выканаўчы і распарадчы орган мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД. На Беларусі ўтвараецца на тэр. вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета на тэрмін паўнамоцтваў адпаведнага Савета. Старшыня абл. і Мінскага гар. выканаўчага камітэта назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з наступным зацвярджэннем на сесіі абл. (Мінскага гарадскога) Савета. Старшыні ніжэйстаячых выканаўчых камітэтаў адносна абл. і Мінскага гар. выканаўчых камітэтаў назначаюцца старшынямі вышэйстаячых выканаўчых камітэтаў у тым жа парадку. У склад выканаўчага камітэта ўваходзяць намеснікі старшыні выканаўчага камітэта, кіраўнік спраў (сакратар) і члены выканаўчага камітэта, якія назначаюцца старшынёй адпаведнага выканаўчага камітэта па ўзгадненні з вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам. У склад выканаўчага камітэта мясц. Савета могуць уваходзіць дэпутаты гэтага Савета. Выканаўчы камітэт падсправаздачны і падкантрольны вышэйстаячаму выканаўчаму і распарадчаму органу, а таксама падсправаздачны адпаведнаму мясц. Савету па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета. Парадак дзейнасці і кампетэнцыі выканаўчых камітэтаў розных узроўняў вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі і інш. нарматыўнымі актамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1927. Прынята 11.4.1927 VIII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 13 глаў, 76 артыкулаў. БССР абвяшчалася дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, дзе ўся ўлада належыць Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, замацоўваўся факт уваходжання БССР у склад СССР з правам свабоднага выхаду, вызначаліся правы рэспублікі самастойна прымаць сваю канстытуцыю і ўносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, вызначаць адм. падзел. Паўтараліся нормы Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 адносна правоў і абавязкаў грамадзян. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян, ставілася задача яе аховы. Замацоўвалася права грамадзян свабодна карыстацца роднай мовай, нац. меншасцям забяспечвалася магчымасць навучання ў школе на роднай мове, абвяшчалася поўная роўнасць беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай моў, але аддавалася перавага беларускай у зносінах паміж дзярж., прафс., грамадскімі ўстановамі і арг-цыямі. Рэгламентавалася дзейнасць вышэйшых дзярж. органаў улады і кіравання. Упершыню зацвердзіла сістэму мясц. органаў дзярж. улады і кіравання ў адпаведнасці з адм.тэр. падзелам, замацавала нормы выбарчага права. У ёй упершыню, апрача дзярж. сімвалаў, названа сталіца БССР — г. Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЧАР (Яўсей Сцяпанавіч) (2.10.1882, в. Сяўкі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.5.1979),
бел.паліт. дзеяч, гісторык, вучоны ў галіне эканам. геаграфіі. Скончыў Петраградскую с.-г. акадэмію (1922). За ўдзел у рэв. руху ў 1906 арыштаваны, у 1908 апраўданы судом. З 1910 у Пецярбургу, супрацоўнік к-та сельскіх т-ваў. З сак. 1917 чл.Бел.нац.к-та (у крас. выйшаў з яго). З ліст. 1917 старшыня Беларускага абласнога камітэта пры Усерас. савеце сял.дэпутатаў, адзін з арганізатараў Усебел. з’езда 1917. З лют. 1918 заг.навук.- статыстычнага аддзела Белнацкома, яго Петраградскага аддзялення, заг. статыстычнага аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, старшыня Бел. вольнаэканам. т-ва. У 1918 адстойваў ідэю склікання 2-га Усебел. з’езда. З 1922 на выкладчыцкай працы. З 1929 узначальваў Бел.навук.т-ва ў Ленінградзе. У 1938 арыштаваны. У Вял.Айч. вайну ў блакадным Ленінградзе. Аўтар дапаможнікаў па кааперацыі, эканам. геаграфіі БССР, прац па гісторыі грамадз. вайны, гісторыі грамадскіх, нац. і рэв. рухаў у Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДАР (Карл Іванавіч) (17.4.1883, Ліепайскі р-н, Латвія — 29.7.1937),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1905 вёў падп. работу ў Маскве, Пецярбургу, Лібаве, Рызе, Самары, Ніжнім Ноўгарадзе. З 1915 на Зах. фронце, чл. латышскай с.