РО́ТЭ (Rothe) Ганс (н. 5.5.1928, Берлін),

нямецкі даследчык славянскіх культур. Праф. (1965). Правадз. чл. Рэйнска-Вестфальскай АН у Дзюсельдорфе (1979), Украінскай акадэміі навук і мастацтва ў ЗША (1989), замежны чл. Польскай АН у Кракаве (1991). Ганаровы д-р Вроцлаўскага ун-та (1991). Вывучаў філалогію, індагерманістыку і гісторыю рэлігій ва ун-тах Кіля, Марбурга і Лондана (1947—53). У 1954—63 працаваў у Марбургу, з 1964 у Вольным Берлінскім ун-це, у 1966—93 дырэктар Славістычнага семінара Рэйнскага унта імя Фрыдрыха Вільгельма у Боне. Асн. працы ў галіне параўнальнай славістыкі («Гуманізм у славян. Праблемы і задачы», 1993), параўнальнай усх.слав. філалогіі («Роздум над сістэматызацыяй гісторыі культуры Усходняй Еўропы ў храналагічнай паслядоўнасці», 1979), русістыкі («Сляды Гётэ ў станаўленні рускага рэалізму», 1981), паланістыкі («Месца Польска-Літоўскай дзяржавы ў гісторыі культуры Еўропы паміж Усходам і Захадам», 1991), багемістыкі і паўд.-слав. філалогіі («Гуманізм на чэшскіх землях», 1985) і інш. Аўтар прац па беларусістыцы: «Сілабічная метрыка згодна старажытным усходнеславянскім крыніцам» (1978), «Даследаванні па літаратуры і культуры ва Усходняй Еўропе» (1983), «Узнікненне славянскіх культур і іх значэнне ў сучасным свеце» (1984), «Гукі і словы» (1988, пра Ф.​Скарыну), «Біблія ў славян» і «Біблія славіка» (1990) і інш. Выдаў зб-кі стараж. славян. паэзіі, у т. л. бел.: «Самая старажытная ўсходнеславянская паэзія (1575—1647)» (т. 1—2, 1976—77), «Вершы і песні ва ўсходніх славян (1650—1720)» (1984) і зб. матэрыялаў міжнар. сімпозіума «Беларусь і Захад» (1990) і інш. Адзін з заснавальнікаў серыйных выданняў: «Фундаментальныя даследаванні па славянскай філалогіі і гісторыі культуры» (з 1968), «Біблія славіка» і «Нямецкая бібліятэка Усходу» (з 1988), «Працы па культуры славян» (з 1998). Пад яго кіраўніцтвам пры Бонскім ун-це выконваецца 3-томны праект «Беларусь і Германія. Інтэлектуальныя і культурныя сувязі, 1914—1941» (т. 1. Бібліяграфія, 2000). Віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур (ЮНЕСКА, 1979), чл. Міжнар. к-та славістаў (1983), прэзідэнт Сучаснай гуманіт. даследчай асацыяцыі ў Лондане (1987) і інш.

У.​Л.​Сакалоўскі.

Г.Ротэ.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РАЎ Віктар Цімафеевіч (25.10.1936, г. Магілёў — 31.10.1996),

бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1979). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). З 1959 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1991—96 маст. кіраўнік майстэрні рэжысуры ігравога кіно Бел. АМ. Дэбютаваў дакумент. нарысамі «Наш Салігорск» і «Гомельскія танцоры» (1959), «Беларусь сацыялістычная» і «Слаўны шлях» (1960) і ігравымі навеламі «Камбуд» (1961, альманах «Апавяданні пра юнацтва»), «Зорка на спражцы» (1962, фільм «Маленькія летуценнікі»). Дзяцінства, апаленае вайной, у лірыка-паэтычных фільмах «Праз могілкі» (1964, паводле П.​Ніліна; рашэннем ЮНЕСКА ў 1994 уключаны ў лік. лепшых 100 фільмаў свету), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967) і «Сыны ідуць у бой» (1969, паводле А.​Адамовіча). Тэма сувязі ваен. і пасляваен. пакаленняў у фільмах «Час яе сыноў» (1974), «Пункт адліку» (1979, прыз на 13-м Усесаюзным кінафестывалі, 1980), «Меншы сярод братоў» (1985). Бел.-польскай барацьбе з фашыстамі прысвечаны фільм «Пераправа» (1987, сумесна з Польшчай). Увага да першакрыніцы, сугучнасць з вобразамі «Запісак паляўнічага» І.​Тургенева ў тэлефільме-экранізацыі «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971). Дзецям адрасаваны тэлефільм «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1973, паводле С.​Маршака). Хараство бел. прыроды, высакароднасць нар. характараў увасоблены ў экранізацыі «Палескай хронікі» І.​Мележа — кінастужках «Людзі на балоце» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1984; гал. прыз на 15-м Усесаюзным кінафестывалі, 1982; прызы Міжнар. кінафестываляў у Карлавых Варах, Чэхія, 1982; у Маніле, Філіпіны, 1983), «Подых навальніцы» (1982); у тэлефільмах «Апейка» (1982), «Блізкае і далёкае» (1984). Актуальным праблемам сучаснасці прысвечаны фільмы «Уваскрэсная ноч» (1976, паводле А.​Петрашкевіча), «Высокая кроў» (1990), «Чорны бусел» (1993, прыз Міжнар. кінафестывалю у г. Нові-Сад, Югаславія). У стужцы «Шляхціц Завальня...» (1990, паводле Я.​Баршчэўскага) старадаўняя Беларусь паказана ў жанры фантастычных легенд і паданняў. У 1976—81 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Літ.:

