Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.
Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ, вертыкальная занальнасць,
заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.
Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРТО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,
разнавіднасць пазаабрадавай сац.-бытавой лірыкі вуснай нар. творчасці. У іх высмейваюцца адмоўныя з’явы ў сямейна-бытавым і грамадскім жыцці (лянота, нядбайнасць, прагнасць, п’янства, нявернасць, несумленнасць і інш.). Гал. персанажы — муж і жонка, дзед і баба, хлопец і дзяўчына. Ж.п. малююць канкрэтныя тыпы, падкрэсліваючы і перабольшваючы іх заганы, надаюць ім абагульненасць. Нярэдка ў песнях гучыць аўтаіронія, што сведчыць пра духоўнае здароўе народа (напр., песня «Чаму ж мне не пець»), Характарыстыка героя ўспрымаецца не як публічнае самавыкрыццё, што мяжуе з самапрыніжэннем, а як усведамленне правільнасці нар. ідэалу. Высмейванне адмоўных якасцей ставіла адну мэту — сцвердзіць дабро. Асобную групу складаюць т.зв. песні-небыліцы або небывальшчыны. У дзіцячым рэпертуары пашыраны Ж.п. алегарычнага зместу, іх персанажы — звяры, птушкі, насякомыя. Часам яны дыдактычныя. Шмат песень жартоўнага характару ў каляндарнай і сямейна-абрадавай паэзіі, але іх не вылучаюць у асобныя жанравыя групы.
Публ.:
Жартоўныя песні. Мн., 1974.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 63—68;
Фядосік А.С. Трапным народным словам. Мн., 1971. С. 150—169;
Беларуская народнапаэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 367—375.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
прыстасаванне для электраізаляцыі і мацавання правадоў, шын і частак эл. прылад і апаратаў, якія знаходзяцца пад напружаннем. Складаецца з уласна ізалятара (робіцца з цвёрдых дыэлектрыкаў — керамікі электратэхн., шкла, пластмасы, сіталаў і інш.) і мацавальных дэталей (з чыгуну, сталі, немагнітных матэрыялаў). Паверхню керамічных ізалятараў звычайна пакрываюць глазурай.
І.э. бываюць: нізка- (да 1000 В) і высакавольтавыя (больш за 1000 В); лінейныя, апорныя і прахадныя; унутранай і знадворнай устаноўкі. Лінейныя (штыравыя і падвесныя талеркавыя) прызначаны падтрымліваць правады — мацаваць іх да апор ліній электраперадачы; апорныя (штыравыя, флянцавыя) — для жорсткага мацавання шын, правадоў і асобных частак апаратаў; прахадныя — для ўводу вонкавых токаправодных частак эл. установак у памяшканні, апараты і інш. Пры напружанні 35 кВ і вышэй у трансфарматарах, выключальніках і інш. адказных апаратах ставяцца масланапоўненыя ізалятары (кандэнсатарныя ўводы). Высокачастотныя І.э. робяць з матэрыялаў з малымі дыэлектрычнымі стратамі (ультрафарфор, стэатыт). Да І.э. адносяцца таксама ролікі ўнуранай эл. праводкі, ізалявальныя трубкі, утулкі, шайбы і інш.
У.М.Сацута.