-д. групы ў Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП(б). Чл. часовага ВРКЗах. фронту па барацьбе з карнілаўшчынай. З вер. 1917 старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 9.11.1917 старшыня ВРКЗах. фронту, у ліст. 1917 — студз. 1918 — СНКЗах. вобласці і фронту. З мая 1918 нарком дзярж. кантролю РСФСР. З 1920 асобаўпаўнаважаны ВЧК на Паўн. Каўказе і ў Данской вобл., нач. асобага аддзела Каўказскага фронту. У 1921 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела Маскоўскага к-та РКП(б). З 1922 упаўнаважаны Сав. ўрада пры замежных місіях дапамогі галадаючым у Расіі, у 1923—25 чл. калегіі Наркамата знешняга гандлю СССР, пазней на навук.-літ. і пед. рабоце ў ВНУ Масквы, Ленінграда, Кіева. Чл.ВЦВК у 1917—18 і яго Прэзідыума.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Рыгор Іванавіч) (4.2.1878, г. Харкаў, Украіна — 9.1.1958),
савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Бацька Л.Р.Пятроўскага. Чл.ЦК (1921—39), канд. у чл. Палітбюро ЦК (1926—39) Камуніст. партыі. У 1897 уступіў у екацярынаслаўскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1899—1900 на рэв. рабоце ў Харкаве і Мікалаеве. У рэвалюцыю 1905—07 адзін з арганізатараў Екацярынаслаўскага Савета рабочых дэпутатаў і Баявога стачачнага к-та. Дэп. 4-й Дзярж. думы (з 1912), дзе ўзначальваў фракцыю бальшавікоў. У ліст. 1914 арыштаваны, у лют. 1915 навечна сасланы ў Сібір. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Якуцкай вобл. З чэрв. 1917 на парт. рабоце ў Петраградзе, Екацярынаславе, актыўны ўдзельнік барацьбы за Сав. ўладу ў Данбасе. У ліст. 1917 — сак. 1919 нарком унутр. спраў РСФСР. У 1919—38 старшыня ЦВК Украінскай ССР, адначасова нам. старшыні ЦВКСССР (1922—37), нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1937—38). Старшыня Усеўкр. камісіі бедных сялян (1920—33). З 1940 нам. дырэктара Музея рэвалюцыі СССР. У яго гонар названы г.Днепрапятроўск (б. Екацярынаслаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОНЧ-АСМАЛО́ЎСКІ (Анатоль Восіпавіч) (10.7.1857, Віцебск — 23.9.1930),
рэвалюцыянер-народнік. З 1876 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Прыхільнік рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Падтрымліваў кантакты з А.Дз.Міхайлавым, М.А.Марозавым, С.Л.Пяроўская У 1879 увайшоў у гурток «Маладыя землявольцы», які пасля расколу «Зямлі і волі» далучыўся да арг-цыі «Чорны перадзел». У 1879 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях высланы ў бацькоўскі маёнтак Блонь Ігуменскага пав. У 1880 садзейнічаў арганізацыі друкарні «Чорнага перадзелу» ў Мінску. Арганізаваў у Блоні гурток самаадукацыі, распаўсюджваў нелегальную л-ру, стварыў Блонскую сялянскую арганізацыю. Неаднаразова быў арыштаваны (у 1882, 1886, 1901, 1908, 1912). У канцы 1890-х г. адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1901—04 у ссылцы ва Усх. Сібіры. У 1905 у ЦК партыі эсэраў. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07, у час Снежаньскага ўзбр. паўстання змагаўся на барыкадах у Маскве. У час 1-й сусв. вайны ў эвакуацыі, працаваў у арг-цыях дапамогі бежанцам з Беларусі. У 1917 чл. выканкома Уладзімірскага губ. Савета сял.дэпутатаў. Дэлегат Усебел. з’езда (1917). З 1918 у Мінску, актыўна ўдзельнічаў у каап. руху. З 1926 у Маскве, чл. Усесаюзнага т-ва паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (8.3.1870, Масква — 3.8.1956),
