Мітусі́цца, мітузі́цца, мітушы́цца, мытушы́тысь, мытушя́тысь ’хутка і бесперапынку перамяшчацца ў розных напрамках’, ’бязладна рухацца, увіхацца’, ’мільгацець перад вачыма’, ’рабацець, каламуціцца, перамешвацца’, ’перашкаджацца’, ’свяціць няроўным бляскам’, ’салавець’, ’збівацца ў размове, губляцца, саромецца’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Мядзв., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., Клім., ТС; паст., пух., іўеў., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; Крыў., Дзіс.). Рус. ми́туси́ть ’перамешваць, збіваць з панталыку’, ’глядзець адным вокам, жмурыцца’, митуси́ться ’мітусіцца’, ’хвалявацца’, ’рабацець’, ’здавацца’, смал. митуса́ ’няўрымслівы’. Параўн. таксама рус. мельтеши́ть ’мільгаць’. Да мі́тусь (гл.). Карскі (Труды, 393) супастаўляе бел. мітусі́ць ’муціць, мяшаць, трывожыць’ з літ. mita, mitas ’крыло мутніка (венцера)’. Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 51) адносіць лексему мітусі́цца да балтызмаў перыяду існавання Велікага княства Літоўскага. Лаўчутэ (Балтизмы, 55–56) у якасці балт. крыніцы для бел.-рус. ізалексы падае лат. mits, mitus ’мена’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́труха ’пацяруха’ (бар., шчуч., карэліц., смарг., іўеў., астрав., віл., швянч., даўг., в.-дзв., брасл., докш., паст., Сл. ПЗБ; сверж., З нар. сл.), гродз. потруха ’тс’ (Сцяшк. Сл.), патруха, патруха ’дробна пацёртае сена, дробная салома, адпаду сена’, ’дробязь, вымалачаныя каласы’ (Грыг., Сцяшк., Гарэц., Мат. Маг., Юрч., Нас., Касп., Др.-Падб., Шат.; в.-дзв., Шатал.). Укр. чаркас. потрух, польск. дыял. (з Варш. сл.) patrucha, potrucha ’тс’. Відаць, самай старой з вышэйпададзеных форм, утворанай паводле ўзору аналагічных балт. слоў: pä‑biros, pä‑kritos, pd‑šiupos, лат. pabiras ’тс’, будзе патруха — на гэта ўказвае яе пашырэнне: зах. і паўн.-зах. бел. гаворкі, утвораныя пры дапамозе прыстаўкі па‑ (< прасл. pa‑) ад труха (гл.). Форма патруха — у выніку кантамінацыі лексем патруха і труха, а патруха — вынік кантамінацыі лексем пацяруха (гл.) і питруха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярсты́ ’выступы ў бярвенцах сцяны, якія ўваходзяць у праём’ (Мат. Маг.); сюды ж, відаць, ст.-бел. персть ’адзінка вымярэння даўжыні, роўная 2,7 см’ (Ст.-бел. лексікон). Несумненна, да прасл. *pьrstъ ’палец’, параўн. укр., рус. перст, польск. parst, чэш., славац. prst, в.-луж. porst, серб.-харв. пр̏ст, славен. pȓst, балг. пръст, макед. прст, ст.-слав. пръстъ ’тс’, да семантыкі параўн. па́лец ’палец’, ’выступ, які заходзіць у паз’ (ТС). Роднаснае літ. pir̃štas ’палец’, лат. pirsts, pìrksts ’тс’, ст.-прус. pirsten ’тс’, што дае падставы для рэканструкцыі балт.-слав. *prstos (Глухак, 507). Казлова (БЛ, 22, 105) на падставе роднасных ст.-в.-ням. first ’вастрыё, вільчак’, лац. postis ’слуп’, авест. paršta‑ ’спіна’ прапануе ўзнаўленне першаснага значэння ’выступ’. Рэканструкцыя семантычнага рэгіяналізма ў якасці будаўнічага тэрміна здаецца праблематычнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сірата́ ‘дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан.), сірота́ ‘тс’ (ТС), сіраці́ць ‘рабіць сіратою’ (Нас., Касп., Стан.), сіраці́на ‘сірата’ (Байк. і Некр., Касп., Ласт., Нас.), ст.