САЛАЎЁЎ (Юрый Уладзіміравіч) (10.8.1940, С.-Пецярбург — 12.1.1977),

расійскі артыст балета. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1958). З 1958 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Класічны танцоўшчык лірыка-драм. плана, майстар дуэтнага танца, валодаў фенаменальным скачком. Першы выканаўца партый: Юнак (паводле «Ленінградскай сімфоніі» Дз.​Шастаковіча), Бог («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Чалавек («Далёкая планета» Б.​Майзеля), Ясны Сокал («Краіна цудаў» І.​Шварца), Ікар («Ікар» С.​Сланімскага) і інш. Сярод інш. партый: Зігфрыд, Дэзірэ, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Салор («Баядэрка» Л.​Мінкуса) і інш. Зняўся ў кінафільме-балеце «Спячая прыгажуня» (1964), тэлефільмах-канцэртах, у т. л. ў «Сімфоніі фантанаў» (1966), «Канстанцін Сяргееў. Старонкі харэаграфіі» (1976). Прэмія «Залатая зорка» на Міжнар. фестывалі танца (Парыж, 1965).

С.​В.​Гуткоўская.

Ю.Салаўёў у ролі Блакітнай птушкі.

т. 14, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНІ́МСКІ (Юрый Іосіфавіч) (13.3.1902, С.-Пецярбург — 23.4.1978),

расійскі балетазнавец, сцэнарыст, педагог. Ганаровы д-р Парыжскага ун-та танца (1959). Вучыўся ў Школе рус. драмы ў Петраградзе (1918), у Петраградскім ун-це. З 1922 працаваў у Ленінградскім ін-це гісторыі мастацтваў (з перапынкамі), з 1932 выкладаў у Ленінградскім харэагр. вучылішчы. З 1962 праф. Ленінградскай кансерваторыі. На сцэне Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі паставіў балет «Салавей» М.​Крошнера (1939, сумесна з А.​Ермалаевым). Напісаў сцэнарыі балетаў: «Юнацтва» М.​Чулакі, «Сцежкаю грому» К.​Караева, «Бераг надзеі» А.​Пятрова, «Ікар» С.​Сланімскага і інш. Аўтар кніг пра балет «Жызэль» (1926), «Сільфіда» (1927), «Шчаўкунок» (1934), «Майстры балета» (1937), «П.​І.​Чайкоўскі і балетны тэатр яго часу» (1956), «Драматургія балетнага тэатра XIX ст.» (1977), «Цудоўнае было побач з намі» (выд. 1984), падручніка «Асновы характарнага танца» (1939; у сааўт.).

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бале́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Від тэатральнага мастацтва, у якім драматургічная задума раскрываецца ў танцавальна-музычных вобразах. Рускі балет.

2. Спектакль на пэўны сюжэт, змест якога даносіцца сродкамі танца, мімікі і музыкі. // Музычны твор, які ляжыць у аснове такога спектакля. Новы свой твор — балет «Князь-возера».. В. А. Залатароў прысвяціў слаўнаму 30‑годдзю Беларускай ССР. «Беларусь».

3. Калектыў артыстаў, якія выконваюць балет. Артысты балета.

•••

Балет на лёдзе — від харэаграфічнага мастацтва, у якім танцы выконваюцца на каньках.

[Фр. ballet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДРЭ́ЧЫН (Сямён Уладзіміравіч) (Вульфавіч; 6.1.1915, Мінск — 1.8.1993),

бел. артыст балета і балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1933—41 і 1944—59 саліст, у 1950—59 таксама балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1942—44 саліст Вял. т-ра СССР. У 1959—64 і 1980—90 працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Малдовы. У 1971—73 маст. кіраўнік Дзярж. ансамбля танца БССР, у 1973—80 балетмайстар Дзярж. т-ра муз. камедыі БССР. Першы вядучы класічны танцоўшчык на бел. сцэне. Выканальніцкую манеру Д. вызначалі мужнасць і драм. экспрэсіўнасць танца, высокі артыстызм, пластычнасць, абаяльнасць, сцэнічны тэмперамент. Сярод лепшых партый: нацыянальна самабытныя вобразы Сымона («Салавей» М.​Крошнера), Васіля («Князь-возера» В.​Залатарова, Дзярж. прэмія СССР 1950), Янкі («Палымяныя сэрцы» на тую ж музыку); у класічных балетах — Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Конрад («Карсар» А.​Адана), Клод («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса). Сярод пастановак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі: балеты «Іспанскае капрычыо» на музыку М.​Рымскага-Корсакава (1949), «Чырвоны мак» (1950), «Эсмеральда» (1951), «Лаўрэнсія» А.​Крэйна (1955), «Карсар» (1957), «Блакітны Дунай» (1958), танцы ў операх «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ (1957), «Зорка Венера» Ю.​Семянякі (1970) і інш. У Дзярж. ансамблі танца БССР паставіў фальклорную праграму («Вянок беларускіх народных танцаў», «Купальская ноч», «Янка», «Лявоніха»), кампазіцыі «Хатынь», «У Белавежскай пушчы»). Балетмайстар спектакляў «Паўлінка» Ю.​Семянякі (1973), «Несцерка» Р.​Суруса (1979), «Рэвю-канцэрта» (1976), рэвю-мазаікі «Вакол кахання» (1991) і інш. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі. Ставіў танцы да драм. пастановак, у т. л. «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка (1971), «Амністыя» М.​Матукоўскага (1970), «Памінальная малітва» Р.​Горына (1990) у Бел. т-ры імя Я.​Купалы і інш.

