стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх.ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум.жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.
Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.
На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;
М., 1966;
Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.
А.М.Кулагін.
Да арт.Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.Да арт.Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛЬНЫ ЖАНР (ад франц. bataille бітва),
жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае ваенныя сцэны і баявыя дзеянні. Яму ўласцівае імкненне паказаць найб. важныя ці характэрныя моманты бітваў, перадаць іх пафас, героіку, часам раскрыць і гіст. сэнс ваен. падзей. Батальныя сцэны могуць быць пабудаваны на гіст., дакументальна пацверджаных фактах, што збліжае батальны жанр з гістарычным жанрам, і на фалькл. матэрыяле (легенды, паданні, прытчы і гэтак далей). Батальны жанр уключае таксама паказ паўсядзённага жыцця арміі і флоту (у паходах, казармах, лагерах), што набліжае яго да бытавога жанру. Значная роля ў батальным жанры адводзіцца пейзажу. У працэсе развіцця ў станковых формах жывапісу і графікі батальны жанр наблізіўся да алегорыі, прытчы, набыў акцэнтаваны філас. падтэкст. Ён значна змяніўся, захаваўшы першапачатковую паэтыку і стылістыку ў панараме і дыяраме.
Батальныя сюжэты вядомыя з глыбокай старажытнасці: сцэны перамог над ворагам, алегарычныя і сімвалічныя вобразы ў рэльефах, размалёўках і дробнай пластыцы Стараж. Егіпта, Двухрэчча, Ірана; у расфарбоўцы вазаў, скульпт. кампазіцыях франтонаў храмаў, кампазіцыях рэльефаў і жывапісе Стараж. Грэцыі; у эліністычным мастацтве (рэльефы Пергамскага алтара); рэльефах і карцінах з адлюстраваннем бітваў і трыумфаў Стараж. Рыма; у мастацтве скіфаў, стараж. цывілізацый Амерыкі. У сярэднявеччы батальна-гіст. сюжэты пашыраны ў еўрап. і ўсх. кніжнай мініяцюры, у абразах (найб. выразна пасля 15 ст.), дэкар.-прыкладным мастацтве, рэльефах Кітая і Камбоджы, інд. размалёўках, японскім жывапісе. У эпоху Адраджэння мемар. кампазіцыі ў гонар ваен. перамог стваралі Джота, Паала Учэла, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Тыцыян, Я.Тынтарэта. У 17 ст. значную ролю ў станаўленні батальнага жанру адыгралі творы Д.Веласкеса, П.П.Рубенса, графіка Ж.Кало. У гэты час сфарміраваліся асн. тыпы кампазіцыйнай будовы твораў батальнага жанру: умоўна-алегарычная кампазіцыя з выявай палкаводца на фоне бітвы (Ш.Лебрэн, Францыя), невял. батальная карціна з эфектнай дакументальна-хранікальнай выявай кавалерыйскага бою ці эпізодамі ваен. побыту (С.Роза, Італія; Ф.Ваўэрман, Галандыя), сцэны марскіх баёў (В. Ван дэ Велдэ, Галандыя). У 18 ст. батальны жанр пашыраны ў мастацтве Францыі (А.Вато), Расіі (І.Нікіцін, А.Зубаў, Р.Угрумаў), Амерыкі (Б.Уэст, Дж.С.Коплі, Дж.Трамбал). У 19 ст. ў батальным жанры працавалі А.Гро, Т.Шарле, А.Рафэ, А.Вернэ (Францыя), А.Адам (Германія), Ф.Гоя (Іспанія), П.Міхалоўскі, Я.Матэйка, А.Арлоўскі (Польшча), Г.Ваперс (Бельгія), М.Алеш, Я.Чэрмак (Чэхія), В.Машкоў, Б.Вілевальдэ, А.Кацэбу (Расія). З канца 19 ст. ў батальным жанры ўсё большая ўвага аддаецца адлюстраванню складаных псіхал. і філас. праблем: творы А.Менцэля (Германія), Дж.Фаторы (Італія), У.Хомера (ЗША), М.Герымскага (Польшча), М.Грыгарэску (Румынія), Я.Вешына (Балгарыя), Э.Дэтая, А.Нёвіля (Францыя), І.Айвазоўскага, А.Багалюбава, В.Паленава, В.Верашчагіна, А.Кіўшэнкі, В.Сурыкава (Расія). У 20 ст., насычаным войнамі і рэвалюцыямі, карэнныя змены адбываюцца і ў батальным жанры: пашыраюцца яго межы і тэматычны дыяпазон, узмацняецца гісторыка-філас. падтэкст. У батальным жанры працуюць О.Дзікс і К.Кольвіц (Германія), Ф.Мазерэль (Бельгія), М.Грамер і Т.Стэйнлен (Францыя), Ф.Ходлер (Швейцарыя), Л.Бабіч, І.Мештравіч (Харватыя), Н.Петравіч (Сербія), Ф.Брэнгвін (Англія), О.Какошка (Аўстрыя), Р.Гутуза (Італія), Марукі Іры, Марукі Тасіка (Японія), К.Пятроў-Водкін, М.Грэкаў, А.Дайнека, А.Бубнаў (Расія).