Гудкова Л. В.​Туров. М., 1984;

Бондарева Е. От сердца — к сердцу. Мн., 2001.

В.​Ф.​Нячай.

В.Ц.Тураў.

т. 16, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́СТЫКА (ад грэч. akustikos слыхавы),

раздзел фізікі, які вывучае пругкія ваганні і хвалі ад самых нізкіх частот (умоўна ад 0 Гц) да самых высокіх (10​12—10​13 Гц), іх узаемадзеянне з рэчывам і выкарыстанне.

Першыя звесткі аб акустыцы — у Піфагора (6 ст. да н.э.). Развіццё акустыкі звязана з імёнамі Арыстоцеля, Г.Галілея, І.Ньютана, Г.Гельмгольца. Вынікі класічнай акустыкі падагульніў Дж.Рэлей. Значны ўклад у развіццё акустыкі зрабілі М.М.Андрэеў, А.А.Харкевіч, Л.М.Брэхаўскіх, Л.І.Мандэльштам, М.А.Леантовіч і інш. Новы этап развіцця акустыкі ў 20 ст. звязаны з развіццём электра- і радыётэхнікі, электронікі.

Агульная акустыка на аснове лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў вывучае заканамернасці адбіцця і пераламлення акустычных хваляў на паверхні, распаўсюджванне, інтэрферэнцыю і дыфракцыю іх у суцэльных асяроддзях, ваганні ў сістэмах з засяроджанымі параметрамі. Акустыка рухомых асяроддзяў і статыстычная разглядаюць уплыў руху і нерэгулярнасцяў асяроддзя на распаўсюджванне, выпрамяненне і прыём гукавых хваляў. Фізічная акустыка вывучае залежнасць характарыстык хваляў ад уласцівасцей і стану асяроддзя; яе падраздзелы: малекулярная акустыка (паглынанне і дысперсія гуку), квантавая акустыка (разглядае пругкія хвалі як фаноны, пры нізкіх т-рах, ва ультра- і гіпергукавым дыяпазонах). Псіхафізіялагічная акустыка вывучае ўздзеянне гуку на чалавека. Асн. задача электраакустыкі (магнітаакустыкі) — распрацоўка гучнагаварыцеляў, мікрафонаў, тэлефонаў і інш. выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў гуку. Гідраакустыка і атмасферная акустыка — выкарыстанне гуку для падводнай лакацыі, сувязі, зандзіравання атмасферы і інш. Задачы архітэктурнай і будаўнічай акустыкі — паляпшэнне распаўсюджвання і ўспрымання мовы і музычных гукаў у памяшканнях, памяншэнне шуму (гл. Акустыка архітэктурная, Акустыка музычная). Нелінейная акустыка, акустаоптыка і акустаэлектроніка вывучаюць узаемадзеянне акустычных хваляў з фіз. палямі і часціцамі. Новыя магчымасці візуалізацыі гукавых палёў дала акустычная галаграфія. На Беларусі даследаванні па акустыцы праводзяцца з 1950-х г. у ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю АН. Найб. значныя вынікі атрыманы Ф.І.Фёдаравым у тэорыі пругкіх хваляў у крышталях.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Механика сплошных сред. М., 1953;

Стретт Дж.В. (лорд Рэлей). Теория звука: Пер. с англ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1955;

Скучик Е. Основы акустики: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1958—59;

Фёдоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСО́ВЫ ЎРА́Д у Расіі,

цэнтральны орган дзярж. улады пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Сфарміраваны Часовым камітэтам Дзяржаўнай думы 1917 са згоды выканкома Петраградскага савета, з якім да ліпеньскага крызісу 1917 падзяляў уладу (гл. Двоеўладдзе). Вышэйшы выканаўча-распарадчы орган; выконваў таксама і заканад. функцыі. Змяніліся 4 склады Ч.ў.: 1-ы (2 акцябрысты, 8 канстытуцыйных дэмакратаў і тых, хто прымыкалі да іх, 1 трудавік, пазней эсэр; старшыня — Г.Я.Львоў) — да 6(19).5.1917 (гл. Красавіцкі крызіс 1917); 2-і (1 акцябрыст, 8 канстытуцыйных дэмакратаў і тых, хто прымыкаў да іх, 3 эсэры, 2 меншавікі; старшыня — Львоў) — да 24.7(6.8).1917; 3-і (7 канстытуцыйных дэмакратаў і тых, хто прымыкаў да іх, 5 эсэраў і народных сацыялістаў, 3 меншавікі; старшыня — А.Ф.Керанскі) — да 1(14).9.1917, калі ў сувязі з Карнілава мяцяжом 1917 перадаў уладу Дырэкторыі з 5 міністраў на чале з Керанскім; 4-ы (6 канстытуцыйных дэмакратаў і тых, хто прымыкаў да іх, 2 эсэры, 4 меншавікі, 6 беспарт., старшыня — Керанскі) — з 25.9(8.10).1917. Мясц. органамі ўлады Ч.ў. былі ўстановы яго губ. і пав. камісараў (у Віцебскай губ. А.​Валковіч, у Магілёўскай — Судзілоўскі, потым Н.​Друцкі-Сакалінскі, у Мінскай — Б.​М.​Самойленка, на Зах. фронце — В.​А.​Жданаў). У сваёй праграмнай дэкларацыі ад 3(16).3.1917 і звароце да грамадзян Расіі 6(19).3.1917 Ч.ў. абвясціў прынцып «пераемнасці ўлады» і «бесперапыннасці права», аб імкненні ўдзельнічаць у 1-й сусв. вайне «да пераможнага канца» і выканаць усе дагаворы і пагадненні з саюзнымі дзяржавамі. Скасаваў катаргу і паліт. ссылку, абвясціў паліт. амністыю, замяніў паліцыю нар. міліцыяй. Прыняў закон аб свабодзе сходаў і саюзаў, выдаў указы аб перадачы дзяржаве зямель імператарскай сям’і, аб рабочых к-тах, увёў манаполію хлебнага гандлю. 1(14).9.1917 абвясціў Рас. рэспубліку, 14(27).9.1917 склікаў Дэмакр. нараду, якая стварыла Прадпарламент. Абяцаў склікаць Устаноўчы сход. Скінуты 25.10(7.11).1917 у ходзе Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917.

Літ.:

Катков Г.М. Февральская революция: Пер. с англ. М., 1997.

т. 17, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання, што выпускае прадукцыю для выпрацоўкі электраэнергіі, перадачы яе спажыўцам і пераўтварэння ў інш. віды энергіі — механічную, светлавую, цеплавую, хімічную. На прадпрыемствах Э.п. выпускаюць: трансфарматары і трансфарматарныя падстанцыі, панэлі кіравання электрастанцый і электрашчыты, электрарухавікі, сілавыя і паўправадніковыя вентылі для аўтамаб. і трактарных рухавікоў, кабельную прадукцыю, электраапаратуру, сродкі сігналізацыі і сувязі, рэнтгенаўскае абсталяванне, быт. электрапрылады.

Э.п. узнікла ў 1880-я г. і асабліва хутка развівалася ў ЗША і Германіі. У Расіі да 1917 былі толькі філіялы замежных кампаній. Атрымала развіццё з прыняццем дзярж. праграмы па электрыфікацыі, калі пабудаваны прадпрыемствы ў С.-Пецярбургу, Маскве, Новасібірску, Самары і інш. Найб. развіта ў ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі.

На Беларусі першыя вырабы Э.п. выпускаў Альбярцінскі электралямпавы завод. У 1940 зроблена 7,7 тыс. шт. электрарухавікоў агульнай магутнасцю 11,8 тыс. кВт. У наш час працуе каля 60 прадпрыемстваў. Э.п. Гомельскі завод «Электраапаратура» (узнік на базе пабудаванага ў 1946 з-да «Штамп») вырабляе нізкавольтную і высакавольтную апаратуру, панэлі шчытоў размеркавання, трансфарматарныя падстанцыі, быт. тэхніку і інш. З 1956 працуе Мінскі электратэхнічны завод, які спецыялізуецца на вырабе трансфарматараў, электрападстанцый; з 1966 — Брэсцкі электралямпавы завод, які выпускае больш за 120 відаў лямпаў напальвання. Электрарухавікі розных відаў вырабляюць Лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», Магілёўскі завод «Электрарухавік», з-д «Этон» у Новалукомлі. Кабельную прадукцыю выпускаюць Гомельскі кабельны завод, Мазырскі кабельны завод. Электраабсталяванне для запальвання пуску рухавікоў унутр. згарання, магнета вырабляюць на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання. Прадукцыя Э.п. выпускаецца на прадпрыемствах Баранавіч, Ваўкавыска, Віцебска, Ліды, Маладзечна, Паставаў і інш. У 2001 з Беларусі экспартавана 76,8 млн. шт. эл. і газаразрадных лямпаў напальвання, 105,8 тыс. шт. эл. трансфарматараў, 149,4 тыс. шт. эл. рухавікоў і генератараў, 16,9 тыс. т ізаляваных правадоў. Сярод краін-імпарцёраў Расія, Украіна, Малдова, краіны Балтыі, Чэхія, Польшча, Турцыя, Францыя і інш. У 1995 выраблена электрарухавікоў пераменнага току 211 тыс. шт., сілавых трансфарматараў агульнай магутнасцю 2493 тыс. кВА, электралямпаў асвятляльных 130 млн. шт., кабельных вырабаў па масе медзі 2,5 тыс. т (у 2001 адпаведна 403 тыс. шт., 2999 тыс. кВА, 105 млн. шт., 5 тыс. т).

