ПАПО́Ў (Іосіф Сцяпанавіч) (21.9.1915, с. Сояна Мязенскага р-на Архангельскай вобл., Расія —31.1.1984),
бел. рэжысёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1970). Скончыў Архангельскае тэатр. вучылішча (1938), вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр.мастацтва ў Маскве (1938—40). Працаваў у т-рах Расіі. У 1947—48 рэжысёр Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі. З 1953 гал. рэжысёр Брэсцкага, з 1955 Гродзенскага, у 1966—74 Гомельскага абл.драм. т-раў, у 1963—65 Бел.т-ра імя Я.Коласа (у 1974—75 рэжысёр), у 1978—79 рэсп.т-ра юнага гледача. З 1976 выкладаў у Мінскім ін-це культуры (у 1976—77 заг. кафедры). Пастаноўкі вызначаліся ансамблевасцю, высокай рэж. культурай, тонкім Пранікненнем у драматургію твора, дэталёвай распрацоўкай характараў: у Брэсцкім т-ры — «Чайка» А.Чэхава (1954), «Жаніцьба» М.Гогаля (1977); у Гродзенскім т-ры — «Адна ноч» Б.Гарбатава (1957), «Улада цемры» Л.Талстога (1959), «Тры сястры» Чэхава (1960); у т-ры імя Я.Купалы — «Жывы труп» Талстога (1961); у т-ры імя Я.Коласа — «Дачнікі» М.Горкага (1964), «Лёнушка» Л.Лявонава (1975); у Гомельскім т-ры — «Грэшнае каханне» А.Дзялендзіка (1968), «Жыццё ўсяго адно» А.Маўзона (1969), «Беспасажніца» А.Астроўскага (1970), «Залатая карэта» Лявонава, «Першы грэх» А.Каламійца (абодва 1971), «Не трывожся, мама!» Н.Думбадзе (1972), «Таблетку пад язык» А.Макаёнка, «Даходнае месца» Астроўскага (абодва 1973); у Т-ры юнага гледача — «Пойдзем у кіно?» А.Алексіна (1978), «Жорсткія гульні» А.Арбузава (1979) і інш. Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з М.Пало, 1968), інсцэніровак аповесцей «Салавей» З.Бядулі (з Я.Рамановічам, 1955), «Рудабельская рэспубліка» С.Грахоўскага (1968), рамана «Подых навальніцы» І.Мележа (1978), пастаноўшчык гэтых твораў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ СЯДЗІ́БЫ ВАНЬКО́ВІЧАЎ,
помнікі сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў Мінску. Звязаны з жыццём і творчасцю бел. мастака В.Ваньковіча. Гарадская сядзіба пабудавана на мяжы 18—19 ст. у гіст. цэнтры Мінска (сучасная вул. Інтэрнацыянальная). Яе комплекс уключаў жылы дом у стылі класіцызму, 2 флігелі, гасп. пабудовы, фруктовы сад. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак (з атынкаванымі сценамі, у пач. 19 ст. частка паўн.-зах. сцяны была мураваная) на каменным падмурку, накрыты высокім вальмавым дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал.паўд.-ўсх. фасад вылучаў 8-калонны порцік з цэнтр. уваходам, завершаны трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном. Аналагічны порцік на паўн.-зах. фасадзе. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў абрамленні простых ліштваў і лапатак. У інтэр’еры захаваліся кафляныя печы. Дом і флігелі ўтваралі двор-курданёр. Паўд.-зах. флігель мураваны, 2-павярховы, прамавугольны ў плане, паўн.-ўсх. (не захаваўся) — 2-павярховы (1-ы паверх мураваны, 2-і драўляны), прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. У цэнтры яго паўн.-ўсх. фасада быў 5-гранны эркер з вежападобным завяршэннем. Захавалася шырокая праезная брама. Комплекс адноўлены. З 2000 музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» — філіял Нац.маст. музея Беларусі. Сельская сядзіба пабудавана ў прыгарадзе Мінска Вял. Сляпянка (цяпер у межах Мінска, вул. Парніковая). Комплекс уключаў мураваны сядзібны дом, бакавыя флігелі (не захаваліся) і парк, перапланаваны ў 1896 садаводам В.Кроненбергам (захавалася частка геам. сеткі алей). 2-павярховы Т-падобны ў плане дом з высокім цокалем. Тарцовыя сцены аформлены трохвугольнымі франтонамі. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам. У дэкар. аздабленні дома выкарыстаны пілястры, прафіляваныя карнізы і інш.
