ІНТЭГРА́ЦЫЯ (ад лац. integratio аднаўленне, папаўненне),

адзін з бакоў працэсу развіцця, калі асобныя часткі ці элементы аб’ядноўваюцца пад дзеяннем пэўнага фактара ў адно цэлае. Працэсы І. могуць адбывацца ва ўжо існуючых сістэмах або весці да стварэння новых сістэм на падставе некаторай колькасці сістэмастваральных элементаў. І. — універсальная з’ява. Яна назіраецца ў прыродных, касм. і сац. працэсах. Тыповыя яе прыклады: сінтэз атамаў у тэрмаядзерных рэакцыях, сінтэз малекул пры стварэнні хім. рэчываў, аб’яднанне ў адзіны комплекс розных відаў вытв-сці (гл. Інтэграцыя эканамічная), аб’яднаўчыя сувязі паміж суб’ектамі грамадства — асобамі, сац. групамі, дзяржавамі, грамадскімі арг-цыямі і інш. (гл. Інтэграцыя сацыяльная). У выніку І. павялічваецца аб’ём і інтэнсіўнасць сувязей паміж элементамі ўнутры сістэмы, што прыводзіць да паяўлення новых узроўняў кіравання сістэмай. Што датычыць частак новай сістэмы, то ў залежнасці ад характару сістэмы іх пач. самастойнасць або змяняецца пэўнай ступенню аўтаноміі, або цалкам знікае на карысць цэлага. У залежнасці ад складу ўдзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прынцыпаў, мэт і спосабаў іх рэалізацыі адрозніваюць пэўныя ўзроўні, формы і віды І. У апошняй чвэрці 20 ст. хуткімі тэмпамі развіваецца міждзярж. І. ў галіне эканомікі і фінансаў, асабліва ў Зах. Еўропе, а таксама ў сферах палітыкі, абароны і інш. Аб’ектыўнай асновай І. выступае інтэрнацыяналізацыя эканам. і інш. сувязей.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́ЙСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры пач. 17—18 ст. Пабудаваны ў 1603—06 у в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. У стылявой трактоўцы касцёла спалучаны прыёмы і формы абарончага дойлідства, готыкі і рэнесансу.

Напачатку меў падоўжна-восевую кампазіцыю, быў 3-нефавы, 4 слуповы, перакрыты крыжовымі і зорчатымі скляпеннямі (захаваліся ў апсідзе). Пасля пажару ў сярэдзіне 17 ст. слупы разабраны, асн. памяшканне перакрыта драўляным люстраным скляпеннем. У 1778 да паўд. сцяны прыбудавана вял. прамавугольная ў плане капліца з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.

Мураваны 2-вежавы квадратны ў плане храм з вял. паўцыркульнай апсідай, сакрысціяй і хорамі над бабінцам. Гал. фасад асн. аб’ёму завершаны трохвугольным шчытом, раскрапаваны ў верхняй частцы 4 плоскімі арачнымі нішамі з байніцамі, фланкіраваны 2 магутнымі цыліндрычнымі вежамі (выш. 16 м, дыям. 6 м) з байніцамі. Усе скляпенні касцёла размаляваны арнаментамі ў тэхніцы грызайль. Захаваліся арган 18 ст., аздоблены разнымі па дрэве гірляндамі кветак, скульпт. выявамі анёлаў і муз. інструментаў, 4 разныя драўляныя алтары. Дэкаратыўна аформлены цэнтр. 2-ярусны алтар 2-й пал. 18 ст., у аснове якога 4 калоны карынфскага ордэра. Захаваўся алтарны абраз «Маці Божая з дзіцем» (17 ст.) у сярэбраным чаканным абкладзе.

У.​А.​Чантурыя, Г.​М.​Ярмаленка.

Камайскі касцёл.

т. 7, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́РЭР ((Cassirer) Эрнст) (28.7.1874, г. Вроцлаў, Польшча — 13.4.1945),

ням. філосаф, прадстаўнік марбургскай школы неакантыянства. Праф. (1919—33) і рэктар (1930—33) Гамбургскага ун-та. З 1933 у эміграцыі. Даследаваў праблемы гісторыі філасофіі, гнасеалогіі і філасофіі культуры. У створанай ім тэорыі паняццяў аспрэчваў аб’ектыўны змест навук. абстракцый, сцвярджаў, што існуе адзіны «свет культуры», у якім матэрыяльная рэчаіснасць падпарадкоўваецца шэрагу прынцыпаў «чыстага мыслення»; апошнім надаваў значэнне канстытуцыйных, г.зн. стваральных пачаткаў усяго, што існуе. Адмаўляў аб’ектыўны сэнс катэгорый прасторы і часу, а прычынныя сувязі паміж рэчамі і з’явамі прадстаўляў у якасці функцыянальных залежнасцей. Суб’ектыўныя па сваёй прыродзе стваральныя пачаткі К. называў «сімвалічнымі функцыямі» і ўзводзіў іх на ўзровень вышэйшых каштоўнасцей. Паводле К., чалавек стварае сімвалы, таму навук. і пазнавальная дзейнасць людзей з’яўляецца адной з форм «сімвалічнага мыслення», якое распаўсюджваецца і на інш. «сімвалічныя формы» (мову, міфы, рэлігію, мастацтва, гісторыю, філасофію). Разнастайныя галіны культуры К. разглядаў як самастойныя і незалежныя. Даследаваў філасофію Г.​Лейбніца, І.​Канта, Р.​Дэкарта, філас. ідэі Адраджэння, Асветніцтва і інш. Аўтар прац: «Праблема пазнання ў філасофіі і навуцы новага часу» (т. 1—4, 1906—57), «Філасофія сімвалічных форм» (т. 1—3, 1923—29) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь и учение Канта. СПб., 1997.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЫ́ШКА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 16.4.1935, в. Данейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік, крытык, перакладчык, педагог. Брат М.К.Клышкі, Засл. работнік культ. Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя», з 1971 у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі. Друкуецца з 1950. Даследуе праблемы развіцця бел. паэзіі (творчасць М.​Багдановіча, М.​Танка, П.​Панчанкі, А.​Вялюгіна, Р.​Барадуліна і інш), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання л-ры ў школе. Аўтар маст. кніг для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983) і інш., адметных арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю, а таксама «Буквара» (1-е выд. 1969; шматразова перавыдаваўся), зб. для дадатковага чытання «Верасок» (3-е выд. 1986), чытанкі «Чабарок» (1989, 1991), пропісаў (7-е выд. 1992). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992). Пераклаў на бел. мову «Новы запавет» (1980), раман стараж.-грэч. пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Перакладае з польск., ням., лац., укр. і інш. моў.

Тв.:

Права на верш. Мн., 1967;

Шыльдбюргеры: Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў Анатоль Клышка. Мн., 1983.

Літ.:

Каваленка В.А. Пра паэзію і мужнасць духу // Прага духоўнасці. Мн., 1975.

І.​П.​Чыгрын.

А.К.Клышка.

т. 8, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ НЕ́ТРАХ,

сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з геал. вывучэннем, карыстаннем і аховай нетраў Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне 18.12.1997. Змяшчае прававыя асновы комплекснага выкарыстання і аховы нетраў, забяспечвае абарону інтарэсаў дзяржавы і грамадзян краіны, а таксама правоў карыстальнікаў нетраў. Складаецца з прэамбулы, 11 раздзелаў і 60 артыкулаў. Змяшчае агульныя палажэнні, асн. паняцці і тэрміны, якія ўжываюцца ў справе вывучэння і карыстання нетрамі, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на нетры; вызначае задачы дзярж. рэгулявання ў галіне карыстання нетрамі і іх аховы, органы, што займаюцца гэтым рэгуляваннем, і іх кампетэнцыю; парадак прадстаўлення нетраў у карыстанне, выдачы ліцэнзій на права карыстання, правы і абавязкі карыстальнікаў; рэгламентуе пытанні рацыянальнага выкарыстання нетраў, парадак дзярж. рэгістрацыі і ўліку карыстання нетрамі, вядзення кадастраў нетраў; рэгулюе парадак і формы аплаты за карыстанне нетрамі; рэгламентуе пытанні бяспекі работ, звязаных з карыстаннем нетрамі, стварэння горнавыратавальнай службы, кантролю і нагляду за карыстаннем нетрамі і іх ахове, адказнасці за парушэнне заканадаўства аб нетрах, вырашэння спрэчак па праблемах нетракарыстання; вызначае парадак урэгулявання нац. заканадаўства з правіламі міжнар. пагадненняў і дагавораў; парадак набыцця кодэксам сілы і прывядзення існуючых заканад. актаў па нетрах у адпаведнасць з кодэксам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,

помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.​Богуш-Сестранцэвіча гал. фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.​Піятроўскі, А.​Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.

