НІКІФАРО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (17.5.1845, в. Вымна Віцебскага р-на — 10.6.1910),
бел. этнограф і фалькларыст. Правадз.чл.Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маск. ун-та (з 1890), Рус.геагр.т-ва (з 1897). Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1867). Настаўнічаў у Віцебску, Свіслацкай і Маладзечанскай настаўніцкай семінарыях. Вывучаў побыт і нар. духоўную і матэрыяльную культуру Беларусі. Супрацоўнічаў з П.В.Шэйнам, дасылаў яму шмат фальклорна-этнагр. матэрыялаў, якія той апублікаваў у сваіх зб-ках «Беларускія народныя песні» (1874) і ў «Матэрыялах для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902; апісанні калядных свят, хаджэнні і песні валачобнікаў, юр’еўскія і жніўныя абрады і песні, купальскія святкаванні, апісанні вяселля ў Віцебскай і Гродзенскай губ., пахавальных і памінальных звычаяў, дзядоў; усяго 60 запісаў). Выдаў каля 20 прац па фальклоры, этнаграфіі і гісторыі Віцебшчыны. У «Нарысах Віцебскай Беларусі» ( ч. 1—8, 1892—99) апісаў побыт, сац.-эканам. становішча і жыццё асобных груп насельніцтва (старцаў, музы́каў і інш.). Аўтар прац «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895), «Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны» (1897), «Простанародныя загадкі» (1898), «Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу» (1907, 2-е выд. Віцебск, 1995). Зб-кі «Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі» (1910—13), «Беларускія песні-частушкі» (1911) і праца «Напаўпрыказкі — напаўпрыслаўкі» (1928) выйшлі пасля смерці Н.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 1. Вильна, 1904;
Стукалич В.К. Н.Я.Никифоровский, 1845—1910 гг. Вильна, 1910;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Прыгаша́ць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’ (Ласт.). Да незафіксаванага *го́шыць/*гашы́ць ’прыводзіць у належны стан; гатаваць, рыхтаваць і пад.’, параўн. ст.-рус.гоши(ти) ’рыхтавацца’ (берасцяная грамата XII ст., Зализняк, Древненовг., 318), гошити ’рабіць, рыхтаваць’ (наўг., Сразн., помнік XVI ст.), рус.смал., пск., наўг., цвяр., ярасл.гоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць; збіраць у дарогу; назапашваць’, укр.закарп.гоши́ти, гоші́ти ’падпільноўваць каго-небудзь; што-небудзь вельмі любіць’, гоши́тися, гоші́тися ’гатавацца; узбуджацца’. Філін (Происх., 593) лічыў гошити старажытным паўночна-заходнім лексічным дыялектызмам, які быў вядомы і на крайнім паўднёвым захадзе. Звязваюць таксама з гоноши́ть ’нагрувашчваць, збіраць’, гоноши́ться ’рыхтавацца’ (так ЕСУМ, 1, 578), што не падаецца пэўным (параўн. у гэтым кантэксце прасл.*gonositi ў ЭССЯ, 7, 25–26). Этымалогія беспрэфіксальных форм няясная. Ва ўсякім выпадку, не мае рацыі апеляцыя да вельмі сумнеўнага *го́ха ’харчовыя прыпасы’ (ЕСУМ, 1, 578). Параўн. рус.пск., цвяр.пригоша́ть, пригоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць на запас’, пск.приго́ха ’страва; харчовыя прыпасы’. На семантыку наўг.приго́ха ’прыгожая дзяўчына, жанчына; прыгажуня’, як і бел.прыгашаць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’, паўплывала, безумоўна, семантыка лексем з коранем прыго́ж‑. Гл. Антропаў, Palaeoslavica, XII, 1, 2004, 141–142.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДЫЯЛЕ́КТНЫ СЛО́ЎНІК, абласны слоўнік,
