БУСО́ЛЬ (франц. boussole),

геадэзічны інструмент для вымярэння гарызантальных вуглоў паміж магнітным мерыдыянам і напрамкам на які-н. прадмет. Асн. часткі бусоля — магнітная вярчальная стрэлка, кольца з градуснымі дзяленнямі, дыёптры або аптычная труба для навядзення на прадмет. Выкарыстоўваюць пры правядзенні тапаграфічных і геадэзічных работ, таксама ў артылерыі (артыл. бусоль) для кіравання агнём, цэлеўказання і інш., пры правядзенні маркшэйдэрскіх здымак, арыенціроўцы горных вырабатак.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКА́РСКАЯ БІ́ТВА 1402,

адбылася паміж войскамі сярэднеазіяцкага эміра Цімура і тур. султана Баязіда I пад Анкарой 28 (або 20) ліпеня. Цімуру ўдалося зайсці ў тыл тур. войскам, якія займалі абарону ў гарах, і акружыць Анкару. Атакі ўдвая меншага тур. войска, якое падышло да горада, былі адбіты. Пераход на бок Цімура анаталійскіх беяў паскорыў паражэнне Баязіда. Зыход бітвы прывёў да часовага распаду Турцыі.

т. 1, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна на ПнЗ Індыйскага ак. паміж Аравійска-Індыйскім хрыбтом і паўн. часткай Цэнтр. Індыйскага хрыбта. Даўж. 2500 км, шыр. да 1500 км. Пераважная глыб. 4000 м, найб. — 5803 м (упадзіна на Пд). Значная частка Аравійскай катлавіны — конус вынасу р. Інд; у зах. частцы — падводная гара МДУ (глыб. над ёй — 2758 м). Грунт — фарамініферавы глей і чырв. гліна.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ (БНП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утворана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Камітэт партыі. Асн. мэты: пабудова унітарнай, дэмакр., суверэннай дзяржавы сацыяльна арыентаванага рыначнага характару; развіццё дэмакратыі; абарона ўласнасці і свабоды прадпрымальніцтва; уключэнне эканомікі Беларусі ў нар.-гасп. працэсы на аснове правядзення паліт., эканам. і дзярж.-прававых рэформаў; забеспячэнне гарантый грамадзянскіх правоў і свабод кожнаму чалавеку.

А.​А.​Дзмітрук.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛЬЦМАНА ПРЫ́НЦЫП,

фізічны прынцып, які ўстанаўлівае сувязь паміж энтрапіяй сістэмы і яе імавернасцю тэрмадынамічнай. Паводле Больцмана прынцып S = k lnW, дзе S — энтрапія і W — тэрмадынамічная імавернасць сістэмы, k — Больцмана пастаянная. Устаноўлены Л.Больцманам у 1872. На аснове Больцмана прынцыпу тлумачыцца стат. характар другога закону тэрмадынамікі: рэальныя працэсы пераводзяць тэрмадынамічную сістэму ў раўнаважны (найб. імаверны) стан, для якога значэнні S і W максімальныя.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ШАНЬКА»,

бел. нар. гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАМЕТРЫ́Я (ад ала... + ...метрыя),

гетэрагонія, нераўнамерны рост асобных частак цела ў працэсе развіцця жывёльнага арганізма. Бывае адмоўнай (напр., запаволены рост галавы ў адносінах да ўсяго цела ў дзіцяці) і станоўчай (напр., паскораны рост рагоў у жвачных жывёл). Парушэнне ўзаемадзеяння паміж развіццём асобных частак арганізма жывёлы адбываецца пры хуткім павелічэнні агульных памераў цела за кошт простага прадаўжэння перыяду росту, без адначасовай перабудовы карэляцый.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬЯ́НС ВЫТВО́РЦАЎ КАКА́ВЫ (Cocoa Producers Alliance; АВК),

міжнародная арг-цыя краін — вытворцаў какавы. Чл.-ўдзельнікі: Бразілія, Габон, Гана, Камерун, Кот-д’Івуар, Нігерыя, Сан-Таме і Прынсіпі, Тога, Трынідад і Табага, Эквадор. Створана ў 1962. Месца знаходжання — Лагас (Нігерыя). Мэты: спрыянне эканам. і сац. адносінам паміж краінамі — какававытворцамі, абмен навук. і тэхн. інфармацыяй, забеспячэнне эфектыўных паставак какавы па рэнтабельных цэнах, садзейнічанне пашырэнню какаваспажывання.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́СКА (Alaska),

адкрыты заліў Ціхага ак., каля берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вам Аляска і в-вам Ванкувер. Пл. 384 тыс. км², шыр. каля ўвахода больш за 2200 км, глыб. да 4929 м. Прылівы паўсутачныя (да 12 м) і мяшаныя (да 6,8 м). У заліве Аляска — архіпелагі Кадзьяк, Аляксандра і а-вы Каралевы Шарлоты. Гал. парты: Сьюард (ЗША), Прынс-Руперт (Канада).

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУ́РСКІ ЛІМА́Н,

паўн. частка Татарскага праліва, паміж мацерыковай Азіяй і в-вам Сахалін. Злучае Сахалінскі заліў Ахоцкага м. на Пн з уласна Татарскім пралівам на Пд цераз Невяльскога праліў. Даўж. каля 185 км, шыр. да 40 км, глыб. 3—4,5 м. З ліст. да мая ўкрыты лёдам. Прылівы няправільныя, сутачныя, больш за 2 м. У зах. частцы ў ліман упадае р. Амур.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)