Ба́іць ’гаварыць, пускаць чуткі; малоць глупства, пустасловіць; расказваць казкі’ (Нас., Бяльк.), ба́яць (Шат., Касп.). Рус. ба́ить, ба́ять, укр. ба́яти ’апавядаць; вядзьмарыць’, польск. bajać, чэш. bájiti ’гаварыць’, балг. ба́я ’вядзьмару’, серб.-харв. ба̏јати ’тс’ і г. д. Прасл. bajati bajǫ да і.-е. *bhä‑ (: *bhō‑) ’гаварыць’: ст.-грэч. φημί, φᾱμί ’гавару’ φήμη, φᾱ́μα ’голас, чуткі’, φωνή голас’, лац. fāri ’казаць’, fāma ’слава, чуткі, апавяданне і г. д.’ Бернекер, 39; Фасмер, 1, 140; Кюнэ (Poln., 42) лічыць паланізмам (польск. bajanie) і аддзеяслоўнае ба́енне (Касп., Нас.). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Боб. Рус. боб, укр. біб, польск. bób, чэш. bob, серб.-харв. бо̏б і г. д. Прасл. bobъ. Роднасныя формы: прус. babo, лац. faba. І.‑е. *bhab‑. Астатнія і.-е. формы стаяць фармальна значна далей (і тут няма пэўнасці): параўн. яшчэ грэч. φακός ’чачавіца’, ням. Bohne ’боб’. Думаюць таксама, што боб — слова «праеўрапейскай» культуры. Бернекер, 65; Траўтман, 23; Махэк, LP, II, 158; Махэк₂, 58; Слаўскі, 1, 40; Фасмер, 1, 180; Курыловіч, L’apophonie, 194 (тут адносна вакалізму). Ці сюды бо́бка ’зерне; гарошынка; шарык і да т. п.’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бок1 ’бок’. Рус. бок, укр. бік, польск. bok, серб.-харв. бо̑к і г. д. Прасл. bokъ ’тс’. Надзейнай этымалогіі няма. Найбольш верагодным з’яўляецца параўнанне з герм. мовамі: англ. back ’спіна’ (Махэк₂, 60, лічыць слав. і герм. слова «праеўрапейскім»). Іншыя версіі не пераконваюць. Бернекер, 68; Фасмер, 1, 185; Махэк₂, 60; Слаўскі, 1, 39.

Бок2 ’маўляў’: Што, бок, ты ляжыш цэлае ранне? (Некр., 218); Ці твая, бок, шапка знашлася? (Янк. I, 43). Частка гэта, мабыць, тая самая, што і ўкр. бак, пак, польск. bak.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бра́га (у розных значэннях) (БРС, Янк. I, Касп., Нас., Шат., Бяльк.). Рус. бра́га, укр. брага, польск. braha (< усх.-слав. моў). Лічылася запазычанне з кельт. моў (параўн. ірл. braich ’солад’, кімр. brag ’тс’). Бернекер, 80; Шахматаў, AfslPh, 33, 87; Брукнер, 38; Лер-Сплавінскі, RS, 18, 6; Машынкі, Pierw., 68. Але хутчэй за ўсё гэта запазычанне з цюрк. моў (*бърага < чуваш. pɛraGa). Гл. Фасмер, 1, 205 (там іншая літ-ра і іншыя малапраўдападобныя версіі). Параўн. яшчэ MESz, 1, 366 (венг. bráha), дзе ёсць меркаванні да этымалогіі слав. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бруд (Нас., Байк. і Некр.), бру́дны. Рус. бруд, укр. бруд, польск. brud, славац. brud і г. д. Слав. brudъ. Слова няяснага паходжання. Некаторыя параўноўваюць з славен. brjȗzga, brȗzga ’снег, змешаны з граззю’. Фасмер, 1, 219. Няпэўна. Параўн. яшчэ Бернекер, 88. Слаўскі (1, 44) думае, што ёсць сувязь з *bridъ (гл. бры́дкі). Bridъ і brudъ ад і.-е. *bher‑ ’рэзаць’ (> ’быць непрыемным’). Кюнэ (Poln., 46) лічыць, што ўсх.-слав. словы запазычаны з польскай мовы. Бернекер (88) адносіць па паходжанню да бруд (< слав. *brudъ) бел. бруды ’цёмна-русы’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́на ’вільгаць, вада’ (У склепе адна бры́наСцяшк. МГ). Цёмнае слова. Можа, мае нейкія адносіны да рус.-ц.-слав. брение гліна, гразь’, ст.