жанр рознатыповых лінгвістычных даведнікаў, у якіх падаецца мясц. лексіка абмежаванага тэрытарыяльнага пашырэння. Паводле прынцыпаў адбору рэестравай лексікі Д.с. падзяляюцца на: поўныя (сістэмныя),
якія апісваюць усю без выключэння лексіку пэўнай гаворкі; дыферэнцыяльныя (гл. ў арт.Дыферэнцыяльны слоўнік); зводныя (агульныя), што змяшчаюць дыялектную лексіку розных рэгіёнаў ці розных гаворак пэўнай нац. мовы (напр., «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Беларускае дыялектнае слова» Л.Ф.Шаталавай, 1975, і інш.; своеасаблівая разнавіднасць зводнага Д.с. — дыялекталагічны атлас); рэгіянальныя (абласныя, краёвыя), што падаюць мясцовыя словы пэўнай гаворкі, групы гаворак ці пэўнага рэгіёна, якімі гэтыя гаворкі адрозніваюцца ад інш.бел. гаворак [напр., «Віцебскі краёвы слоўнік» М.І.Каспяровіча, 1927, «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» А.Варлыгі, 1970, «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, і інш.]. Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с.: мясцовай лексікі (большасць бел. Д.с.); народна-дыялектнай фразеалогіі («Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі», Е.С.Мяцельскай і Я.М.Камароўскага, 1972; гл. таксама ў арт.Фразеалагічны слоўнік); парэміялагічныя («Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі» Ф.М.Янкоўскага, 1957, «Паслухай, што людзі кажуць» В.І.Рабкевіча, 1985, і інш.); анамастычныя (напр., «Мікратапанімічныя назвы» Я.М.Адамовіча, 1971); словаўтваральныя (напр., «Народная лексіка і словаўтварэнне» П.У.Сцяцко, 1972, «Народнае вытворнае слова: 3 гаворкі Мсціслаўшчыны» Г.Ф.Юрчанкі, вып. 1—3, 1981—85). У залежнасці ад прынцыпаў семантызацыі выкарыстаных рэестравых слоў вылучаюцца Д.с.: тлумачальныя (большасць бел. Д.с.), перакладныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча, факс. выд., 1983), сінанімічныя (напр., «Народная сінаніміка» Юрчанкі, 1969), тэматычныя (напр., «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1. Раслінны і жывёльны свет, 1993). Большасць бел. Д.с. складаліся на матэрыяле палявых запісаў дыялектных слоў, але існуюць і такія, лексіка якіх адбіралася з літ. крыніц: «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік» М.В.Абабуркі (1979), і інш.
Літ.:
Крывіцкі А.А. Сучасная беларуская дыялектная лексікаграфія: Стан і перспектывы // Македонски jазик. 1980. Т. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Аціля́кавацца ’надта марудзіць, абыякава адносіцца да справы’ (Янк. Мат.), ацялякаваць, ацялякавацца ’марудзіць’ (КСП), ацілягавацца ’марудзіць, нядбайна адносіцца да працы’ (КЭС, лаг.), ацялягвацца ’рабіць нешта павольна’ (мядз., Цыхун, вусн. паведамл.), аціляка ’марудная, павольная ў справе асоба’ (міёр., Крыўко, вусн. паведамл.). Магчыма, запазычанне з літоўскай мовы, параўн. atsilìkti, atsiliẽkti ’адстаць, адставаць’, зваротны прыставачны дзеяслоў ад lìkti, liẽka ’аставацца, астацца’, крыніцай запазычання магла быць форма 3‑й ас. адз. л. atsiliẽka (адносна апошняй формы гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 209), параўн. аціляка, з пазнейшым расшырэннем адыменнай дзеяслоўнай асновы суфіксам ‑ва‑, параўн. прастарэка ’балбатун’ — прастарэкаваць ’гаварыць лухту, балбатаць’, варыянтнасць у корані слова тлумачыцца фанетычна: а замест і ў выніку прыпадабнення складоў, г замест к як вынік азванчэння ў інтэрвакальным становішчы, параўн. дыял.стага́н, ’шклянка’ і інш. У карысць такой версіі сведчаць і лінгвагеаграфічныя даныя, аднак яны не пярэчаць і іншай версіі: ацялякавацца ад целекаваты, у сваю чаргу ўтворанага ад вядомага з гаворак на беларуска-літоўскім паграніччы і паўночна-ўсходніх польскіх гаворак цяляк (cielak) цяля; дурнаваты, няразвіты хлопец’, раней таксама ’пастух цялят; гультай, разява’. Больш праблематычнай здаецца сувязь з полац.цюлёгаць ’квэцаць, рабіць абы-як’ (Садоўскі, вусн. паведамл.), польск.ciulać ’марудна і абы-як рабіць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́тлы ’ветлівы, прыветлівы, ласкавы’ (БРС, КТС, Касп.), (у)вѣтлый (Нік., Оч., 1), ве́тла (Гарэц., Яруш., БРС, КТС, Касп.), ветласць ’уласцівасць ветлівага чалавека, прыветлівасць’ (Гарэц., КТС, БРС), вѣтлыс(т)ь (Нік., Оч., 1). Рус.пск., смал., калін., калуж., прэйл.ве́тлый ’прыветлівы, ласкавы, мілы; гаваркі’, смал. ’вясёлы’. Паўночна-ўсходнеславянскае ўтварэнне ад větъ і ‑lъ. У сучасных слав. мовах větъ не захавалася, ёсць шматлікія дэрываты: рус.ответ, привет, обет, совет, вече, завещать, чэш.závěť, dovětek, oběť, славен.obečati, серб.-харв.ве́ћати, ст.-слав.вѣтъ, ст.-рус.вѣтъ ’нарада, рада, дагавор’; ’павучанне, саромленне’, якое збліжаецца этымолагамі (Фасмер, 1, 305; Махэк, 687) са ст.-прус.waitiāmai ’гаворым’, waitiāt ’гаворыць’, літ.vaitenù ’мяркую’, vaiténti ’кіраваць, вызначаць, меркаваць’, авест.vaēϑ‑ ’вызначыць суровым следствам’, vaēϑa ’судовае заключэнне’. Адносна сувязі слова větiti і vějati ’дзьмуць’ гл. Тапароў, КСИС, 25, 1958, 86–87, які далучае да іх і слав.větii (< *vēt‑i) ’аратар’. Вайян (RÉS, 24, 1947, 152–155), паводле ст.-слав.отъвѣ (замест отъвѣшта), дапускае корань vě‑ (а не vět‑), які маецца ў дзеяслове вѣꙗти (семантыка яго развівалася наступным чынам: ’веяць’, г. зн. ’аддзяляць’ → ’вырашаць’ → ’судзіць’). У сувязі з і.-е.*vet‑: *ve‑ параўн. таксама тахар. A, тахар. Bwätk ’раздзяляць, вырашаць, загадваць’ і we‑ ’гаварыць’; падобнае развіццё значэння назіраецца ў лац.cernere ’аддзяляць’; ’вырашаць’, грэч.κρίνειν ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Се́вер ‘поўнач’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘паўночны вецер, холад’ (Касп., Варл., Сцяшк.; паст., лаг., Сл. ПЗБ; Хрэст. дыял.; бых., Мат. Гродз.), северы́к ‘тс’ (Анім. дад.), се́верыць ‘трэскацца ад холаду’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад сонца і ветру (пра вусны і скуру на руках і нагах)’ (Варл.). Параўн. укр.сі́вер ‘халодны, пранізлівы вецер, холад’, ‘поўнач’, рус.