МІКРАХВА́ЛЕВАЯ ПЕЧ,
награвальная прылада, у якой аб’ект тэрмічнай апрацоўкі награецца за кошт паглынання ім энергіі эл.-магн. выпрамянення ад ЗВЧ-генератара. Выкарыстоўваецца для хуткага награвання прамысл. вырабаў, матэрыялаў і паўфабрыкатаў, прыгатавання ежы.
т. 10, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДПУСК металу,
тэрмічная апрацоўка загартаваных сплаваў (пераважна сталей) для памяншэння іх крохкасці і павышэння пластычнасці. Заключаецца ў нагрэве металу да пэўнай т-ры, вытрымцы пры гэтай т-ры і наступным ахаладжэнні (у паветры або вадзе) з зададзенай скорасцю. Водпуск каляровых сплаваў звычайна наз. штучным старэннем.
Адрозніваюць водпуск нізкі (120—250 °C, выкарыстоўваецца для зняцця ўнутр. напружанняў у вырабах з інстр. вугляродзістай і нізкалегіраванай сталі), сярэдні (250—450 °C, для апрацоўкі спружынных і рысорных сталей) і высокі (450—650 °C, для апрацоўкі дэталей канструкцый і машын з канструкцыйных сталей). Загартоўка з наступным высокім водпускам наз. паляпшэннем. Выбар рэжыму водпуску вызначаецца патрэбным найлепшым спалучэннем трываласці, цвёрдасці і пластычнасці вырабу.
т. 4, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАТАВА́ННЕ ў тэхніцы,
від хіміка-тэрмічнай апрацоўкі, насычэнне паверхні метал. вырабаў азотам. Павышае паверхневую цвёрдасць, зносаўстойлівасць і каразійную стойкасць. Вырабы з легіраваных сталяў азатуюць у герметычных муфельных печах пры t 500—700 °C 15 мін — 90 гадз (у залежнасці ад патрэбнай таўшчыні азатаванага слоя). Высокая цвёрдасць азатаванай паверхні (1200 па Вікерсу) звязана з утварэннем у ёй нітрыдаў і карбанітрыдаў легіравальных элементаў. Вырабы са сплаваў тытану апрацоўваюць пры t 850—950 °C 10—50 гадз у асяроддзі тэхн. азоту, ачышчанага ад кіслароду і вільгаці. Азатаванне праводзяць таксама ў тлеючым разрадзе. Выкарыстоўваецца для апрацоўкі некаторых інструментаў, цыліндраў і клапанаў рухавікоў, дэталяў быстраходных станкоў і інш.
т. 1, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ (Яўграф Іосіфавіч) (н. 18.2.1925, Мінск),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Сын І.А.Бельскага. Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1948). З 1953 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы ў галіне матэрыялазнаўства, машынабудавання і ліцейнай вытв-сці, па тэхналогіі вырабу інструменту для мех. і тэрмічнай апрацоўкі металаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Асновы апрацоўкі металаў ціскам» (з У.І.Казачонкам, 1956), «Новыя матэрыялы ў тэхніцы» (1964) і інш.
Тв.:
Стойкость кузнечных штампов. Мн., 1975;
Штампы для горячего деформирования металлов. М., 1977 (разам з М.А.Тылкіным);
Химико-термическая обработка инструментальных материалов. Мн., 1986.
т. 3, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖУ́РА (Леў Міхайлавіч) (н. 1.7.1934, Мінск),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1996). Чл.-кар. Міжнар. АН Еўразіі (1997). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959), БПІ (1967). З 1970 у фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. З 1983 у Бел. агр. тэхн. ун-це (з 1996 праф.). Навук. працы па тэхналогіі апрацоўкі дэталей машын у магн. полі.
Распрацаваў тэарэт. асновы эфектыўных працэсаў магн.-абразіўнай апрацоўкі і эл.-магн. наплаўкі.
Тв.:
Обработка деталей машин в магнитном поле. Мн., 1995 (разам з Б.П.Чамісавым);
Технологические основы обработки изделий в магнитном поле. Мн., 1997 (у сааўт.);
Обработка износостойких покрытий. Мн., 1997 (у сааўт.).
Л.В.Бароўка.
т. 7, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНАХІ́МІЯ палімераў,
раздзел хіміі высокамалекулярных злучэнняў, у якім даследуюцца хім. ператварэнні, што адбываюцца ў выніку паглынання сістэмай мех. энергіі.
Хім. ператварэнні, ініцыіраваныя ці паскораныя мех. уздзеяннем, наз. механахімічнымі рэакцыямі. Механахім. рэакцыі (пераважна мех. дэструкцыя палімераў) ідуць пры перапрацоўцы палімерных матэрыялаў на вальцах, у экструдэрах, змешвальніках, пры ўздзеянні на палімеры ультрагуку, пры эксплуатацыі вырабаў ва ўмовах статычных і дынамічных мех. нагрузак, пры розных відах мех. апрацоўкі і інш. М. вырашае шматлікія практычныя праблемы мадыфікацыі палімераў, удасканальвання тэхналогіі вытв-сці і мех. апрацоўкі палімерных матэрыялаў, заўчаснага выхаду са строю механізмаў і асобных дэталей, якія працуюць ва ўмовах інтэнсіўных мех. нагрузак.
М.Р.Пракапчук.
т. 10, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ікра́, -ы́, ж.
1. Маса зернепадобных яечак, якія адкладваюцца рыбамі, земнаводнымі, малюскамі і інш.
Класці ікру.
2. Харчовы прадукт, які атрымліваецца шляхам апрацоўкі зернепадобных яечак рыбы.
Бутэрброд з ікрой.
3. Сурагатны прадукт, імітацыя (у 2 знач.) па смакавых уласцівасцях і знешнім выглядзе рыбінай ікры.
4. Страва з дробна пасечанай агародніны, грыбоў і інш.
Кабачковая і.
І. з баклажанаў.
|| прым. ікраны́, -а́я, -о́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ру́дня Ст.-бел. Руднік для апрацоўкі балотнай жалезнай руды; жалезаплавільны і меднаробчы заводы (Нас.), паташны завод (Нас. АУ).
□ Гамарня або Гразівецкая Рудня Крыч., в. Рудня Слаўг.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
мікрапрацэ́сар
(ад мікра- + працэсар)
устройства апрацоўкі інфармацыі, якое праграмна кіруецца і прымяняецца ў мікраЭВМ, сістэмах аўтаматычнага кіравання.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
анатаксі́н
(ад ан- + таксін)
таксін, які шляхам адпаведнай апрацоўкі пазбаўлены ядавітасці, але зберагае антыгенныя і імунагенныя ўласцівасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)