род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 120 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі вельмі рэдкі занесены від губасцік рабы (M. guttatus). Расце на вільготных лугах, балотах, у канавах, каля крыніц. Некат. віды губасціка выкарыстоўваюцца ў вазоннай культуры. Ёсць разнавіднасці з пунсовымі і стракатымі кветкамі, з мускусным пахам лісця.
Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або слаба разгалінаваным пустым сцяблом, з рызомамі або сталонамі ў ніжняй частцы. Лісце простае, супраціўнае, суцэльна-крайняе ці зубчастае. Кветкі буйныя або сярэдніх памераў, яркія, часта рабыя, жоўтыя, чырв., блакітныя і інш. колераў, адзіночныя ў пазухах лістоў або сабраныя ў рыхлае верхавінкавае гронкападобнае суквецце. Плод — шматнасенная двухгнездавая каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКЕМБРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
працэсы ўтварэння найстаражытнейшых складкавых сістэм зямной кары на працягу дакембрыю. Шматразова адбывалася з рознай інтэнсіўнасцю ў выглядзе спалучэння складкавых, насоўных і разломавых дэфармацый горных парод і іх метамарфізму. Эпохі Д.с. вызначаюцца па зменах структурнага плана комплексаў парод, метамарфізаваных у рознай ступені. Пад уплывам Д.с. да канца ранняга пратэразою сфарміравалася асн. частка кантынентальнай кары сучасных мацерыкоў. Найб. познія эпохі Д.с. праяўляліся на стараж. платформах у выглядзе расколвання, частковага ператварэння кары і лакальнага магматызму. Узрост эпох Д.с. вызначаецца радыелагічнымі метадамі. Найб. значныя эпохі Д.с.: саамская (3,7—3,5 млрд. гадоў), кольская (каля 3 млрд.), беламорская (2,8—2,6 млрд.), карэльская (1,7—1,6 млрд.), грэнвільская (каля 1 млрд.) і байкальская (680—480 млн. гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬВА,
мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў колішняй в. Дальва (Лагойскі р-н), якіх ням.-фаш. захопнікі сагналі ў хату аднаго з жыхароў вёскі В.Кухаронка і спалілі. Створаны ў 1973 (скульпт. У.Церабун, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974). Размешчаны на адкрытай паляне сярод лесу. Каля дарогі камень-валун, на якім высечаны надпіс: «Да 19 чэрвеня 1944 г. тут была в. Дальва. За 10 дзён да вызвалення гітлераўцы жывымі спалілі яе жыхароў». Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляецца пастаўлены на месцы спаленай хаты помнік: фігура маці і хлопчыка на фоне 3 сімвалічных абгарэлых бэлек. Каля помніка бетон ная сцяна з пералікам 44 прозвішчаў тых, хто загінуў. Побач у памяць аб ахвярах пасаджаны 44 бярозкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕСТЫКА́ЦЫЯ (ад лац. domesticus хатні),
адамашніванне дзікіх відаў жывёл, ператварэнне іх у свойскіх. Працяглы працэс прыручэння, які вядзе да змен у паводзінах і анатама-марфал. будове жывёл. Паводле звестак археалогіі, раней за іншых былі прыручаны сабака (каля 10—5 тыс.г. да н.э.) і свіння (каля 8—3 тыс.г. да н.э.), потым каза, авечка, буйн. раг. жывёла, пазней конь, алень. У параўнанні з дзікімі жывёламі у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, танчэйшая скура. Змяніліся і ўнутр. органы: менш, чым у дзікіх, развіты лёгкія, сэрца, ныркі, але лепш функцыянуюць млечныя залозы, вышэйшая пладавітасць; у многіх жывёл знікла сезоннасць у расплоджванні. Працэс Д. працягваецца: прыручаюцца ласі, лісы, норкі, нутрыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАЙСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Парк рэгулярнага тыпу сіметрычна-восевай планіроўкі. Пл.каля 5 га. У плане квадрат, абмежаваны каналамі. У цэнтры ўсх. канала быў круглы вадаём (дыяметр каля 30 м) з фантанамі (не зберагліся), па вуглах — прамавугольныя вадаёмы. Унутры парку сіметрычнай сістэмай каналаў і сажалак створаны цэнтр. плошча і 2 астравы з паркавымі пасадкамі і прамавугольнымі ўчасткамі пладовых садоў. У канцы 18 ст.цэнтр. плошча, на якой размяшчаліся 2-павярховы мураваны сядзібны дом (не збярогся) з партэрам перад ім, капліца і гасп. пабудовы, перапланавана ў пейзажным стылі.
бел. архітэктар, матэматык. Прадстаўнік стылю барока. Вывучаў філасофію ў Віленскай езуіцкай акадэміі (1735—38), матэматыку, фізіку, астраномію і архітэктуру ў Вене і Празе. Выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі (1752—58) і Полацкім калегіуме. Асн. пабудовы, езуіцкі касцёл у Бабруйску (1745—46), касцёл св. Ігнацыя і калегіум (1748—50), абсерваторыя езуіцкага калегіума (1752—53), перабудова касцёла св. Яна (1756—58) — усе ў Вільні, інтэр’ер кальвінскага збору ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на (1757—66). Аўтар праекта касцёла бенедыкцінак у в. Крож (Літва). Кіраваў буд-вам Полацкага езуіцкага кляштара, праектаваў (каля 1750) палац Агінскага ў маёнтку Ганута Ашмянскага пав. (цяпер в. Ручыца Вілейскага р-на).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУЖА́ЛА (Bombyliidae),
сямейства насякомых падатр. караткавусых прамашыўных атр. двухкрылых. Больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў сухіх тропіках і субтропіках. Асобныя віды трапляюцца на Пд Карэльскага перашыйка і каляг. Якуцк, у гарах на выш. да 4500 м. Мухі жывуць пераважна на кветках, на адкрытых сонечных прасторах. На Беларусі каля 30 відаў, найб. трапляюцца Ж. вялікі (Bombylius major), разнаколерны (B. discolor) і жаласніца чорная (Anthrax morio).
Даўж. 0,8—30 мм. Цела з шырокім кароткім брушкам, укрытае густымі валаскамі або лусачкамі, стракатае з метал. бляскам. У многіх доўгі хабаток. Крылы празрыстыя, стракатыя. Развіццё большасці Ж. з гіперметамарфозам; лічынкі рухомыя, паразіты розных насякомых. Дарослыя добра лётаюць, харчуюцца нектарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁВАЯ ЁМІСТАСЦЬ ЛЁГКІХ,
максімальны аб’ём паветра, які выдыхаецца пасля самага глыбокага ўдыху. Пры макс. выдыху колькасць газаў у лёгкіх памяншаецца да астаткавага аб’ёму (каля 1,5 л), што разам з Ж.ё.л. складае агульную ёмістасць лёгкіх. У норме Ж.ё.л. раўняецца каля 0,75 агульнай ёмістасці і характарызуе макс. аб’ём, у межах якога чалавек можа мяняць глыбіню свайго дыхання. Пры спакойным дыханні здаровы дарослы чалавек удыхае і выдыхае 0,3—0,5 л паветра (т.зв. дыхальны аб’ём). Велічыня Ж.ё.л. у норме залежыць ад полу, узросту, целаскладу, фіз. развіцця чалавека; пры захворваннях істотна памяншаецца. Вызначаюць з дапамогай спіраграфіі, згодна з табліцамі, намаграмамі і формуламі. У мужчын Ж.ё.л. складае 3,5—4,5 л (у добра трэніраваных да 6), у жанчын — 2,5—3,5 л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНКО́ВІЧ (Валянцін Паўлавіч) (н. 5.6.1937, Мінск),
бел. архітэктар і скульптар. Скончыў БПІ (1959), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працаваў у ін-це «Мінскпраект» (1960—70). Асн. работы: мемар. комплексы Хатынь (Ленінская прэмія 1970), Брэсцкая крэпасць-герой, «Кацюша», помнікі М.Гастэлу і яго экіпажу каляг.п. Радашковічы, К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1964), падпольшчыкам Асінторфа (1966) і інш. Аўтар помнікаў кулямётнаму разліку (1975) перад уваходам у музей «Белавежская пушча» (Камянецкі р-н), падпольшчыкам в. Лошыца 2-я (цяпер у межах Мінска, 1980), дэкар. кампазіцыі «Бег» на стадыёне «Дынама» (1980), абеліска «Мінск — горад-герой» (1985) у Мінску, манум.-дэкар. кампазіцыі «Ручнікі» (1983) каля Палаца культуры ВА «Хімвалакно» ў Магілёве і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ЛЯСЫ́,
лясныя масівы на тэрыторыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў і каштоўныя ўчасткі лесу, абвешчаныя помнікамі прыроды, якія знаходзяцца пад аховай запаведнага рэжыму. З’яўляюцца эталонамі прыроды, прызначаны для захавання генет. фонду жывёл і раслін, натуральных раслінных згуртаванняў і экасістэм, выкарыстоўваюцца для вывучэння прыродных працэсаў у лясах. Частка З.л. (у запаведніках) абсалютна запаведныя, у іх выключаецца любое ўмяшанне ў прыродныя працэсы. На Беларусі агульная пл. З.л. каля 1200 тыс.га, у т. л. лясоў-запаведнікаў і нац. паркаў 240 тыс.га, ландшафтных, біялагічных і гідралагічных заказнікаў каля 800 тыс.га, каштоўных участкаў лесу 5,0 тыс.га. З.л. належаць да лясоў 1-й групы, у іх забаронена высечка і інш. лесагасп. дзейнасць.