се́вер ‘поўнач’, ст.-рус.сѣверъ ‘поўнач; паўночны вецер’, польск.дыял.śevorecka ‘імжа’, чэш.sever, славац.sever ‘тс’, в.-луж.sowjer ‘марыва, туман’, славен.séver ‘паўночны бок неба, вецер з таго боку’, серб.-харв.се̏вер ‘поўнач’, балг.се́вер, макед.север ‘тс’, ст.-слав.сѣверъ ‘поўнач, паўночны вецер’. Прасл.*severъ, якое мае адпаведнікі ў літ.šiarỹs ‘паўночны вецер’, šiarús ‘злосны, пранізлівы да касцей (вецер)’, лат.caurus ‘паўночна-ўсходні вецер’ і г. д., якія, як мяркуюць, роднасныя і.-е.*seu̯‑ ‘левы’. Гл. Фасмер, 3, 588 з літ-рай і наст.; ESJSt, 13, 812; Глухак, 552; Бязлай, 3, 231. Махэк₂ (542), які, следам за Эрхардам (SbP (Brno), 6, 5–7), прытрымліваецца гэтай версіі, тлумачыць гэта тым, што старажытныя людзі пры прынясенні ахвяр стаялі тварам да ўсходу, так што поўнач была ў іх з левака боку. Трубачоў (Этногенез₂, 386) звязвае племянную назву *sěver(ʼ)ane з яе лакалізацыяй на паўночным (левым) беразе Дуная. Гл. таксама сівер.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ІРКУ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУсх. Сібіры, у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 767,9 тыс.км². Нас. 2795 тыс.чал., гарадскога 79% (1996). У складзе І.в. Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга. Цэнтр — г.Іркуцк. Найб. гарады: Ангарск, Брацк, Усолле-Сібірскае, Усць-Ілімск, Усць-Кут, Чарамхова, Тулун.
Прырода. І.в. размешчана на ПдУ Сярэднесібірскага пласкагор’я (выш. 500—700 м). У яе межах на ПнУПаўночна-Байкальскае і Патамскае нагор’і (выш. да 1720 м), на Пд хрыбты Усх. Саяна (выш. да 2875 м) і Прыбайкалля (Прыморскі, выш. 1728 м, і Байкальскі, выш. 2572 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. руда, золата, слюда, магнезіт, графіт, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -15 °C (на Пд) да -33 °C (на Пн), ліп. 17—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў на пласкагор’і 400 мм, на паўн.-зах. і зах. схілах гор да 800 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас. Енісея і Лены; найб. Ангара (з прытокамі Іркут, Кітой, Белая, Ака, Ія, Уда, Біруса, Ілім); Ніжняя Тунгуска, Лена (з прытокамі Віцім і Кірэнга). Уздоўж паўд.-ўсх. мяжы вобласці воз. Байкал з в-вам Альхон. Глебы пераважна падзолістыя, на Пд у лесастэпавых раёнах шэрыя лясныя і чарназёмы, у гарах горныя лясныя і горныя тундравыя. Пад лесам каля 80% тэр. вобласці (хвоя, лістоўніца). Прыбайкальскі нац. прыродны парк.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці: паліўная (Іркуцкі і Чарамхоўскі вугальныя басейны), энергетыка (Брацкая, Іркуцкая, Мамаканская, Усць-Ілімская ГЭС, вытв-сць электраэнергіі 55,2 млрд.кВт-гадз, 1996), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, лесахім., чорная і каляровая металургія (сталь, алюміній); горназдаб. (жал. руда, каменны вугаль, золата, слюда, тальк, соль), маш.-буд. і металаапр. (абсталяванне для горназдаб. прам-сці і каляровай металургіі, станкі), хім. і нафтахім., буд. матэрыялаў, харчовая, мукамольна-крупяная і камбікормавая, лёгкая, шкляная і фарфора-фаянсавая. С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн.га, у т. л. пад ворывам 1,8 млн.га. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс) і кармавых культур; вырошчваюць бульбу, гародніну. Малочнамясная жывёлагадоўля, авечка- і свінагадоўля, на Пн пушны промысел, алене- і зверагадоўля. На воз. Байкал, рэках Ангара і Лена — рыбалоўства. Тэр. І.в. перасякае Транссібірская чыг. магістраль, зах. ўчастак Байкала-Амурскай магістралі. Гал. аўтадарогі: Маскоўскі тракт, Култук — мяжа Манголіі, Тулун—Брацк—Усць-Ілімск, Іркуцк—Качуг. Трубаправод Туймазы—Ангарск. Суднаходства па рэках Лена, Віцім, Ангара, воз. Байкал. Курорты: Ангара, Усолле, Усць-Кут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́НА (Янка) (сапр. Неслухоўскі Іван Люцыянавіч; 6.7.1851, Мінск — 16.7.1897),
бел.паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це на матэм. ф-це (1870—71), скончыў Пецярбургскі тэхналаг. ін-т (1877). У 1877—79 працаваў у чыг. майстэрнях Тыфліса, потым — у тэхн. бюро Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Упершыню выступіў у друку ў 1886. Пісаў на бел., польск., рус. мовах. Друкаваўся ў газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходнім календары на 1893 год» пад рэд. А.Слупскага, польскіх часопісах і штотыднёвіках «Głos Polski» («Польскі голас»), «Kłosy» («Калоссе»), «Kraj» («Край»), «Prawda» («Праўда»), «Życie» («Жыццё») і інш. Творчасць Л. выяўляла розныя ўзроўні маст. асэнсавання бел. рэчаіснасці 1880—90-х г., але была мэтанакіраванай у дэмакр. сцвярджэнні ідэалу свайго часу. Прадаўжаючы эстэт. традыцыі л-ры Беларусі сярэдзіны 19 ст., ён заставаўся традыцыйным у польска- і рускамоўных творах і адначасова быў наватарам у вершах, напісаных па-беларуску, дзе ўзаемадзейнічалі рэаліст. і рамант. пачаткі. Тэматычна яго паэзія звязана пераважна з жыццём бел. вёскі; гал. яе герой — селянін як найб. варты прадстаўнік радзімы і носьбіт сапраўднай маральнасці. Не прымаў бурж. стасункаў у грамадстве, разам з тым верыў у асветніцкі, тэхн. прагрэс, народжаны часам. Супярэчнасць у поглядах абумовіла яго ўвагу да ўнутр. перажыванняў асобы. Паэзіі Л. ўласцівы мяккі лірызм, роздумнае паглыбленне ў псіхал. стан чалавека. Яна спрыяла развіццю бел.філас. лірыкі. Польскамоўная паэма «Паляўнічыя акварэлькі» і бел. аўтапераклад яе раздзела «Стары паляўнічы» адкрылі перад бел. паэтамі шляхі пошукаў у напісанні нац. эпічных твораў («Новая зямля» Я.Коласа і інш.). У нарысе «З крывавых дзён» (1889) Л. ўзнаўляе карціны паўстання 1863—64 на Міншчыне. Пяру Л. належыць драматургічны абразок без назвы. Збіраў бел. фальклор і дасылаў яго П.Шэйну. Перакладаў з польск. мовы на бел. (У.Сыракомлю) і рускую (У.Сыракомлю, А.Асныка), з рус. на польскую (І.Крылова, М.Някрасава, В.Чуміну-Міхайлаву і інш.), з ням. (Г.Гейнэ), стараж.-грэч. (Гамера). Польскія творы Л. на бел. мову пераклалі М.Арочка, Р.Барадулін, М.Клімковіч, У.Мархель, М.Машара, П.Пестрак, Г.Тумаш, К.Цітоў, І.Чыгрын і інш.
Тв.:
Poezye. Warszawa, 1898;
Выбр. творы. Мн., 1953;
Вязанка. Пб., 1903 (факс. выд.Мн., 1992);
Творы. Мн., 1988.