-серб.-харв. брна ’гразь’, славен. bȓn ’рачны іл’ (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 212). Але хутчэй за ўсё да слав. *brьněti ’налівацца, паспяваць’ (гл. брыня́ць), асабліва параўн. яго значэнне разбухаць’. З гэтага апошняга, відаць, і трэба зыходзіць: ’разбухаць (ад вільгаці)’ → ’рабіцца вільготным’ → ’вільгаць’. Пра сувязь дзеяслова набрыня́ць ’набухнуць’ з бры́на думаюць Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, № 1, 80.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бяро́за. Рус. берёза, укр. бере́за, польск. brzoza, чэш. břiza, балг. бре́за, серб.-харв. бре̏за і г. д. Прасл. *berza ’бяроза’. І.‑е. *bherā​xg̑‑. Параўн. літ. béržas, лат. bęr̃zs, ст.-інд. bhūrjáḥ, ст.-ісл. bjǫrk, ст.-в.-ням. birihha ’бяроза’. І.‑е. корань, як думаюць, азначаў ’белы, светлы’: бяроза — *’светлае дрэва’. Сюды ж адносіцца і *berstъ ’бераст’. Праабражэнскі, 1, 24; Бернекер, 52; Фасмер, 1, 154; Брукнер, 45; Слаўскі, 1, 47; Махэк₂, 74 (апошні некалькі іначай). Да выразу бяро́завая каша, гл. Скрыпнік, Мовознавство, 1967, № 2, 83.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Важда́цца ’займацца чым-небудзь, корпацца’ (БРС, Мядзв.), важгацца ’тс’ (Шат.), важданіна ’корпанне’ (КТС). Рус. возжаться, вожжаться ’вазіцца, быць у любоўнай сувязі’, важдаться ’тс’, важдать ’вадзіць, абняслаўліваць’, важдение ’хлусня’, важда ’марока, насланнё’, вожданина ’непатрэбная затрымка ў працы’, укр. ваджува́тися ’прывязвацца, прычэплівацца да каго-небудзь’. Варыянты са ‑жд‑, ‑жж‑, ‑зж‑, ‑зг‑ з’яўляюцца, відаць, вынікам экспрэсіўнага ўжывання дзеяслова і кантамінацый з ва́дзіць, прынаджваць, вазіцца і іншымі словамі. Слова важдацца таго ж паходжання, што і бел. вожка, рус. вожжи, польск. wodze, славен. vȏjka, г. зн. да *vodi̯a (Фасмер, 1, 332).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вало́тка ’пладовая частка проса’ (КЭС); ’галінка’ (Булг.). Рус. смал. волоть ’верхняя частка снапа’, укр. волот ’мяцёлка’, польск. włoć prosiana ’сумнік’, н.-луж. (w)łoś ’колас, катах’, чэш. (v)lat ’мяцёлка’, валаш. vlať ’колас аўса’, славац. lata ’гронкавае суквецце’, серб.-харв. вла̑т, славен. vlat ’мяцёлка, колас’, vlatka, vlatína ’мяцёлка’. Прасл. *voltъ/*voltь. І.‑е. паралелі: літ. váltis ’колас аўса, мяцёлка’, ст.-ірл. folt ’волас’, ст.-в.-ням. wald ’лес’ (Выгонная, Лекс. Палесся, 64–70; Фасмер, 1, 344–345; Рудніцкі, 1, 470; Скок, 3, 609–610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́роўка ’вяроўка’ (КЭС). Форма слова (у параўнанні з вяро́ўка, гл.) не вельмі ясная. Акрамя зыходнага *vьrvь у слав. мовах былі словы і з іншым вакалізмам (параўн. рус. воро́ви́на ’вяроўка’, воровьё ’вяровачныя вырабы’; гл. Фасмер, 1, 275; асабліва Трубачоў, Дополн., 275), палес. воро́вка (Лысенка, ССП). Тэарэтычна мяркуючы, варо́ўка можа адлюстроўваць гэты другі вакалізм. Але можна таксама дапусціць, што варо́ўка — гэта гіперкарэктная форма (замест вяро́ўка) — якраз адваротнае таму, што назіраецца ў слове варэ́нік, якое ў дыялектах мае форму вярэ́нік. Параўн. яшчэ і рус. дыял. (вяц.) варо́вка ’вяроўка’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)