ГАЛО́ЎБЕК ((Holoubek) Густаў) (н. 21.4.1923, г. Кракаў, Польшча),
польскі акцёр і рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы (Варшава). Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве. З 1947 у т-рах Кракава і Катавіц, з 1957 у розных т-рах Варшавы (у т. л. ў 1969—87 у Т-ры Драматычным, у 1972—82 адначасова дырэктар). Акцёрскае мастацтва Галоўбека вызначаецца высокай інтэлектуальнасцю, строгасцю ў падборы выразных сродкаў разам з глыбокай унутр. засяроджанасцю. Сярод лепшых роляў: Эдып («Эдып» Сафокла), Конрад («Дзяды» А.Міцкевіча), Скрыпач («Разня» С.Мрожака), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Яго лепшая рэжысёрская работа — «Гамлет» Шэкспіра (выканаў таксама гал. ролю). З 1953 здымаецца ў кіно («Пятля», «Супольны пакой», «Санаторый пад Клепсідрай» і інш.). У 1972—81 узначальваў Т-ва польскіх акцёраў т-ра і кіно. Дзярж. прэміі Польшчы 1966, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЕ́СТАВА (Людміла Раманаўна) (н. 18.7.1923, в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. кансерваторыю (1955, клас В.Несцярэнка). З 1949 артыстка хору Бел. радыё, у 1957—80 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У операх бел. кампазітараў стварыла яркія вобразы Марысі («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Аксаны («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі). Яе творчай індывідуальнасці найб. блізкія былі партыі драм. і трагедыйнага плана ў класічных операх: Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Тамара («Дэман» А.Рубінштэйна), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Чыо-Чыо-сан, Тоска (аднайм. оперы Дж.Пучыні); сяродінш. партый класічнага рэпертуару: Марыя, Настасся («Мазепа», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Леанора, Амелія («Трубадур», «Баль-маскарад» Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.Панк’елі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРЭ́НКА (па мужу Яўдошанка) Надзея Мацвееўна
(н. 1.7.1929, г. Адэса, Украіна),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла Адэскае тэатр. вучылішча (1950). У 1955—88 у Брэсцкім драм. т-ры імя ЛКСМБ. Выконвала драм. і характарныя ролі. Спалучэнне жаноцкасці з унутр. цвёрдасцю характару, эмацыянальнасць, глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет гераінь вызначальныя ў мастацтве Ганчарэнкі. Сярод лепшых роляў: Зорына, Марына («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.Губарэвіча), Інга («Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка), Наталля Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І.Шамякіна), Ганна Ісакаўна («Верачка» А.Макаёнка), Маці («Парог» А.Дударава), Яўгенія, Мамаева («На бойкім месцы», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Валька («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Марсела («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Эліза («Пігмаліён» Б.Шоу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ (Эдуард Мікалаевіч) (н. 19.10.1936, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958), працаваў у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (да 1961), Магілёўскім абл.драм. т-ры (1963—64). З 1965 у Рускім акад.драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівыя дакладная распрацоўка малюнка ролі, стрыманасць і адначасова эмацыянальнасць, знешняя характарнасць, дасканалае валоданне сцэн. тэхнікай. Сярод лепшых роляў: Лявон («Знак бяды» паводле В.Быкава), Ігнат Крывіч («Соль» А.Петрашкевіча), Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Конь, Васіль Дасцігаеў, Кастылёў («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Іван Афанасьеў («Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага), Хрыстафор Блахін («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Рос, Гарацыо («Макбет», «Гамлет» У.Шэкспіра), Энгстран («Здані» Г.Ібсена).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧЭ́ЎСКІ Іван Іванавіч [4.10.1800, Магілёўская губ. (паводле інш. звестак Чарнігаўская губ.) — 21.1.1869], удзельнік руху дзекабрыстаў. Па маці звязаны сваяцтвам з Г.Каніскім. Выхоўваўся ў Дваранскім палку ў Пецярбургу. З 1820 служыў у 8-й артыл. брыгадзе ў г. Наваград-Валынскі (цяпер Жытомірская вобл. Украіны). У 1823 уступіў у Т-ва з’яднаных славян. Сааўтар новага статута і праекта рэарганізацыі т-ва (1824—25). Вёў агітацыю сярод салдат і афіцэраў 8-й артыл. брыгады. У час паўстання Чарнігаўскага пях. палка (29.12.1825—3.1.1826) спрабаваў узняць суседнія вайск. часці. 20.1.1826 арыштаваны, накіраваны ў Пецярбург. Прыгавораны да смяротнага пакарання. Па царскай канфірмацыі пазбаўлены дваранства і высланы ў Сібір на катаржныя работы. Пасля сканчэння тэрміну катаргі (1839) жыў на пасяленні ў г. Пятроўскі Завод (зараз Пятроўск Забайкальскі Чыцінскай вобл., Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУНО́ВА (Святлана Рыгораўна) (н. 9.7.1954, Мінск),
бел. скульптар. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1978). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Творы Гарбуновай вызначаюцца лаканічным вобразным строем, узнёсласцю і паэтычнасцю. Сяродманум. работ: помнік С.Буднаму ў Нясвіжы (1982, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984), мемар. комплекс на месцы спаленай в. Літавец Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (рэльеф 1987), мемар. дошка Ф.Скарыны для Гомельскага ун-та (1990), надмагільны помнік К.Крапіве (1994); станковыя — «Мелодыя» (1975), «Рабфак» (1978); партрэты С.Цітовіч (1985), І.Чыгрынава (1995); памятныя медалі да 100-годдзя Цёткі (А.Пашкевіч, 1976), П.Броўкі (1982), У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча (1983), Ф.Скарыны (1985), Ефрасінні Полацкай (1994) і інш.