У бел. мастацтве батальныя кампазіцыі вядомыя ў творах дробнай пластыкі (пач. 12 ст.), мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (15 ст.), абразках (15—16 ст.), стылізаваных выявах бел. воінаў на кафлі 16 ст., гравюрах Ф.Скарыны, М.Цюнта (16 ст.), Л.Хршчановіча, Г.Келера, В.Хондыуса, ілюстрацыях М.Вашчанкі (17 ст.), манум. жывапісе 17—18 ст. У жывапісе найб. ранні з вядомых твораў батальнага жанру — «Бітва пад Оршай» (каля 1515), блізкі па стылістыцы да твораў еўрап. Адраджэння (дакладнасць у паказе адзення, панарамы бітвы, тыпажу). У 17 ст. серыю малюнкаў і карцін на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла стварыў А. ван Вестэрфельд. Батальныя сцэны адлюстраваны на шпалерах Карэліцкай мануфактуры (18 ст.). У 19 ст. батальныя кампазіцыі ў жывапісе стваралі В.Ваньковіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі, у графіцы — М.Кулеша, К.Кукевіч, Я.Дамель, Э.Андрыёлі, Ю.Фалат, А.Гротгер. У жывапісе, графіцы і скульптуры 1-й трэці 20 ст. да батальнага жанру звярталіся В.Волкаў, Я.Зайцаў, П.Гаўрыленка, М.Манасзон, І.Гембіцкі, А.Жораў. Вобразы і падзеі нац. гісторыі адлюстраваны ў творах М.Філіповіча, П.Сергіевіча. Героіка-рамантычны апавядальны характар уласцівы кампазіцыям у жывапісе, графіцы і скульптуры 1940 — пач. 1960-х г. (творы І.Ахрэмчыка, Г.Бржазоўскага, М.Гуціева, І.Давідовіча, Я.Зайцава, С.Раманава, У.Сухаверхава, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча, А.Шыбнёва; скульптуры З.Азгура, А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава). Пошукі новых стылістычных рашэнняў у 1970-я г. вылучаюць творы батальнага жанру М.Савіцкага, В.Грамыкі, Г.Вашчанкі, А.Анікейчыка. У 1980-я г. — пач. 1990-х г. у батальным жанры павялічваецца колькасць сімволіка-алегарычных элементаў, прытчавых вобразаў (жывапіс Б.Аракчэева, Ф.Бараноўскага, І.Белановіча, М.Глушко, А.Марачкіна, У.Мінейкі, П.Свентахоўскага, І.Стасевіча, І.Ціханава, Г.Ціхановіча, М.Якуніна; графіка Л.Асецкага, У.Басалыгі, С.Геруса, А.Дзямарына, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, А.Паслядовіч, М.Селешчука; скульптурныя кампазіцыі А.Бацвінёнка, А.Заспіцкага, А.Курачкіна, В.Палійчука; манум.жывапіс Л.Асядоўскага, У.Крываблоцкага, Савіцкага).
Літ.:
Садовень В.В. Русские художники-баталисты XVIII—XIX веков. М., 1955;
Бродский В. Советская батальная живопись. М.; Л., 1950;
Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Батальны жанр. Б.Аракчэеў. Гродзенскія гусары. Атака ў Клясціцах. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРА́Ж (франц. vitrage ад лац. vitrum шкло),
арнаментальная або сюжэтная дэкар. кампазіцыя са шкла ці інш. матэрыялаў, якія прапускаюць святло (у акне, дзвярах, у выглядзе самаст. пано).