Літ.:
Майхровіч С. Янка Лучына. Мн., 1952;
Лазарук М. Паэтычны вопыт Янкі Лучыны // Полымя. 1968. № 2;
Лойка А. Жальбы народнай і веры пясняр // Там жа. 1976. № 8;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛГА (у старажытнасці Ра, у сярэднія вякі Ітыль),
рака ў еўрапейскай ч. Расіі, адна з самых вял. рэк на зямным шары, буйнейшая ў Еўропе. Даўж. 3530 км, пл.бас. 1360 тыс.км². Пачынаецца на Валдайскім узв., цячэ да г. Казань амаль у шыротным, а потым у мерыдыянальным напрамку. Упадае ў Каспійскае м., утварае вял. (пл. 19 тыс.км²) дэльту.
Выток Волгі — крыніца каля в. Волга-Вярхоўе ў Калінінскай вобл. У вярхоўях Волгі працякае цераз Верхняволжскія азёры (найб. — Сцерж, Усялуг, Пена, Волга), сцёк якіх рэгулюецца плацінай (бейшлотам); ніжэй — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Іванькаўская, Угліцкая, Рыбінская, Горкаўская, Чэбаксарская, Волжская (Самарскае вадасх.), Саратаўская, Волжская імя XXII з’езда КПСС (Валгаградскае вадасховішча). У раёне Рыбінск—Яраслаўль і ніжэй г. Кастрама цячэ ў вузкай даліне сярод высокіх берагоў, перасякае Угліцка-Данілаўскае і Галіцка-Чухломскае ўзвышшы, далей — уздоўж Унжанскай і Балахнінскай нізін. У сярэднім цячэнні, ніжэй упадзення Акі, цячэ ўздоўж паўн. краю Прыволжскага узв., даліна асіметрычная. Правы бераг ракі высокі, левы — нізінны. У ніжнім цячэнні, пасля ўпадзення Камы, да Валгаграда асіметрычнасць даліны захоўваецца. Каля г. Тальяці Волга з У агінае Жыгулёўскія горы і ўтварае Самарскую Луку. У выніку стварэння вадасховішчаў рэжым Волгі ў значнай ступені зарэгуляваны. Ніжэй Валгаграда рака цячэ ў сваіх натуральных берагах. Волга прымае каля 200 прытокаў, найбольшыя: Ака, Сура, Свіяга (справа); Малога, Вятлуга, Кама, Самара, Вял. Іргіз (злева). Жыўленне снегавымі (80% гадавога сцёку), грунтавымі (30%) і дажджавымі (10%) водамі. Для рэжыму Волгі характэрны веснавое разводдзе (Крас.—чэрв.), летняя і зімовая межані, дажджавыя паводкі ўвосень і часткова летам. Ледастаў з канца ліст. ў верхнім і сярэднім цячэнні да пач.Крас., у ніжнім з пач.снеж. да сярэдзіны сакавіка. Сярэднегадавы расход вады каля г. Валгаград 7240 м³/с, у вусці — 7710 м³/с. Па берагах Волгі Астраханскі запаведнік, Волжска-Камскі і Жыгулёўскі запаведнікі, прыродныя нац. паркі Марый Чодра і Самарская Лука. Волга злучана з Балтыйскім м.Волга-Балтыйскім водным шляхам, з Белым м. — Паўночна-Дзвінскай воднай сістэмай і Беламорска-Балтыйскім каналам, з Азоўскім і Чорным марамі — Волга-Данскім суднаходным каналам, з р. Масква — Масквы імя каналам. Буйнейшая трансп. артэрыя еўрап.ч. Расіі, выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння. У Волзе каля 70 відаў рыб, з іх 40 прамысловых (вобла, селядзец, лешч, судак, сазан, сяўруга, сом, бялуга, асетр і інш.). Рэгулярнае суднаходства ад г. Ржэў (3256 км). Важнейшыя прамысл. цэнтры і парты: Цвер, Рыбінск, Яраслаўль, Кастрама, Ніжні Ноўгарад, Чэбаксары, Казань, Ульянаўск, Тальяці, Самара, Саратаў, Валгаград, Астрахань. Турызм. З абвастрэннем экалагічных праблем Волгі ў 1989 пачаў дзейнасць Камітэт выратавання Волгі.