ГАМЕТАГЕНЕ́З (ад гаметы + ...генез),

працэс утварэння і развіцця палавых жаночых (аагенез) і мужчынскіх (сперматагенез) клетак — гамет. У шматклетачных арганізмах гаметагенез адбываецца ў палавых залозах (ганадах), уключае рад этапаў: адасабленне першасных палавых клетак (ганацытаў) ад іншых (саматычных) і іх міграцыю ў зачаткі ганад; размнажэнне першасных палавых клетак — сперматагоніяў і аагоніяў шляхам рада мітозаў; рост гэтых клетак (гаметацытаў); выспяванне гаметацытаў, іх дзяленне шляхам меёзу, у выніку якога лік храмасом памяншаецца ў 2 разы і ўтвараюцца гаплоідныя аатыды і сперматыды; фарміраванне спелых палавых клетак, у час якога сперматазоіды набываюць жгуцікі, а яйцаклеткі — некалькі абалонак. Гаметагенез у раслін аддзелены ад меёзу і адбываецца ў гаплоідным гаметафіце, што развіваецца з гаплоідных спор. У моха- і папарацепадобных, некат. голанасенных раслін, водарасцей і грыбоў гаметагенез ажыццяўляецца ў палавых органах (антэрыдыях і архегоніях) шляхам мітозаў. У пакрытанасенных мужчынскі гаметагенез працякае непасрэдна ў пылковым зерні, жаночы гаметагенез — у зародкавым мяшку.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАФІ́ЗІКА (ад агра... + фізіка),

агранамічная фізіка, навука пра фіз. працэсы ў глебе і раслінах, выкарыстанне метадаў і сродкаў рэгулявання фіз. умоў жыцця с.-г. культур для павышэння іх прадукцыйнасці. Сфарміравалася ў пач. 20 ст. Станаўленне аграфізікі звязана з імёнамі Э.​Расела, А.​Ф.​Іофе, Дз.​М.​Пранішнікава, М.​А.​Качынскага і інш. Развіваецца на аснове аграноміі і фізікі. Уключае: фізіку глебы і прыземнага слоя паветра, святлокультуру раслін, спосабы і сродкі рэгулявання вонкавых умоў жыцця раслін. На Беларусі праблемы аграфізікі вывучаюцца ў н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства, Бел. тэхнал. ун-це, Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Даследуюцца водна-фіз. і цеплавыя ўласцівасці, водна-паветраны рэжым, водны і цеплавы балансы глебаў, вільгацезабяспечанасць с.-г. і лясных культур, змена фактараў урадлівасці глебы пад уплывам меліярацыі і інтэнсіўнага земляробства, спосабы аптымізацыі фіз. умоў вырошчвання с.-г. культур, уздзеянне ўмоў навакольнага асяроддзя на працэс фотасінтэзу (С.​Г.​Скарапанаў, В.​Ф.​Шабека, К.​П.​Лундзін, Р.​І.​Афанасік, Л.​П.​Смаляк, У.​Л.​Калер, М.​І.​Афанасьеў). Вынікі даследаванняў з’яўляюцца тэарэт. асновай гідратэхн. меліярацыі і апрацоўкі глебаў, павышэння прадукцыйнасці раслін, выкарыстоўваюцца ў агратэхніцы.

Літ.:

Растворова О.Г. Физика почв. Л., 1983;

Агрофизические свойства почв и их регулирование в условиях интенсивного земледелия. Саранск, 1989.

М.​І.​Афанасьеў.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

плач, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. плакаць (у 1 знач.), а таксама гукі, якія суправаджаюць гэтае дзеянне. У канцы вёскі чуўся плач, жаночыя крыкі, ды высока пад старымі ліпамі ўзвіхрыліся клубы чорнага дыму. Лынькоў.

•••

Плач раслін — выдзяленне соку з пня, галіны, сцябла расліны пры іх пашкоджанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АГРАХІ́МІЯ (ад агра... + хімія),

агранамічная хімія, навука пра хім. працэсы ў глебе і раслінах, жыўленне раслін, выкарыстанне ўгнаенняў і сродкаў хім. меліярацыі глебаў; аснова хімізацыі сельскай гаспадаркі. Грунтуецца на дасягненнях аграноміі і хіміі.

