ПЕРАЛІ́ЎНІЦЫ (Apatura),

род дзённых матылёў сям. німфаяід. Пашыраны ў Еўразіі; на тэр. ад Усх. Еўропы да Д. Усходу трапляецца 5 відаў. Жывуць у разнастайных ландшафтах умеранай зоны. На Беларусі 2 віды; П. вялікая, або вярбовая (A. iris), занесеная ў Чырв. кнігу, і малая, або таполевая (A. ilia). Трапляюцца на лясных палянах, лугах, у парках, садах, уздоўж дарог.

Размах крылаў да 85 мм. Афарбоўка яркая. Верхні бок крылаў самцоў з фіялетавым або сіняватым адлівам. Дарослыя кормяцца сокамі раслін, нектарам кветак, вусені — лісцем дрэў і травяністых раслін.

С.​Л.​Максімава.

Пераліўніцы: 1 — малая (а — яе вусень; б — кукалка); 2 — Шрэнка.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)