КА́ЎКА (Cauca),

рака ў Калумбіі, левы прыток р. Магдалена. Даўж. 1350 км, пл. басейна каля 80 тыс. км². Пачынаецца на Пд Цэнтр. Кардыльеры, цячэ ў глыбокай тэктанічнай даліне паміж Цэнтр. і Зах. Кардыльерай, праразае горны масіў Анцьёкія, дзе ўтварае парогі і вадаспады, потым — па Прыкарыбскай нізіне, у шырокай даліне з пратокамі і азёрамі. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход каля 2000 м³/с. Суднаходная на ўчастках ад г. Калі да г. Картага і ад г. Анцьёкія да вусця (усяго 620 км).

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НГА, Куангу (Kwango, Cuango),

рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, левы прыток р. Касаі (бас. р. Конга). Даўж. каля 1200 км, пл. бас. 263,5 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда, цячэ на Пн у шырокай і глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады (Тваза, Франца-Іосіфа і інш.). Гал. прытокі — Вамба і Квілу (справа). Паводкі з вер. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 2700 м³/с. Рыбалоўства. Суднаходная ад парогаў Кінгушы да вусця (307 км) і часткова ў сярэднім цячэнні.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБА́НГА (Cubango),

Акаванга (Okavango), рака ў Афрыцы, у Анголе, Намібіі і Батсване. Даўж. каля 1600 км, пл. басейна каля 800 тыс. км². Пачынаецца на пласкагор’і Біе ў Анголе, у вярхоўі парожыстая. Заканчваецца ў вобласці ўнутр. сцёку Калахары, утварае балоцістую дэльту (балота Акаванга). Паўд. рукаў дэльты ўпадае ў воз. Нгамі, паўн. (перыядычны) — у р. Кванда (прыток р. Замбезі), рукаў Батлетле жывіць балота ўпадзіны Макгадыкгадзі. Гал. прыток — р. Квіта (злева). Сярэдні гадавы расход вады 255 м³/с. Высокі ўзровень і паводкі ў час летніх дажджоў.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМАРЭ́ (Mamoré),

у вярхоўях Рыо-Грандэ, рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Балівіі і па мяжы Балівіі з Бразіліяй. Зліваецца з р. Бені і ўтварае р. Мадэйра (прыток р. Амазонка). Даўж. 2300 км, пл. басейна 620 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна сярод саваннаў і саваннавых лясоў па раўнінах Балівіі. У ніжнім цячэнні парогі і вадаспады. Найб. прыток Гуапарэ (правы). Разводдзе з лют. да красавіка. Сярэдні расход вады 8100 м³/см. Суднаходная паміж гарадамі Гуажара-Мірын і Ікеронес.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-АТЛАНТЫ́ЧНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна, працяг Гальфстрыма. Пачынаецца каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі і накіравана на ПнУ — у Нарвежскае мора. Каля 60° паўн. ш. разгаліноўваецца на Ірмінгера цячэнне і Нарвежскае цячэнне. Т-ра вады ад 7 да 15 °C. Скорасць на Пд 0,9—1,8 км/гадз на ПнУ да 0,4—0,7 км/гадз. Расход вады мяняецца ў залежнасці ад інтэнсіўнасці Гальфстрыма. Ваганні расходу вады і цеплавога стану П.-А.ц. ўплываюць на надвор’е і клімат Зах. і Паўн. Еўропы.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГУА́Я (Araguaia, Araguaya),

рака ў Бразіліі, левы прыток р. Такантынс (сістэма р. Амазонка). Даўж. 2630 км, пл. бас. каля 370 тыс. км². Пачынаецца на паўд.-зах. ускраіне Бразільскага пласкагор’я, цячэ па ім з Пд на Пн, у сярэднім цячэнні разгаліноўваецца на 2 рукавы, утварае самы буйны рачны в-аў Бананал (даўж. больш за 300 км, шыр. 75 км). У нізоўі — парогі. Паўнаводная ў перыяд дажджоў (з ліст. да сакавіка). Сярэдні расход вады каля 8,5 тыс. м³/с. Суднаходная (у сярэднім цячэнні) на працягу 1300 км.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́НКАВАЯ ФО́РМА,

ліцейная форма разавага выкарыстання з дзвюх змацаваных рэльефных паўформаў з таўшчынёй сценак 6—10 мм. Вырабляецца на аўтам. і паўаўтам. машынах з сумесі дробнага кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай парашкападобнай тэрмарэактыўнай смалы. Пры награванні смала плавіцца і абвалаквае пясчынкі, пры далейшым награванні — цвярдзее і звязвае пясок у трывалую абалонку. Паўформы змацоўваюць па фіксатарах з дапамогай скобаў, шрубцынгаў ці склейваюць. У абалонкавай форме атрымліваюць адліўкі масай да 100 кг. Расход фармовачнай сумесі ў 8—10 разоў меншы, чым пры ліцці ў пясчана-гліністыя формы.

Абалонкавая форма.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ЧЭГДА,

рака на Пн еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Комі і Архангельскай вобл., правы прыток Паўночнай Дзвіны. Даўж. 1130 км, пл. бас. 121 тыс. км². Пачынаецца на схілах Ціманскага кража. У вярхоўях даліна вузкая, ёсць парогі, ніжэй — шырокая; у пойме шмат праток і старыц. Гал. прытокі: Вым (справа), Сысала (злева).

Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 1160 м³/с. Суднаходная да прыстані Вольдзіна (938 км). Сплаўная. На Вычэгдзе — г. Сыктыўкар, Сольвычагодск, Котлас (у вусці).

т. 4, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ТКА,

рака ў еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі, ва Удмурціі, Кіраўскай вобл. і Татарстане, правы прыток Камы. Даўж. 1314 км, пл. бас. 129 тыс. км². Пачынаецца на Верхнякамскім узв. Тыпова раўнінная рака, звілістая на ўсім працягу. У рэчышчы частыя завалы, на пойме шмат азёр і старыц. Асн. прытокі: Кобра, Малома, Піжма (справа), Чапца, Кільмезь (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 890 м³/с. Сплаўная. Суднаходная да г. Кіраў (700 км), вясной да прыстані Кірс (1000 км). Гал. прыстані: Кіраў, Кацельніч, Савецкі, Вяцкія Паляны.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫН (Drini),

рака ў Албаніі (вытокі ў Македоніі і Югаславіі). Утвараецца з сутокаў Чорнага і Белага Д. Даўж. 148 км, разам з Чорным Д. 281 км, пл. бас. 12,6 тыс. км². Асн. выток (Чорны Д.) пачынаецца ў Ахрыдскім воз., Белы Д. — у Паўн.-Албанскіх Альпах. Цячэ пераважна ў адгор’ях Паўн.-Албанскіх Альпаў, у нізоўі, на прыморскай нізіне, падзяляецца на 2 рукавы. Паўд. рукаў упадае ў Дрынскі зал. Адрыятычнага м., паўн. — у р. Буна. Сярэдні расход вады 290 м³/с. Суднаходная ў нізоўі. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Д. горад Кукес (Албанія).

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)