АРТРАПЛА́СТЫКА (ад грэч. arthron сустаў + пластыка),
аперацыі па аднаўленні функцый сустава пры анкілозах, артрозах, няправільным зрастанні ўнутрысустаўных пераломаў. Асн. этапы: раз’яднанне сустаўных канцоў, мадэляванне новых сустаўных паверхняў і размяшчэнне паміж імі пракладак са скуры або фасцый хворага. Выкарыстоўваюць таксама каўпачкі з храсткоў або плодных абалонак, кансерваваныя канцы касцявых суставаў, штучныя метал. або пластмасавыя суставы ці галоўкі суставаў. Пасля артпластыкі патрабуецца працяглае функцыянальнае лячэнне, фізіятэрапія, масаж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТО́Н ФРА́ЙЗІНГЕНСКІ (Otto von Freising; пасля 1111 — 22.9.1158),
нямецкі гісторык-храніст. Епіскап Фрайзінгенскага манастыра ў Баварыі (з 1138), удзельнік 2-га крыжовага паходу (1147—49). Паміж 1143 і 1146 напісаў «Хроніку», у якой падзеі сусв. гісторыі (да 1146) разглядаў у духу яе тэалагічнага тлумачэння як ажыццяўленне задумы Бога. У «Дзеяннях імператара Фрыдрыха I» (1157—58) падаў гісторыю Германіі з часоў Генрыха IV (1050—1106) да 1156.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВО́ДАЧНЫ СТАНО́К, прыцірачны станок,
станок для канчатковай (аддзелачнай) апрацоўкі (даводкі, прыціркі) паверхні дэталі. Універсальны даводачны станок мае 2 плоскія дыскі (прыціры), паміж якімі змяшчаюцца дэталі. Даводка робіцца дробназярністым абразіўным парашком або пастай. Спецыялізаваныя даводачныя станкі прызначаны для даводкі асобных дэталей. Даводачныя станкі выкарыстоўваюць для апрацоўкі дэталей высокага класа дакладнасці: вымяральных інструментаў, разцоў, клапанаў, зубчастых колаў, шыек каленчатых і кулачкоў размеркавальных валоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ,
наземныя і падземныя канструкцыі, якімі пазначаюць і замацоўваюць на мясцовасці геадэзічныя пункты. Наземная частка геадэзічных знакаў на пунктах трыянгуляцыі і паліганаметрыі забяспечвае ўзаемную бачнасць паміж імі і служыць штатывам для ўстаноўкі геад. інструментаў і прадметаў візіравання, мае розную вышыню і канструкцыю (драўляныя слупы, піраміды, туры ў гарах і інш.). Падземная ч. геадэзічных знакаў — бетонныя маналіты з замацаванымі ў іх метал. маркамі — цэнтрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВО́Д,
1) прамысл. прадпрыемства; у палітэканоміі тое, што фабрыка. Першапачаткова розніца паміж імі была ў характары апрацоўкі: механічная — на заводах, хімічная — на ф-ках. З развіццём навукі і тэхнікі на З. і на ф-ках выкарыстоўваецца мех. і хім. апрацоўка. Але па традыцыі адны прамысл. прадпрыемствы, пераважна машынабудавання і металаапрацоўкі, называюць З., другія, у асноўным лёгкай прамысловасці, — ф-камі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАЦЭНО́З (ад зоа... + цэноз),
сукупнасць жывёл, якія сумесна жывуць у вызначаным біятопе; састаўная ч.біяцэнозу. Выдзяленне З. з біяцэнозу ўмоўнае, таму што жывёлы і расліны цесна звязаны ў сваім існаванні. З. адлюстроўвае спецыфіку біяцэнозу, пры даследаванні якога часта выкарыстоўваюць даныя па З. Заканамернасці, па якіх складаюцца З., заснаваны на ўзаемасувязях жывёл паміж сабой, з інш. арганізмамі (вышэйшыя расліны, мікраарганізмы і інш.) і з неарган. асяроддзем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПО́СТ (італьян. imposta ад лац. impono кладу на, ускладаю),
1) прафіляваная арх. дэталь над слупам, лапаткай, капітэллю калоны або прафіляваны камень сцяны, якія з’яўляюцца апорай для пяты аркі. На Беларусі вядомы з 12 ст. ў культавых збудаваннях.
2) Вертыкальны элемент (вузкі прасценак) паміж дзвярным і аконным праёмамі.
3) Дадатковы элемент аконнай і дзвярной каробак для мацавання іх глухіх частак ці стыкаў фрамугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́РСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
на Каўказе, паміж рэкамі Кура і Алазані, у Грузіі і Азербайджане (паўд. частка). Выцягнута з З—ПнЗ на У—ПдУ і рассечана ўздоўж далінай р. Іоры. Выш. ад 200 да 900 м. Складзена з пясчана-гліністых парод, пясчанікаў, кангламератаў. Невысокія горныя грады чаргуюцца з плоскімі раўнінамі і катлавінамі. Стэпы б.ч. узараныя. Месцамі пашыраны светлыя рэдкастойныя лясы. Усх. частка І.п. называецца Шыракскім стэпам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРАН ((Cameron) Верні Ловет) (1.7.1844, Рэйдзіпал, Вялікабрытанія — 27.3.1894),
англійскі марак, даследчык Цэнтр. Афрыкі. У 1874 даследаваў ч. берагоў воз. Танганьіка, адкрыў на З яго сцёк — р. Лукуга, дайшоў да р. Луалаба. Прайшоў уздоўж яе на Пд, прасачыў водападзел паміжбас. ніжняга Конга і верхняй Замбезі, у ліст. 1875 выйшаў да Атлантычнага ак. Зрабіў каля 4 тыс. вызначэнняў вышынь, што з’явілася пачаткам вывучэння рэльефу Цэнтр. Афрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́Р,
вадасховішча ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., паміж вёскамі Убалаць і Зеляночы. Створана ў 1979. Пл. 0,38 км², даўж. 800 м, найб.шыр. 500 м, найб.глыб. 3,7 м, аб’ём вады 1,08 млн.м³. Даўж. агараджальнай дамбы 2.5 км. Дно пясчанае. Напаўняецца вадой за кошт сцёку р. Ненач па напорным трубаправодзе. Гадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 1,5 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання і ўвільгатнення глебы.