Ку́піна 1 ’кучка зацвярдзелай зямлі на нізкім або балоцістым месцы, аброслая травой, мохам’ (ТСБМ, Касп., ТС, Нік. Очерки, З нар. сл., Федар., Яруш., Сержп. Ск., Яшк., Кліх, Сл. паўн.-зах.). Укр. купина ’рачная выспачка’, рус. купина ’тс’, польск. kępina, в.-луж. kupa, н.-луж. kupa ’выспачка’. Параўн. літ. kam̃pas ’мясцовасць’, лац. campus ’поле’ (Бернекер, 1, 600; Фасмер, 2, 420).
Ку́піна 2 ’цярновы куст’ (Булг.). Запазычанне са ст.-слав. кѫпина ’тс’ у біблейскім тэксце.
Ку́піна 3 ’скабіёза жоўтая, Scabiosa ochroleuca L.’ (Кіс.). Да купа 1 (гл.). Пра семантычную сувязь гэтых слоў сведчаць такія сінанімічныя назвы, як каўтуннік і гузікі. Параўн. купена (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кі́сцень 1 ’тс’ (Сл. паўн.-зах., Грыг.). Гл. кіста, кісць.
Кі́сцень 2 ’від зброі’ (ТСБМ). Праз рус. кистень з каз., тат. kistän ’друк, палка’. Аднак значэнне рускага, беларускага, украінскага і польскага слоў не адпавядае імавернай цюркскай крыніцы (’кароткая палка з металічным шарам на адным канцы і з пятлёй на другім для надзявання на руку’). Такі від зброі ў старапольскай мове меў іншую назву таксама цюркскага паходжання basalyk. Польск. kiścień — запазычанне з усходнеславянскіх моў, але ст.-бел. кестень, кістень (з 1540 г.) насуперак Булыку (Запазыч., 153) запазычана са ст.-польск. kiešcień, як аб гэтым сведчыць вакалізм (параўн. Слаўскі, 2, 175–176).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Апла́тва, опла́тва ’абчасанае бервяно ў апошнім вянцы зруба над бэлькамі’ (Шушк.). Польск. oplatwa ’тс’, укр. платва верхняя бэлька ў зрубе’, славац. platva ’плоскі кавалак матэрыялу, якім што-небудзь закрываюць’. Зважаючы на ўкраінскую і славацкую формы, можна дапусціць другаснасць пачатковага о‑ як фанетычнай пратэзы, хаця гэта і не неабходна. Ад дзеяслова (а)плаціць з суф. ‑тва (параўн. малітва); роднасна слову плот ’агароджа’, плыт. Іншая магчымасць: ад дзеяслова *пластаць ’дзяліць на пласты (плахі)’, на што ўказвае чэш. plastva ’пласт’, давала б тлумачэнне слова як больш старажытнага. Узаемаадносіны беларускага, украінскага, польскага, славацкага слоў няясныя: тут магчыма захаванне старога агульнага слова, а таксама адлюстраванне ўзаемных уплываў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заро́к ’абяцанне не рабіць што-н.’ Рус. заро́к, укр. зарі́к, заро́к ’тс’, серб.-харв. за́рок ’спрэчка, заклад’. Ст.-слав. зарокъ ’устанаўленне’. Ст.-рус. зарокъ ’запаведзь, урок, папрок, тэрмін’. Параўн. ст.-слав. зарещи ’забараніць, загадаць’. Утворана як назоўнік на ‑ъ ад зарекати з чаргаваннем галоснага, магчыма, у ст.-слав. мове, адкуль у ст.-рус. (> рус., укр., бел.), дзе развіваецца менавіта ст.-слав. значэнне ў адрозненне ад серб.-харв., дзе значэнне ’забарона’ архаічнае. Не выключана і самастойнае развіццё ўсх.-слав. слоў на што можа ўказваць рус. дыял. зарок ’фізічны недахоп у чалавека, жывёлы’; параўн. парок. Шанскі, 2, З, 60. Параўн. папрок, рэч, урок.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зы́баць ’гушкаць’. Рус. зы́бить, дыял. зы́бать ’тс’, палаб. zåibi‑sǎ ’гушкаецца’ (3 ас.), славен. zíbati ’гушкаць’ (у тым ліку ў калысцы), серб.-харв. зи́бати ’гушкаць’. Ст.-слав., ст.-рус. зыбати. Прасл. zybati, верагодна, суадносіцца з арм. cup, cupʼ ’зыб’ (Сараджава, Этимология, 1976, 64–66); да і.-е. асновы *gʼūb‑ (да якой можна ўзвесці зыбаць), магчыма, адносіцца нарв. дыял. gǒp ’бездань’. Больш надзейных і.-е. паралелей яшчэ не выяўлена. Фасмер, 2, 109; Шанскі, 2, З, 114; Куркіна, Этымалогія, 1967, 140, 143; Макіенка, Вопр. географии, № 81, 75; Скок, 3, 653, дзе іншая літ-ра. Спробы этымалогіі арм. слоў: Ачаран, 3, 474–475.