-бел. сирота ‘тс’. Укр., рус. сирота́, польск. sierota, в.-луж., н.-луж. syrota, чэш. sirota, серб.-харв. сиро́та, славен. sirọ̑ta, балг. си́рота, макед. сирота ‘тс’. Прасл. *sirota ‘сірата’ дэрыват ад прым. *sirъ з суф. ‑ota, першапачаткова nomen abstractum. Гл. Шустар-Шэўц, 1401–1402; БЕР, 6, 700. Кантытуанты прасл. *sirъ (гл. сіры) роднасныя літ. šeirỹs ‘удавец’, šeirẽ ‘удава’, авест. saē ‘сіратлівы, асірацелы’; гл. Траўтман, 301; Эндзелін, Слав.-балт. эт., 196; Праабражэнскі, 2, 289; Фасмер, 3, 627; Махэк₂, 544. Борысь (546) выводзіць *sirъ ад і.-е. *kei‑ з суф. ‑ro.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,

галоўны дакумент мірнага ўрэгулявання пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Падпісаны паміж дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Брыт. імперыя, Францыя, Італія, Японія і інш. — усяго 26 дзяржаў) і Германіяй 28.6.1919 у Версалі. Умовы дагавора выпрацаваны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 без удзелу прадстаўнікоў Германіі. Вырашаў тэр., ваен., эканам. і інш. пытанні. Паводле дагавора Германія вяртала Францыі Эльзас-Латарынгію (у межах 1870), перадавала Бельгіі акругі Эйпен, Мальмеды і Марэнэ (пасля плебісцыту), Даніі — Паўн. Шлезвіг (пасля плебісцыту), прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі і Люксембурга, абавязвалася «строга паважаць» незалежнасць Аўстрыі. Да Чэхаславакіі адыходзіла ч. сілезскай тэр., да Польшчы — асобныя раёны Памераніі, Пазнаншчыны, большая ч. Зах. і ч. Усх. Прусіі, ч. Верхняй Сілезіі. Данцыг (Гданьск) з сумежнай тэрыторыяй ператвараўся ў «вольны горад» пад кіраваннем Лігі нацый і ўключаўся ў мытныя межы Польшчы, якая праз т.зв. Данцыгскі калідор (гл. Польскі калідор), што аддзяляў Усх. Прусію ад астатняй Германіі, атрымала выхад да Балт. мора. Мемель (Клайпеда) і сумежныя раёны пераходзілі пад кантроль Лігі нацый (у 1923 уключаны ў склад Літвы). Тэр. Германіі па левым беразе Рэйна і правы яго бераг на адлегласць у 50 км падлягалі дэмілітарызацыі. Саарскі вугальны бас. пераходзіў «у поўную і неабмежаваную ўласнасць» Францыі, а Саар заставаўся на 15 гадоў пад кіраваннем Лігі нацый з наступным плебісцытам. Германія пазбаўлялася ўсіх калоній, сфер уплыву, уласнасці і прывілеяў за мяжой; яе калоніі падзелены (у форме мандатаў) паміж Францыяй, Японіяй, Бельгіяй, Партугаліяй, Вялікабрытаніяй і яе дамініёнамі. Сухап. армія Германіі скарачалася да 100 тыс. вольнанаёмных чал. (пры 4 тыс. афіцэраў), рэзка абмяжоўваўся надводны флот, забаранялася мець падводныя лодкі, ваен. і марскую авіяцыю. Як гарантыя выканання Германіяй Версальскага мірнага дагавору прадугледжвалася акупацыя войскамі саюзнікаў тэрыторыі на З ад Рэйна на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. Германія абвяшчалася адказнай за развязванне вайны і прычыненыя ёю страты, што стварала прававую падставу для спагнання рэпарацыйных плацяжоў (агульны памер не вызначаны). Суму рэпарацый, якія Германія абавязвалася выплаціць за 30 гадоў, павінна была вызначыць спец. камісія да мая 1921. Забаранялася любое абмежаванне ўвозу ў Германію тавараў з краін-пераможцаў.

