калі вельмі хочаш выбраць мяне, дык запомні прыкмету: у маіх валасах будзе белая кветачка.Якімовіч.// Тое, што ўказвае на з’яўленне, наступленне чаго‑н. Сённяшняй раніцай у яго з’явіў ся апетыт — верная прыкмета выздараўлення.Шахавец.Яшчэ з поўдня надвор’е гразілася дажджом. На тое былі ўсе неабходныя прыкметы: душнае сонца, парнасць зямлі, смуга ў паветры.Скрыган.
2. У забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, якая прадвяшчае што‑н. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе тут, нібы даў селяніну ён для шчасця прыкмету.Дубоўка.Павук па промню спускаецца ўніз, верыць хачу я ў старую прыкмету: спускаецца — значыць будзе мне ліст.Барадулін.— Добрая прыкмета! — сказаў стары Банэдык. — Калі дарогу перабег воўк — добра.Чарнышэвіч.
•••
Мець на прыкмецегл. мець.
На прыкмеце (быць)укаго — аб тым, хто (што) з’яўляецца прадметам чыёй‑н. увагі, цікавасці і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,
абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.
У 1810-я г.франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.
Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх.ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.
У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус.зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс.чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс.чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс.чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс.чал.) — П.К.Эсена каля Рыгі, П.І.Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф.Эртэля каля Мазыра.
21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл.Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп.наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл.Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.
Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.
У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл.Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.Рэнье (гл.Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл.Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.Віктора і П.Ф.Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл.Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.Касінскага.
Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.
Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс.чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс.чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.
Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс.чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.
Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс.чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс.чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.І.Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.
Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).
Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн.руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.
У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.
Літ.:
Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;
Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г.М., 1992.
В.В.Антонаў.
Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.І.Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,
самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен. дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл.Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.
Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.
Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн.чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв.«дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася з БССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» з Пн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач.чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл.Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч. армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн.ч.франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл.Бітва за Англію 1940—41).
Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, з тэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.
22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш.ваен. баз на Б.Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.—вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт. дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.
Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр.СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.
7.12.1941 Японія нападам на амер.ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.
Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп.фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп.ВМФ.
Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, з чэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн.амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленнесав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас.сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм.вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам з еўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.
Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.М.Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.Я.Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.Д.Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн.чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. За вял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.
Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;
Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;
Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;
Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ.Кн. 1—3. М., 1991;
Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.
У.І.Гуленка.
Да арт.Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНВА́ЛЬДСКАЯ БІ́ТВА 1410,
вырашальная бітва Вялікай вайны 1409—11 паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Адбылася 15.7.1410 каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг (цяпер Альштынскае ваяв., Польшча). З’явілася гал. этапам вайны, план якой быў распрацаваны польск. каралём Ягайлам і вял.кн.ВКЛ Вітаўтам на Берасцейскай сустрэчы 1409. У ліп. 1410 войскі саюзнікаў (каля 30—40 тыс.чал.) злучыліся ў раёне Казініц і рушылі на сталіцу ордэна Марыенбург (Мальбарк). 15 ліп. яны былі вымушаны прыняць бой на адкрытай мясцовасці з крыжацкім войскам (каля 15—20 тыс.чал.). Войска крыжакоў (уваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш. краін) складалася з 51 харугвы, войска ВКЛ і Польшчы (уваходзілі таксама татары саюзнага Вітаўту хана Джэлал-ад-Дзіна і наёмнікі) — з 90 харугваў, 40 з іх належалі ВКЛ (Трокская, Гарадзенская, Ковенская, Лідская, Смаленская, Полацкая, Віцебская, Пінская, Новагародская, Берасцейская, Ваўкавыская, Драгічынская, Старадубская, Мсціслаўская і інш.). Крыжакі занялі больш выгадную для атакі пазіцыю на ўзвышшы. Перад баявымі парадкамі крыжакоў стаялі гарматы і арбалетчыкі. Войскі саюзнікаў размяшчаліся трыма лініямі на беразе р. Маршы. Бітва пачалася атакай 1-й лініі крыла Вітаўта і змешчаных на яе правым флангу татар. Атакуючых сустрэлі гарматным агнём, потым супраць іх рушыла левае крыло крыжацкага войска, сітуацыя схілілася на іх карысць. Верныя сваёй улюбёнай тактыцы, татары арганізавалі прытворныя ўцёкі. Услед за імі пабегла 1-я лінія войска ВКЛ, акрамя трох харугваў са Смаленскай зямлі (мсціслаўскай, смаленскай і няпэўнай прыналежнасці) на чале з мсціслаўскім кн. Лугвенам. Націск крыжакоў спынілі 2-я і 3-я лініі войск Вітаўта. Адначасова 1-я лінія палякаў атакавала правае крыло крыжакоў. Атака была няўдалая, крыжакі ледзь не захапілі вял. каралеўскі сцяг. Становішча выправілася з увядзеннем 2-й польск. лініі. Пасля 6 гадз напружанай бітвы сілы ордэна пачалі адкочвацца ад свайго лагера. Імкнучыся пераламіць ход бітвы, магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген павёў у наступленне апошнія 16 харугваў рэзерву. Яны прарвалі фронт і выйшлі ў тыл польск. войска, але былі акружаны і знішчаны, загінуў і сам магістр ордэна. У рукі саюзнікаў трапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсе іх сцягі. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынік вайны ў цэлым. Паводле Тарунскага міру 1411 ва ўладанне ВКЛ і Польшчы адышлі Добжынская і Жамойцкая землі. Магутнасць ордэна была падарвана. У 1960 на месцы бітвы пастаўлены помнік.