П.​І.​Рогач.

т. 18, кн. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСО́ВЫ РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКІ САВЕ́ЦКІ ЎРА́Д БЕЛАРУ́СІ,

вышэйшы орган дзярж. улады БССР з 1.1 да 2.2.1919. Сфарміраваўся ў ходзе нац.-дзярж. самавызначэння Беларусі ў форме суверэннай сав. рэспублікі. Паліт., эканам. і ідэалаг. асновы яго дзейнасці склалі ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, Дэкларацыі правоў народаў Расіі, Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Яго перадумовай стала пастанова канферэнцыі бел. секцый РКП(б) (21—23.12.1918, Масква) аб неабходнасці абвяшчэння Беларусі рэспублікай і стварэння Рабоча-сял. ўрада. Выбранаму для гэтага канферэнцыяй Цэнтр. бюро бел. секцый было даручана аб’яднаць намаганні камуністаў у справе будаўніцтва нац. дзяржавы.

Пра рашэнні канферэнцыі стала вядома ЦК РКП(б), СНК і ВЦВК РСФСР, якія вылучылі спец. прадстаўнікоў для абмеркавання гэтых праблем з дзеячамі Беларусі. На фарміраванне бел. ўрада ўплывалі абмежаваны час для пошуку неабходных кандыдатур, недаацэнка нац. пытання Аблвыкамзахам (кіруючы орган Заходняй вобласці, у якую ўваходзіла Беларусь), пэўны паліт. недавер з боку Аблвыкамзаха да членаў Беларускіх секцый РКП(б) і Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома). Пытанні колькаснага і персанальнага складу бел. ўрада, яго функцый, структуры 25.12.1918 абмяркоўваліся ў Маскве наркомам па справах нацыянальнасцей І.​В.​Сталіным з прадстаўнікамі Цэнтр. бюро бел. секцый, к-та Маск. бел. секцыі РКП(б), супрацоўнікамі Белнацкома, 27.12.1918 — з кіруючымі асобамі Аблвыкамзаха А.​Ф.​Мясніковым і М.​І.​Калмановічам. На апошняй сустрэчы разглядаліся таксама т.зв. «Шэсць умоў тав. Сталіна па стварэнні БССР і Кампартыі Беларусі», сутнасць якіх — імкненне аўтара да аўтанамізацыі нярускіх нац. рэспублік. VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыя РКП(б) [гл. Першы з’езд КП(б)Б], якая прыняла рашэнне аб утварэнні БССР, даручыла абранаму на ёй Цэнтральнаму Бюро КП(б)Б [КП(б)Б] правесці арганізац. работу па зацвярджэнні членаў урада. Яго колькасны склад не раз мяняўся (15, 17 і, нарэшце, 19 чал.). Ад Бел. секцый РКП(б) і Белнацкома ва ўрад увайшло 7 чал., ад Аблвыкамзаха — 12. Старшыня ўрада — З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), камісары: замежных спраў У.​С.​Фальскі, нацыянальнасцей Ф.​Г.​Шантыр, нар. асветы А.​Р.​Чарвякоў, ваен. спраў Мяснікоў, фінансаў І.​І.​Рэйнгольд, харчавання Калмановіч, земляробства А.​А.​Андрэеў, унутр. спраў С.​В.​Іваноў, працы І.​Л.​Дыла, сац. забеспячэння Дз.​С.​Чарнушэвіч, аховы здароўя І.​І.​Пузыроў, поштаў і тэлеграфаў К.​Ф.​Разенталь, шляхоў зносін І.​П.​Савіцкі, юстыцыі А.​І.​Квачанюк, дзярж. кантролю С.​І.​Берсан, старшыні Савета нар. гаспадаркі (СНГ) Р.​В.​Пікель, Цэнтрапленбежа Р.​П.​Найдзёнкаў, Надзвычкома В.​І.​Яркін; кіраўнік спраў урада В.​Г.​Кнорын, сакратары А.​М.​Антанікоўскі і Г.​Д.​Антонаў. На пасяджэнні ўрада абраны яго Прэзідыум з 3 чал.: Жылуновіч (старшыня), Мяснікоў, Калмановіч. Упершыню поўны склад урада надрукаваны 15.1.1919 у газ. «Звезда». Друкаваным органам урада стала газ. «Весткі Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі», якая выдавалася на бел., рус., польск. і яўр. (ідыш) мовах. 1.1.1919 Жылуновіч, Мяснікоў, Рэйнгольд, Чарвякоў, Іваноў падпісалі Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Гэты дзень стаў днём нараджэння БССР і яе ўрада. Маніфест дэклараваў паліт., эканам. і сац. асновы новай краіны, ануляваў пастановы, дагаворы, загады і распараджэнні акупац. улад, абвясціў па-за законам Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. утвораную 18.3.1918. Адным з гал. кірункаў эканам. палітыкі ўрад абвясціў нацыяналізацыю памешчыцкіх, манастырскіх і царк. зямель, пераход да дзяржавы лясоў, чыгункі, поштаў і тэлеграфаў, фабрык, заводаў, банкаў; устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень. Маніфест абнародаваны ў газ. «Звезда» (3.1.1919), «Жизнь национальностей» (5.1.1919), «Известия Витебского Совета» (10.1.1919). Усе пасяджэнні ўрада адбываліся ў Мінску: 7, 11, 16, 17, 21 і 27.1.1919. З-за розных поглядаў Жылуновіча і Мяснікова [з 1.1.1919 старшыня ЦБ КП(б)Б, з 21.1.1919 старшыня Ваенна-рэв. Савета БССР] на асаблівасці самавызначэння Беларусі, узаемаадносіны ўрада і парт. кіраўніцтва, некат. кадравыя пытанні Масква прызначыла ўпаўнаважаных пры ўрадзе і ЦБ КП(б)Б — Д.​Ю.​Гопнера ад СНК РСФСР і А.​А.​Іофе ад ЦК РКП(б). З гэтага моманту Сталін адышоў на 2-і план. Інтарэсы ўрада ў СНК РСФСР прадстаўляў Белнацком. Незалежнасць Беларусі як дзяржавы ВЦВК РСФСР прызнаў толькі 31.1.1919. У ліку першых дзярж. актаў урада былі пастановы аб дзейнасці ў пераходны перыяд дэкрэтаў і пастаноў РСФСР (10.1.1919), пераходзе ўлады ў БССР у рукі Часовага ўрада, скасаванні Аблвыкамзаха і Мінскага губрэўкома (19.1.1919).