У.М.Дзянісаў, А.М.Кулагін.
Да арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў. Гарадская сядзіба. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЯ́НСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС.
Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогі рас. войск над шведскім корпусам ген. А.Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогі рус. войск (1906, скульпт. А.Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́ЛЬ (Пятрусь) (Пётр Міхайлавіч; 25.8.1932, в. Крушыняны Беластоцкага ваяв., Польшча — 31.8.1996),
бел.паэт. Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1953), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1962). Працаваў у газ. «Гродзенская праўда», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», час. «Маладосць» (1957—60, 1980—83). З 1966 заг.літ. часткі Бел.рэсп. тэатра юнага гледача, з 1975 літ. кансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1949. Імкненне раскрыць духоўную змястоўнасць і складанасць жыцця, багацце перажыванняў сучасніка — асноўнае ў паэзіі М. Ёй уласцівы метафарычна асацыятыўная вобразнасць, алегарычнасць, выкарыстанне сродкаў іроніі і сатыры: зб-кі «Першы след» (1955), «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы стол» (1964), «Акно» (1967), «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978; Літ. прэмія імя А.Куляшова 1980), «Смак яблыка» (1981; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1984), «Калыска долі» (1984), «Асенняя пошта лістоты» (1987), «Азбука любві» (1989), «Лагода» (1992), «Твар і душа» (1995). Аўтар п’ес «За лясамі дрымучымі» (з А.Вольскім, 1958), «Адчыніце, казляняткі!» (1970), «Дай вады, калодзеж!» (1971), «На ўсіх адна бяда» (1974; усе паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача), «Марынка-крапіўніца» (з А.Вольскім, 1962, паст.Дзярж. т-рам лялек Беларусі). Выдаў кніжкі для дзяцей «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песня згоды» (1983), «Чарадзейная скарбонка» (1987), «Я гатую абед» (1989). На бел. мову пераклаў анталогію сучаснай славацкай паэзіі «Татры пяюць» (1976), зб-к вершаў М.Валека «Крылы», А.Шасцінскага «Помню і люблю» (абедзве 1978) і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1982;
Выбранае. Мн., 1994;
Заручыны. Мн., 1979.
Літ.:
Грачанікаў А Адлегласць ад сяўбы да жніва... // Полымя. 1976. № 4;
Баравікова Р. Адчуванне часу і дарогі // Маладосць. 1980. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ ТЭА́ТР,
старэйшы рускі драм.т-р у Маскве. Трупа фарміравалася з 1750-х г. пры Маскоўскім ун-це; з яе ў 1776 утвораны т-р, з 1780 наз. Пятроўскім, з 1824 — М.т., з 1919 акадэмічны. У М.т. складалася школа рэаліст. акцёрскага мастацтва, звязаная з пастаноўкай п’ес А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Астроўскага, твораў зах.-еўрап. класікі (У.Шэкспір, Ф.Шылер, Лопэ дэ Вэга). Заснавальнікі гэтай школы зацвердзілі жыццёвы рэалізм (В., П. і М.Садоўскія, М.Шчэпкін) і рамантызм (П.Мачалаў, М.Ярмолава). Сярод буйнейшых акцёраў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. С.Васільеў, А.Ленскі, Г.Фядотава, А.Южын. У 1920-я г.т-р ставіў п’есы М.Горкага, Л.Лявонава, Б.Рамашова, К.Транёва, пры захаванні традыцый і прыярытэту акцёра; пазней у рэпертуар шырока ўключаліся творы М.Лермантава, А.Сухаво-Кабыліна, Л.Талстога, В.Гюго і інш., а таксама С.Алёшына, А.Карнейчука, В.Розава, А.Сафронава, К.Сіманава і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі: рэжысёры П.Васільеў, Л.Волкаў, А.Дзікі, К.Зубаў, І.Судакоў, Б.Равенскіх, К.Хахлоў, Л.Хейфіц; акцёры М.Аненкаў, А.Астужаў, Б.Бабачкін, М.Блюменталь-Тамарына, Э.Быстрыцкая, А.Гогалева, М.Жараў, Дз.Зяркалава, І.Ільінскі, П.Канстанцінаў, М.Клімаў, В.Коршунаў, С.Кузняцоў, В.Масаліцінава, Р.Ніфантава, В.Пашэнная, М.Рыжоў, В.Рыжова, П.Садоўскі, Я.Самойлаў, Е.Турчанінава, С.Фадзеева, М.Цароў, А.Шатрова, А.Яблачкіна і інш. З 1988 маст. кіраўнік Ю.Саломін. З 1918 пры М.т. працуе тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна.