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. З 1 ст. да н.э. ў Стараж. Рыме. У 10—12 ст. у раманскіх храмах Францыі (сабор Нотр-Дам у Шартры, да 1260) і Германіі з’явіліся сюжэтныя вітражы з кавалачкаў каляровага (чырвонага і сіняга) шкла, выразаных па контуры выяў і змацаваных свінцовымі палоскамі. Былі пашыраны кампазіцыі, дзе выявы святых займалі амаль увесь аконны праём, і кампазіцыі ў форме медальёнаў (уся плошча акна запаўнялася закампанаванымі невял. дэталямі). У 12—14 ст. узбагаціўся колеравы набор шкла, разам з рэліг. сцэнамі ствараліся бытавыя. У 14—15 ст. мастацтва вітража актыўна развівалася ў Англіі (Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане), Італіі (сабор у Мілане), Польшчы, Швейцарыі. Паступова ў вітражы ўсё большую ролю адыгрывала размалёўка, ён траціў спецыфічную плоскаснасць, формы драбнелі. У эпоху Адраджэння вітражом называлі і жывапіс па шкле. У 16 ст. для аздаблення інтэр’ераў выкарыстоўвалі аднатонныя вітражы са свецкімі сюжэтамі. У эпоху барока і класіцызму вітраж амаль знікае. З 2-й пал. 19 ст. цікавасць да вітража павышаецца. Імкненне да падкрэсленай эмацыянальнай выразнасці інтэр’ера спарадзіла вітраж мадэрну. Мастакі 20 ст. ўключаюць свае кампазіцыі ў адзіную сістэму дэкору інтэр’ера, надаючы ім ролю асн. кампанента маст. выразнасці. З 1950-х г. развіваюцца вітражы-перагародкі, вітражы-пано. Вітраж складаюць з кавалачкаў каляровага і бясколернага шкла, з маналітнага шкла з размалёўкай запечанымі фарбамі, трохслаёвыя з арган. шкла, з тоўстага колатага шкла і каляровых люстэркаў, якія манціруюць на цэменце або жалезабетоне, арміруюць свінцовай, стальной або пластмасавай стужкай. Дэкар. апрацоўку шкла для вітража робяць пескаструменным спосабам, каляровым траўленнем, адліўкай і прасаваннем, што дае магчымасць больш поўна выяўляць магчымасці шкла (празрыстасць, шурпатасць, зіхатлівасць). Тэматыка вітража часта адпавядае прызначэнню будынка.
На Беларусі вітражы вядомы з 15—16 ст. (у капліцах фарнага касцёла ў Навагрудку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). Вітражы пашыраны і ў сучасным манум.-дэкар. мастацтве: паяны вітраж у інтэр’еры касцёла Сымона і Алены (1974, Г.Вашчанка), Доме літаратара (1976, У.Стальмашонак), у адм. будынку ВА «Гарызонт» (1982, Н.Шчасная), кінатэатры «Масква» (1980, Г. і М.Вашчанкі); з выкарыстаннем размалёўкі эпаксіднымі смоламі — у Т-ры юнага гледача (1978, У.Ткачоў, В.Нямцоў), з алюмініевай працяжкай у Рус.драм. т-ры (1976), на паштамце (1980; абодва В.Позняк; усе ў Мінску). У камбінаванай тэхніцы (ліццё, размалёўка, паяны з алюмініевай працяжкай) выкананы вітраж ў кінатэатры «Радзіма» ў г. Маладзечна (1982, В.Ціханаў, В.Барабанцаў), вітраж «Прырода» ў Ін-це батанікі АН Беларусі (1984, Барабанцаў), у Палацы піянераў у Брэсце (1989) і санаторыі «Радон» у в. Дзятлава Гродзенскай вобл. (1993, абодва Позняк і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Вітраж «Прырода» ў Інстытуце батанікі АН Беларусі. Мастак В.Барабанцаў. 1984.Вітраж Міланскага сабора.Вітраж сабора Нотр-Дам у Шартры (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСО́ЎНІКІ,
мастакі-рэалісты, якія ўваходзілі ў рас.маст. аб’яднанне Т-ва перасоўных маст. выставак (1870—1923). Т-ва створана ў Пецярбургу па ініцыятыве І.Крамскога (ідэйны кіраўнік), Р.Мясаедава, М.Ге, В.Пярова ў працэсе барацьбы за дэмакр. мастацтва супраць акадэмізму і ў процівагу Пецярбургскай АМ. У розны час у яго ўваходзілі таксама А.Архіпаў, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і В. Васняцовы, С.Жукоўскі, С.Іванаў, С.Каровін, М.Касаткін, А.Куінджы, І.Левітан, У.Макоўскі, В.Паленаў, І.Пранішнікаў, І.Рэпін, А.Саўрасаў, К.Савіцкі, В.Сурыкаў, В.Сяроў, І.Шышкін, М.Ярашэнка і інш.Т-ва ставіла задачу прапагандаваць рус.рэаліст. мастацтва праз арганізацыю перасоўных выставак у гарадах Рас. імперыі (адбылося 48, у т. л. ў Вільні і Мінску). Ў сваёй дзейнасці П. апіраліся на прынцыпы грамадскіх і эстэт. поглядаў В.Бялінскага і М.Чарнышэўскага. Вял. ролю ў развіцці т-ва адыграла маст.крытычная дзейнасць У.Стасава, матэрыяльная падтрымка П.Траццякова.