ваенны дзеяч, геадэзіст. Ген.-лейт.рус. арміі (1915), ген.-лейт.Чырв. Арміі (1944). Д-рваен. і тэхн.н. Брат У.Дз.Бонч-Бруевіча (іх радавы маёнтак Чонкі на Гомельшчыне). Скончыў Маскоўскі межавы ін-т (1891), Акадэмію Генштаба (1898), дзе з 1907 выкладаў тактыку. У 1-ю сусв. вайну ген.-кватэрмайстар 3-й арміі, у штабе Паўн.-Зах. фронту, нач. штаба 6-й арміі, армій Паўн. фронту. У Лют. рэвалюцыю 1917 нач. Пскоўскага гарнізона і чл. выканкома Пскоўскага Савета. У жн.—вер. 1917 галоўнакамандуючы войскамі Паўн. фронту, удзельнічаў у ліквідацыі карнілаўшчыны. З кастр. 1917 нач. Магілёўскага гарнізона, чл. выканкома Магілёўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 20.11.1917 СНК РСФСР прызначаны нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага. У лют. 1918 удзельнічаў у арганізацыі абароны Петраграда. З сак. 1918 ваен. кіраўнік Вышэйшага ваен. савета, з чэрв. 1919 нач.ваен.-палявога штаба Рэўваенсавета Рэспублікі. Адзін са стваральнікаў (1919) і кіраўнік Вышэйшага геад. ўпраўлення ВСНГ, стваральнік (1925) дзярж.тэхн. бюро «Аэрафотаздымка». З 1928 у распараджэнні РВССССР. Аўтар прац па ваен. гісторыі і тактыцы. Пад яго рэдакцыяй выдадзены даведнік «Геадэзія» (т. 1—9, 1939—49).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ О́РГАНАЎ ДЗЯРЖА́ЎНАГА КІРАВА́ННЯ,
дакументальная юрыд. форма дзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў дзяржавы. У іх рэалізуюцца паўнамоцтвы адпаведных дзярж. органаў, змяшчаюцца правілы, афіцыйныя прадпісанні і ўказанні, абавязковыя да выканання. З’яўляюцца падзаконнымі, таму што прымаюцца на аснове законаў і ў адпаведнасці з імі ў межах кампетэнцыі пэўнага дзярж. органа. Лічацца нарматыўнымі, калі змяшчаюць нормы права, і індывідуальнымі, калі прымаюцца для вырашэння канкрэтных пытанняў. Сярод нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь асаблівае значэнне маюць пастановы і распараджэнні Кабінета Міністраў як вышэйшага выканаўчага і распарадчага органа краіны. Кіраўнікі мін-ваў, дзярж. к-таў і ведамстваў выдаюць, як правіла, загады і інструкцыі: выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў — рашэнні і распараджэнні; кіраўнікі аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый — загады, інструкцыі, распараджэнні. Такія акты звычайна набываюць сілу з моманту іх прыняцця або давядзення да ведама выканаўцаў. Тэрмін уступлення іх у дзеянне часам указваецца ў самім акце.
Кантроль над законнасцю актаў ажыццяўляюць вышэйшыя органы дзяржаўнага кіравання. У выпадку, калі акт ніжэйшага органа не адпавядае закону або акту вышэйшага органа, апошні абавязаны адмяніць яго. Агульны нагляд над законнасцю актаў ажыццяўляе пракуратура. Адпаведнасць нарматыўнага акта любога дзярж. органа Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пры неабходнасці можа быць разгледжаны Канстытуцыйным Судом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМО́ЎСКІ ((Dmowski) Раман Станіслаў) (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-й Дзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац.к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел.нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВЫ ФОНД,
сукупнасць жылых дамоў і памяшканняў незалежна ад форм уласнасці. Уключае жылыя дамы агульнага тыпу, спец. дамы (інтэрнаты рознага прызначэння, дамы манеўранага фонду і інш.), асобныя кватэры, службовыя і інш. жылыя памяшканні ў розных будынках, прызначаныя для пастаяннага пражывання. Адрозніваюць Ж.ф. дзярж., юрыд. асоб і індывідуальны. У дзярж. Ж.ф. уваходзяць дамы і жылыя памяшканні, што знаходзяцца ў веданні мясц. Саветаў дэпутатаў, мін-ваў, дзярж. прадпрыемстваў, устаноў, камітэтаў і ведамстваў (ведамасны Ж.ф.). Ж.ф. юрыд. асоб складаецца з жылых памяшканняў жыллёвых і жыллёва-будаўнічых кааператываў, маладзёжных жылых комплексаў, калектываў індывід. забудоўшчыкаў, грамадскіх арг-цый, калгасаў, камерцыйных і некамерцыйных арг-цый і інш.Індывід. Ж.ф. уключае жылыя дамы і кватэры, якія знаходзяцца ў асабістай уласнасці грамадзян. Дамы садаводчых т-ваў у Ж.ф. не ўваходзяць. Ж.ф. выконвае шэраг функцый у нар. гаспадарцы: забяспечвае сац. абарону асобных катэгорый грамадзян, садзейнічае рассяленню насельніцтва ў інтарэсах развіцця нар. гаспадаркі, з’яўляецца аб’ектам прадпрымальніцкай дзейнасці і інш. Ж.ф. Беларусі на 1.1.1997 налічвае 3 млн. 679,6 тыс. кватэр і індывід. жылых дамоў. Дзярж. Ж.ф. складае 201,4 млн.м² агульнай пл., або 30,5%, індывід. — 59,1%, юрыд. асоб — 10,4%. Гл. таксама Жыллёвае права, Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь.