Бахо́р (травы і г. д.), бахо́р ’кветка васілёк сіні’, бахрі͡е ’кветкі’ (Бесар.). Цёмнае слова. Ці няма сувязі з ба́хур (гл.), параўн. асабліва польскую форму bachor ’бахур’ (яна ўжываецца і ў назвах прадметаў, напр., ’дручок з жалезным кручком’). Прынамсі для спалучэння бахо́р травы ’ахапка травы’ метафарычнае ўжыванне слова *бахор ’бахур’ зразумелае. З іншага боку, можа, ёсць сувязь з такімі словамі, як чэш., славац. bachor, серб.-харв. ба̏хор ’бруха’ і пад. (’бруха’ → ’штосьці выпуклае’ → ’ахапка’). Аб слав. групе слоў bachorъ, bachorъ, bachurъ гл. Ляскоўскі, RS, 26, 51–56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нададзе́ць ’надакучыць’ (ваўк., лід., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), надодзёць ’надаесці, абрыднуць’ (ТС). Вытворнае ад дадзець ’тс’, што мае адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах, на падставе якіх рэканструюецца прасл. *dodeti, прыставачны дзеяслоў ад *deti ’дзеяць, рабіць’, таксама ’гаварыць’; звяртае на сябе ўвагу аднолькавае развіццё семантыкі беларускага і паўднёваславянскіх слоў, параўн. балг. додея, макед. додее, серб.-харв. додщати ’надаесці, надакучыць, абрыднуць’, якая развілася на базе першаснага значэння ’дакрануцца, чапляцца’, параўн. тлумачэнне бел. дадзець ’задеть за живое’ (Нас.). Падрабязней гл. Цыхун, БЛ, 1974, 5, 48; ЕСУМ, 2, 102.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Найстры́ць ’навастрыць’, найстрыны ’навостраны’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Паводле Карскага (1, 159), вытворнае ад істрыць (гл.): у гаворках, якія ведаюць на месцы о ненаціскнога ў пэўных складах ы, пачатковае о ненаціскное ў некаторых словах змяняецца ў і, паколькі ы ў пачатку слоў не сустракаецца: спяць, ігарод, ігурец, імбарь — усе прыклады з паўночнага Усходу Беларусу дзе і фактычна не на месцы o, а замяніла рэдукаваны галосны, які з’явіўся на яго месцы. Аднак фіксацыя найстрыць на захадзе ставіць пад сумненне такое тлумачэнне. Магчыма, тут уплыў форм тыпу войстры, гойстры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абдры́паны ’абарваны’ (КТС, БРС), абдрыпаць, абдрыпацца, укр. обдрипаний ’тс’, чэш. dřipati ’рваць’, dřip ’лахман’, в.-луж. dripać ’разрываць’, балг. дрипи ’лахманы’, дрипав ’абарваны’, макед. дрипа, дрипав ’тс’, серб.-харв. дри̏паты ’рваць’, славен. dripati ’тс’. Арэал распаўсюджання сведчыць аб праславянскім характары гэтага слова. Параўн. літ. apdrìbti ’ападаць, абвісаць (аб плацці)’, drìbti ’падаць камякамі, жмутамі’, гоц. dreiban ’гнаць, біць’ і інш. Супастаўленне балтыйскіх і германскіх форм гл. у Шпэхта KZ, 68, 41. Гл. таксама Махэк₂, 131, у якога няма беларускіх і ўкраінскіх паралеляў; ён лічыць паходжанне гэтых слоў няясным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дружба́нт ’сябар маладога ў час вяселля, шафер’ (Сцяц., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Утварэнне ад *дру́жба ’шафер’ (параўн. польск. drużba ’тс’, чэш. družba ’тс’, укр. дру́жба ’тс’) суфіксам ‑ант, узятым з іншамоўных слоў з гэтым фармантам. Да суфіксацыі ў слове *družьba гл. Слаўскі, 1, 171. А ці не звязана з назвай гульні ў карты: польск. drużbant (< ням. Drosselbart ’барада дразда’ ў караля ў гэтай гульні; параўн. Брукнер, 99). Адсюль пры дысіміляцыі (rr > rn) магла ўзнікнуць назва дружба́нт. Аднак семантычная матывацыя тут застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зґа́ґа, за́га, за́ґа ’пякотка’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. перм., ярасл., сарат., астрах. изга́га, пск. згага ’тс’, наўг. згага ’рвота’ укр. зга́га ’смага’, ’жаданне’. Пякотка’, польск., н.