П. сцвярджалі прынцып народнасці мастацтва, які выяўляўся праз адлюстраванне з пазіцый крытычнага рэалізму шматграннасці жыцця народа: выкрыццё сац. праблем грамадства («Земства абедае» Мясаедава, 1872; «Бурлакі на Волзе» Рэпіна, 1873; «Сустрэча абраза» Савіцкага, 1878; «У дарозе. Смерць перасяленца» Іванава, 1889; «На людзях» Каровіна, 1893; «Вуглякопы. Змена» Касаткіна, 1895), рэв.-вызв. рух («Адмова ад споведзі», 1885; «Не чакалі», 1884—88; «Арышт прапагандыста», 1892, усе Рэпіна; «Расстрэл» Іванава, 1905), прыгажосць нар. побыту («Прыход ведзьмака на сялянскае вяселле» В.Максімава, 1875), багацце і веліч роднай прыроды (пейзажы Саўрасава, Шышкіна, Левітана), гераічныя старонкі рас. гісторыі (карціны Сурыкава), вобразы рус.нар. казак і паданняў (творчасць В.Васняцова). У творах на евангельскія сюжэты ўздымаліся складаныя філас., псіхал. і маральныя пытанні («Хрыстос у пустыні» Крамскога, 1872; «Што ёсць ісціна?» Ге, 1890). Творы П. адметныя псіхалагізмам, майстэрствам тыпізацыі і сац. абагульнення. У 1870—80-я г.жывапіс П. эвалюцыянаваў ад некаторай скаванасці і сухасці пісьма цёмнымі фарбамі да свабоднай, шырокай манеры, перадачы святлопаветранага асяроддзя з дапамогай светлай палітры, рэфлексаў, каляровых ценяў, свабоднай і разнастайнай кампазіцыі. Спадчына П. — адна з асн. традыцый развіцця рэаліст. мастацтва.
Дзейнасць П. паўплывала і на развіццё бел. мастацтва. Падзеяй у культ. жыцці Беларусі была выстаўка П. 1899 у Мінску, дзе экспанаваліся творы Рэпіна, Макоўскага, Касаткіна і інш. На Беларусі ў канцы 19 ст. працавалі Шышкін (стварыў шмат пейзажаў Палесся), Савіцкі (працаваў над карцінай «Сустрэча абраза»). У Здраўневе пад Віцебскам у 1892—1900 жыў Рэпін і намаляваў там палотны «Беларус», «Восеньскі букет», шэраг пейзажаў, партрэтаў бел. сялян. З Беларуссю звязана дзейнасць Бялыніцкага-Бірулі і Жукоўскага, М.В.Неўрава.
Літ.:
Бурова Г., Гапонова О., Румянцева В. Товарищество передвижных художественных выставок. Т. 1—2. М., 1952—59;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́Ў, Растоў-Яраслаўскі,
горад, цэнтр раёна ў Яраслаўскай вобл., у Расіі, на беразе воз. Нера. 36,6 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Агрэгатны з-д; ф-кі: ільнопрадзільная, мініяцюрнага жывапісу па эмалі «Растоўская фініфць», харч. прадпрыемствы. Растоўскі арх.-маст. музей-запаведнік. Турызм.