Дагавор набыў сілу 10.1.1920. ЗША пасля адмовы Сената ратыфікаваць Версальскі мірны дагавор падпісалі з Германіяй 25.8.1921 асобны мірны дагавор. Цяжкія ўмовы Версальскага мірнага дагавору выклікалі незадаволенасць многіх немцаў, у т. л. прагу рэваншу сярод правых сіл. Улады Веймарскай рэспублікі ў залежнасці ад паліт. сітуацыі праводзілі «палітыку выканання» або «палітыку катастроф» (сабатажу) дагавора. Канчаткова яго пункты перасталі выконвацца ва ўмовах пасіўнасці з боку вядучых дзяржаў Еўропы і ЗША пры нацыстах, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Літ.:

Ллойд Джордж Д. Правда о мирных договорах. Т. 1—2: Пер. с англ. М., 1957.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ве́тах ’месяц апошняй квадры, на зыходзе’ (КТС, БРС, Касп.), ветых (Яўс.), веташок (Нас., Касп., Юрч., Бяльк.), мін. веташка (Крачк.), вётах, вётак ’тс’ (Касп., Нас., Маш. Atlas). Рус. ветох: смал. ’месяц’; ’месяц над гарызонтам’, паўн.-рус. ’апошняя фаза месяца ў зеніце’, ст.-рус. ветъхъ, ветохъ ’апошняя квадра месяца; апошні тыдзень месяца’, польск. wietek, wiotek ’першая або апошняя квадра месяца’, чэш. vetech měsíc, валаш. vetek, ст.-чэш. mešíc je na vetchu, славац. na votoch ’месяц на зыходзе’. Паўночнаславянская ізалекса, якая ўзнікла ў выніку кандэнсацыі прасл. větъxъ měsenьcь; параўн. чэш. větech měsíc, nov měsíc і інш. І.‑е. паралелі гл. ветхі. Гл. таксама Траўтман, 365; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ₂, 830; Буга, РФВ, 67, 246; Эндзелін, Слав.-балт. эт., 52; Фасмер, 1, 307; Махэк₂, 687; БЕР, 1, 139; Шанскі, 1, В, 80. Гл. яшчэ вято́х.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыканды́чыць ’цягаць за валасы’ (Нас.); параўн. таксама прыкундо́сіць ’пабіць’ (Нас., Рамз.). Да зафіксаванага там жа канды́чыць з той самай семантыкай. Апошняе з’яўляецца фанематычным карэлятам (які, магчыма, разумеўся як “антыэкспрэсіўная” форма) да незафіксаванага *кунды́чыць/*кундо́чыць, чаргаваннем у фіналі асновы звязаным з кундо́сіць ’цягаць за валасы’ (гл.) < *ку́нды < ку́дла/‑ы ’валасы’ (гл.) < прасл. *kǫdьla/‑o (ЭССЯ, 12, 53–54). Безумоўна, не самым абгрунтаваным месцам з’яўляецца тут сувязь рэканструяванага *ку́нды з ку́длы, таму ЕСУМ (3, 142) прапануе іншую, даволі арыгінальную і несупярэчлівую ў семантычным плане версію — бачыць ва ўкр. кундо́сити, бел. кундо́сіць “зваротнае запазычанне” з якой-небудзь балтыйскай мовы, што можа быць зведзена да балт. *kundas ’кудзеля; валасы’ (параўн. літ. kuõdas ’чуб’) як адлюстравання прасл. *kǫda (‑у) ’кудзеля’, параўн. ко̀нди, ко̀нда ’кудзеля, ачоскі льну, канапель’. Пачатковае значэнне дзеяслова было, такім чынам, ’трапаць, церці (лён, кудзелю)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лата́к 1, латок, латачок, лотак, лоток ’жалабок (на страсе) для сцёку вады’ (КЭС, лаг., Некр., Варл., Бяльк., Нас., Сл. паўн.-зах., ТСБМ), ’жолаб, драўляная трубка, па якой цячэ бярозавы ці кляновы сок’ (слуц., Нар. словатв.; в.