Асноўныя тыпыізалятараў электрычных: 1, 2 — лінейныя штыравы і падвесны (талеркавы); 3, 4 — станцыйныя апорны флянцавы і прахадны; 5 — кандэнсатарны ўвод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць збліжэнне разнастайных элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, у сац. супольнасць, сістэму, цэлае; формы падтрымання сац. групамі пэўнай устойлівасці і раўнавагі грамадскіх адносін; здольнасць сац. сістэмы або яе частак да самазахавання шляхам пераадолення ўнутр. і знешніх супярэчнасцей, напружанняў і інш. Агульнапрынятай канцэпцыі і адзінага універсальнага паняцця І.с. пакуль што не выпрацавана. Як праблема агульнай тэорыі сацыякульт. сістэм займае важнае месца ў зах. сацыялогіі з 1950-х г. Э.Дзюркгейм, М.Вебер, В.Парэта інтэграцыю сац. сістэмы разглядалі ў сувязі з існаваннем агульных для яе членаў каштоўнасцей і норм. Уяўленні аб поўнай інтэграцыі грамадства развівалі прадстаўнікі функцыяналісцкай антрапалогіі (Б.Маліноўскі, А.Р.Радкліф-Браўн і інш.). Т.Парсанс увёў паняцці нарматыўнай і каштоўнаснай І.с. і разглядаў яе функцыі ў сац. сістэме. Тэарэтыкі нефункцыялісцкіх кірункаў (Р.Бендыкс, А.Гоўлднер) сцвярджалі, што на практыцы высокі ўзровень інтэграцыі недасяжны і нават шкодны, бо пазбаўляе сац. сістэму гнуткасці і рухомасці. У адпаведнасці з прынятым у амер. сацыялогіі падзелам грамадскай сістэмы на культ. і сац. падсістэмы адрозніваюць 4 тыпы І.с.: культурную, нарматыўную, камунікатыўную і функцыянальную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКА-ТЫБЕ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
сіна-тыбецкія мовы, сям’я моў, адна з самых вял. у свеце. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі. Уключаюць больш за 100 (паводле інш. звестак — некалькі сотняў) моў. Падзяляюць на 2 асн. галіны: кіт. (кітайская мова, дунганская, магчыма, мова бай, або мінцзя) і тыбецка-бірманскую (бірманская мова, тыбецкая мова, мовы карэнскія, хані, маніпуры, або мейтхей, бадо, або качары, гаро, цзінпо, або качын, лісу, таманг, неварская, гурунг). Існуюць 2 асн.тыпы іх пісьменнасцей: пікта-ідэаграфічныя (кіт. іерогліфіка, тангуцкае пісьмо, пісьмо насі і пісьмо i) і фанетычныя пісьменнасці інд. паходжання — тыбецкія і бірманскія алфавіты, пісьмо невары, ронг, або ленча, маніпуры, мёртвай мовы п’ю, і пісьменнасці, створаныя на аснове лац. ці рус. алфавіта — мовы падгрупы лоло. К.-т. м. коранескладовыя, ізалюючыя з тэндэнцыяй да аглюцінацыі. Марфема, як правіла, адпавядае складу; корань звычайна не змяняецца. Часціны мовы вылучаюцца па значэнні слоў, па іх здольнасці ўжывацца ў складзе пэўных сінтакс. канструкцый і па спалучальнасці са службовымі марфемамі.
Літ.:
Яхонтов С.Е. Глоттохронология и китайско-тибетская семья языков. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІС (ад грэч. krisis рашэнне, пераломны момант, зыход),
рэзкі, круты пералом у чым-небудзь; цяжкі, пераходны стан у працэсе дыялект. развіцця прыродных і грамадскіх з’яў. У выніку яго развіццё ўступае ў наступную стадыю і працягваецца далей на якасна іншым узроўні. У залежнасці ад маштабаў і характару К. падзяляюцца на частковыя, сістэмныя, агульныя, усеагульныя; прыродныя, псіхал., духоўныя, мед., грамадскія і інш. Грамадскія К. ахопліваюць розныя галіны грамадскага жыцця або гіст.тыпы грамадства (фармацыі, цывілізацыі), ім папярэднічаюць абвастрэнне грамадскіх супярэчнасцей (паміж сац. групамі, класамі, паліт. групоўкамі і г.д.), сац. дэфармацыі, нарастанне цяжкасцей у розных сферах жыццядзейнасці людзей. Найб. цяжкім вынікам крызісных з’яў 1-й пал. 20 ст. сталі 1-я і 2-я сусв. войны. Сусветныя маштабы і значныя сац.-эканам. наступствы меў эканам. К. 1929—33. У канцы 1980—90-х г. крызісныя з’явы ахапілі розныя сферы сац.-эканам. і паліт. жыцця шэрагу краін Усх. Еўропы, Д. Усходу, Пад. Азіі і інш.