Упершыню згадваецца ў летапісе пад 862. У 10 ст. адзін з цэнтраў Растова-Суздальскай зямлі, у 11 — пач. 13 ст. ўваходзіў ва Уладзіміра-Суздальскае княства. У 12—17 ст.наз. Р. Вялікі. Росквіту дасягнуў пры князю Канстанціну Усеваладавічу (1186—1219). З 1207 сталіца Растоўскага княства. У 1237 захоплены мангола-татарамі, супраць якіх у 1262 жыхары Р. ўзнялі паўстанне. У 1328 горад падзелены на 2 палавіны: Срэценскую (з 1-й пал. 15 ст. ў складзе Маскоўскай дзяржавы) і Барысаглебскую (з 1474 у складзе Маскоўскай дзяржавы). З канца 10 ст. тут існавала архірэйская кафедра. У 15 ст. горад стаў буйным царк. цэнтрам, у 1589—1788 тут размяшчалася рэзідэнцыя мітрапалітаў. З 1777 Р. павятовы горад Яраслаўскага намесніцтва, з 1796 — Яраслаўскай губ. З 18 ст. буйны гандл.-кірмашны цэнтр (у 1-й пал. 19 ст. кірмаш у Р. трэці ў Расіі пасля Ніжагародскага і Ірбіцкага). З 1870 злучаны чыгункай з Масквой і Яраслаўлем.
Арх. дамінанта гіст. цэнтра — комплекс Растоўскага крамля. Сярод інш.арх. помнікаў цэнтра: ансамбль манастыра Раства Хрыстова (засн. ў канцы 14 ст.) з цэрквамі Раства Маці Божай з трапезнай (2-я пал. 17 ст.) і надбрамнай Ціхвінскай (1847), Успенскі сабор (каля 1589, фрэскі 1659, 1670, пахаванні растоўскіх князёў і мітрапалітаў) са званіцай з 13 званамі (1680-я г.); каля земляных валоў (1631—33) цэрквы: Ушэсця (1566), Толгскай Маці Божай з вежападобнай званіцай (1761), Міколы на Усполлі (1813, ампір; у інтэр’еры разны пазалочаны іканастас з фініфцевымі ўстаўкамі, абразы 15—19 ст.). Захавалася забудова вуліц пач. 19 ст., пераважна 2-павярховымі каменнымі жылымі дамамі з франтонамі, балконамі, чыгуннымі рашоткамі, з грамадскімі будынкамі і драўлянымі дамамі ў стылі правінцыяльнага мадэрну (канец 19 — пач. 20 ст.). На паўн.-ўсх. ускраіне Р., на беразе воз. Нера — Аўраміеў манастыр (засн. на мяжы 11—12 ст.) з Богаяўленскім саборам (1553), цэрквамі — Увядзенскай (1650, перабудавана), надбрамнай Нікольскай з 2 вежамі і класіцыстычнай званіцай (1691, 1826—37). На паўд.-зах. ускраіне — комплекс Якаўлеўскага манастыра (засн. ў 14 ст.) з цэрквамі Зачаццеўскай (1686, фрэскі, 3-ярусны разны пазалочаны іканастас, 1762—65), Дзімітрыеўскай (1794—1802), Якаўлеўскай (1836, абедзве класіцызм); брамы і вежы комплексу перабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў формах псеўдаготыкі. Непадалёку ад Р. ў сёлах Парэчча-Рыбнае і Багаслова комплексы арх. помнікаў 18—19 ст.; каля р. Вусце — Барысаглебскі манастыр (засн. ў канцы 14 ст.). З 2-й пал. 18 ст. ў Р. развіты мініяцюрны жывапіс па эмалі (гл.Растоўская фініфць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),
від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.
Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл.Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.
На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл.гл. таксама да арт.Абраз, Беларуская іканапісная школа.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;
Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд.Мн., 1995.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.Да арт.Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.Да арт.Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).Да арт.Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.Да арт.Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.Да арт.Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.Да арт.Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕНГА́ГЕН (København),
горад, сталіца Даніі. Знаходзіцца на ПнУ в-ва Зеландыя, часткова на в-ве Амагер. Адм. ц. амта Капенгаген. 466 тыс.ж., у агламерацыі Вял. Капенгаген 1339 тыс.ж. (1992). Порт у праліве Эрэсун. Міжнар. аэрапорт Каструп. Аўтамаб. і чыг. паромамі звязаны з гарадамі Мальмё, Хельсінгбарг і Ландскруна (Швецыя). Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У К. выпускаецца каля 40% прамысл. прадукцыі краіны. Пераважаюць машынабудаванне (у т. л.вытв-сць суднаў, дызеляў, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае) і металаапрацоўка. Развіты харчасмакавая, фарфоравая (з 18 ст., Каралеўская ф-ка фарфору), хім.прам-сць. Метрапалітэн. Цэнтр міжнар. турызму. Ваенна-марская база.