Значную ўвагу ўрад аддаваў крыніцам фарміравання бюджэту і яго размеркаванню. Крыніцы заставаліся тыя, што існавалі ў губернскіх бюджэтаў: адлічэнні ад усіх відаў падаткаў, пазыкі. Пры ўрадзе дзейнічала спец. бюджэтна-фін. камісія з прадстаўнікоў камісарыятаў фінансаў, унутр. спраў, дзярж. кантролю для дакладнага і справядлівага размеркавання грошай. Для аднаўленчых работ Беларусі патрэбен быў крэдыт у суме 25 млн. руб., але атрымала яна толькі 10 млн. Ажыццявіць значную працу ў агр. сектары ўрад не змог з-за адхілення членамі ЦБ КП(б)Б 2.1.1919 тэзісаў Андрэева па зямельным пытанні, у якіх прапаноўваўся план эвалюц. пераходу ад прыватнай да калектыўнай форм зямельнай уласнасці. Камісарыят земляробства арганізаваў закупку насення ў цэнтры Расіі да сяўбы, зацвердзіў цэны на лясныя матэрыялы, што адпускаліся насельніцтву, накіраваў цыркуляр губернскім аддзелам рэспублікі і павятовым зямельным аддзелам Мінскай губ. пра парадак выканання законаў урадаў РСФСР і БССР, распараджэнняў Камісарыята земляробства БССР і абскарджання рашэнняў зямельных органаў. Камісарыят харчавання разгледзеў пытанні аб зняцці перашкод на ўвоз у Мінск і Мінскую губ. харч. прадуктаў, арганізацыі Мінскага харч. к-та і каап. камісіі пры камісарыяце. Камісарыят асветы ўстанавіў сувязі з Наркаматам асветы РСФСР у пазашкольнай адукацыі, прааналізаваў звесткі пра колькасць школ і вучняў у Бабруйскім, Барысаўскім, Ігуменскім, Рэчыцкім, Мазырскім, Пінскім, Слуцкім, Навагрудскім, Слонімскім, Ашмянскім, Вілейскім, Свянцянскім пав., выдаткаваў сродкі на заснаванне ў Мінску і губ. цэнтрах рэспублікі бел. сав. тэатр. устаноў. Камісарыят па справах нацыянальнасцей 30.1.1919 надрукаваў паведамленне аб рэгістрацыі дзярж. і грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць па сваёй сутнасці нац. характар. Камісарыят поштаў, тэлеграфаў і тэлефонаў 16.1.1919 паведаміў пра аднаўленне паштовай і тэлеграфнай сувязі з Баранавічамі і інш. гарадамі зах. часткі Беларусі. СНГ прыняў пастановы аб нацыяналізацыі прам-сці, рэарганізацыі ляснога аддзела СНГ, стварэнні часовай камісіі пры СНГ па абследаванні і арганізацыі вінакурнай прам-сці, перадачы сыраварных і масларобчых устаноў з падпарадкавання Камісарыяту земляробства ў распараджэнне СНГ. Наркамат юстыцыі ажыццяўляў кантроль за нарматворчай дзейнасцю ўрада і яго камісарыятаў, 20.1.1919 ён даслаў у Камісарыят поштаў, тэлеграфаў і тэлефонаў ліст аб неабходнасці накіравання дэкрэтаў і пастаноў прынцыповага характару на папярэдняе рэдагаванне ў аддзел заканадаўчых пастаноў і кадыфікацыі пры Камісарыяце юстыцыі БССР. Урад узначаліў БССР у межах Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай і Смаленскай губ. ЦК РКП(б) без папярэдніх кансультацый з прадстаўнікамі Беларусі 16.1.1919 прыняў пастанову пра аддзяленне ад БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ. У сувязі з гэтым 22.2.1919 Жылуновіч, Квачанюк, Чарнушэвіч, Дыла, Шантыр, Фальскі, Чарвякоў і Пузыроў накіравалі ўпаўнаважанаму ЦК РКП(б) Іофе пісьмо-пратэст. Намаганні ўрада былі падтрыманы членамі ЦБ КП(б)Б. Масква ў асобе старшыні ВЦВК Свярдлова пацвердзіла сваё рашэнне і паведаміла пра хуткае аб’яднанне БССР з Літоўскай сав. рэспублікай.

З Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі бяруць пачатак сучасныя рэсп. мін-вы і к-ты: фінансаў, адукацыі, сац. абароны, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, працы, юстыцыі, унутр. спраў, па справах нацыянальнасцей, дзярж. кантролю, сувязі і інш. Канфрантацыя ЦБ КП(б)Б з урадам вылілася ў намаганні ЦБ прыняць 20.1.1919 новую структуру бел. ўрада. З 18 камісарыятаў павінны былі застацца 7, астатнія пераўтвараліся ў аддзелы, Спробу ЦБ КП(б)Б рэстаўрыраваць Аблвыкамзах не падтрымалі ЦК РКП(б) і СНК РСФСР. Часовы рабоча-сял. сав. ўрад спыніў існаванне ў перыяд работы Першага Усебеларускага з’езда Саветаў (2—3.2.1919, Мінск), які прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 і выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР.

Літ.:

Каменская Н.В. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя і ўтварэнне БССР. Мн., 1954;

Куличенко М.И. Борьба Коммунистической партии за решение национального вопроса в 1918—1920 гг. Харьков, 1963;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 2]. Мн., 1979;

Яго ж. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Ладысеў У.Ф. Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне бел. дзяржаўнасці (1917—1920 гг.). Мн., 1999;

Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд. Мн., 2000;

Сташкевич Н.С. Советская Белоруссия;

история возникновения // К единому государству: о создании рос.-бел. Союзного гос-ва. М., 2001.

Я.​І.​Бараноўскі, В.​Дз.​Селяменеў.

т. 17, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НТАКСІС (ад грэч. syntaxis пабудова, парадак),

1) уласцівыя пэўнай мове спосабы спалучэння форм слоў у словазлучэнні і сказы, простых сказаў у складаныя, а таксама значэнні, функцыі і тыпы словазлучэнняў і сказаў.

2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці пабудовы сказаў і моўныя катэгорыі, звязаныя са сказам. Аб’ект сінтакс. вывучэння і апісання — працэс і вынікі моўнай намінацыі сітуацый з мэтай зносін. Асн. катэгорыі С. — слова (словаформа), словазлучэнне, сказ, выказванне, сінтакс. сувязі. Найважнейшая ў С. катэгорыя — прэдыкатыўнасць, а таксама інтанацыя выказвання. Аб’ект С. шматгранны, таму ў межах сінтакс. вывучэння мовы суіснуюць розныя кірункі: С. часцін мовы і членаў сказа, С. словазлучэння і сказа, С. актуальнага члянення і тэксту, С. мадэляў сказа і іх парадыгматыкі і інш. Найб. значныя і актуальныя кірункі С.: статычны вызначае ўласцівыя пэўнай мове сукупнасці сінтакс. структур, г.зн. тыпаў словазлучэнняў (адзінак непрэдыкатыўных) і сказаў (адзінак прэдыкатыўных), а таксама іх агульных значэнняў; дынамічны (камунікатыўны) вывучае суадносіны і выкарыстанне сінтакс. структуры ў маўленчай дзейнасці, працэсы (перабудова сінтакс. сувязей, вызначэнне парадку слоў, акрэсленне інтанацыі, афармленне актуальнага члянення і г.д.), што суправаджаюць пераўтварэнне сказа як адзінкі моўнай сістэмы ў выказванне — адзінку маўлення; функцыянальна-семантычны накіраваны на высвятленне ўзаемадзеяння семантыкі і функцыі моўных адзінак у выказванні. Істотнымі кірункамі даследавання і апісання мовы і маўлення з’яўляюцца таксама С. тэксту, стылістычны С., гіст. С. і інш.