Пачала фарміравацца ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Адзін з заснавальнікаў аграхіміі франц. вучоны Ж.​Бусенго. Развіццё ў Расіі звязана з працамі М.​І.​Афоніна, А.​Ц.​Болатава, А.​А.​Нартава, М.​Г.​Паўлава і інш., у замежжы — шведскага хіміка І.​Валерыуса, ням. Ю.​Лібіха і А.​Тэера. У галіне аграхіміі працавалі Дз.​І.​Мендзялееў (першыя доследы па вывучэнні эфектыўнасці ўгнаенняў), К.​А.​Ціміразеў, П.​А.​Костычаў, Дз.​М.​Пранішнікаў (заснавальнік аграхім. школы; распрацаваў тэорыю азотнага жыўлення раслін, навук. асновы фасфарытавання глеб) і інш. Вынікі аграхім. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы пытанняў аховы земляў, ажыццяўленні папераджальных мер барацьбы з забруджваннем глебы.

На Беларусі першыя аграхім. даследаванні праведзены ў Горы-Горацкай земляробчай школе (вывучэнне эфектыўнасці гною), на Беняконскай с.-г. (выкарыстанне лубіну на зялёнае ўгнаенне) і Мінскай балотнай (дзеянне ўгнаенняў на тарфяных глебах) доследных станцыях. Як самаст. навука развіваецца з 1920-х г.: распрацоўка асноў вапнавання глебаў і вывучэнне дзеяння ўгнаенняў на розных глебах і культурах (А.​К.​Кедраў-Зіхман, Р.​І.​Пратасеня, І.​Р.​Уласенка, І.​К.​Шпілеўскі, В.​І.​Штэмпель, В.​С.​Рубанаў, У.​М.​Пілько, Р.​Т.​Вільдфлуш, З.​П.​Ганчарова, Б.​Б.​Бельскі), распрацоўка рацыянальных спосабаў выкарыстання сідэратаў (Я.​К.​Аляксееў) і торфу як угнаення. Н.-д. работа па праблемах аграхіміі вядзецца ў Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, які стаў метадычным цэнтрам па кіраўніцтве Дзярж. аграхім. службай і геагр. сеткай доследаў з угнаеннямі, а таксама ў н.-д. ін-тах земляробства і кармоў, меліярацыі і лугаводства, пладаводства, агародніцтва, бульбы, Бел. с.-г. акадэміі, Гродзенскім с.-г. ін-це, аддзелах аграхіміі абл. доследных станцый. Распрацаваны тэарэт. асновы і спосабы выкарыстання ўгнаенняў пад запланаваны ўраджай з улікам уласцівасцяў глебаў і біял. асаблівасцяў культур. Вывучаецца аграхімія глебаў і жыўлення раслін з дапамогай мечаных атамаў (С.​Н.​Іваноў). Складаюцца дэталёвыя планы выкарыстання ўгнаенняў для палёў і культур кожнай гаспадаркі рэспублікі, размяркоўваюцца фонды мінер. угнаенняў і вапны, робяцца прагнозы ўраджайнасці с.-г. культур, разлікі планавай і фактычнай акупнасці ўгнаенняў (Т.​Н.​Кулакоўская, І.​М.​Багдзевіч, Л.​П.​Дзяткоўская, Р.​У.​Васілюк). З 1980-х г. роля аграхіміі ў рашэнні праблем сельскай гаспадаркі нязмерна вырасла. Інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання с.-г. культур у многім базіруюцца на рацыянальным выкарыстанні ўгнаенняў і інш. хім. сродкаў, што патрабуе распрацоўкі аптымальных рэжымаў жыўлення раслін, новых формаў угнаенняў і спосабаў іх прымянення.

Літ.:

Новое в повышении плодородия почв. Мн., 1988;

Агрохимическая характеристика почв сельскохозяйственных угодий Республики Беларусь. Ч. 1—2. Мн., 1992.

П.​І.​Шкурынаў.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тып, -а і -у, мн. -ы, -аў, м.

1. -у. Мадэль, узор, форма з прыкметамі, якім адпавядае пэўная група прадметаў, з’яў.

Трактар новага тыпу.

Т. гаспадаркі.

2. -у. Вышэйшы падраздзел у сістэматызацыі раслін і жывёл, які аб’ядноўвае роднасныя класы (спец.).

Т. членістаногіх.

3. -у. Характэрны фізічны склад, знешні выгляд чалавека, звязаны з яго этнічнай прыналежнасцю.

Славянскі т. твару.

4. -у. Катэгорыя людзей, аб’яднаных супольнасцю якіх-н. характэрных унутраных або знешніх рыс.

Т. літаратурнага героя.

5. -а. Асобны чалавек, індывідуум, які вылучаецца сярод іншых характэрнымі рысамі (звычайна адмоўнымі).

Гэты т. выдаваў сябе за журналіста.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ідыяты́п

(ад гр. idios = свой, уласны + тып)

сукупнасць спадчынных фактараў асобіны, якая складаецца з геному, плазмону, а ў зялёных раслін яшчэ і з пластома.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

метыза́цыя

(фр. métisation)

скрыжаванне розных парод жывёлы (у межах аднаго віду), а таксама розных сартоў раслін для паляпшэння старой або вывядзення новай пароды, сорту.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

абарты́ўны

(лац. abortivus = неданошаны, раней часу народжаны)

1) накіраваны на спыненне якога-н. працэсу (напр. хваробы);

2) біял. недаразвіты (напр. а-ыя органы раслін).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАЛО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

CH2(COOH)2, двухасноўная кіслата насычанага раду. У свабодным выглядзе прысутнічае ў раслінах: лісці бабовых, зялёных ч. злакаў і парасонавых, пладах лімону. Удзельнічае ў абмене рэчываў у раслін і жывёл у форме соляў — маланатаў, у біясінтэзе тлустых кіслот. М.к. можа дэкарбаксіліравацца з утварэннем ацэтылкаферменту А, які ўдзельнічае ў цыкле трыкарбонавых к-т. Солі М.к. — інгібітары клетачнага дыхання.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁВЫЯ ФО́РМЫ,

1) у жывёл — група асобін, што маюць падобныя морфаэкалагічныя прыстасаванні для пражывання ў аднолькавым асяроддзі. Характэрна змена Ж.ф. у антагенезе для відаў, развіццё якіх ідзе з метамарфозам (ад лічынкі да дарослага насякомага). У аснове класіфікацыі жывёл — асаблівасці размнажэння, эколага-марфал. прыстасаванні, спосабы перамяшчэння, здабычы ежы і яе характар, аднесенасць да ландшафту, ступень актыўнасці і інш. 2) Ж.ф. ў раслін — вонкавы выгляд (габітус), які адлюстроўвае іх прыстасаванасць да ўмоў асяроддзя; адзінка экалагічнай класіфікацыі. Складаюцца ў выніку натуральнага адбору ў пэўных умовах асяроддзя. Ж.ф. груп раслін адлюстроўваюць іх прыстасаванасць да рассялення і замацавання на тэрыторыі, да найб. поўнага выкарыстання ўсяго комплексу ўмоў месцазнаходжання. Змяняецца ў антагенезе (напр., аднагадовыя сеянцы елкі або дуба яшчэ не маюць формы дрэва), таму пад Ж.ф. класіфікацыйнай адзінкай лічыцца сукупнасць дарослых асобін. Адзін і той жа від раслін у розных умовах можа мець розныя Ж.ф. (дуб, елка, ядловец і інш. ў лясной зоне або лясным поясе гор — высакастволыя дрэвы, а на паўн. і вышыннай межах арэала — кусты або сланікі). У класіфікацыю можа ўваходзіць група раслін з падобнымі прыстасавальнымі структурамі, не абавязкова звязаных роднасцю (напр., кактусы і некат. малачаі ўтвараюць формы сцябловых сукулентаў). Тэрмін Ж.ф. прапанаваў дацкі батанік І.​Э.​Вармінг (1884). Пры гэтым ён разумеў форму, у якой вегетатыўнае цела расліны знаходзіцца ў гармоніі з навакольным асяроддзем на працягу ўсяго жыцця, ад насення да адмірання. Найб. пашырана класіфікацыя Ж.ф., прапанаваная дацкім батанікам К.​Раўнкіерам (1905, 1907), які вылучае 5 асн. Ж.ф. (гл. Сістэма Раўнкіера). Змяненні Ж.ф. выкарыстоўваюцца для работ па інтрадукцыі раслін.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)