Упершыню згадваецца ў 1043 як вёска Хаўн, каля якой у 1167 пабудаваны замак (з 1170 наз. К.). З 1254 горад. У 1186—1416 (з перапынкамі) уладанне епіскапаў. Як каралеўскі горад (з 1416) меў шмат прывілеяў, з 1443 каралеўская рэзідэнцыя і сталіца Даніі.
Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст. У 1658 і 1659 абложаны шведамі; моцна разбураны паводкай 1728 і пажарам 1795, бамбардзіроўкай брыт. флотам у 1807. У выніку паражэння Даніі ў вайне 1813—14 горад заняпаў. Пасля рэканструкцыі (з 2-й пал. 19 ст.) значны прамысл.цэнтр. У 1940—45 пад ням.-фаш. акупацыяй.
У старой ч. К. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі. Гал. помнікі: у стылі дацкага рэнесансу — палац Росенбарг (1606—34) і будынак біржы (1619—25, арх. абодвух браты Стэнвінкель); барочныя палац Шарлотэнбарг (1672—77, арх. Л.Хавен, цяпер будынак Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў) і палацавы комплекс Амаліенбарг (будаваўся з 1750, арх. Н.Эйтвед), палац-парламент Крысціянсбарг (1733—40, арх. Э.Д.Хёйсер, адноўлены пасля пажару арх. Х.К.Хансенам у 1800—20, Т.Ёргенсенам у 1907—22 у псеўдабарочных формах); класіцыстычны Музей Торвальдсена (1839—48, арх. Г.Бінесбёль, мастак І.Зоне); ратуша ў стылі нац. рамантызму (1892—1905, арх. М.Нюрап) і інш. Развіваецца ў 5 асн. кірунках у выглядзе рукі з растапыранымі пальцамі («далонь» — стары горад, «пальцы» — новыя раёны), паміж імі зялёныя насаджэнні. Сярод збудаванняў 20 ст.: царква Грунтвіга (1921—40, арх. П.В.Енсен-Клінт і К.Клінт), аэравакзал з гасцініцай «Роял» (1959—61, арх.А Якабсен) і інш. Сімвал горада — скульптура «Маленькая русалачка».
У К. знаходзяцца Дацкія каралеўскія акадэмія навук і л-ры (з 1742), акадэмія тэхн. навук, акадэмія прыгожых мастацтваў, акадэмія музыкі, шматлікія ВНУ, у т. л.Капенгагенскі універсітэт (з 1479), вышэйшыя эканам. і с.-г. школы. Бібліятэкі: Нац. (Каралеўская; з 17 ст.), ун-та (з 1482), Муніцыпальная і Публічная. Музеі: Нац., Каралеўскі марскі, гар., маст. і дэкар. мастацтва, заал., гісторыі тэатра, гісторыі музыкі, Торвальдсена, кінамузей, Новая гліптатэка Карлсберга (зборы ант. мастацтва, дацкі і франц.жывапіс) і інш. Тэатры: Нар., «Новы», «Ню Скала», «Гладсакстэатр» і інш. Паркі, у т. л. Каралеўскі (з 17 ст.), бат. сад (з 1874), заал. сад, лунапарк Цівалі.
Панарама Капенгагена.Да арт.Капенгаген. Будынак біржы. Арх. браты Стэнвінкель. 1619—25.Да арт.Капенгаген. Скульптура «Маленькая русалачка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),
агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.Бадлера, Т.Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапісфранц. імпрэсіяністаў і англ.прэрафаэлітаў, паэзію П.Верлена, А.Рэмбо, С.Малармэ, С.Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.М.Рыльке, «тэатр маўчання» М.Метэрлінка, прозу О.Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.Мінскага, Д.Меражкоўскага, З.Гіпіус, К.Бальмонта, Ф.Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.Франс, Т.Ман, Л.Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл.Мадэрнізм).
Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.Малевіч, М.Шагал, Л.Лісіцкі, Р.Фальк, В.Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.Андрэеў, А.Белы, Ф.Салагуб, С.Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАНІ́ЗМ (ад лац. humanus чалавечы, чалавечны),
сістэма светапогляду, кірунак філас. і грамадска-паліт. думкі, паводле якіх чалавечая асоба ёсць найвышэйшая каштоўнасць сац. быцця і культуры. Ідэі гуманных адносін да чалавека выяўляліся ўжо ў глыбокай старажытнасці. Мысліцелі, мастакі і ідэолагі эпохі Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Дж.Бруна, Г.Галілей, Ф.Бэкан, Эразм Ратэрдамскі) паказалі ідэал свабоднага, гарманічна развітога чалавека. Рэнесансавы гуманізм як тып культуры і светапогляду сфарміраваўся ў Італіі (творчасць Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла) і пашырыўся на інш. рэгіёны разам з рухам Рэфармацыі (М.Мантэнь, Ф.Рабле ў Францыі, Ф.Бэкан, У.Шэкспір у Англіі, А.Дзюрэр у Германіі, М.Сервантэс у Іспаніі і інш.). Прадстаўнікі утапічнага камунізму (Т.Мор, Т.Кампанела, Т.Мюнцэр, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн і інш.) выкрывалі антычалавечую, на іх погляд, сутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, марылі пра справядлівае грамадства. Самабытныя ідэі рэв.-дэмакр. і народніцкага гуманізму развівалі А.Радзішчаў, В.Бялінскі, М.Дабралюбаў, М.Чарнышэўскі, Л.Талстой і інш. мысліцелі і дзеячы рус. культуры. Ідэя свабоднага, усебаковага развіцця асобы як абсалютнай каштоўнасці і самамэты грамадскага прагрэсу ўтварае краевугольны камень марксісцкага гуманізму (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін, Г.В.Пляханаў і інш.).
У сучасную эпоху ідэі і прынцыпы гуманізму набылі асаблівую актуальнасць, сталі жыццёвай неабходнасцю для кожнага народа і чалавецтва ў цэлым.
У Беларусі гуманіст. канцэпцыя грамадства і чалавечай асобы выяўлялася на ўсіх этапах развіцця культуры, філас. і грамадска-паліт. думкі. Хрысц. гуманізм пашыраўся праз рукапісную новазапаветную л-ру (евангеллі) і царк. вучэнне, хрысц. і свецкую л-ру, разнастайныя жанры нар. творчасці, царк. архітэктуру, жывапіс, музыку. Тыповым дзеячам культуры гуманіст. кірунку быў Ф.Скарына. Ідэі грамадскай справядлівасці і гуманізму развівалі С.Будны, В.Цяпінскі, Ю.Даманеўскі, А.Волан, М.Гусоўскі, Я.Вісліцкі, Сімяон Полацкі, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, М.К.Сарбеўскі, І.Капіевіч, Б.Дабшэвіч, К.Нарбуг, А.Доўгірд і інш. дзеячы бел., літ., польск. культур. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. на Беларусі ўзніклі дэмакр. і сац.-утапічныя плыні гуманіст. думкі, накіраванай на пабудову грамадства без эксплуатацыі, на аснове хрысц. згоды і гармоніі. Нац.-бел. дэмакр. плынь гуманіст. думкі выявілася ў фалькларыстыцы і этнаграфіі, у маст.прафес. культуры і л-ры (творчасць Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Абуховіча), духоўна-гуманіст. лідэрстве бел. пісьменнікаў, іх удзеле ў паўстанні 1863—64 на чале з К.Каліноўскім і барацьбе за нац. самавызначэнне бел. народа (Цётка, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч). Прадстаўнікі марксісцкай філасофіі ў БССР звязвалі гуманізм з рэв.-класавай барацьбой за пабудову камуніст. грамадства, якое стварае перадумовы для ўсебаковага развіцця асобы. З 2-й пал. 1950 — 1-й пал. 1960-х г. пачалося сістэматычнае вывучэнне і вяртанне народу гуманіст. традыцый бел. культуры. Гэты працэс паскорыўся пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь (1990).
