1. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў пры пералічэнні падзей, з’яў, прадметаў з папераменным чаргаваннем. У лесе — лістапад. То тут, то там бясшумна падае з дрэў рознакаляровае лісце.Ігнаценка.То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок.Колас.Рупліва чокаюць сякеры, шоргае .. піла, чуваць то смех, то галасы: — Раз, два — узялі!Брыль.Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай, То скокам-бокам, нібы ліст.Лось.[Дзямід:] — Жыццё спяшаецца, толькі паспявай за ім! То адзін прыдумаў нешта новае, то другі здолеў апярэдзіць час...Паслядовіч.
2. Уваходзіць у склад састаўных паўторных пералічальна-размеркавальных злучнікаў: а) «ці то... ці то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем меркавання, развагі. З левага боку ад дзвярэй вісела ці то дыяграма, ці то нейкая схема.Васілёнак.Ці то яшчэ па яве, ці то ўжо ў сне залятала ў душу Андрэя так патрэбная цяпер уцешная мелодыя песні.Пестрак.Ці то воз быў занадта цяжкі, ці то лёд пад вясну аслабеў, але ўся фурманка з кон[ьмі] .. шухнула пад лёд.Корбан; б) «не то... не то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем няпэўнасці, сумнення. Збоку да парома прычэплена не то лодка, не то човен.Парахневіч.— Цікава, з якога атрада? — не то сам сабе, не то Кузьме Міхайлавічу сказаў Злобіч.М. Ткачоў.Сам Іпалітаў быў аднекуль здалёк — не то з Прыбалтыкі, не то з яшчэ далейшых краёў.Паўлаў.Спіць Парфен, галаву кажушком накрыўшы. Не то будзіць яго, не то не будзіць.Лобан.
3. Ужываецца ў складаназалежных сказах у якасці суадноснага слова ўмоўных, часавых, прычынных і супастаўляльных злучнікаў. Каб трошкі спазніліся хлопцы, то ўжо не засталі б лесніка дома.Пальчэўскі.— Калі жыць ды не працаваць, то і жыць не трэба, — казаў мне бацька.Паўлаў.Калі Мікіта ўспамінаў, як вытурыў ён гэтага васпана з хаты, то гордасць яго прымала вялікія памеры.Колас./ У якасці суадноснага слова ў галоўным сказе пры адсутнасці злучніка ў залежным. [Курыльчык:] Ты не хочаш прэміі, то і не бяры .. А мне прэмія вельмі патрэбна, і я ад яе не адмоўлюся.Крапіва.— На склад дык на склад, — усміхаецца сумна Міхась, — не прывык, то прывыкну.Брыль.[Тварыцкі:] — Няма ў нас тут вольнай зямлі. Сказаць праўду, то раней была, але народ падзяліў.Чорны.
•••
А не то (дык)гл. а 2.
А тогл. а 2.
Ды і тогл. ды 1.
І то — а) гл. і 3; б) злучнік — але, аднак, нягледзячы на. Конь на чатырох нагах — і то спатыкаецца.Прыказка.
то2, часціца.
Ужываецца ў пачатку сказаў, якія абагульняюць, рэзюміруюць ці тлумачаць тое, аб чым гаварылася раней. [Журавінка:] — Бывае, Хрысцінка, чалавек спатыкаецца. То што ж ты ўжо зробіш?Лобан.[Пытляваны:] Аўдоцця Захараўна, мусіць, не ведае, што мы за людзі. То ўжо ты, Іван Міхайлавіч, адрэкамендуй нас.Крапіва.// У значэнні ўказальнага займенніка «гэта». Ой не плакалі ў полі бярозы, Не цвіла над ракою каліна, — То раняла гарачыя слёзы Маладая ўдава Кацярына.Трус.Такіх палян вакол пушчы многа, а гэта асаблівая. То — урочышча Старына.Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
«ЗБОР ПАСТАНО́Ў УРА́ДА РЭСПУБЛІ́КІ БЕЛАРУ́СЬ»,
гл. ў арт.«Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў урада Рэспублікі Беларусь».