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кавярза́ць ’няўмела рабіць (плесці, шыць)’ (Юрч.), къвірзаць ’пісаць абы-як, неразборліва, абы-што’ (Нар. лекс.), кывярзыць ’няўмела плесці лапці’ (Бяльк.). Бел. словы (паўн. і ўсх.) утвараюць адзін арэал з рус. смал., пск. каверзать ’рабіць што-н. нядбайна, абы-як’, якое ад коверзати ’плесці (лапці) і да т. п.’ Пераноснае значэнне ’рабіць абы-як’ абумоўлена, па-першае, характарам самой работы (плесці лапці), а па-другое, больш новай і дыфузнай семантыкай экспрэсіўных дзеясловаў коверзати/каверзити, параўн: на той жа тэрыторыі: ’блытаць’, ’гарэзіць’, ’займацца чым-н. ад няма чаго рабіць і да т. п.’ Адносна этымалогіі апошніх слоў гл. кавярзень.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паці́ра ’страта’ (чэрв., Сл. ПЗБ), кліч. паці́р ’страта парасят ад недагляду’ (Жыв. сл.). Утворана ад дзеяслова ⁺паціраць, параўн. в.-дзв. паціра́ць ’згубіць’ (там жа), у якім ‑і‑ узнікла ў выніку рэдукцыі ‑е‑: рус. потеря́ть, укр. теря́ти, ст.-рус. терѧти ’разбураць, спусташаць’, потерѧти ’загубіць, знішчыць’. У якасці роднасных слоў Фасмер (4, 50) прыводзіць серб.-ц.-слав. тѣряти ’праследаваць, праганяць, абвінавачваць, імкнуцца’, балг. терам ’ганю, падганяю’, славен. terati ’катаваць’, серб.-харв. тjе̏рати ’забіваць’, чэш. těr: крканошск. ’рэз ствала ўпоперак’, potěr ’малькі’, ’апалонікі’, ’крухмаленне’, а таксама potří‑ti ’перамагчы, пабіць, адольваць, знішчыць’. Да церці, тру (гл.). Сюды ж карм. паціра́нка ’згубленая рэч’ (Мат. Гом.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пяка́рня ’памяшканне, дзе выпякаюць хлеб’ (ТСБМ), пекарня ’памяшканне для службы ў маёнтку з вялікай печчу для выпечкі хлеба’ (Сержп.). Вытворнае ад пе́кар ’хлебапёк’ (гл.), параўн. пя́кар ’тс’ (івац., Сл. ПЗБ), ці хутчэй запазычанне з польск. piekarnia, адкуль паходзіць і складаны суфікс ‑арня для ўтварэння назоўнікаў — назваў памяшканняў для пэўнай дзейнасці. Першаснай крыніцай лічыцца с.-в.-ням. бавар. peck ’пекар’, с.-в.-ням. bẹcke ’тс’, сучаснае ням. Bäcker ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 226; Сной, 434 і інш.), аднак наяўнасць ст.-слав. пекарь, пекаръница ’хлебная печ’, а таксама адпаведных слоў у большасці сучасных славянскіх моў ставіць пад сумненне апошняе меркаванне, гл. БЕР, 5, 133.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сваво́ля ‘гарэзлівасць, дураслівасць, гуллівасць’, ‘свавольныя ўчынкі, паводзіны’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Мал., Янк. БП), ‘неразважныя дзеянні’ (Варл.), сюды ж сваво́ліць ‘гарэзнічаць’ (Нас., Шымк. Собр., Сержп., Варл.), свово́ліць ‘тс’ (ТС), свавольнік ‘гарэза; неслух’ (Нас., Бяльк., Ласт.), сваво́льства ‘непаслушэнства’ (Нас., Бяльк.), ст.-бел. своволенство ‘тс’. Ад свой і воля; Карскі (2–3, 89) бачыў тут, як ва ўкраінскай і польскай, “слитие слов”. У гэтай форме, мабыць, запазычанне з польск. swawola ‘тс’. Махэк₂ (596) польскае слова і чэш. svávůle, дыял. svávoľa ‘сваволя’ лічыць спалучэннем або састаўным словам і адрознівае іх ад складаных слоў тыпу рус. своеволье, своеволить, параўн. сваяволіць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сі́ся дзіц. ‘цыца, цыцка’ (Ласт.), сі́сі дзіц. ‘ссаць цыцку’ (КСП), сіся́ ў выразе (ведае, знае) курыную сісю дый тую не ўсю (Барад.), сі́ська ‘сасок’ (Нас., Касп.), ‘грудзі’, ‘сасок’ (Сл. ПЗБ), сі́ська, сіська́ ‘тс’ (ЛА, 1), а таксама сісе́тнік ‘дзіця, якога кормяць грудзьмі’ (Барад.); сюды ж, відаць, ‘матачнік, ячэйка, у якой расце матка’ (палес., Анох.), сы́ська ‘тс’ (Сл. Брэс.). Рус. си́са, си́ся, си́ська ‘сасок’, балг. си́са ‘сасок’, серб.-харв. си̏са, славен. sisa ‘жаночыя грудзі’. Прасл. *sysa, аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *sysati ‘ссаць’, роднаснага ссаць (гл.). Фасмер (3, 627) сувязь усх. і паўд.-слав. слоў лічыць няпэўнай і мяркуе аб познім узнікненні слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)