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Холличер В. Личность и гуманизм: Пер. с нем. М., 1981;
Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТ (Krētē),
востраў ва ўсх.ч. Міжземнага мора. Тэр. Грэцыі. Даўж. з З на У 260 км, шыр. ад 12 да 55 км, пл. 8,3 тыс.км². Нас. 537 тыс.чал. (1991). Рэльеф гарысты, моцна расчлянёны, створаны альпійскімі гораўтваральнымі рухамі. Вылучаецца некалькі вял. масіваў: на У — Ласіты, або Дыкты (выш. да 2148 м), у цэнтры — Іда (да 2456 м), на З — Лефка-Оры (да 2452 м). Паміж гарамі Іда і Лефка-Оры знаходзіцца Сярэднекрыцкае пласкагор’е, выш. 600—800 м. Схілы горных масіваў, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі, на Пд стромка абрываюцца да мора, на Пн зніжаюцца паката і ствараюць шэраг паўастравоў і мысаў. На Пд — Месарская раўніна, якая са старажытнасці была жытніцай вострава. Горы складзены пераважна з мезазойскіх вапнякоў (на З — з сланцаў), пашыраны карст. Радовішчы жал. руд, бурага вугалю. Частыя землетрасенні.
Клімат міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэдняя т-растудз. 12 °C, ліп 26 °C Ападкаў на З выпадае 800 мм за год, на У — 200—400 мм; у гарах — больш за 1000 мм, частыя снегапады, снег на вяршынях ляжыць да мая. Летняя засуха доўжыцца 6—7 месяцаў. Глебы горна-карычневыя, на нізінах алювіяльныя. Расліннасць другаснага паходжання. Пераважае нізкарослая фрыгана (ладаннік, лаванда, верас, жаўтазель, малачай, шалфей і інш.). У больш вільготных раёнах вечназялёныя хмызнякі (маквіс). У гарах на выш. 800—1600 м трапляюцца рэдкалессі з дуба палесцінскага, хвоі калабрыйскай, платана, кіпарыса гарызантальнага. На вяршынях гор альпійскія лугі. На раўнінах і тэрасах плантацыі аліў, вінаграднікі, ворная зямля пад пшаніцай, кукурузай, тытунём. Авечкагадоўля, рыбалоўства, промысел марскіх губак. Нац. парк Самарыя (ахова горнай фауны і флоры). Захаваліся шматлікія помнікі ант. культуры і сярэдневякоўя. Асн. парты Іракліян і Ханья.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на К. вядомы з часоў палеаліту. К. — адзін з цэнтраў найстараж. еўрап. культуры (гл.Крыта-мікенская культура, Крыцкае пісьмо). У 3-м тыс. да н.э. тут узніклі першыя ў Еўропе гарады-дзяржавы (Кнос, Фест і інш.). У 2-м тыс. да н.э. ўвесь К., верагодна, быў аб’яднаны пад уладай цароў Кноса ў магутную дзяржаву, якая дасягнула росквіту ў 17—16 ст. да н.э.: мела вял. флот і, паводле падання, захаванага стараж.-грэч. гісторыкамі, панавала на Эгейскім м. У 14 ст. да н.э. частка К. заваявана кааліцыяй ахейскіх царстваў мацерыковай Грэцыі; у 12 ст. ахейскія дзяржавы тут распаліся пад націскам дарыйцаў. У 1-м тыс. да н.э. крыцкія полісы адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Грэцыі. З 67 да н.э. ў складзе Рым. дзяржавы, з 395 н.э. — Візантыі. Належаў у 823—961 арабам, у 961—1204 зноў Візантыі, у 1204 заваяваны крыжакамі і прададзены Венецыі. У перыяд венецыянскага панавання шматлікія паўстанні мясц. насельніцтва; у 15—17 ст. развівалася культура, асабліва жывапіс (Эль Грэка) і л-ра (В.Карнарас) — т.зв. крыцкі рэнесанс. У 1669 (канчаткова ў 1715) заваяваны Турцыяй. Насельніцтва К. ўдзельнічала ў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97 тут адбыліся Крыцкія паўстанні супраць тур. панавання. У 1898 К. атрымаў адм. аўтаномію. Пасля Балканскіх войнаў 1912—13 паводле грэка-тур. дагавора ад 14.11.1913 далучаны да Грэцыі. У 2-ю сусв. вайну ў маі 1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі ў выніку паветрана-дэсантнай аперацыі (буйнейшая паветр. аперацыя вермахта ў час вайны). Вызвалены ў ліст. 1944.