«ЗБОР ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ»,
шматтомнае даведачнае выданне. Выдадзены ў 1984—88 у Мінску на бел. мове ў 7 т. (8 кнігах) як частка ўсесаюзнага шматтомнага выдання «Свод памятников истории и культуры народов СССР». Падрыхтаваны сектарам Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Аддзелам археалогіі Ін-та гісторыі АН Беларусі і выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Уключае артыкулы (больш за 14 тыс.) пра нерухомыя помнікі (гісторыі, археалогіі, архітэктуры, манум. і манум.-дэкар. мастацтва), якія ўцалелі з часоў старажытнасці да сярэдзіны 19 ст., найб. характэрныя для 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., даваеннага сав. перыяду (1917—41), найлепшыя арх. збудаванні пасляваен. часу (1950—80-я г.) і знаходзяцца ці павінны знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Кожны з тамоў прысвечаны пэўнай вобласці, том, прысвечаны Мінскай вобласці, у дзвюх кнігах, асобны том складаюць помнікі горада Мінска. Матэрыялы ў тамах размешчаны па раёнах (у алфавітным парадку іх назваў); кожны том мае імянны, геагр. і храналагічны паказальнікі. Як самаст. тэрытарыяльная адзінка вылучаецца абл. цэнтр, звесткі пра які змешчаны ў пачатку тома. Унутры раёна першымі размяшчаюцца матэрыялы пра адм. цэнтр, а потым пра помнікі інш. населеных пунктаў (у алфавітным парадку). Артыкулы пра помнікі аднаго населенага пункта падаюцца ў алфавітным парадку іх назваў. Усяго ў выданні 457,6 улікова-выдавецкіх аркушаў, 131 карта, 6817 ілюстрацый, з іх 1420 каляровых. Дзярж.прэміяБССР 1990. У 1990 на рус. мове выдадзены дапоўнены і дапрацаваны том «Збору...» па Брэсцкай вобл.
С.П.Самуэль.
«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў: ВІ́ЛЬНІ, КО́ЎНА, ТРОК»
(«Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок...»),
зборнік дакументаў 14—18 ст., выдадзены ў Вільні ў 1843. Складаецца з 2 частак, у 1-й змешчаны прывілеі Вільні, у 2-й — акты, што тычацца манастыроў, цэркваў і брацтваў. Матэрыялы адабраны з архіваў Гал. літоўскага трыбунала, цэркваў і манастыроў Вільні і Трок, скарыстаны архівы Віленскай і Ковенскай дум, Трокскай ратушы, павятовых судоў Браслаўскага і Расіенскага пав. У прадмове да зборніка сфармуляваны погляды на развіццё дачыненняў усх.слав. народаў з літоўцамі.
«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ»
(«Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии...»),
зборнік дакументаў пач. 16 ст. — 1748, выдадзены ў 1848 у Мінску. Змяшчае дакументы пераважна з архіваў мінскіх манастыроў, а таксама з Бабруйска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы і Слуцка. Матэрыялы асвятляюць у асн. гісторыю правасл. царквы, некаторыя з іх і сац.-эканам. пытанні. Дакументы надрукаваны па арыгіналах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЕ КІНО́,
від кінамастацтва, які папулярызуе навук., тэхн. і культуралагічныя веды. Як спалучэнне маст. і навук. якасцей арганічна аб’ядноўвае канкрэтна-пачуццёвыя і лагічныя формы пазнання.
Першыя фільмы Н.-п.к. былі відавыя («Вывяржэнне вулкана Этна», 1909, Францыя; «На Волзе», 1912, Расія) і вузка навук. («Жыццё матылькоў», 1911, Італія; «Інфузорыя», 1912, Расія). У 1925 у структуру фільма ўпершыню ўключаны навук. эксперымент («Механіка галаўнога мозга», рэж. У.Пудоўкін). Пазней сфарміравалася шырокая тэматычная структура, спецыфічныя пазнавальная і сац. функцыі Н.-п.к. Вылучыліся фільмы прыкладнога (навучальнае, н.-д. кіно) і папулярызатарскага (кіналекцыі, кінаманаграфіі і інш.) кірункаў, паводле тэматыкі — прыродазнаўчыя, мастацтвазнаўчыя, экалагічныя, фільмы-партрэты дзеячаў навукі і культуры і інш.Вял. ўклад у развіццё Н.-п.к. студый «Кіеўнавукфільм» (фільмы «Мова жывёл», 1967; «Сем крокаў за гарызонт», 1968; «Ці думаюць жывёлы?», 1970, Дзярж.прэміяСССР 1972; усе рэж. Ф.Собалеў) і «Цэнтрнавукфільм» («Альтэрнатыва», рэж. Б.Загражскі, 1975; «Генетыка і мы», 1978; «Хто пабудзіць аксалотля?» і «Мадэль», 1981; усе рэж. А.Саканян).