Г.Б.Сачанка.
С.Гарбунова. Мемарыяльны комплекс на месцы спаленай вёскі Літавец Дзяржынскага раёна Мінскай вобл. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШКАЎ,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 2 селішчы, 2 бескурганныя могільнікі) ранняга жал. веку каля в. Гарошкаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы мілаградскай культуры выяўлены рэшткі 20 наземных і паўзямлянкавых жытлаў з двухсхільным дахам і агнішчамі, скляпы-ямы. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, конская збруя, касцяныя арнаментаваныя тронкі нажа і шыла, паставыя, халцэдонавыя, бурштынавыя і інш. пацеркі, метал. жаночыя ўпрыгожанні, 90 гліняных фрагментаў фігурак жывёл, больш за 10 тыс. касцей свойскай і дзікай жывёлы. На селішчах мілаградскім і зарубінецкай культуры выяўлены рэшткі пабудоў, кераміка. На могільніках гэтых жа культур пахавальны абрад — трупаспаленне ў круглых і падоўжаных ямах; сярод знаходак бронзавыя кольцы, шпількі, жал. наканечнікі стрэл, нажы, фібулы. На гарадзішчы выяўлены 2 пахаванні з абрадам трупапалажэння галавой на ПнУ і З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦЮ́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 10.3.1946, г. Екацярынбург, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1996). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1970). Працаваў у Т-ры Савецкай Арміі. З 1981 акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». У кіно з 1970. Лепшыя работы вызначаюцца арганічнасцю, яркасцю індывід. характарыстык, глыбінёй спасціжэння характараў, дакладнасцю выразных сродкаў у стварэнні вонкавага малюнка ролі. Сярод роляў: Рыбак «Узыходжанне» (паводле аповесці В.Быкава «Сотнікаў»; прыз за лепшую мужчынскую ролю на Міжнар. кінафестывалі ў Сан-Рэма, Італія, 1982), Мяжэнін («Бераг»; Дзярж. прэмія СССР 1985), Сяргей («Урга — тэрыторыя кахання»). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняўся ў фільмах: «Нас выбраў час» (Лазутнікаў; прэмія Ленінскага камсамола 1980; тэлевізійны), «Вазьму твой боль» (Іван Батрак; Дзярж. прэмія Беларусі 1982), «Наш браняпоезд» (Мікалай Кузняцоў), «Шляхціц Завальня» (гал. роля) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬ ((Hebbel) Крысціян Фрыдрых) (18.3.1813, Весельбурэн, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 13.12.1863),
нямецкі драматург, паэт і празаік. Вывучаў права, філасофію, л-ру ў Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах (1836—39). У аснове яго драматургіі метафізічная канцэпцыя ўсеагульнай віны чалавека, які толькі пакутамі і ахвярнасцю, блізкімі да самазнішчэння, можа наблізіць выратаванне свету. Вядомасць Гебелю прынесла ўжо першая п’еса «Юдзіф» (1840). П’еса «Марыя Магдаліна» (1844) паклала пачатак сучаснай мяшчанскай трагедыі. Сярод лепшых яго твораў «Ірад і Марыямна» (1850), «Агнеса Бернаўэр» (1851), «Гіг і яго пярсцёнак» (1856), трылогія «Нібелунгі» (1862), дзе аўтар імкнуўся праз старажытнае і легендарнае спасцігнуць сучаснасць. Пісаў таксама вершы, навелы. Свае эстэт.-філас. погляды выклаў у працах «Маё слова пра драму» (1843), «Пра стыль драмы» (1847) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬЦЭР (Кацярына Васілеўна) (14.11.1876, Масква — 12.12.1962),
расійская балерына. Нар.арт. Расіі (1925). Дачка танцоўшчыка В.Ф.Гельцэра. Скончыла Маскоўскую балетную школу (1894). З 1894 і ў 1898—1935 салістка Вял.т-ра ў Маскве, у 1896—98 — Марыінскага т-ра. У Вял. т-ры асн. выканальніца ў балетах А.Горскага. Яркая прадстаўніца рус. школы класічнага танца, у сваім выкананні спалучала лёгкасць, віртуознасць, імклівасць з шырынёй і мяккасцю рухаў. Сярод партый: Саламбо («Саламбо» А.Арэндса), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» Л.Герольда), Медора («Карсар» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.Гліэра). З 1910 гастраліравала за мяжой, у т. л. ў Рускіх сезонах у Парыжы. Дзярж. прэмія СССР 1943.