абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач.студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІК, вадзяная зорачка (Callitriche),
род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балотнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.
Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХА́ГАР (Ahaggar),
Хогар, пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 мм за год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, звязаная алгебраічным ураўненнем з незалежнай пераменнай; важнейшая функцыя матэматыкі. Алгебраічная функцыя наз. абмежаванай зверху (знізу) на мностве E, калі існуе лік M, што для кожнага x з мноства E выконваецца няроўнасць
, напр., функцыя x2 абмежаваная на адрэзку . Рацыянальная алгебраічная функцыя атрымліваецца ў выніку канечнага ліку арыфм. аперацый (складання, аднімання, множання і дзялення) над пераменнымі і лікамі, напр.,
,
; астатнія алгебраічныя функцыі — ірацыянальныя, якія звычайна неадназначныя, напр.,
,
. Агульная тэорыя алгебраічнай функцыі звязана з тэорыяй аналітычных функцый, алгебрай і алгебраічнай геаметрыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРАЎ (Анатоль Пятровіч) (13.2.1903, г. Тарашча Кіеўскай вобл., Украіна — 4.2.1994),
сав. фізік. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1943). Адзін з заснавальнікаў сав. атамнай энергетыкі. Герой Сац. Працы (1954, 1960, 1973). Скончыў Кіеўскі ун-т (1930). З 1960 дырэктар Ін-та атамнай энергіі імя Курчатава, у 1975—86 прэзідэнт АНСССР. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і палімераў, ядз. і атамнай фізіцы. Распрацоўваў (у сааўт.) стат. тэорыю трываласці цвёрдых целаў. З 1946 працаваў над стварэннем ядз. рэактараў, у т. л. для атамнай энергетыкі і флоту; пад яго кіраўніцтвам створаны першы доследны вода-вадзяны рэактар (1948—54). Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951, 1953.
Тв.:
Атомная энергия и научно-технический прогресс. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1812—14.
Выклікана гандл.-эканам. супярэчнасцямі паміж Англіяй і ЗША, а таксама захопніцкай палітыкай пэўных амер. колаў у адносінах да Канады. Зачэпкай да вайны паслужылі захопы і вобыскі англ. флотам амер. суднаў у адкрытым моры. У чэрв. 1812 ЗША аб’явілі вайну Англіі. Англічане перакінулі свае войскі ў Паўн. Амерыку. На моры Англія панесла значныя страты, але і спробы амерыканцаў уварвацца ў Канаду поспеху не мелі. Перамогі на азёрах Эры (вер. 1813) і Шамплейн (вер. 1814) забяспечылі ЗША кантроль над важнымі воднымі шляхамі. Англ. войскі блакіравалі ўзбярэжжа ЗША, у жн. 1814 захапілі Вашынгтон, аднак развіць наступленне не змаглі. Баявыя дзеянні амер. войскаў набылі характар барацьбы за захаванне незалежнасці краіны. У 1814 у г. Гент (Бельгія) падпісаны дагавор, які аднавіў даваен. становішча.
Дагавор 20.2.1928 заключаны ў Іерусаліме. Фармальна пакідаў пэўную ўладу ў Трансіарданіі (мандатнай тэр. Англіі) эмірам, але замацоўваў за Англіяй кантроль над знешняй палітыкай, фінансамі і ўзбр. сіламі. Дагавор 22.3.1946 аб дружбе і саюзе падпісаны ў Лондане на 25 гадоў. Фармальна адмяняў англ. мандат на Трансіарданію (аб’яўлялася незалежным каралеўствам), аднак захоўваў права трымаць войскі і будаваць ваен. базы на трансіарданскай тэрыторыі. Дагавор 15.3.1948 аб саюзе, падпісаны ў Амане тэрмінам на 20 гадоў, ставіў Іарданію ў залежнасць ад Англіі: для англ. войскаў выдзяляліся базы ў Амане і Мафраку; Англія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў любы пункт Іарданіі ў выпадку вайны. Дагавор прадугледжваў стварэнне пастаяннага англа-іарданскага Савета абароны. Ануляваны 14.3.1957 урадам Набулсі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЖЭ́ЙКА,
складка брушыны, што прымацоўвае ўнутрыбрушныя органы ў другаснай поласці цела чалавека і жывёл. Развіваецца ў зародку з унутраных (вісцэральных) лісткоў бакавых пласцінак, якія зрастаюцца паміж сабой над і пад кішэчнікам і ўтвараюць 2 брыжэйкі: спінную і брушную.
У сталых арганізмах звычайна захоўваецца толькі адна брыжэйка. У пазваночных — спінная брыжэйка; на ёй падвешваецца кішэчнік і да яго ў тоўшчы брыжэйкі праходзяць нервы, крывяносныя і лімфатычныя сасуды. Брушная брыжэйка рэдукуецца, яе пярэдні аддзел ператвараецца ў серпападобную звязку печані, задні ўтварае звязку, якая падтрымлівае ў некаторых рыб і земнаводных клааку, а ў млекакормячых мачавы пузыр. У чалавека брыжэйка — складка брушыны, што ўкрывае ножку кожнага ўнутрыбрушнога органа, якой ён прымацаваны да сценкі брушной поласці. Вонкава брыжэйка падобная на даўнейшы каўнер са складкамі — брыжы (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЁК (Міхась) (сапр.Касцевіч Міхаіл Восіпавіч; 14.11.1905, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 3.9.1960),
бел.паэт. З 1926 друкаваў вершы ў зах.-бел. выданнях. Быў літ. супрацоўнікам час. «Маланка», арганізоўваў гурткі ТБШ. У 1939 мабілізаваны ў польскае войска, трапіў у ням. палон, адкуль у жн. 1941 уцёк на радзіму. Быў сакратаром Скідзельскага падп. антыфаш. к-та, выступаў у партыз. друку. Выдаў у Вільні зб. лірыкі «Шум баравы» (1929, канфіскаваны польск. ўладамі), «З сялянскіх ніў» (1937). У рамант. вобразах-сімвалах паэтызаваў вызв. барацьбу. У сатыр. вершах выкрываў сац. і нац. ўціск. Пасляваен. творы прасякнуты матывамі радасці мірнай працы.
Тв.:
Выбр. творы. Мн., 1955;
Зоры над Нёманам. Мн., 1963;
Вершы. Мн., 1973.
Літ.:
Калеснік У. Міхась Васілёк // Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962.