Літ.:
Длугош Я. Грюнвальдская битва: [Пер. с лат.]. М.; Л., 1962;
Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Т. 1. Warszawa, 1846;
Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd. 1. Berlin, 1982;
Kuczyński S.M. Bitwa pod Grunwaldem. Katowice, 1987. Nadolski A. Grunwald;
Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.
Ю.М.Бохан.
Грунвальдская бітва 1410. Літаграфія М.Басалыгі. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́СЦІЦКІЯ БАІ́ 1812.
Адбыліся 30 ліп. — 1 жн. каля в. Клясціцы і на шляху Полацк—Себеж (цяпер тэр. Расонскага і Полацкага р-наў) паміж рус. 1-м пях. корпусам П.Х.Вітгенштэйна (каля 23 тыс.чал., 108 гармат) і франц. 2-м корпусам Ш.Удзіно (37—40 тыс.чал., 114 гармат) у вайну 1812. Авангард Удзіно 20 ліп. пачаў пераправу цераз Зах. Дзвіну каля г. Дзісна. Вітгенштэйн, корпус якога размяшчаўся на правым беразе, абмежаваўся партыз. дзеяннямі атрада Я.П.Кульнева на левым беразе і 26 ліп. адвёў свае гал. сілы да Росіцы. Войскі Удзіно 26 ліп. занялі Полацк і працягвалі наступленне на Себеж; 30 ліп. іх перадавыя часці дасягнулі в. Клясціцы. Вітгенштэйн, разумеючы, што гэтым яму будзе адрэзана магчымасць адыходу на Пскоў і Пецярбург, вырашыў прарвацца да себежскага шляху. Ён сканцэнтраваў свае войскі на р. Свольна каля в. Кацярынава (цяпер Марачкова) і высунуў уперад па дарозе на Клясціцы авангард пад камандаваннем Кульнева. 30 ліп. пасты абодвух бакоў сустрэліся на лясной дарозе на З ад в. Якубова, і пачаліся авангардныя баі. Атакі дывізіі ген. К.Ж.Леграна былі адбіты. Увечары на дапамогу рус. авангарду прыбыў Вітгенштэйн з егерскай брыгадай Фралова і павёў атаку на левы фланг французаў. На дапамогу Леграну падышла 8-я пях. дывізія ген. Ж.А.Вердзье, якая нанесла беспаспяховы ўдар па цэнтры рус. войск. За ноч Вітгенштэйн сцягнуў да Якубова ўсе свае сілы, апрача кав. рэзерву, і дасягнуў прыкладнай колькаснай роўнасці з французамі. На світанні 31 ліп. французы адбілі ўдар па ключавым пункце сваёй пазіцыі, атакавалі цэнтр і левы фланг Вітгенштэйна, аднак былі спынены артыл. агнём. Вітгенштэйн атакаваў французаў і прымусіў Удзіно адступаць у бок Клясціц. Контратака рэзерву Удзіно забяспечыла бесперашкодны адыход яго 2-га корпуса на левы бераг р. Нішча, войскі пачалі адступаць на рубеж р. Дрыса. Рус. войскі занялі Клясціцы, а авангард Кульнева пачаў праследаваць французаў. Пад вечар французы перайшлі Дрысу і сталі лагерам у раёне в. Белае (цяпер Азіна). Кульнеў таксама пераправіўся цераз Дрысу і размясціў свой атрад на Пд ад в. Сівошына. Група франц. войск пад камандаваннем Леграна ў ноч на 1 жн. скрытна падышла да размяшчэння рускіх і раптоўным кав. і штыкавым ударам адкінула іх. Рус. авангард быў амаль цалкам знішчаны, некалькі соцень чалавек узяты ў палон; Кульнеў смяротна паранены. З раніцы дывізія Вердзье працягвала праследаваць рэшткі атрада Кульнева. Вітгенштэйн заняў моцную пазіцыю каля в. Галоўчыцы паміж лесам і р. Нішча, абышоў флангі і ўдарыў па цэнтры французаў. Вердзье адступіў у бок Сівошына. 2 жн. Удзіно пачаў адвод сваіх часцей да Полацка. За тры дні баёў страты з абодвух бакоў склалі па 4—5 тыс.чал. К.б. былі першай у ходзе вайны перамогай рус. войск над большымі сіламі праціўніка. У выніку гэтых баёў французы перайшлі да абароны на ўсім паўн. стратэгічным флангу, пагроза для камунікацый Вітгенштэйна была ліквідавана.