Гл. таксама Крызіс палітычны, Крызісы ўзроставыя, Крызіс эканамічны, Крызіс экалагічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАТКО́ВАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць мерапрыемстваў адпаведных органаў дзярж. улады і дзярж. кіравання ў галіне падаткаў і падаткаабкладання; частка агульнай фінансавай палітыкі дзяржавы. П.п. вынікае з сутнасці і функцыі падатку і заключаецца ў спагнанні дзяржавай часткі сукупнага грамадскага прадукту на агульнадзярж. патрэбы, у мабілізацыі гэтых сродкаў і пераразмеркаванні іх праз бюджэт. П.п. рэалізуецца праз падатковы механізм, які ўяўляе сабой сукупнасць арганізац.-прававых норм, метадаў і форм дзярж. кіравання падаткаабкладаннем праз сістэму розных надбудовачных інструментаў (падатковыя стаўкі, падатковыя льготы, спосабы абкладання і інш.). Функцыянаванне падатковага механізму забяспечваецца праз арганізац. структуры, прававое рэгуляванне і рэгламентаванне, планаванне (прагназіраванне), рыначнае рэгуляванне, кіраванне. На Беларусі гал. суб’ектам П.п. з’яўляецца дзяржава, а яе асновай — адносіны паміж дзяржавай і гасп. суб’ектамі. Вылучаюць 3 тыпы П.п.: палітыка максімальных падаткаў, калі існуе верагоднасць таго, што іх павышэнне вядзе да зніжэння матывацыі дзейнасці і не суправаджаецца прыростам дзярж. даходаў; палітыка аптымальных падаткаў, якая садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва і малога бізнесу, забяспечвае ім спрыяльны падатковы клімат; П.п., якая прадугледжвае даволі высокі ўзровень абкладання, але пры значнай дзярж.сац. абароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРАМАСА́КС (ням. Skramasax),
адзін з відаў колюча-сякучай халоднай зброі бліжняга бою. Нож з прамым адналязовым клінком (даўж. 20—50 см, шыр. 2—4 см) з патоўшчанай спінкай і дзяржаннем. Вядомы з пач.н.э. У эпоху Вял. перасялення народаў С. — тыповая зброя «варвараў» Паўн.-Зах. і Сярэдняй Еўропы; напр., у франкаў — асн. від узбраення. З сярэдзіны 1-га тыс.н.э. ўвайшоў у баявы ўжытак ч. балцкага і фінскага насельніцтва ўзбярэжжа Балт. мора. Для ўзбраення славян не характэрны. У 10—11 ст. знік з вайск. ўжытку. Ва Усх. Прусіі, зах. раёнах Літвы і Латвіі выкарыстоўваўся і ў 12 ст. (магчыма, і пазней). На Беларусі С. знойдзены пры раскопках селішча Гарадок (2-я пал. 9—пач. 10 ст.) і курганнага могільніка Вышадкі (10 ст.) Гарадоцкага р-на, у Віцебску і Мінску (12 ст.). Паводле меркавання некат. даследчыкаў, ад С. вядуць сваё паходжанне асобныя тыпыцесакоў і корды.
Літ.:
Кулаков В.И. Древности пруссов, VI—XIII вв. М., 1990;
Казакявичюс В.К. Оружие балтских племен II—VIII вв. на территории Литвы. Вильнюс, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАІ́СТАСЦЬгорных парод,
будова горных парод у выглядзе налягання аднаго на другі слаёў або пластоў. Уласціва большасці асадкавых і вулканагенна-асадкавых парод, метамарфічным і магматычным утварэнням. Адрозніваюць С. асадкавых тоўшчаў, унутры слоя (слойчатасць), магматычную першасную і рэліктавую метамарфічных тоўшчаў. С. асадкавыхтоўшчаў узнікае пры зменах гідрадынамічных і фіз.-хім.умоў асадканамнажэння пад уздзеяннем тэктанічных і кліматычных фактараў, можа ўзнікаць у выніку працэсаў дыягенезу і катагенезу. Утвараецца з гарыз. ці слабанахіленых слаёў парод, якія фарміруюць С. раўнамерную і нераўнамерную, тонкую, дробную, буйную і вельмі буйную. С. унутры слоя (слойчатасць) фарміруецца з тонкіх слайкоў, якія групуюцца ў серыі або пачкі; падзяляецца на гарызантальную, косую, хвалістую і інш. Вылучаюць генетычныя тыпы С.: рачны (рэчышчаў, поймаў, пляжаў), азёрны, азёрна-ледавіковы, часовых вадацёкаў, эолавы, зоны марскіх хваляванняў, цячэнняў і спакойнай седыментацыі. С. магматычная першасная ўласціва інтрузіям, якія крышталізаваліся ў спакойным тэктанічным становішчы і абумоўлена крышталізацыйнай дыферэнцыяцыяй магмы. С. рэшткавая метамарфічных тоўшчаў захоўваецца пры метамарфізацыі слаістых асадкавых і магматычных утварэнняў. С. улічваецца пры рэканструкцыі палеагеаграфічных умоў, стратыграфічным расчляненні, высвятленні ўмоў крышталізацыі інтрузій, пры пошуках карысных выкапняў.