Літ.:
Зограф Н.Г. Малый театр в конце XIX — начале XX в. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАН ((Mann) Томас) (6.6.1875, г. Любек, Германія — 12.8.1955),
нямецкі пісьменнік. Брат Г.Мана. Вучыўся ў Мюнхенскім ун-це. З 1933 у эміграцыі. На фарміраванне яго маст. метаду паўплывалі І.В.Гётэ, Л.Талстой, Ф.Дастаеўскі, А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ. Дэбютаваў навелай «Распусніца» (1894). Вядомасць прынёс раман «Будэнброкі» (т. 1—2, 1901), у якім на прыкладзе некалькіх пакаленняў адной сям’і паказаў эканам. і грамадскую дэградацыю ням. бюргерства. У адзначаных тонкім псіхалагізмам раманах «Каралеўская вялікасць» (1909), «Прызнанні авантурыста Фелікса Круля» (1910), навелах «Трыстан», «Тоніо Крэгер» (абедзве 1903), «Смерць у Венецыі» (1913, экранізацыя 1971) роздум пра лёс мастака і мастацтва ва ўмовах крызісу бюргерскай культуры. Духоўнае жыццё грамадства напярэдадні 1-й сусв. вайны ў цэнтры філас. рамана «Чароўная гара» (1924). Антыфаш. ідэямі прасякнуты навела «Марыо і штукар» (1930), гіст. тэтралогія на біблейскую тэму «Іосіф і яго браты» (1933—43). Найб. значны твор — філас. раман «Доктар Фаустус» (1947), у якім трагедыя мастака сімвалізуе трагедыю і гіст. віну Германіі. Аўтар драмы «Ф’ёрэнца» (1906), кн. «Развагі апалітычнага» (1918), раманаў «Лота ў Веймары» (1939, пра Гётэ), «Выбраннік» (1951), літ.-крытычных і публіцыстычных прац.Рэаліст. творы М. адметныя маштабнасцю канфліктаў, структурнай завершанасцю, насычаны філас., гіст. і маст. алюзіямі, сведчаць аб яго цікавасці да натуралізму і імпрэсіянізму. На бел. мову раман «Доктар Фаустус» пераклаў В.Сёмуха, навелы — Сёмуха і У.Чапега. Нобелеўская прэмія 1929.
Тв.:
Бел.пер. — Доктар Фаустус. Мн., 1989;
Навелы. Мн., 1996;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—10. М., 1959—61;
Художник и общество: Ст. и письма. М., 1986.