-дзв., Шатал.; Шат.), ’драўлянае карыта ў хаце’ (Маш., Сержп. Грам., Грыг.), ’прыстасаванне, якое ў жорнах рэгулюе падачу зерня на камень’ (ельск., ЛАПП) ’адтуліна (у жорнах) для выграбання мукі’ (светлаг., Мат. Гом., Мат. Маг., Шатал.), ’жолаб, якім падводзіцца вада да кола млына’ (калінк., рэч., лоеў., ЛАПП), ’посуд накшталт начовак, у якім секлі націну’ (Мат. ЛАБНГ), ’коўш’ (Ян.), петрык., добр. латакі ’пот’ (Мат. Гом.), ’рагі, што цякуць з вакон’ (петрык., акц., КЛАБНГ), латаком ’у выглядзе жалабка’, ’струменем’ (паст., ашм., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. латока ’конаўка, жолаб’ (Скарына). Укр. лотик, лотоки ’канал, па якому цячэ вада ў вадзяным млыне’, чарніг. лоточок ’жолаб у жорнах для мукі’, рус. лоток ’жолаб для сцёку вады’, ’латок’, ’чарпак’, польск. łotok ’жолаб для сцёку вады на кола ў млыне’ — запазычана з бел. (Слаўскі, 5, 219). Прасл. усх.-слав. lotokъ ’карыта, прымітыўная рына, рэчышча ракі’, якому адпавядае літ. latãkas ’жолаб, ручэй’ (Бернекер, 1, 735), letẽkas ’ручай, струмень, карына’, lekẽtas, lèkets ’трубка, па якой цячэ сок з дрэва’ (Буга, Rinkt., 1, 455–458). Аднак Бернекер (1, 735), Фрэнкель (342–343), Мюленбах-Эндзелін (2, 424) без дастатковых падстаў мяркуюць, што балт. лексемы запазычаны з бел. мовы. Агляд недакладных этымалогій гл. Фасмер (2, 523), Слаўскі (5, 319–220). Буга (Rinkt., 1, 455) у якасці крыніцы запазычання ў балт. мовах прапануе фін. lotakko, lätäkkö ’лужа, лужына’. Параўн. таксама эст. latakas ’шырокі, плоскі’. Гл. таксама латока, латочына.

Лата́к 2 ’жэрдка для прыціскання саломы на страсе’ (ельск., Нар., сл.), рус. тамб. латак ’жэрдка для латання страхі’. Утворана пры дапамозе суф. ‑ак (Сцяцко, Афікс. наз., 202) ад лата 2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Локаць 1, локець, лы́коть ’сустаў, месца згібу рукі’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. Брэс., Шат., Яруш., Сцяшк., Ян., Сл. ПЗБ), хойн. локець, арш. локъць, крыч., ушац. локыць, бяроз. локоть (КЭС), лу́коць, лі́коць (Дразд.), лу͡окоть (Бес.), локець (ТС; хойн., Шатал.). Укр. ло́коть, лі́коть, ло́кіть, жытом. ло́хот, рус. ло́коть, ст.-рус. локъть; польск. łokieć, okieć, łochieć, каш. łokc, палаб. lütʼėt, н.-луж. łokś, в.-луж. łochć, чэш. loket, славац. lakeť, lokeť, lacheť, locheť, усх. lo̬kec; славен. laket, lakȃt, прэкмур. lakèt, усх.-штыр. láket ’серб.-харв. ла̑кат, дуброўн., чарнаг. ла̏кат; макед. лакот, lokutʼ, lъchtʼ, лъftʼ(ót), балг. лакът, радоп. ла́кать, ст.-слав. лакъть. Прасл. olkъtь, olkъte ’згіб рукі, сустаў у згібе рукі’ з асновай на ‑u, да якой у прасл. мове дадавалася ‑t (як у лац., параўн. cap‑ut, ‑ut‑i‑s). Суф. ‑ъt (∼ балт. ‑ut‑a‑s, ‑ut‑i‑s) ужываецца і ў іншых слав. саматычных назвах: бел. пазногаць, рус. коготь, польск. kłykieć ’мышчалкі’, ’другая фаланга пальцаў’. І.‑е. адпаведнікі: літ. uolektìs ’локаць — мера даўжыні’, лат. uôlekts ’тс’, лат. elks ’локаць’, ’перадплечча’, ст.-прус. woltis ’тс’, а таксама балт. адпаведнікі з пашыранай асновай на ‑n: ст.-прус. alkunis ’локаць’, літ. elkū́nė, alkū́nė ’перадплечча’, ’паварот ракі, вуліцы’, лат. ę̀lkuone ’локаць’, ę̀lkuons, ę̀lkuonis ’згіб’ і іншыя: ст.-грэч. ὠλένη ’локаць’, але ἄλαξ πῆχυς (у Гесіхія), лац. ulna, ст.-ірл. uilenn, гоц. aleina, ст.-в.-ням. elina, алб. llerë, ст.-інд. aratniṣ, авест. arəϑna ’локаць’, арм. ołn ’хрыбетны’, olok​c ’галёнка, вялікая галёначная косць’. Да і.-е. *el‑, *ol‑ ’згінаць, гнуць’ (Фасмер, 2, 514; Слаўскі, 5, 154–158; Скок, 2, 263–264). Сюды ж локаць, локыть, локець ’мера даўжыні 65 см, ад кісці рукі да локця’ (Гарэц., Бес., Мал., Шат., Уладз., Ян., Нас., Сцяшк.), лун. ’даўжыня ў 0,5 м’ (Шатал.), ’мера даўжыні на выцягнутую руку’ (Нас.), ’мера даўжыні ў 3/4 аршыну’ (паўд.-усх., КЭС).