На Беларусі Н.-п.к. здымалі з сярэдзіны 1920-х г. («Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва рэж. М.Лявонцьеў). Фільмы 1940—50-х г. папулярызавалі веды аб родным краі, у 1960-я г. здымалі пераважна пазнавальныя стужкі, у 1970—80-я г. — фільмы пра нар. гаспадарку, ахову прыроды, тэхн. прагрэс і інш. Былі пашыраны тэхніка-прапагандысцкія фільмы, якія здымаліся па заказу і мелі прыкладны характар. Асобны кірунак склалі фільмы этнагр.-фалькл. тэматыкі (пераважна па сцэнарыях 3 Мажэйкі), якія знаёмілі з абрадамі беларусаў, У 1961—90 выходзіў кіначасопіс «Навука і тэхніка БССР». Н.-п.к. стваралі Мінская студыя кінахронікі, кінастудыя «Беларусьфільм» (1944—61), студыя «Летапіс». З сярэдзіны 1990-х г. Н.-п.к. здымаюць «Беларускі відэацэнтр» і студыя «Экафільм». У тэматыцы пераважаюць культуралагічныя і гіст. фільмы, сфарміравалася мадэль мастацтвазнаўчага фільма. Сярод лепшых бел.навук.-папулярных фільмаў: «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (рэж. Б.Сарахатунаў, В.Іванчанка), «Прытча пра кола і біясферу» (рэж. І.Пікман, абодва 1974), «Усё пачынаецца з зямлі» (1983), «Хто выправіць памылку Дземетры?» (1984, Гран-пры на 12-м Міжнар. фестывалі фільмаў і тэлевізійных праграм у г. Острава, Чэхаславакія, 1985), «Час сеяць» (1985), «Сцэны з жыцця эліты» (1987, усе рэж. А.Рударман), «Куфэрак старажытнасцей» (рэж. В.Моракава), «Цымбальныя званы» (рэж. А.Канеўскі, абодва 1988), «Аркадзь Смоліч» (1992), «Адвечныя званы» (1993, абодва рэж. Ю.Лысятаў), «Абразы Беларусі» (1993, рэж. Ю.Гарулёў), «Усяслаў Чарадзей» (рэж. У.Кавалёў), «Полацкія лабірынты» (рэж. С.Гайдук, абодва 1994), «Арганы Беларусі» (1995, рэж. М.Жданоўскі), «Ад прадзедаў спакон вякоў» (1996, рэж. Гарулёў), «Жыві ў свабодзе» (1998, рэж. С.Пятроўскі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ЎСКІЯ,
сям’я рускіх акцёраў.
Проў Міхайлавіч (сапр.Ярмілаў; 23.10.1818, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 28.7.1872). З 1832 у правінцыяльных т-рах, з 1839 у Малым т-ры. Удзельнічаў у першых пастаноўках амаль усіх п’ес А.Астроўскага, садзейнічаў іх сцверджанню на сцэне: Дзікой («Навальніца»), Кураслепаў («Гарачае сэрца»), Красноў («Грэх ды бяда на каго не жыве»), Любім Тарцоў («Беднасць не загана»). Сярод інш. роляў: Падкалёсін, Восіп («Жаніцьба», «Рэвізор» М.Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Ананій, Мітрыч («Горкі лёс», «Самаўпраўцы» А.Пісемскага). Яго творчай манеры ўласцівы акцэнт на сац.-побытавай абмалёўцы характараў, раскрыццё яго нац. спецыфікі. Аўтар гумарыстычных апавяданняў. Міхаіл Провавіч (24.11.1847, Масква —8.8.1910), сын Прова Міхайлавіча. З 1869 у Малым т-ры. Першы выканаўца шэрагу роляў у п’есах Астроўскага. Сярод інш. значных роляў; Хлестакоў («Рэвізор» Гогаля), Пётр («Улада цемры» Л.Талстога), Калгуеў («Новая справа» У.Неміровіча-Данчанкі). Яго творчасць адметная спалучэннем глыбокай жыццёвай праўдзівасці, светлага гумару, задушэўнасці з драматызмам і сатырычнай вастрынёй. Аўтар нарысаў і апавяданняў з жыцця купецкай і мяшчанскай глушы (т. 1—2, 1899). Яго пераклады п’ес (Ж.Расіна, П.Бамаршэ, К.Гальдоні, К.Гоцы і інш.) ставіліся ў Малым т-ры. Выкладаў у Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва, на драм. курсах Маскоўскага тэатр. вучылішча. Вольга Восіпаўна (дзявочае Лазарава; 25.6.1849, Масква — 8.12.1919), жонка Міхаіла Провавіча. З 1879 у Малым т-ры. Яе ігра адметная выразнасцю сцэн. маўлення, яркасцю, тонкім гумарам. Сярод роляў у п’есах Астроўскага: Домна Панцялеўна («Таленты і паклоннікі»), Галчыха («Без віны вінаватыя»), Глафіра Фірсаўна («Апошняя ахвяра»), Маўра Тарасаўна («Праўда добра, а шчасце лепш»). З інш. роляў: Матрона («Улада цемры» Талстога), графіня Хруміна («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Лізавета Міхайлаўна (5.5.1872—4.6.1934), дачка Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны, па сцэне (пры жыцці маці) Садоўская 2-я. З 1894 у Малым т-ры. Выконвала лірыка-драм. і камед. ролі: Глафіра, Снягурачка, Паліксена, Негіна, Юлінька, Верачка, Варвара («Ваўкі і авечкі», «Снягурачка», «Праўда добра, а шчасце лепш», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «Жартаўнікі», «Навальніца» Астроўскага), Мар’я Антонаўна («Рэвізор» Гогаля), Сюзана («Жаніцьба Фігаро» Бамаршэ). Π ρ о ў Міхайлавіч (21.8.1874, Масква — 4.5.1947), сын Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны. Нар.