прысто́йнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць прыстойнага. Прыстойнасць паводзін. Прыстойнасць гутаркі.
2. Ветлівасць, далікатнасць, выхаванасць у паводзінах, манерах і пад. І вось Алтар, прыпёрты да сцяны жонкаю, дачкою і сынам, выходзіць з усіх рамак, губляе ўсякую прыстойнасць, хапае стары галёш і шпурляе. Чарнышэвіч. — А вы б засталіся, — прапанаваў Ярмоленка, і Сяргей здагадаўся, што Антон сказаў гэта дзеля прыстойнасці, а на справе яму не дужа хочацца, каб Жылінскі заставаўся тут надоўга. Сіўцоў. — Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе? — Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць. Шамякін. // Правілы паводзін, прынятыя ў якім‑н. грамадскім асяроддзі. — Яны, бачыце, лічылі, што свістаць могуць толькі мужыкі. Шляхецкая прыстойнасць не дазваляла гэтага. Чарнышэвіч. Лейтэнанта паліцыі, які затрымаў іх спачатку як звычайных парушальнікаў прыстойнасці і грамадскага парадку, распісалі ва ўсіх газетах. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прычэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прычапляць — прычапіць (у 1 знач.).
2. перан. Разм. Зачэпка, прычына. Бярвенне — толькі прычэпка, галоўнае — дзяляначку новую выгаварыць. Лобан. Гарась вадзіў па хаце вачамі, хацеў знайсці яскравую прычэпку для гутаркі. Каваль.
3. перан. Разм. Несправядлівы дакор, дробязная, неістотная заўвага; прыдзірка. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Шамякін. Як хлопчыку даволі ўжо дысцыплінаванаму, не дужа прыкра было яму і ад прычэпак старога майстра Сеўрука. Гарэцкі. // Тое, да чаго можна прычапіцца, прыдрацца. І як ні біся, ні старайся, Хоць на кавалкі разрывайся, Прычэпку знойдзе [пан] і аблае, Яшчэ й пад носам наківае. Колас.
4. Спец. Нараст на паверхні пладоў некаторых раслін, з дапамогай якога яны чапляюцца за іншыя прадметы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздо́лле, ‑я, н.
1. Шыр, прастор; шырокая вольная прастора. Стэпавае раздолле. □ Абрысы хат з заснежанымі стрэхамі зводдалі ў цемры нельга было разабраць, і агеньчыкі нагадвалі буйныя зоркі, што ўпалі з неба на снегавое раздолле. Хадкевіч. Прыемна было ісці па гэтай роўнядзі, па гэтым свежым раздоллі, упрыгожаным зыбучай павуцінкай золкавай расы. Кулакоўскі.
2. Разм. Шырокая прастора, якая дае магчымасць свабодна дзейнічаць каму‑, чаму‑н., праяўляцца чаму‑н. і пад. Высечаныя дрэвы далі раздолле тым, што асталіся з бакоў, і яны галінамі сваімі пацягнуліся на прагалы і стварылі жывыя шаты. Пальчэўскі. [Кажамяка:] — Толькі асушыць балота, тады будзе тваёй птушцы раздолле. Гурскі. // перан. Поўная свабода, адсутнасць абмежаванняў у чым‑н.; спрыяльныя, зручныя абставіны, умовы для каго‑, чаго‑н. Пачынаецца раздолле для аматараў грыбоў. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць сіплыя гукі. Потым.. [гаспадар] карміў парсюка, завіхаўся каля печы, там нешта сінела, выкіпала, прыгарала. Хомчанка. Дзед.. калупаў ды прадзьмухваў люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады. Лынькоў. Сіпеў.. недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.
2. Гаварыць сіплым голасам, вымаўляць сіплыя гукі. Глушак стары яшчэ доўга сіпеў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Мележ. — Э-э... Дрэнь... — сіпіць.. [Грыпіна] прастуджаным голасам. Пташнікаў. // Шыпець, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Цяпер [Рак-Кандэрскі] прыходзіць у канцылярыю раней за ўсіх, .. корпаецца ў паперах і ўвесь дзень сіпіць на маладых сакратарак і машыністак. Навуменка. Наш поспех ім — пад сэрца клін. Яны дасюль сіпяць ад злосці, Што мы ўзялі ў баях Берлін. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумнява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Адчуваць сумненне, няўпэўненасць у сапраўднасці чаго‑н.; няцвёрда верыць у што‑н. Ніхто не сумняваўся, што [Рыта] атрымае дыплом з адзнакай. Васілевіч. — Рой! — аж ускрыкнуў Міхалка на ўвесь голас. Тое, што гэта быў рой, ён цяпер не сумняваўся. Якімовіч. // у кім. Не быць упэўненым у кім‑н., не цалкам давяраць каму‑н. Сапраўды, як я мог сумнявацца ў .. [Марозе]. Быкаў.
2. Перажываць цяжкасці, хваляванні, вырашаючы якое‑н. пытанне. Настаўнік вучыць дзяцей уважліва адносіцца да пісьма, правяраць напісанне і ўсякі час зварачацца за растлумачэннем да настаўніка, калі ім сустрэнецца слова, у правільным напісанні якога яны будуць сумнявацца. Самцэвіч.
