прылада для вымярэння нахілення магнітнага. Непасрэднае вымярэнне нахілення робяць стрэлачным І. (маемагн. стрэлку з гарыз. воссю вярчэння, якая праходзіць праз цэнтр цяжару стрэлкі) і індукцыйным І. (дзеянне заснавана на ўзнікненні эдс або току індукцыі ў шпулі, якая верціцца ў магн. полі Зямлі). Ёсць таксама І. феразондавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ГІЯ,
1) група службовых асоб, якая мае права сумеснага вырашэння пытанняў, аднесеных да яе кампетэнцыі. Звычайна ўваходзіць у склад адм., дарадчага або распарадчага органа, суда. Гл. таксама Калегіяльнасць.
2) Добраахвотнае т-ва або аб’яднанне асоб адной прафесіі (напр., К. адвакатаў).
3) Назва вышэйшай урадавай установы ў Расіі ў 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДСКІ БАЛЬЗА́М,
бальзам, які атрымліваюць з піхты бальзамічнай (Abies balsamea), што расце на Пн ЗША і Канады. Жоўтага ці зеленаватага колеру.
Мае 15—25% эфірных масел, якія пры захоўванні выпараюцца, застаецца цвёрдая празрыстая смала. Пры растварэнні смалы ў ксілоле атрымліваюць клей — аптычны цэмент, які выкарыстоўваюць у оптыцы і мікраскапічнай тэхніцы. Гл. таксама Бальзамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКУ́РТ (Latrodectus tredecimguttatus),
ядавіты павук сям. тэрыдыід. Пашыраны ў Зах. Азіі, Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, паўпустынях, пустынях, перадгор’ях.
Даўж. самцоў 4—7 мм, самак 10—20 мм. Самкі чорныя, у самцоў і маладых самак чырв. плямы на брушку. Ядавітыя залозы — у галавагрудзях. Яд — бялковы таксін, які мае нейратропнае дзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПРА,
высушаны алеісты эндасперм арэхаў какосавай пальмы. Белыя ці жаўтаватыя кавалачкі таўшчынёй 6—12 мм, пакрытыя скуркай. Мае ў сабе ў сярэднім (у %): вады 5,8, тлушчу 67, вугляводаў 16,5, бялку 8,9. Гарачым прасаваннем з К. атрымліваюць легкаплаўкі алей (tпл 20—27 °C), які выкарыстоўваюць для вырабу какосавага алею, маргарыну, мыла. Макуха — каштоўны корм для жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКУ́НА (ад лац. lacuna паглыбленне, упадзіна; поласць),
у жывёл — поласць паміж органамі, якая не мае ўласнай сценкі, запоўненая гемалімфай ці лімфай; у чалавека — таксама разгалінаваныя паглыбленні на паверхні органа (напр., у міндалінах); у раслін (ліставая лакуна, ліставая шчыліна) — прарыў у цэнтр. цыліндры сцябла ў месцы, дзе да ліста адыходзіць праводзячы пучок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАРЭ́З,
частка апоры моста, быка плаціны, шлюза-рэгулятара або асобная канструкцыя перад апорамі для аховы іх у час ледаходу і папярэджання затораў. Мае нахіленую ці вертыкальную верхавую грань, накіраваную супраць цячэння, якая ламае ломіць* лёд і накіроўвае яго абломкі ў пралёты моста (плаціны). Бываюць бетонныя, жалезабетонныя і драўляныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙЦЫ́Н,
(L-d-амінаізакапронавая кіслата), незаменная амінакіслата, бясколернае крышталічнае рэчыва гаркаватага смаку, знаходзіцца ў жывёльных і раслінных бялках. Упершыню вылучаны ў 1820 франц. хімікам А.Бракано з мышачных валокнаў. Адсутнасць Л. ў стравах вядзе да адмоўнага балансу азоту і спынення росту ў дзяцей. Прэпарат пад назвай «Лейцын» (мае ў сабе Л.) выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАТО́ННАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя сапраўднай пераменнай, якая пры нарастанні аргумента не расце ва ўсёй вобласці вызначэння (ненарастальная М.ф.) або не спадае (неспадальная М.ф.). Напр., функцыя y = x3 з’яўляецца ўзрастальнай функцыяй. Дыферэнцыруемая на зададзеным інтэрвале функцыя з’яўляецца М.ф., калі яна мае ў кожным пункце вытворную, якая захоўвае пастаянны знак ва ўсім інтэрвале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́ ФЛОТ,
зборнае найменне марскіх (акіянскіх) суднаў і плывучых сродкаў. Падзяляецца на трансп. (гандл.), прамысл., экспедыцыйны (доследны) флаты, а таксама судны для здабычы мінер. рэсурсаў з нетраў марскога дна і інш. У ваен. час М.ф. мае важнае значэнне для забеспячэння ўзбр. сіл, дзейнасці ваен. прам-сці, перавозак, з’яўляецца рэзервам ваенна-марскога флоту.