арт.СССР (1937). З 1895 у Малым т-ры. Найб. значныя ролі: Нешчасліўцаў («Лес» Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» Грыбаедава), Кошкін, Расцёгін («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.Транёва), Таланаў («Нашэсце» Л.Лявонава). Выступаў і як рэжысёр. Паставіў п’есы «Снягурачка» (1922) і «Ваўкі і авечкі» (1944) Астроўскага, «Гора ад розуму» Грыбаедава (1938) і інш.Дзярж.прэміяСССР 1943. У т-ры працавалі і інш. прадстаўнікі сям’і С.
Літ.:
Семья Садовских. М.; Л., 1939;
Дурылин С.Н. П.М.Садовский. М., 1950;
Клинчин А.П., Клинчин П.М. П.М.Садовский. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),
французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кіфілас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.Дастаеўскага, У.Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.Дастаеўскім і Ф.Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.
На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.
На бел. мову прозу К. перакладаў З.Колас. У Бел. т-ры імя Я.Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.
Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Избранное. Мн., 1989;
Сочинения. М., 1989;
Избр. произв.М., 1993;
Бунтующий человек. М., 1990;
Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.
Літ.:
Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;
Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;
Акудовіч В. Камень Сізіфа;
Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;
Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙКА (Алег Антонавіч) (н. 1.5.1931, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, крытык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Скончыў БДУ (1953), працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры бел. л-ры). З 1996 адначасова выкладае ва ун-це ў г. Седльцы (Польшча). Друкуецца з 1943. Паэзіі Л. ўласцівы рамантычна-ўзнёслае светабачанне, мяккі гумар, сувязь з фальклорам, сцвярджэнне маральных прынцыпаў народа, роздум над складанымі праблемамі часу (зб-кі «На юначым шляху», 1959; «Блакітнае азерца», 1965; «Дзівасіл», 1969; «Шчырасць», 1973; «Няроўныя даты», 1983; «Грайна», 1986; «Талая вясна», 1990; «Трэці золак», 1993, і інш.). Распрацоўвае гіст. тэматыку: паэмы «Белая вежа» (1969), «Лясун» (1971) і інш. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны паэмы «Хлопец над вогненным плёсам» (1963), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1985), драматызаваная паэма «Вяселле — заўтра» (1993) і інш. Развівае жанр балады (зб. «Балады вайны і міру», 1988). У дакумент.-маст. рамане «Як агонь, як вада...» (1984, 2-я рэд. 1992; пад назваю «Янка Купала» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1982) стварыў рамантызаваны, псіхалагічна праўдзівы вобраз нар. песняра. Жыццю і дзейнасці бел. першадрукара прысвечаны інтэлектуальна-філас. раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» (1990; пад назваю «Скарына» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1989, Дзярж.прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990). Аўтар аповесці «Кельты не ўміраюць...» (1997). Даследуе сучасную паэзію («Сустрэчы з днём сённяшнім», 1968; «Паэзія і час», 1981), праблемы рэалізму і рамантызму, фалькларызму паэзіі, заканамернасці развіцця бел. лірыкі і эпасу, літ. сувязі. Выдаў дапаможнік для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (ч. 1—2, 1977——80, 2-е выд. 1989), адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура XIX ст.» (1971, 2-е выд. 1988). Піша для дзяцей (зб-кі «Як Тоня рэха шукала», 1962; «Каля млына», 1972; «Дзе хто начуе?», 1977; «Кніжка Надзейкі», 1987, і інш.). Пераклаў на бел. мову творы П.Верлена (зб. «У месяцавым ззянні», 1974), І.В.Гётэ (зб. «Спатканне і ростань», 1981), Ф.Шылера (зб. «Улада песняспеву», 1997), рус., укр., польск., літ. і інш. паэтаў.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1992;
Калі ў дарозе ты...: Выбранае. Мн., 1971;
Скрыжалі: Выбранае. Мн., 1981;
Пралескі ў акопах. Мн., 1987;
Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963 (разам з Н.Перкіным);
«Новая зямля» Якуба Коласа. Мн., 1961;
Максім Багдановіч. Мн., 1966;
Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд.Мн., 1982 (разам з В.Чамярыцкім, А.Коршунавым).
Літ.:
Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 61—84;
Сіненка Г. Насуперак канону. Мн., 1997;
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 141—152;
Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982. С. 187—205;
Саламевіч Я. У славу Янкі Купалы // Маладосць. 1985. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖА́НІН (Максім) (сапр.Каратай Аляксандр Амвросьевіч; н. 2.11.1909, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт.Засл. дз. маст. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі бел.пед. тэхнікум (1928). Вучыўся ў БДУ (1928—31). Працаваў у час. «Узвышша», на Бел. радыё (1930—32). 10.8.1933 незаконна асуджаны. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобл. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 на выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1944—53 у газ. «Звязда», час. «Вожык». У 1967—71 гал. рэдактар сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1925. Раннія вершы (зб. «Крокі», 1928) прасякнуты эмац.-рамантычным успрыняццем рэчаіснасці. У зб-ках вершаў і паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасуе вясна за вясну», «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» (усе 1931), «Першамайская вуліца» і «Галасы гарадоў» (абодва 1932) зварот да надзённых тэм жыцця вёскі і горада, паглыбленне іх грамадскага гучання. Творы ваен. перыяду (зб. «Шырокае поле вайны», 1945) адлюстроўваюць мужнасць і гераізм воінаў, вышыню чалавечага духу ў час смяротнай небяспекі. Пасляваенная паэзія Л. ўславіла мірныя справы людзей працы (зб-кі «Поступ», 1950; «Святло Радзімы», 1952; «Моваю сэрца», 1955). Кніга вершаў «Прасторы» (1958) пашырыла паэтычны свет аўтара. Вершы і паэмы грамадзянскага гучання ў кнігах «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), «Як нараджаўся новы свет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы пад выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983). Ў сярэдзіне 1980—90-я г. паэзія Л. набывае праніклівае філасофска-быційнае гучанне, у якім зноў абвастраецца асабістая памяць, рахункі сваіх і агульных крыўдаў, пачуццё справядлівасці, але ўсё перажытае ўраўнаважваецца мудрым чалавечым вопытам, удзячнай любоўю да жыцця і хвалою ў яго гонар. Паэзіі Л. ўласціва жанрава-стылявое багацце, разнастайнасць вобразна-моўных сродкаў, паэт. майстэрства. Піша прозу («Колас расказвае пра сябе», 1964, Літ.прэмія імя Я.Коласа 1965; «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», 1968; «Людзі, птушкі, прастор», 1976; «Трое», 1989). Выступае як крытык і публіцыст (кнігі «Вачыма часу», 1964; «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», 1973; «З ранку да вечара», 1978). Выдаў зб. гумару «Сілівон на дачы» (1958), вершы і апавяданні для дзяцей, паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1959). Аўтар сцэнарыяў фільмаў («Паўлінка», 1951; «Народны паэт», 1952; «Першыя выпрабаванні», 1960 і «Запомнім гэты дзень», 1967, з А.Куляшовым). На бел. мову пераклаў «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава, асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, А.Фадзеева, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—3. Мн., 1968—70;
Зб.тв.Т. 1-4. Мн., 1979—81;
Вярнуся ветрам: Лірыка, гумар, сатыра. Мн., 1987.
