Ву́жачкі ’расліна касач жоўты, Iris pseudacorus L.’ (Гарэц., Кіс., 68). Рус.ужик, узик ’шабельнік балотны, Comarum palustre’, укр.ужачкі ’касач жоўты’. Як заўважае Аненкаў (178), рус.ужик, відавочна, з узик ад узкий паводле формы лісця. Параўн. іншыя назвы гэтай расліны: касач, рус.косатик, сабельник. Але ў гэтым выпадку для бел. і ўкр. слоў цяжка вытлумачыць словаўтварэнне. Відавочна, тут больш прыймальным з’яўляецца разгляд гэтай назвы як памяншальнай ад вужака > вужачка > вужачкі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АСПЕ́КТ (ад лац. aspectus погляд, выгляд),
1) пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцці, з’явы; разуменне чаго-н. у пэўнай плоскасці.
2) У экалогіі — знешні выгляд расліннага згуртавання (фітацэнозу) у залежнасці ад пары года і відавога складу раслін. Ствараецца з агульнага фону расліннасці. Адрозніваюць аспект сезонны (па сезонным стане расліннасці) і аспект прыватны (паводле віду пераважных раслін, якія цвітуць або пладаносяць). Аспект наз. звычайна па афарбоўцы раслін, якія пераважаюць (напр., блакітны Аспект незабудкі, залаціста-жоўты аспект адонісу, буры аспект лісця высахлай асакі). Звычайна аспекты фітацэнозаў пастаянныя на працягу шэрагу гадоў і парушаюцца толькі ў гады масавага цвіцення або плоданашэння асобных відаў. Змена аспектаў рэгіструецца метадам каляровай фатаграфіі з зямлі або з космасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́ЧКА (Brassica napus rapifera),
двухгадовая караняплодная расліна роду капуста сям. капуставых. Пашырана ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі культывуюць кармавую і сталовую бручку.
У 1-ы год развіваецца разетка лісця і мясісты караняплод, на 2-і — кветаноснае сцябло і насенне. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках, плод — шматнасенны стручок. Караняплоды круглыя, авальныя, жоўтыя ці жоўта-белыя. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 120—130 сут. Вільгацелюбівая, холадаўстойлівая расліна (пераносіць замаразкі да -6...-8 °C). Добра расце на сугліністых і асушаных тарфяна-балотных глебах. Караняплоды маюць 10—16% сухіх рэчываў, 5—10% цукроў, карацін, аскарбінавую к-ту, мінер. рэчывы. Пашыраны сарты: Краснасельская (сталовы), Вышагародская палепшаная, Куузіку (кармавыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАНА́С (Ananas),
род шматгадовых травяністых раслін сям. брамеліевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. Культывуюць ананас буйначубковы (A. comosus). Найбольшыя плантацыі на Гавайскіх і Філіпінскіх а-вах, у Малайзіі, Мексіцы, Бразіліі, на Кубе. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.
Лісце скурыстае, амаль лінейнае (даўж. да 90 см), па краях калючазубчастае, утварае прыкаранёвую разетку. Кветкі сабраны ў густое суквецце. Цвіце на 2—3-і год. Шышкападобнае залаціста-жоўтае суплоддзе складаецца з многіх ягад (пладоў), важыць 3—5, радзей каля 16 кг. Плады сакаўныя і духмяныя, багатыя цукрам, арган. солямі і вітамінамі, ядомыя. З лісця некаторых ананасаў атрымліваюць валакно. Размнажаюць вегетатыўна — атожылкамі або верхавінкавымі чаранкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСУ́МЧАТЫЯ (Hemiascomycetidae),
падклас сумчатых грыбоў. Уключае 4 парадкі: эндаміцэтальныя (Endomycetales), тафрынальныя (Taphrinales), протаміцэтальныя (Protomycetales) і аскасферальныя (Ascosphaerales), каля 350 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца каля 20 відаў з парадкаў тафрынальныя і эндаміцэтальныя.
Прымітыўныя грыбы, у якіх талом прадстаўлены адзіночнымі клеткамі, што пачкуюцца або дзеляцца (толькі некат. віды маюць слаба развіты міцэлій), пладовыя целы адсутнічаюць, сумкі са спорамі ўтвараюцца адзіночна ці слоем непасрэдна на клетках або міцэліі. Большасць галасумчатых — сапратрофы. Ёсць паразіты вышэйшых раслін, чалавека і жывёл, узбуджальнікі розных хвароб — гіпертрафіі і дэфармацыі пладоў, кучаравасці лісця, кішэнек, ведзьміных мётлаў, бластамікозаў, кандыдамікозаў. Да галасумчатых належаць дражджавыя грыбы (дрожджы), якія маюць вял. практычнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБА́СЦІК (Mimulus),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 120 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі вельмі рэдкі занесены від губасцік рабы (M. guttatus). Расце на вільготных лугах, балотах, у канавах, каля крыніц. Некат. віды губасціка выкарыстоўваюцца ў вазоннай культуры. Ёсць разнавіднасці з пунсовымі і стракатымі кветкамі, з мускусным пахам лісця.
Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або слаба разгалінаваным пустым сцяблом, з рызомамі або сталонамі ў ніжняй частцы. Лісце простае, супраціўнае, суцэльна-крайняе ці зубчастае. Кветкі буйныя або сярэдніх памераў, яркія, часта рабыя, жоўтыя, чырв., блакітныя і інш. колераў, адзіночныя ў пазухах лістоў або сабраныя ў рыхлае верхавінкавае гронкападобнае суквецце. Плод — шматнасенная двухгнездавая каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВУ́Н (Citrullus),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. 3—5 відаў. Пашыраны на Пд Еўропы, у Паўн. і Паўд. Афрыцы, Азіі і Аўстраліі. На Беларусі вырошчваюць К. сталовы (C. vulgaris), пераважна ў цяпліцах і на ўцепленым грунце; пры выкарыстанні расаднага спосабу яго можна вырошчваць і ў адкрытым грунце на паўд. і паўд.-зах. схілах.
К. сталовы — аднагадовая расліна з паўзучым, галінастым, апушаным сцяблом. Лісце рассечанае, апушанае, з васковым налётам. У пазухах лісця ўтвараюцца вусікі, у верхняй ч. сцябла — раздзельнаполыя жоўтыя кветкі. Плод — несапраўдная ягада (гарбузіна). Мякаць сакаўная, салодкая, мае цукры (да 11%), вітаміны, карацін, мінер. рэчывы. Сарты: Любімец хутара Пяцігорска, Стокса, Крымскі пераможца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАНІ́ЦА (Lysimachia),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях, асабліва ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: Л. звычайная (L. vulgaris, нар. назвы жаўточнік, жывотнік, мятнушка), Л. манетчатая, або лугавы чай (L. nummularia, нар. назвы лазоўка, падбярэжнік) і 2 інтрадукаваныя: Л. ландышавая (L. clethroides) і кальчаковая (L. verticillaris). Трапляецца на вільготных мясцінах, берагах рэк, балотах, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травы, радзей паўкусты з аблісцелымі прамастойнымі або сцелістымі сцёбламі. Лісце супраціўнае ці кальчаковае, суцэльнакрайняе. Кветкі глыбокапяціраздзельныя ў суквеццях, іншы раз адзіночныя або па 1—2 у пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЛІ́НІЯ (Caulinia),
род кветкавых падводных раслін сям. наядавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў цёплых і ўмерана цёплых краінах. На Беларусі 2 віды К.: гнуткая (C. flexilis) і малая (C. minor), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў азёрах і старыцах Бел. Паазер’я, наваколлі Магілёва, Лоева, у воз. Свіцязь Навагрудскага р-на і інш. Аб’ект біял. даследаванняў. Паводле выкапнёвых рэшткаў К. вызначаюць узрост адкладаў міяцэну, пліяцэну і антрапагену.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным гнуткім або ломкім сцяблом даўж. 8—40 см. Лісце лінейнае, па краях зубчастае, супраціўнае або ў кальчаках. Кветкі адзіночныя, непрыкметныя, у пазухах лісця. Тычынкавыя кветкі абкружаны двухлопасцевым калякветнікам. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКЁРА-ГАРЭ́ЛАЧНЫЯ ВЫ́РАБЫ,
моцныя алкагольныя напіткі, якія з’яўляюцца мех. сумессю рэктыфікаванага спірту вышэйшай ачысткі, рафінаванага цукру, смакавых і пахучых рэчываў расліннага паходжання. Паводле колькасці спірту і цукру ў Л.-г.в. адрозніваюць лікёры, наліўкі, настойкі, настойкі горкія і бальзамы.
Л.-г.в. гатуюць са спіртаваных сокаў, фруктаў і ягад, настояў духмяных траў, каранёў, кветак, лісця, лупіны цытрусавых, зярнят кавы і какавы, прыпраў (ваніль, карыца і інш), грубыя — з эсенцый спіртаваных раствораў эфірных алеяў, сінт. араматызаваных спіртоў. Асн.тэхнал. аперацыі ў вытв-сці Л.-г.в.: прыгатаванне спіртаваных сокаў фруктаў і ягад і настояў (мацэрацыя ці інфузія); змешванне кампанентаў (купаж); фільтрацыя; вытрымліванне прыгатаваных напіткаў (старэнне) у дубовай, керамічнай, эмаліраванай тары; разліў. Гл. таксама Лікёра-гарэлачная прамысловасць.