ГАЛАЎНЯ́ (Анатоль Дзмітрыевіч) (2.2.1900, г. Сімферопаль, Украіна — 25.6.1982),
рускі кінааператар, тэарэтык кіно. Засл. дз. маст.Расіі (1935). Праф. (1939). Д-р мастацтвазнаўства (1966). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі (1926). Адзін з заснавальнікаў сав. аператарскай школы. У творчай садружнасці з рэжысёрам У.Пудоўкіным зняў фільмы: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1929), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947), «Жукоўскі» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; апошнія 3 фільмы разам з аператарам Т.Лобавай). Творчасць Галаўні блізкая да традыцый рус.рэаліст. жывапісу з улікам спецыфікі кіно. Смела выкарыстоўваў дынамічныя магчымасці камеры і асвятлення.
Тв.:
Съёмка цветного кинофильма. М., 1952;
Мастерство кинооператора. М., 1965;
Творчество оператора фильма. М., 1978.
Літ.:
Громов Е.С. Кинооператор Анатолий Головня. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЗІМІ́НАВІЧЫ,
дынастыя вял. князёў і паліт. дзеячаў ВКЛ, вяльмож Рас. дзяржавы. Верагодны пачынальнік роду Скалмант (Скаламенд, сярэдзіна 13 ст.). Назву атрымалі ад імя яго ўнука Гедзіміна. Гербам Гедзімінавічаў і іх дзяржавы ВКЛ, пачынаючы з Віценя, стала «Пагоня», якая пераходзіла па спадчыне разам з годнасцю вял. князя. Іншыя Гедзімінавічы, удзельныя князі, мелі асобныя гербы. У 14 ст. большасць Гедзімінавічаў, якія дагэтуль былі язычнікамі, перайшлі ў праваслаўе, некаторыя — у каталіцтва, засвоілі бел. культуру. Унук Гедзіміна Ягайла, заключыўшы Крэўскую унію 1385, стаў каралём польскім і заснавальнікам каралеўскай дынастыі Ягелонаў, якая правіла ў Польшчы і ВКЛ (да 1572), у Чэхіі і Венгрыі. З Гедзімінавічаў вылучыліся таксама Альгердавічы, галіна велікакняжацкай дынастыі ВКЛ, і буйныя княжацкія роды Беларусі, Украіны і Расіі: Алелькавічы, Бельскія, Вішнявецкія, Галіцыны, Куракіны, Мсціслаўскія, Сангушкі, Трубчэўскія і Трубяцкія, Хаванскія, Чартарыйскія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬЦЭР (Кацярына Васілеўна) (14.11.1876, Масква — 12.12.1962),
расійская балерына. Нар.арт.Расіі (1925). Дачка танцоўшчыка В.Ф.Гельцэра. Скончыла Маскоўскую балетную школу (1894). З 1894 і ў 1898—1935 салістка Вял.т-ра ў Маскве, у 1896—98 — Марыінскага т-ра. У Вял. т-ры асн. выканальніца ў балетах А.Горскага. Яркая прадстаўніца рус. школы класічнага танца, у сваім выкананні спалучала лёгкасць, віртуознасць, імклівасць з шырынёй і мяккасцю рухаў. Сярод партый: Саламбо («Саламбо» А.Арэндса), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» Л.Герольда), Медора («Карсар» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.Гліэра). З 1910 гастраліравала за мяжой, у т. л. ў Рускіх сезонах у Парыжы. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п.Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГМЫРА́К (Лявон) (сапр.Бабровіч Мечыслаў; 18.4.1891, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.7.1915),
бел. крытык, публіцыст і празаік. Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі. Скончыў прыватную тэхнічна-прамысл. школу ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губ. У 1914 прызваны ў армію, загінуў на фронце. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нац.-культ. руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі бел. культуры, актуальных праблемах сац.-паліт. жыцця, арт. «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш. Выступаў за культурна-нац. аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакр. сіламі Расіі.
Тв.:
Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992.
Літ.:
Гарэцкі М. Лявон Гмырак (1891—1915) // Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 217—219.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МАН»
(«Homan»),
бел. грамадска.-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. адраджэнскага кірунку. Выдавалася з 15(28).2.1916 да канца 1918 у Вільні на бел. мове з дазволу акупац.герм. улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.9.1916). Рэдактары В.Ластоўскі і Я.Салавей (з сярэдзіны 1917). Выступала за нац.-культ. адзінства бел. народа, незалежную Бел. рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае ВКЛ. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі, асвятляла дзейнасць Дзярж. думы, друкавала інфармацыю з франтоў. Надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню апублікавала некат. творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, Ц.Гартнага, А.Гурло, а таксама даследаванні М.Нікіфароўскага, літ.-крытычныя нарысы А.Луцкевіча (пад. псеўд. А.Навіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБАЙДУ́ЛІНА (Соф’я Асгатаўна) (н. 24.10.1931, г. Чыстапаль, Татарстан),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст.Расіі (1990). Скончыла Казанскую (1954) і Маскоўскую (1959) кансерваторыі. Вучаніца М.Пяйко і В.Шабаліна (кампазіцыя). У творчасці, якая сінтэзуе муз. традыцыі Захаду і Усходу, выкарыстоўвае сучасныя сродкі муз. выразнасці, у т. л. тэмбравай (нетрадыцыйныя інстр. склады).
Сярод твораў: балет «Бягучая па хвалях» паводле А.Грына (1963), кантаты «Ноч у Мемфісе» (1968), «Рубаят» (1969), «Perception» (1983), «Прысвячэнне Марыне Цвятаевай» (1984), «Алілуя» (1990); 1-часткавыя творы для вял.сімф. аркестра «Час душы» (з мецца-сапрана, 1976), «Offertorium» (1980); сімфонія «Чую... Змоўкла...» (1986); канцэрты для саліруючых інструментаў з камерна-інстр. складамі; камерна-інстр. творы для нетрадыцыйных складаў; сольныя інстр. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. З пач. 1990-х г. жыве ў Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БСКАЯ (Надзея Аляксандраўна) (н. 3.2.1947, в. Стары Каўрай Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1975). У 1966—77 працавала на Украіне і ў Расіі. З 1977 салістка Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам вял. напаўнення, багатай і высакароднай тэмбравай афарбоўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслава («Князь Ігар» А.Барадзіна), Графіня, Паміна («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Аіда, Леанора, Лізавета, Амелія («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска ў аднайм. операх Дж.Пучыні, Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСА́РЫ (венг. huszár, адз. л.),
від кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 15 — пач. 20 ст. З’явіліся ў Венгрыі ў 1458 пры каралю Мацьяшы I Корвіне як конныя атрады дваранскага апалчэння, якія камплектаваліся паводле прынцыпу вылучэння аднаго ўзбр. конніка ад кожных 20 дваранскіх двароў (адсюль назва). З 16 ст. гусары вядомы ў Польшчы і Беларусі (у складзе войска ВКЛ, існавалі да канца 18 ст.), з 1634 — у Расіі (пераважна лёгкая кавалерыя, асабліва вызначыліся ў вайну 1812, выкарыстоўваліся да 1917), з канца 17 — пач. 18 ст. — у Францыі, Аўстрыі, Прусіі (лёгкая конніца для дзеянняў у тыле і на флангах праціўніка, вядзення разведкі і праследавання).
Літ.:
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994. С. 39-43.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛО́ВІЧ (Алена Мікалаеўна) (10.5.1906, г. Разань, Расія — 8.11.1957),
руская і бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1923 працавала ў т-рах Расіі. З 1934 у Бел. трэцім дзярж. т-ры (БДТ-3), з 1937 у Мазырскім т-ры рабочай і калг. моладзі і створаным на яго базе ў 1938 Палескім абл.драм. т-ры. У 1945—46 дырэктар Брэсцкага абл.драм.т-ра імя ЛКСМБ. З 1946 актрыса Палескага і створаных на яго аснове Пінскага і Магілёўскага (1954) абл.драм. т-раў. Характарная актрыса.