-луж. zgaga, славац. zhaha, zaha, славен. (i)zgȃga, серб.-харв. zgȁga, балг. (и)зга̀га, макед. дыял. згага ’пякотка’. Ц.-слав. изгага ’пякотка’ (Міклашыч, Lex palaeosl.). Ст.-рус. изгага (1534 г). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова jьz‑gēg‑ti з аблаутам: jьz‑gog‑a > jьzgaga > згага. Дзеяслоўны корань прадстаўлены ў шэрагу слоў жгаць, жэгаць, гл. жага. Фасмер, 2, 121, Скок. 653.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́баць ‘скакаць’ (Ласт.), стрыбуля́ць ‘ісці падскокваючы’ (хойн., Шатал.); сюды ж стрыбо́к ‘скок, скачок’, стры́баўка, стры́бля ‘страказа’ (Ласт.), стрыбутне́йшы ‘здаравейшы, мацнейшы’ (Ян.). Параўн. укр. стриба́ти ‘скакаць’, стрибо́к ‘скачок’. Прасл. дыял. *stribati ‘скакаць’, роднаснае літ. stribuliúoti ‘падскокваць, скакаць’ (ЕСУМ, 5, 439), якое Лаўчутэ (Балтизмы, 132) лічыць крыніцай запазычання аднаго з дзеясловаў. Параўн. таксама літ. stripuliúoti, strãpaliuoti ‘тс’, звязаныя з strapulnė́ti ‘стукаць нагамі’ (Куркіна, Этимология–1974, 52), што дазваляе ў аснове названых слоў бачыць гукаперайманне, параўн. стропаць, тро́паць ‘стукаць нагамі’ (гл.), дры́паць ‘часта пераступаць нагамі’ (Скарбы) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сямяргу́ ’сямёра’: сямяргу бабаў (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад сямёра (гл.) па тыпу двайга́ (гл.) з няясным па паходжанні суф. ‑г‑, параўн. польск. dwojga ’двое’, якое лічыцца Р. скл. ад першапачатковага прыметнікавага лічэбніка dwój, пазней dwoje (Слаўскі, 1, 183) або ўзніклым па тыпу czworga ’чацвёра’ (Бацькоўскі, 1, 313). Спасылкі на літ. dveigỹs ’двухгадовая хатняя жывёліна, двухлетка’, ketvérge ’старажытная дваццацікапеечная манета, што адпавядала чатыром пяцікапеечным’ схіляюць да думкі пра азванчэнне зыходнага суф. ‑к‑, так выводзіць для літоўскіх слоў Смачынскі, 138, 279 (< *dveikys, *ketverkė). Параўн. чацвер (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́рны ’наезджаны, гладкі, роўны’ (ТСБМ; лун., Шатал.; Мат. Гом.), ’утаптаны, убіты’ (Байк. і Некр., Бяльк.; рагач., Сл. ПЗБ; Пятк. 2): на торным двары (Полымя, 1970, 2, 127), ’дрэнны, (разбіты?)’: дарога вельмі торная, ісці нават цяжка (стаўб., Жд. 1). Рус. то́рный ’гладкі, роўны’, серб. то̑рни ’які адносіцца да пастаўніка’, балг. то́рен ’угноены’. Утвораныя ад тор1 або то́рыць (гл.) пры дапамозе суф. *‑ьn‑ъ, падобнае паходжанне прапануецца і для паўднёваславянскіх слоў (Скок, 3, 512); значэнне ’ўгноены’, верагодна, развілася на базе ’утоптаны жывёлай, якая доўга стаяла на гэтым месцы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тырпа́чык ‘зламаны ножык’ (Бяльк.). Відаць, варыянтная мясцовая форма да тарпа́чык, памянш. ад тарпа́к (гл.), адзначанага толькі як ‘спружыноўка’ побач з трапач ‘тс’ (рас., Шатал.), што можа разглядацца як форма з метатэзай ад трапаць (гл.); дзеяслоў тырпа́чыць ‘рэзаць, шаткаваць’ (Ян.), зафіксаваны ў іншай мясцовасці, пры трыпачыць ‘апрацоўваць зямлю спружыноўкай’ (рас., Шатал.) сведчыць на карысць такога паходжання. Дапускае магчымасць пры пачатковай змене к > т, напр., *карпачык ад карпаць2 ‘укараціць’ (гл.) або іншамоўны ўплыў — ад’ідэацыя іншых слоў, параўн. тур. tırpan ‘серп, каса’, гл. і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)