Літ.:
Русакова А.В. Томас Манн. Л.,1975;
Федоров А.А. Томас Манн: Время шедевров. М., 1981;
Дирзен И. Эпическое искусство Томаса Манна: Мировоззрение и жизнь: Пер. с нем. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),
бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял.Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Бахтам), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1959;
Аповесць. Мн., 1985;
Палеская аповесць. Мн., 1991.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Карлаў універсітэт,
адзін са старэйшых у Еўропе; першы славянскі ун-т. Засн. 7.4.1348 у Празе чэш. каралём Карлам IV. Меў ф-ты: тэалогіі, права, мед. і мастацтва. У перыяд гусіцкага руху (канец 14 — пач. 15 ст.) П.у. — цэнтр нац.-вызв. і рэліг. барацьбы, яго рэктарам двойчы быў абраны Я.Гус. У 1654 імператар Фердынанд III аб’яднаў езуіцкую акадэмію (засн. ў 1562) з П.у. ва Ун-т Карла—Фердынанда. З часоў Асветніцтва (сярэдзіна 18 — пач. 19 ст.) выкладанне вялося на ням. мове замест латыні. У перыяд нац. адраджэння (канец 18 — сярэдзіна 19 ст.) студэнты і прафесары ун-та выступалі супраць аўстр. панавання: у 1848—49 ун-т — цэнтр рэв. руху. У 1882 падзелены на 2 ун-ты — чэш. і нямецкі. У 1918 адноўлены як адзіны нац.ун-т. 17.11.1939 зачынены ў сувязі з ням. акупацыяй (17 ліст. адзначаецца як Міжнародны дзень студэнтаў; дата ў памяць студэнтаў і прафесараў Чэхаславакіі — герояў Супраціўлення). У 1945 ун-т адноўлены. У 1998/99 навуч.г. 35,6 тыс. студэнтаў, больш за 3 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 283 прафесары; ф-ты: матэматыкі і фізікі; прыродазнаўчых навук; права; філасофіі; адукацыі; сацыяльных навук; каталіцкай тэалогіі; пратэстанцкай тэалогіі; гусіцкай тэалогіі; фіз. культуры і спорту; фармакалогіі; медыцыны ў гарадах Пльзень і Градзец-Кралаве, а таксама 1-ы, 2-і, 3-і мед. ф-ты; на правах ф-та працуе ін-т фундаментальных даследаванняў. Выкладанне вядзецца на чэш. мове, навучанне бясплатнае. Пры ун-це аспірантура, некалькі н.-д. цэнтраў (ін-таў), у т. л. па пытаннях навакольнага асяроддзя, эканам. даследаванняў. У б-ках П.у. больш за 4 млн. тамоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННАЯ ІНТЭЛІГЕ́НЦЫЯ,
тэрмін рас. і сав.гіст. л-ры для абазначэння творчай праслойкі грамадства, якая вылучылася з асяроддзя прыгонных сялян (гл.Прыгоннае права) пераважна ў 18—1-й пал. 19 ст.Асн. прычына яе з’яўлення — імкненне многіх дваран-прыгоннікаў мець цалкам залежных ад сябе тэхн. спецыялістаў для патрэб гаспадаркі і людзей мастацтва для арг-цыі культ. забаў, дзеля чаго яны давалі магчымасць або прымушалі сваіх таленавітых прыгонных атрымліваць адукацыю і інш.спец. падрыхтоўку. Найб. шматлікая група П.і. была звязана з тэатрам, музыкай і выяўл. мастацтвам. У канцы 18 — пач. 19 ст. у Расіі працавала больш за 170 прыгонных тэатраў, у т. л.Шарамецевых у Маскве, С.С.Каменскага ў Арле, П.І.Есіпава ў Казані. Выдатнымі артыстамі прыгонных тэатраў былі П.А.Жамчугова, Л.П.Нікуліна-Касіцкая, І.В.Самарын, С.А.Дзегцяроў, М.С.Шчэпкін, С.Ф.Мачалаў (бацька П.С.Мачалава). У ліку П.і. былі архітэктары (А.Н.Вараніхін, І.С.Сямёнаў, І.І.Свіязеў), мастакі (Ф.С.Рокатаў, М.Шыбанаў, І.П. і М.І.Аргуновы, В.А.Трапінін, А.А.Кіпрэнскі, Т.Р.Шаўчэнка і інш.), кампазітары (М.А.Мацінскі, С.А.Дзегцяроў, А.Л.Гурылёў і інш.), пісьменнікі (Шаўчэнка, Ф.Н.Сляпушкін, Я.І.Аліпанаў, М.Дз.Суханаў, І.І.Варакін і інш.), вынаходнікі рас. паравозаў і чыгункі Я.А. і М.Я.Чарапанавы, горны інж. П.С.Шорын, хімік С.П.Уласаў і інш. На Беларусі з прадстаўнікоў П.і. выйшлі таленавітыя акцёры, музыканты і танцоўшчыкі Мацей з Карэліч, Я.Ценціловіч, Р.Бекер, А.Дарэўская, П. і К.Л.Азарэвічы, мастакі С.Заранка, Ф.Тулаў і інш.Гл. таксама Прыгонны тэатр і Прыгонныя аркестры і капэлы.
Літ.:
Познанский В.В. Таланты в неволе. М., 1962;
Курмачева М.Д. Крепостная интеллигенция России. Вторая половина XVIII — начало XIX в. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano),
Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.