Літ.:

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;

Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕАГУ́ЛЬНАЕ АБАВЯЗКО́ВАЕ НАВУЧА́ННЕ,

сістэма дзярж. мерапрыемстваў па забеспячэнні дзяцей пэўнага ўзросту школьным навучаннем па ўстаноўленых праграмах. Для ажыццяўлення У.а.н. неабходна ўстанаўленне абавязковасці навучання і стварэнне ўмоў, якія рэальна забяспечвалі б магчымасць навучання ў школе: бясплатнасць навучання, наяўнасць неабходнай колькасці школ і настаўнікаў, забеспячэнне вучняў навуч. прыладамі, выкладанне на роднай мове, дакладны ўлік дзяцей, што падлягаюць навучанню, стварэнне сеткі спец. школ для дзяцей, якія маюць фіз. недахопы ці разумова адсталыя. Законы аб У.а.н. ўведзены ў большасці краін: у ЗША (у розных штатах) у 1852—1900, у Вялікабрытаніі ў 1880, у Францыі ў 1881—82. У СССР У.а.н. дэкларавана «Палажэннем аб Адзінай працоўнай школе РСФСР» ад 16.10.1918. У БССР усеаг. пачатковае навучанне ўведзена ў 1926/27 навуч. г. пастановай СНК і Прэзідыума ЦВК БССР ад 7.4.1926. У 1931/32 навуч. г. першым канцэнтрам школ (1—4 групы) ахоплена 97% усіх дзяцей ва ўзросце 8—11 гадоў. У гарадах, рабочых пасёлках і фабр.-заводскіх раёнах У.а.н. ў аб’ёме сямігодкі ўведзена ў 1931/32 навуч. г., на тэр. ўсёй рэспублікі (Пастанова СНК БССР ад 2.8.1932) — у 1932/33 навуч. г. З уз’яднаннем Беларусі ў 1939 у зах. абласцях увядзенне У.а.н. пачалося разам са стварэннем сав. школьнай сістэмы. У гады Вял. Айч. вайны для ўсіх дзяцей (акрамя яўрэйскіх) акупац. ўлады на тэр. ген. акругі Беларусь уводзілі абавязковае школьнае навучанне, за адмову наведваць школы на бацькоў і вучняў накладваліся розныя спагнанні, аднак рэалізаваць на практыцы У.а.н. акупантам не ўдалося. Да сярэдзіны 1950-х г. У.а.н. фактычна ўведзена за курс 7-гадовай школы. Паводле Пастановы Вярх. Савета СССР «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР» (1958) 7-гадовыя школы пераўтвораны ў 8-гадовыя; на іх базе ажыццяўлялася ўсеаг. абавязковая няпоўная сярэдняя адукацыя. Пашыралася і сетка сярэдніх школ. У 1970-я г. пачаўся пераход да ўсеаг. сярэдняй адукацыі. З 2-й пал. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь вядзецца рэформа школы, якая павінна перабудаваць яе працу ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу: мяняецца структура школы, уводзіцца шырокая дыферэнцыяцыя навучання.

І.​М.​Раманава.