В.​В.​Гліннік, В.​В.​Церашчатава.

Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.
Да арт. Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1883 у Мінску як з-д кафлянай пліткі. З 1920 кафляны, з 1951 фарфора-фаянсавы, з 1961 фарфоравы з-д, з 1994 сучасная назва. У 1954 уведзены ў дзеянне аддзяленне радыёкерамікі, у 1962 цэх фарфоравага посуду, у 1973 жывапісна-муфельнае аддзяленне. Асн. прадукцыя: фарфоравы посуд, электратэхн. фарфор, радыёкераміка, вогнетрывалыя вырабы, эмалі і грунты. Выпускае маст. фарфоравыя вырабы (каля 170 найменняў), у т. л. кававыя, чайныя, сталовыя сервізы, чайнікі, кубкі, вазы, статуэткі, сувеніры, дэкар. блюды, дзіцячыя наборы і інш. Вырабы аздабляюць ручной размалёўкай, метадам аэраграфіі, штампа, дэколем. Мае маст. лабараторыю. Мастакі В.​Леантовіч (гал. мастак), І.​Алісевіч, Л.​Багданаў, В.​Данчук, Г.​Ліцвіненка, Л.​Малышаў, А.​Фядусь распрацоўваюць малюнкі, новыя формы посуду паводле традыцый бел. нар. і прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Сярод вырабаў: сервізы «Лянок», «Арнамент», «Павуцінка», «Слуцкі», «Сувенірны», «Сіняя галінка», «Матылёк», «Паўночнае ззянне», «Маладзёжны», «Вішнёвы», «Пяшчотны», «Карычневыя стужкі», «Званочак», «Чорная ружа», «Фантазія», «Няміга», «Кветкі лугавыя», «Бярозка», «Рабінка», «Залацістая мелодыя восені», «Беларускі краявід», «Дзянніца», вазы «Вішнёвая», «Слуцкая», «Каласок», «Чырвоная», «Традыцыя», «Галубка», «Беларуская», «Народная», статуэткі «Зубр», «Бусел», «Знакі Задыяка», электрачайнікі, самавары «Элегантныя».

В.​Л.​Леантовіч.

Да арт. Мінскі фарфоравы завод. І.​Алісевіч. Дэкаратыўны набор ваз «Казіно». 1997.
Да арт. Мінскі фарфоравы завод. В.​Леантовіч. Сталовы сервіз «Народны». 1998.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ Беларусі,

сярэднія муз. навуч. ўстановы ў сістэме музычнай адукацыі. Рыхтуюць музыкантаў-прафесіяналаў сярэдняй кваліфікацыі (інструменталістаў, спевакоў, хар. дырыжораў, тэарэтыкаў) для работы ў аркестрах, харах і выкладання ў муз. і агульнаадук. школах. Прымаюцца асобы пасля заканчэння музычнай і 8—10 класаў сярэдняй школ. Тэрмін навучання 4 гады.

У 19 ст. існавалі Мінскае вучылішча арганістаў і Мінскае музычнае вучылішча Н.​Рубінштэйна пры Мінскім таварыстве сяброў музыкі. У 20 ст. адкрыты М.в. (да 1939 наз. муз. тэхнікумы) у Віцебску (1918), Мінскае музычнае вучылішча імя М.​І.​Глінкі, Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.​А.​Рымскага-Корсакава, у Гомелі (1932), Брэсце (1939), якія адыгралі значную ролю ў фарміраванні нац. муз. кадраў, стварэнні творчых калектываў, развіцці бел. муз. культуры. У 1990-я г. зменены назвы (муз. каледж, каледж мастацтваў), формы і змест навучання некат. М.в.

У 1999/2000 навуч. г. працуюць: Баранавіцкае, Віцебскае, Гродзенскае, Лідскае, Магілёўскае, Мазырскае, Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.​К.​Агінскага, Мінскае, Наваполацкае М.в., Брэсцкі муз. каледж і Гомельскі каледж мастацтваў, якія маюць аддзяленні фп., струнных, духавых і ўдарных, нар. інструментаў, сольных і нар.-хар. спеваў, хар. дырыжыравання, тэорыі і гісторыі музыкі, артыстаў эстрады і цырка (Мінскае) і інш. Сярэднюю спец. муз. адукацыю даюць таксама муз. аддзяленні Мінскага, Пінскага, Гродзенскага, Віцебскага вучылішчаў мастацтваў.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДШЫ́ПНІК,

апора вярчальных дэталей (валоў, восей), якая ўспрымае ад іх нагрузку і забяспечвае свабоднае іх вярчэнне. Шырока выкарыстоўваецца ў машынах, механізмах, прыладах і інш.