Локаць 2 ’прагна піць’ (Крыў., Дзіс.). Да лкаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́сяц, ме́сіц, ме́сец, ме́січык, ме́сячка, ме́сячак, ме́сячко, ме́сечык, ме́січак, ме́сечок, ме́сячык, ветк. ме́сячка, стол. мі́сац, драг. мі́сяц(ь) ’планета, найбліжэйшая да Зямлі’, ’12‑я частка астранамічнага года’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Кліх, Янк. 1, Бяльк.; бых., Янк. Мат.), ’рагалік на вясельным караваі’ (Маш.). Укр. мі́сяць, рус. ме́сяц, польск. miesiąc, н.-луж. mjasec, в.-луж. měsac, чэш. měsíc, славац. mesiac, славен. mẹ̑sec, серб.-харв. мје̏сец, макед., балг. месец, ст.-слав. мѣсѧць. Прасл. měsęcь, якое, паводле Махэка₂ (360), мела значэнне як ’месяц-свяціла’, так і ’месяц (30 дзён)’. І.‑е. *mēs‑ (< *mēns‑): літ. mė́nuo, mė́nesis, лат. mēnesis ’месяц’, mēness ’30 дзён’, ст.-прус. menins ’свяціла’, гоц. mēna ’тс’, mēnōþs ’30 дзён’, лац. mēnsis ’тс’, ст.-грэч. μήν ’тс’, іян., ат. μείς < *μενς < μηνς, дар. μής ’тс’, μήνη ’свяціла’; алб. muai, ірл. mī, ст.-інд. mās‑ (mā́sas) ’месяц’, авест. må, новаперс. māh, тах. A mañ, тах. B meñe, арм. amis ’месяц’. Слав. měsęcь разглядалася этымолагамі як аснова mē‑, пашыраная элементамі ‑n‑ і ‑es‑ (як у балт. мовах), якая прысутнічае ў лексеме мера (měra): месяц мерае час. Суфікс *‑ko‑ (> ‑ьcь) у *měsenьcь той жа, што і ў лексемы sъlnьce, і ўся лексема носіць табуістычны характар (задобрыванне). Гл. Бернекер, 2, 51; Траўтман, 179; Шпехт, KZ, 66. 53; Мее, 336; Фасмер, 2, 608–609; Скок, 2, 437–438; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 755–756. Развадоўскі (Rozprawy, 25, 425) прапануе прыняць першапачатковае значэнне ’які мяняецца’ і выводзіць лексему měsecь з і.-е. асновы *mei̯‑/*moi̯‑ ’мена’. Непераканаўча. Як і Трубачоў (ВЯ, 1980, 3, 5), які выводзіць з і.-е. *menyos ’менш’. Атрэмбскі (Балто-слав. сб., 186–192) лічыць, што слав. měsęcь і балт. mė́nuo з’яўляюцца варыянтамі аднаго і таго ж славяна-балтыйскага слова (< і.-е. *mē(n)s).

Ме́сяц 2 ’від танца’ (кап., Жыв. сл.; Інстр. III). З рус. ме́сяц з назвы песні «Чудный месяц», на матыў якой танец выконваўся.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)