Літ.:
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Яго ж. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Кісялёў Г. Крокі // Полымя. 1984. № 11;
Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства: Творчасць М.Лужаніна // Роднае слова. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІПАКО́Ў (Янка) (Іван Данілавіч; н. 15.1.1936, в. Зубрэвічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1997). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Вожык» (1960—73), «Маладосць» (1973—93), выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (1993—97). З 1997 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1953. Першы зб. вершаў «Сонечны дождж» (1960). Паэт пераважна лірычнага складу, актыўны ў пошуках самавызначэння, спалучэння творчай традыцыі і наватарства. Аўтар зб. «Лірычны вырай» (1965), кніг паэзіі «Дзень» (1968), «З вясны ў лета» (1972), у якіх паглыбленае асэнсаванне гістарызму і гуманізму, паэт. эксперыменту на сумежжы сілаба-танічнага верша і верлібра. Гармонія зместу і формы, стылявая выразнасць у этапным творы «Вечаславянскіх балад» (1973, Дзярж.прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976, дап. выд. 1998). Трывога за лёс зямлі і чалавека на ёй у зб-ках «У поўдзень, да вады» (1976), «Усміхніся мне» (1984). У вянку санетаў «Жанчына» тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых дачыненняў. Аўтар зб. нарысаў «Па зялёную маланку» (1971), кнігі прозы «Крыло цішыні» (1976). Аповесці «Крыло цішыні» (1974) і «Усе мы з хат» (1975) вызначылі лірычную стыхію і «перакрыжаваную» ў часе кампазіцыю наступных яго празаічных твораў (кнігі «Жанчына сярод мужчын», 1980; «Спадзяванне на радасць», 1983; «Пяць струн», 1984; «Журба ў стылі рэтра», 1990). У аповесці «Жыві як хочацца» (1979), апавяданнях праблемы сучаснага горада, духоўны свет інтэлігента. Развівае ў бел. л-ры жанры прытчаў (зб. «Тыя, што ідуць», 1993), паэм у прозе («Ахвярны двор», 1991). Аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці «Блуканне па іншасвеце» (1994), гіст. апавяданняў, цыклаў мініяцюр, а таксама зб-каў гумару «Лысы юбілей» (1965), «Плюс на мінус» (1973), «Ланцугі для мух» (1980), «Пятніца ў суботу» (1988). На бел. мову пераклаў асобныя творы Ду Фу, А.Пушкіна, А.Блока, Т.Шаўчэнкі, Р.Тагора, А.Міцкевіча, А.Туманяна, А.Цэрэтэлі, В.Хлебнікава, Э.Межэлайціса і інш., паасобныя песні карэла-фінскага эпасу «Калевала». Выдаў кн. перакладаў «Лісце травы» У.Уітмена (1978), «Турэмны дзённік» Хо Шы Міна (1985), «Санеты смутку» Ф.Прэшэрна (1987), «Вершы ў прозе» І.Тургенева (1994), зб. «На волю птушку выпускаю» (1989).
Тв.:
Вочы ў вочы: Выбр. паэзія. Мн., 1978;
Сад людзей: Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1985;
Выбр.тв. Т 1—2. Мн., 1995—97;
Падары нам дрэва. Мн., 1997.
Літ.:
Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Вярцінскі А. Высокае неба ідэалу. Мн., 1980;
Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;
Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983;
Кабаковіч А. Беларускі свабодны верш. Мн., 1984;
Лобан М. Пяць раніц тыдня. Мн., 1984;
Лысенка А. Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Янкі Сіпакова Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ЎКА (Уладзімір Мікалаевіч) (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя В.Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.Купалы, М.Багдановіча, Т.Шаўчэнкі, А.Блока, В.Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял.Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ.прэмія імя Я.Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.В.Гётэ, У.Сыракомлі, Ю.Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.Пушкіна, Брусава, С.Ясеніна, А.Пракоф’ева, П.Тычыны, У.Сасюры, М.Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;
[Вершы]. Мн., 1970;
Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.