П. качэння складаюцца з унутранага і вонкавага кольцаў, цел качэння (шарыкаў ці ролікаў) і сепаратара, які ўтрымлівае целы качэння на пэўнай адлегласці адно ад аднаго Целы качэння верцяцца паміж паверхняй дэталі (вала) і апоры, значна зніжаюць трэнне Бываюць шарыкавыя і ролікавыя (цыліндрычныя, канічныя, сферычныя, сфераканічныя); адна-, двух- і шматрадныя; радыяльныя, радыяльна-ўпорныя, упорныя (падпятнікі), розных памераў і класаў дакладнасці. У П. слізгання цапфа вала слізгае непасрэдна па апорнай паверхні, якая бывае цыліндрычнай, канічнай ці шаравой формы Працуюць ва ўмовах паўвадкаснага і вадкаснага трэння. Звычайна гэты П. — адтуліна з нераздымнай утулкай (ці з 2 паўцыліндрычнымі раздымнымі ўкладышамі) з антыфрыкцыйнага матэрыялу, у якой размешчаны вярчальны вал. Каб зменшыць трэнне, знос і награванне П. змазваюць змазачнымі матэрыяламі.

На Беларусі П. вырабляе Мінскі падшыпнікавы завод. Гл. таксама Падшыпнікавая прамысловасць.

Падшыпнікі: а — будова падшыпніка слізгання (1 — вал, 2 — укладыш, 3 — кольца змазкі); б — падшыпніка качэння (1 — знешняе кольца, 2 — унутранае кольца, 3 — шарык, 4 — сепаратар); в — тыпы шарыкападшыпнікаў (верхні рад) і ролікападшыпнікаў (ніжні рад): 1 — радыяльны аднарадны, 2 — двухрадны сферычны, 3 — упорны аднарадны, 4 — радыяльна-ўпорны, 5 — з цыліндрычнымі ролікамі, 6 — двухрадны сферычны, 7 — з канічнымі ролікамі.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Георгій Георгіевіч) (н. 15.2.1931, г. Роўна, Украіна),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Нар. мастак Беларусі (1997). Акад. Нац. АН Беларусі (з 1995). Акад. Расійскай АМ (з 1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). З 1962 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це, у 1965—68 у БПІ. З 1988 кіраўнік Творчай акад. майстэрні графікі Мін-ва культуры Беларусі. Працуе пераважна ў станковай і кніжнай графіцы. Творчасць вызначаецца яркай індывідуальнасцю, нац. характарнасцю, завершанасцю маст. формы, пластычнасцю лініі і гармоніяй тону. Аўтар цыклаў «Памяць» (1968), «Індыйскі дзённік» (1969—78), «Белы кантынент» (1970), «Браслаўшчына — край азёрны» (1971—98), «Высокае неба», «Радзіма касманаўтаў» (абодва 1971—80), «Камандоры» (1973), «Час доўгіх нажоў» (1982), «Чарнобыль. Дрэвы без лісця» (1987) і інш. Аформіў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, У.​Караткевіча, В.​Быкава, А.​Адамовіча, класікаў сусв. л-ры. Працуе таксама ў жывапісе: «Сыны-партызаны» (1969), «Браслаўскія калгасніцы» (1970), «Блакада» (1976), «Чарот» (1977), «Партрэт Ганны» (1999) і інш. Залаты медаль імя М.​Грэкава (1990). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970. Міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру 1974. Іл. гл. таксама ў арт. Графіка, Дыпціх.

Літ.:

Ганчароў М.І. Г.​Г.​Паплаўскі. Мн., 1974;

Сурский О.А. Георгий Поплавский. М., 1984;

Акимова Л.И., Островский Г.С. Георгий Поплавский. М., 1986.

Н.​П.​Марчанка.

Г.Г.Паплаўскі.
Г.Паплаўскі. Партрэт Ганны. 1999.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)