•••
Не сумнявайся (сумнявайцеся) — будзь(це) спакойны, не хвалюйся (хвалюйцеся). [Янка:] — Нумар гэты. І дом напэўна гэты. Я то ведаю, не сумнявайцеся!.. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таргану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. каго-што. Рэзкім рухам пацягнуць за што‑н., штурхануць. Машыніст Андрэй Беражкоў таргануў за прывод сігнала, пасунуў рэгулятар назад і ўключыў тармазы. Васілёнак. Старэйшы з хлопчыкаў, якога звалі Валерый і які сядзеў цяпер побач з Зінай, таргануў яе за руку і нешта ёй сказаў паціху. Кавалёў. — Не спі ты, дурань! — крыкнуў бацька і балюча таргануў: — Ці замерзнуць хочаш? Гарэцкі. / у безас. ужыв. Пры слове конь Сяргея неяк тарганула. Нікановіч.
2. чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Марына:] — А зямля?.. Ты ж цэлую граду адхапіў?.. Платон у адказ насмешліва таргануў плячом: чаго ад яго хоча гэтая баба? — і прысеў прымераць цвікі — ці добра яны будуць. Ракітны. / Пра рэзкі неадвольны рух. Лінкевіч усхваляваўся, заморгаў вачыма, таргануў шчакой. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трус 1, ‑а, м.
Невялікі хатні грызун сямейства заечых. Сапраўды, Томі ўбачыў тут цэлую стайку трусоў, якія выбраліся, відаць, з-пад дому і разбрыліся, разбегліся па ўсяму саду. Лынькоў. // Футра гэтага грызуна.
•••
Ангорскі трус — асобая парода хатніх грызуноў — трусоў з доўгай мяккай поўсцю.
трус 2, ‑у, м.
Разм. Ваганне зямлі, землетрасенне.
трус 3, ‑а, м.
Разм. Чалавек, які лёгка паддаецца начуццю страху; баязлівец. На ўсё сяло найбольшым трусам быў Мікола Гляк. Такога палахлівага і баязлівага чалавека, як ён, цяжка знайсці. Колас. Трус заўсёды радуецца смерці героя, магчыма, лічыць гэта за перамогу сваёй трусасці над адвагай і мужнасцю. Шамякін. Вось гэтага і баяцца тыя, хто крохкі вераю, ломкі духам; замест таго, каб ісці і весці за сабой другіх — яны, трусы, малаверы, драбнадушцы — чакаюць. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пранікнуць куды‑н., змяшацца з чым‑н. Сашка ўмяшаўся ў натоўп.. Доўга сядзеў на скверы і, як зачумлены, пайшоў да бацькі. Чорны.
2. Увайсці, унікнуць у чые‑н. справы, адносіны, прыняць актыўны ўдзел у іх. Лабановічу прыкра было слухаць такія скаргі [пані падлоўчай], бо яны як бы ставілі яго ў ролю суддзі і прымушалі так ці іначай умяшацца ў чужое жыццё. Колас. У час умяшалася ў звадку і мачыха Чарнушкаў: сілком адвяла Ганну ўбок. Мележ. [Машы] было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Шамякін. // Прыняць удзел у чым‑н. з тым, каб спыніць што‑н. [Семянюк:] — Я прыйшоў прасіць партыйны камітэт умяшацца і прыпыніць знішчэнне барка. Мяжэвіч. Вось ухапіліся [свёкар і бацька] ўжо за бароды... Маці ўмяшалася, Іх разнімае. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хадзя́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які ходзіць пехатой. Хадзячыя прадаўцы. // Такі, які можа рухацца, перамяшчацца на сваіх нагах. — А ў першы дзень [вайны] выпісалі ўсіх хадзячых хворых. Грахоўскі. Потым.. [Серада] паклікаў хадзячага параненага, і яны пачалі чытаць запісы ўдвух. Лупсякоў.
2. Шырокавядомы, агульнапрыняты. Хадзячыя фразы.
3. Разм. Які з’яўляецца жывым увасабленнем якіх‑н. якасцей. — Ды ты, таварыш, відаць, на апошніх жылах трымаешся, — з цёплай спагадай заўважыў кубанец. — Такі малады і дужы на выгляд, а выматаўся да апошняга. Давай памагу табе, гора хадзячае. Машара.
•••
Хадзячае сумленне — чалавек вялікай дабраты, чэснасці і справядлівасці.
Хадзячая энцыклапедыя гл. энцыклапедыя.
Хадзячы анекдот — пра чалавека, дзеянні, учынкі якога выходзяць за рамкі нормы, здаюцца дзівацкімі.
Хадзячы тэлеграф — той, хто распаўсюджвае якія‑н. чуткі, разносіць плёткі.
Хадзячыя мошчы — знясілены хваробай, схуднелы чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
храм, ‑а, м.
1. Збудаванне, прызначанае для адпраўлення набажэнства і рэлігійных абрадаў. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню. Маўр. Захаваліся руіны рымскіх храмаў, палацаў, тэатраў, трыумфальных арак, лазняў. В. Вольскі.
2. перан. Месца, якое выклікае павагу, святое для каго‑н. У хуткім часе БДТ‑1 стаў храмам мастацтва, святыняй роднага слова. Ліс. Бачу цябе [Пуліхава] ў Піцеры, ва універсітэце. Вось яны сцены храма навукі, пра які ты марыў! Мехаў. А душа мая і думкі — там, Дзе шахцёры-салякопы Мудра Пад зямлёй узводзяць працы храм, Увесь з мазаікі і перламутру. Аўрамчык. // перан. Пра сферу высокіх духоўных каштоўнасцей. А невядомы Ікс. Спрабуе — хі-хі! — у храм паэзіі зайсці ў лапцях, Складае вершы на мужыцкі лад. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)