Літ.:
Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;
Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;
Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;
Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫГА́Н (Ян) (Іван Аляксеевіч; 16.11.1905, в. Труханавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 18.9.1992),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Вучыўся ў Слуцкім с.-г. тэхнікуме, БДУ (1928—32). У 1924—27 працаваў у слуцкай акруговай газ. «Вясковы будаўнік», заг.Нар. дома ў Расонах, у газ. «Чырвоная Полаччына», у 1933—36 у газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Кемераўскую вобл. У 1946 вызвалены, працаваў на прамысл. прадпрыемстве ў г. Фергана (1946—48), у Эстоніі (1948—49). У 1949 зноў арыштаваны і высланы ў Сібір. Рэабілітаваны ў 1954. З 1955 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі, з 1959 у час. «Полымя», у 1967—75 заг. рэдакцыі ў «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». У 1975—85 адказны сакратар К-та па Дзярж. прэміях Беларусі ў галіне л-ры, мастацтва і архітэктуры. Літ. дзейнасць пачаў у 1924 з вершаў. Быў чл.літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Літаратурна-мастацкая камуна». Першае апавяданне «Таіса» (1927) напісана пад уплывам прыгодніцка-рамант. тэндэнцый, характэрных маладнякоўскай прозе. Аповесць «Затока ў бурах» (1929) — гіст. і псіхал. праўдзівы малюнак з жыцця бел. народа ў часы 1-й сусв. вайны і пазней. С. — адзін з пачынальнікаў бел. нарыса: «Новая зямля» (1929), зб-кі «Шугае сонца» (1930), «Недапісаны профіль» (1932). Зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1935) — сведчанне пашырэння ідэйна-тэматычных даляглядаў пісьменніка, замацаванне прынцыпу аўтабіяграфізму як гал. структурнага кампанента сюжэта, вытоку лірызму, сродку выяўлення асабістай далучанасці да сучаснасці. У зб-ках «Апавяданні» (1956), «Наталя» (1957), «Няпрошаная сляза» (1958), «Скажы адно слова» (1961) тэма захавання і памнажэння духоўных набыткаў чалавека. Памяць як гал. сувязны гісторыі вызначае змест і сюжэтна-кампазіцыйны лад кніг «Свая аповесць» (1964) і «Кругі» (1969) — уклад пісьменніка ў развіццё сучаснай маст.-дакумент. «спавядальнай» прозы. У зб-ках маст.-дакумент. артыкулаў і мемуараў «Ранішнія росы» (1965), «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979) постаці выдатных дзеячаў бел. л-ры, мастацтва і культуры ў злітнасці з эпохай і індывідуальнымі адметнасцямі. Лексічнае багацце, выкарыстанне скарбаў роднай мовы, інтанацыйная разнастайнасць фразы — характэрныя адзнакі стылю пісьменніка. Пісаў эсэ, маргіналіі, літ.-крытычныя арт. па пытаннях культуры творчасці, мовы. На бел. мову пераклаў раманы «Энергія» Ф.Гладкова, «Тры вымярэнні» Н.Агнёва, «Цусіма» А.Новікава-Прыбоя, «Выбранае» І.Буніна (1958), «Сустрэча з мінулым» К.Федзіна (1978), паасобныя творы А.Астроўскага, І.Бабеля, М.Булгакава, М.Горкага, А.Ганчара, Ю.Яноўскага, Э.Крустэна, Л.Промет, Ф.Тугласа, А.Упіта, Р.Ралана і інш.Дзярж.прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у стварэнні Бел.Сав. Энцыклапедыі.
Тв.:
Выбр тв.Т. 1—2. Мн., 1975;
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1985.
Літ.:
Сабаленка Р. Пад дажджом і сонцам. Мн., 1966;
Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968;
Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Жураўлёў В.П. Структура твора. Мн., 1978;
Смолкін М. Кругі жыцця: Літ. партрэт Янкі Скрыгана // Полымя. 1975. №11;
Васілевіч А. «Некалькі хвілін чужога жыцця...» // Там жа. 1980. №11;
Лялько Х. Тварыць хараство // Маладосць. 1985. №11.