Літ.:

Модэль М. Сямён Дрэчын // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 29—36.

Л.​М.​Ражанава.

С.У.Дрэчын.
С.Дрэчын у ролях Янкі (зверху) і Гірэя.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАЯ́НАВА (Алена Іванаўна) (13.7.1819 — 26.10.1857),

руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1837). Да 1854 у Пецярбургскай балетнай трупе. Прадстаўніца рамант. балета. Выкананне Андраянавай вызначалася віртуознасцю класічнага і характарнага танцаў, пантамімнай выразнасцю, тэмпераментам, дасканаласцю пластыкі. Першая рус. выканальніца партый Жызэлі («Жызэль» А.​Адана), Пахіты («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза) і інш.

т. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯНЕ́ЎСКІ (Казімір Іванавіч) (23.8.1896, г.п. Ліцін Вінніцкай вобл., Украіна — 3.7.1968),

бел. альтыст. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1918—21). Працаваў у аркестрах муз. т-раў Вінніцы, Кіева, Баку. У 1937—68 канцэртмайстар групы альтоў у аркестры Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Удзельнік Дзярж. квартэта БССР.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБЦО́ВА (Міра Міхайлаўна) (н. 21.12.1938, Масква),

расійская артыстка балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1973). З 1957 салістка Дзярж. акад. харэаграфічнага ансамбля «Бярозка», з 1980 яго маст. кіраўнік. Стварыла шэраг танцаў і кампазіцый, прасякнутых яскравым нац. каларытам, лірызмам.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУК (Пётр Савельевіч) (29.6.1896, Вільня — 28.5.1968),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі муз. тэхнікум імя А.​Барадзіна (1925). З 1914 працаваў у кінатэатрах, сімф. аркестрах, оперных т-рах Вільні, Віцебска, Смаленска, Ленінграда і інш. гарадоў. У 1937—62 (з перапынкам) канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІШЧ (Міхаіл Андрэевіч) (7.11.1917, в. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1966),

бел. мастак тэатра і жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1938—56). Сярод работ вылучаюцца дэкарацыі да опер «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні і «Алека» С.​Рахманінава (1949), «Марынка» Р.​Пукста (1955), балетаў «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1951), «Жызэль» А.​Адана (1953), «Лаўрэнсія» А.​Крэйна (1955); да драм. пастановак «Пунсовая кветачка» І.​Карнавухавай і Л.​Браўсевіча (1952, т-р імя Я.​Купалы), «Гады вандраванняў» А.​Арбузава (1954, Гомельскі абл. драм. т-р). Дэкарацыям уласцівыя рамантычная ўзнёсласць, паэтычнасць, кампазіцыйная выразнасць. Ствараў эскізы касцюмаў для танц. і харавых калектываў. Аўтар насценнай размалёўкі «Дэман» (1958) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, карцін «Купальскі вечар» (1960), «Саўгас «Аколіца» (1961), «Батлейка» (1962) і інш.

П.​А.​Карнач.

М.Блішч. Эскіз дэкарацыі да оперы «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні. 1949.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЗІ ((Grisi) Карлота) (28.6.1819, Візінада, п-аў Істрыя — 25.5.1899),

італьянская артыстка балета і спявачка; адна з відных прадстаўніц рамант. балета. Вучылася ў балетнай школе т-ра «Ла Скала». У 1832—53 выступала на сцэнах многіх т-раў Італіі і за мяжой, у т. л. ў Лондане, Парыжы, Пецярбургу; з 1833 разам з Ж.Перо, настаўнікам і мужам, які ў многім вызначыў яе творчы лёс. Сусв. вядомасць ёй прынесла першае выкананне напісанай для яе партыі Жызэлі («Жызэль» А.​Адана) у Парыжскай оперы (1841). Сярод інш. партый: Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Перы («Перы» Ф.​Бургмюлера). У балетах «Чатыры стыхіі» Дж.​Баеці, «Па-дэ-катр» і «Поры года» Пуні танцавала разам з М.Тальёні, Л.Гран, Ф.Чэрыта. Валодала драм. талентам. Яе творчасць прадвызначыла многія дасягненні віртуознага жаночага танца 2-й пал. 19 ст. Яе кар’еру спыніў няшчасны выпадак у 34-гадовым узросце.

К.Грызі ў ролі Перы.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)