т. 16, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА А́НГЛІЮ 1940—41,

барацьба англійскіх узбр. сіл супраць ням.-фаш. ВПС над Брытанскімі а-вамі ў час 2-й сусв. вайны. Асн. мэта масіраваных удараў авіяцыі Германіі — прымусіць Вялікабрытанію да выхаду з вайны. Гал. ўдарную сілу Германіі складалі 2-і і 3-і паветр. флаты, якія базіраваліся на аэрадромах Францыі, Бельгіі і Галандыі; эпізадычныя налёты рабіла авіяцыя 5-га паветр. флоту з аэрадромаў Галандыі і Нарвегіі. Усяго ў бітве ўдзельнічала 2600 баявых самалётаў, у т. л. 1480 бамбардзіроўшчыкаў, 980 знішчальнікаў і 140 разведчыкаў. Сістэма ППА Вялікабрытаніі налічвала больш за 700 знішчальнікаў, каля 200 зенітных гармат і каля 1500 аэрастатаў загароджання; уздоўж яе ўсх. ўзбярэжжа размяшчаліся радыёлакацыйныя станцыі, што давала магчымасць англічанам своечасова выявіць авіяцыю праціўніка. У бітве вылучаюць 3 этапы. На 1-м (12.8—6.9.1940) гітлераўцы імкнуліся да панавання ў паветр. прасторы, гал. аб’ектамі ўдараў іх авіяцыі былі аэрадромы англ. ВПС, камандныя і радыёлакацыйныя пункты; 2-і этап (7.9—13.11.1940) — бамбардзіроўка Лондана і інш. буйных гарадоў, каб падарваць маральны дух насельніцтва; 3-і (15.11.1940—10.5.1941) — бамбардзіроўкі Бірмінгема, Ліверпула, Ковентры і інш., каб нанесці страты ваен.-прамысл. патэнцыялу Вялікабрытаніі. На 2-м і 3-м этапах праводзіліся пераважна начныя бамбардзіроўкі. У маі 1941 у сувязі з падрыхтоўкай да вайны супраць СССР інтэнсіўнасць налётаў знізілася. Усяго ням.-фаш. авіяцыя здзейсніла больш як 46 тыс. самалёта-вылетаў і скінула на Вялікабрытанію каля 60 тыс. бомбаў, страціўшы пры гэтым 1733 самалёты. ВПС Вялікабрытаніі страцілі 915 самалётаў і больш як 500 лётчыкаў. Страты сярод насельніцтва Вялікабрытаніі ад бамбардзіровак склалі больш як 86 тыс. чал. (у т. л. каля 40 тыс. забітымі), пашкоджана больш за 1 млн. будынкаў, шэраг гарадоў моцна разбураны. Масіраваныя ўдары ням. авіяцыі не дасягнулі пастаўленай мэты.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАВО́ДСТВА,

тэорыя і практыка развядзення і гадоўлі рыбы, павелічэння і паляпшэння якасці рыбных запасаў у прыродных і штучных вадаёмах. Як галіна нар. гаспадаркі ўключае Р. сажалкавае, садковае, індустрыяльнае, у вадаёмах натуральных і комплекснага прызначэння. Кірункі сучаснага Р. — меліярацыя і ўгнаенне сажалак для стымулявання іх прыроднай базы, удасканаленне спосабаў кармлення рыб, селекцыя высокапрадукцыйных парод, вырошчванне полікультуры рыб і інш.

На Беларусі Р. развівалася з 18 ст. (пераважна ў памешчыцкіх гаспадарках), спецыялізавалася на гадоўлі карпа і стронгі. Найб. вядомы комплекс «Альба» князёў Радзівілаў каля Нясвіжа. Да 1917 на Беларусі мелася 856 га рыбаводных сажалак, сярэдняя прадукцыйнасць якіх не перавышала 0,6 ц/га. Прамысл. Р. пашыралася ў 1920—30-я г., пабудаваны сажалкавыя гаспадаркі: у 1924 «Белае» (пл. сажалак 1268 га) Жыткавіцкага, у 1932 «Волма» (1553 га) Чэрвеньскага і «Трэмля» (400 га) Петрыкаўскага р-наў. Найб. інтэнсіўна рыбныя гаспадаркі будаваліся ў 1960—80-я г. ў сувязі з асваеннем Палескай нізіны. Макс. аб’ём прадукцыі Р. атрыманы ў 1989 (20,6 тыс. т), выхад таварнай прадукцыі — 14,3 ц/га. У 2000 працавала 18 сажалкавых гаспадарак з агульнай пл. 21,86 тыс. га, садкоў 20 тыс. м²; адна халаднаводная гаспадарка вырошчвае стронгу. Займаюцца Р. таксама калгасы і саўгасы (пл. сажалак 4,59 тыс. га), дапаможныя гаспадаркі прамысл. прадпрыемстваў і інш. Асн. аб’ект Р. — карп, дадатковыя — карась, расліннаедныя рыбы, шчупак, стронга. Вытворчасць складае каля 9,3 тыс. т (2000). Навук.-тэхн. праблемы Р. распрацоўваюць БелНДІ рыбнай гаспадаркі, ін-т заалогіі Нац. АН Беларусі.

Найб. развіта Р. ў Японіі, Кітаі, ЗША, Расіі, Даніі, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі (сумарны гадавы аб’ём перавышае 10 млн. т), якія маюць выхад да мораў і акіянаў і буйныя ўнутр. вадаёмы або сажалкі.

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбаводства: 1 — атрыманне палавых прадуктаў ад вытворнікаў; 2 — інкубацыя ікры ў апаратах Вейса; 3 — адлоў малькоў.

т. 13, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)