1) транспартная адзінка пры сплаве лесу. Складаецца з пучкоў бярвён. Аб’ём рачных і азёрных П. (звычайна чатырохвугольных) больш за 25 тыс.м³, марскіх (цыгарападобных) — каля 1,5 тыс.м³.
2) Прымітыўнае судна са звязаных бярвён. Звычайна мае насціл з дошак. Выкарыстоўваюць для суднарамонтных работ, наплаўных мастоў, прычалаў, паромаў і інш., а таксама плавання па рэках і ў моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́РАЙ», «Ружа»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 250 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бярнацкія, Ваўжэцкія, Гедройцы, Малдрыкі, Міцкевічы, Немаеўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай 5-пялёсткавай ружы з зялёнымі лістамі. Клейнод — над прылбіцай з каронай такая самая ружа. Вядомы з сярэдзіны 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́МАС (лац. primas галоўная асоба ад primus першы),
1) у рымска-каталіцкай царкве тытул арцыбіскупа (мітрапаліта), які валодае ганаровым (часам і юрыдычным) першынством над астатнімі біскупамі і мітрапалітамі пэўнай краіны. На Беларусі рымска-каталіцкая царква мае свайго арцыбіскупа мітрапаліта і юрысдыкцыі П. ў Польшчы не падлягае.
2) Афіцыйны тытул архіепіскапа Кентэрберыйскага ў Англіі як першаіерарха англіканскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНАЛІЗА́ТАРСКАЯ ПРАПАНО́ВА,
тэхнічнае рашэнне па новай і карыснай змене канструкцыі ці матэрыялу вырабаў, тэхналогіі вытв-сці і тэхнікі, якія выкарыстоўваюцца, і інш. У адрозненне ад вынаходства з’яўляецца прапановай па ўдасканаленні і больш рацыянальным выкарыстанні ўжо вядомых тэхн. сродкаў. Аўтар Р.п.мае права на аўтарства, узнагароду і інш. правы і льготы, прадугледжаныя заканадаўствам. Гл. таксама Вынаходніцкае права, Вынаходніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛОЛЯЧЭ́ННЕ, фотатэрапія,
дазіраванае ўздзеянне на арганізм чалавека інфрачырв. або ультрафіялетавым выпрамяненнем; метад фізіятэрапіі. Штучныя крыніцы святла: лямпы інфрачырв. выпрамянення, солюкс, мясц. электрасветлавыя ванны, ртутна-кварцавыя апрамяняльнікі і інш. С. паляпшае крыва- і лімфацёк, паскарае рассысанне запаленчых працэсаў, абязбольвае, сушыць (пры апёках, экзэмах), мае бактэрыцыднае дзеянне, павышае супраціўляльнасць арганізма да прастудных хвароб; ужываецца для прафілактыкі рахіту, як агульнаўмацавальны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЦЫ́ТЫЙ (да грэч. syn разам + kytos клетка),
тып жывёльнай і расліннай тканкі з няпоўным размежаваннем адросткавых клетак. Клеткі С. размешчаны ў прасторы ў выглядзе трохмернай сеткі. У арганізме чалавека існуе адзіны «сапраўдны» С. — ч. сперматагенных элементаў у семянных семенных* канальцах яечка. У раслін С. наз.сімпласт — шмат’ядзерны пратапласт арганізма, які не мае клетачнай будовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРО́ЦЫЙ (ад грэч. sklerotēs цвёрдасць),
шматклетачны вегетатыўны орган грыба, што знаходзіцца ў спакоі. Утвораны шчыльным спляценнем гіфаў, мае шарападобную ці няправільную форму, часта з цёмным верхам і белым асяродкам, памерам ад долей міліметра да 2 см і больш. Прызначаны для захоўвання грыба, утвараецца пры неспрыяльных умовах. У некат. грыбоў (напр., склератынія, батрыціс, спарыння) — адна са стадый жыццёвага цыкла.
Насаке́рыцца ’накіравацца, намерыцца нешта зрабіць (экспр.)’ (Цых.). Да сапёра ’дыял. сякера’; наўрад ці мае сувязь з серб.-харв.nasokėriti, nasökerim ’скрывіць, сагнуць’ (RHSJ); няяснага паходжання, магчыма, да *sokb, *sočiti ’паказваць’; параўн. балг.насика ’кірунак, напрамак’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Начва́ч ’пузан; абжора’ (Цых.; зэльв., Жыв. сл.; клец., Нар. лекс.; карэл., Янк. 1). Відаць, ад ночвы ’начоўкі’: ’які мае жывот, як ночвы’ ці ’які з’ядае поўныя ночвы ежы’, суфіксацыя пад уплывам пузач, брухач і пад.