ПІКТАГРАФІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, піктаграфія (ад лац. pictus намаляваны + ...графія),

найбольш старажытны тып пісьма з дапамогай малюнкаў. Малюнкі, або піктаграмы, прызначаныя для перадачы інтэлектуальнага зместу, аднолькава разумеліся разнамоўнымі супольнасцямі, якія карысталіся агульнай ці блізкай сукупнасцю паняццяў. Адрозніваюць піктаграмы-сігналы (зразумелыя толькі ў пэўнай сітуацыі) і піктаграмы-знакі (нясуць сэнсавую інфармацыю самі па сабе). Істотная рыса П.п. — пэўная адвольнасць інтэрпрэтацыі, прачытання малюнкаў. П.п. было пашырана з часоў палеаліту сярод карэнных жыхароў Амерыкі, Трапічнай Афрыкі, Аўстраліі, Сібіры і інш. рэгіёнаў свету да 20 ст. З П.п. ўзнікла ідэаграфічнае пісьмо. У наш час прынцып піктаграфіі знаходзіць адлюстраванне ў дапаможных сродках камунікацыі (дарожныя знакі, сімвалічныя выявы відаў спорту, малюнкі ў коміксах, рэклама, татуіроўка і інш.).

Літ.:

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у сярэдзіне 17 ст. — 1764 пры езуіцкім калегіуме ў г. Пінск Брэсцкай вобл. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах, большасць з іх суправаджалася інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Сярод пастановак: «Уцёкі блаславёнага Станіслава Косткі» (1662), «Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі» (1663), «Чорны лебедзь, які спявае пахавальную песню» (1716), «Ласункі на стале літоўскага пераможца Аляксандра Вітаўта» (1717), «Яблынька, прыемная з выгляду» (1721), «Парушальнік стройнасці хору», «Лёгкая дарога да вышэйшых ушанаванняў» (абедзве 1732), «Сон чалавечага жыцця», «Мудры ніжэй толькі за Бога» (абедзве 1733), «Нітка самай боскай Арыядны Марыі», «Кніга мудрасці» (абедзве 1734), «Сем стагоддзяў бесперапынных перамог» (1741), «Тэадор» (1764; п’еса Я.​Віхерта) і інш.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 135—142.

т. 12, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМЕ́Т,

у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.​Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.​Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.​Берклі, Э.​Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец. спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГІ (лац. cornua),

касцявыя вырасты на галаве многіх капытных млекакормячых. Служаць пераважна органамі абароны, а ў самцоў многіх відаў — сродкам барацьбы за самку ў час гону. Былі ў некат. выкапнёвых паўзуноў (напр., у рагатых дыназаўраў) і млекакормячых (у дынацэрат, тытанатэрыяў і інш.). Няпарныя Р. ў насарогаў — канічныя патаўшчэнні арагавелага эпідэрмісу, скурныя ўтварэнні на насавых або лобных касцявых вырастах. Касцявая аснова парных Р. (спіца) у пустарогіх укрыта рагавым чахлом, у жырафы — мяккай скурай, укрытай шэрсцю. Алені, у якіх Р. маюць толькі самцы (у паўн. аленя і самкі), штогод скідваюць іх (апрача кабаргі і вадзянога аленя), што звязана з дзейнасцю палавых залоз. Разгалінаванасць Р. у іх з узростам павялічваецца. Р. пантавых аленяў (панты) — крыніца атрымання лек. сродку (пантакрыну). Р. інш. капытных выкарыстоўваюцца для розных вырабаў, атрымання касцявога тлушчу, касцявой мукі, клею і інш.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОС ((Ross) Джэймс Кларк) (15.4.1800, Лондан —3.4.1862),

англійскі мараплавец, палярны даследчык. У 1818—33 удзельнічаў у 6 арктычных экспедыцыях па пошуку Паўн.-Зах. праходу, у т. л. ў 3 (1819—24) пад кіраўніцтвам У.​Э.​Пары і ў 2 (1829—33) — свайго дзядзькі Дж.​Роса. У час зімоўкі (1830—31) даследаваў п-аў Бутыя і адкрыў на яго зах. узбярэжжы Паўн. магнітны полюс. У 1840—43 здзейсніў на суднах «Эрэбус» і «Тэрар» 3 плаванні ў Антарктыку. Адкрыў ч. мацерыка Антарктыды — Зямлю Вікторыі, мора і ледзяны бар’ер, вулканы Эрэбус і Тэрар, вызначыў становішча Паўд. магнітнага полюса, але дайшоў толькі да 78°09 паўд. ш. Яго імем названы бухта, праліў і мыс у Канадскім Арктычным архіпелагу, востраў каля берага Антарктычнага п-ва, шэльфавы ледавік у Антарктыдзе і мора каля яе берагоў.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дубле́т

(фр. doublet, ад double = падвойны)

1) другі экзэмпляр якой-н. рэчы ў калекцыі, музеі, бібліятэцы і г.д.;

2) падроблены каштоўны камень, у якім сапраўднай з’яўляецца толькі верхняя частка;

3) адначасовы выстрал з абодвух ствалоў дубальтоўкі;

4) фіз. пара блізка размешчаных спектральных ліній.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

макрапо́д

(н.-лац. macropodus, ад гр. makros = вялікі + pus, podos = нага)

рыба сям. лабірынтавых, здольная дзякуючы наяўнасці асобых дыхальных органаў дыхаць не толькі ў вадзе, але і кіслародам паветра; водзіцца ў неглыбокіх вадаёмах і на рысавых палях Карэі, Кітая, В’етнама; вядома як акварыумная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

со́ла

(іт. solo, ад лац. solus = толькі адзін)

1) музычны твор, прызначаны для выканання адным інструментам або адным голасам, а таксама выкананне музычнага твора адным выканаўцам;

2) самастойная партыя ў оперы, сімфоніі і іншых вялікіх музычных творах для аднаго голасу ці інструмента.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фенаменало́гія

(ад гр. phainomenon = тое, што з’яўляецца + -логія)

1) суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі, паводле якога свядомасць мае свой незалежны ад рэчаіснасці змест, а прадметы аб’ектыўнай рэальнасці (феномены) з’яўляюцца толькі сімваламі гэтага зместу;

2) ідэалістычнае вучэнне пра феномены свядомасці і формы развіцця духу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цытахрамі́я

(ад лац. citus = хуткі + -храмія)

від чатырохкаляровага друку, пры якім асаблівую ўвагу ўдзяляюць чорнаму клішэ, якое адкрывае дэталі адлюстравання, нейтральныя тоны і блакітныя цені, а астатнія тры клішэ (жоўтае, чырвонае і сіняе) служаць толькі для перадачы на друкарскім адбітку яскравых каляровых тонаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)