ПЛІ́СА,

возера на мяжы Глыбоцкага і Пастаўскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 18 км на ПнЗ ад г. Глыбокае. Пл. 1,1 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. каля 1,2 км, найб. глыб. 34 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 8,04 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 1—5 м (на ПдЗ 12—13 м), завалуненыя, пад хмызняком. Берагі выш. да 0,5 м, пясчана- і пясчана-жвіровыя, месцамі завалуненыя, пад хмызняком, на ПнЗ абразійныя. На Пн, У і ПдЗ участкамі пойма шыр. да 15 м. Мелкаводдзе пясчана-жвіровае, глыбей дно пясчанае (да 7 м) і ілістае. Мінералізацыя вады каля 210 мг/л, празрыстасць 2,8 м. Мезатрофнае. Зарастае. Выцякае р. Плісаўка.

Возера Пліса ў Глыбоцкім раёне.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІКАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад полі... + кандэнсацыя),

метад сінтэзу палімераў, заснаваны на рэакцыі паміж сабой бі- або поліфункцыян. манамераў і (ці) алігамераў, якая звычайна суправаджаецца вылучэннем нізкамалекулярнага прадукту (вады, аміяку, спірту і інш.); адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў.

П. біфункцыян. манамераў наз. лінейнай, П. з удзелам манамераў, у якіх больш за 2 функцыян. групы, — трохвымернай; у выніку ўтвараюцца, адпаведна, лінейныя і сеткавыя палімеры. Разнавіднасць П. — поліцыклакандэнсацыя, пры якой адначасова з П. адбываецца ўнутрымалекулярная цыклізацыя лінейнага прадукту. П. ляжыць у аснове біясінтэзу бялкоў, нуклеінавых кіслот, цэлюлозы, крухмалу і інш. У прам-сці выкарыстоўваюць для атрымання поліэфіраў (напр., поліэтылентэрэфталату), сінт. смол (напр., фенола-фармальдэгідных смол), поліамідаў, полікарбанатаў, поліўрэтанаў і інш.

Літ.:

Соколов Л.Б. Основы синтеза полимеров методом поликонденсации. М., 1979.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮСЫ ЦЯПЛА́,

мясцовасці на зямным шары з найбольш высокімі тэмпературамі паветра каля зямной паверхні, звычайна ў трапічных паясах. У Паўн. паўшар’і: у пустыні Тар у Індыі (да 53 °C), у пустыні Махаве (Даліна Смерці) у ЗША (да 56,7 °C), у Лівійскай пустыні каля Эль-Азізіі (да 57,8 °C). У Афрыцы (у р-не г. Масаўа, у Эфіопіі) самая высокая сярэднегадавая т-ра паветра на Зямлі (30,2 °C). У Паўд. паўшар’і найвыш. т-ра паветра: у даліне р. Фліндэрс у Аўстраліі (53 °C), у даліне р. Парана ў Паўд. Амерыцы (47 °C). У Сусветным ак. найвыш. т-ры паверхневага слоя вады ў Персідскім зал. (35,6 °C), у паўд. ч. Чырвонага м. і ў Мексіканскім зал. (33 °C).

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛІ́ЎНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ, ПЭС,

від гідраэлектрычнай станцыі, якая пераўтварае энергію марскіх прыліваў ў эл. энергію. Будуецца на беразе заліва, вусця ракі ці штучнага басейна, адгароджаных ад мора плацінай. Дзейнічае за кошт перападу ўзроўняў вады паміж басейнам і морам, што ўтвараецца ў час прыліваў і адліваў. На П.э. ўстанаўліваюць капсульныя гідраагрэгаты, якія могуць працаваць у генератарным і помпавым рэжымах, а таксама як водапрапускныя адтуліны. Найб. эфектыўная работа П.э. ў энергасістэме, што дазваляе макс. выкарыстаць пераменнасць напору і рэжымаў работы. Першая П.э. пабудавана ў 1966 у Францыі.

Схемы работы прыліўнай электрастанцыі: а — у прамым генератарным рэжыме (пры адліве, калі назапашаная ў басейне вада вяртаецца ў мора, прыводзячы ў рух гідраагрэгаты); б — у адваротным генератарным рэжыме (пры запаўненні басейна ў час прыліву); 1 — плаціна; 2 — гідраагрэгат.

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕНГА́,

рака ў Манголіі і Расіі (Бураціі). Утвараецца ад сутокаў рэк Ідэр і Мурэн. Даўж. (ад вытоку р. Мурэн) 1024 км, у т. л. 409 км у межах Расіі, пл. бас. 447 тыс. км², у т. л. 148 км у межах Расіі. Цячэ пераважна па нізкагор’ях і хвалістых раўнінах, упадае ў воз. Байкал, утварае дэльту (пл. 680 км²). Асн. прытокі: Эгійн-Гал, Джыда (злева), Архон, Чыкой, Хілок, Уда (справа). Нізкае веснавое разводдзе, летне-асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады больш за 900 м³/с. На С. прыпадае каля палавіны аб’ёму сумарнага гадавога сцёку рэк, якія ўпадаюць у воз. Байкал. Ледастаў ад ліст. да красавіка. Суднаходная. У бас. С. больш за 5,5 тыс. азёр агульнай пл. 616 км². На С. — г. Улан-Удэ.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬ (ад араб. сайль бурны паток),

сіль, мур, гразевы або гразекаменны паток, які раптоўна ўзнікае ў рэчышчы горнай ракі. Найб. характэрны для горных раёнаў з кантынент. кліматам (напр., для гор Сярэдняй Азіі). Характарызуецца рэзкім кароткачасовым (1—3 гадз) пад’ёмам узроўню вады, хвалепадобным рухам і адсутнасцю строгай перыядычнасці. Фарміруецца пры выпадзенні моцных ліўняў, інтэнсіўным раставанні снегу і лёду горных ледавікоў, радзей ад землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, прарываў азёрных перамычак, у выніку гасп. дзейнасці (напр., пры ўзрыўных работах у гарах). Перадумовай служыць назапашванне вял. колькасці прадуктаў выветрывання на горных схілах, іх значныя нахілы, працяглае ўвільгатненне грунтоў, што змяншае іх трываласць. Могуць прычыняць вял. разбурэнні. Барацьба з С. вядзецца пераважна шляхам замацавання глебавага і расл. покрыва, буд-ва спец. гідратэхн. збудаванняў, у т. л. плацін.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пя́тра Месца паміж прымёрзлым да берага лёдам і вадой, якое ўтвараецца пры спадзе веснавой вады (Пар.). Тое ж п'я́тра (Жытк.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Кацёл ’металічная пасудзіна акруглай формы і розных намераў для награвання вады. гатавання ежы і пад.’ (ТСБМ, БРС, Касп. і інш). Слова праславянскага паходжання, пра форма якога *kotьlъ. Параўн. ст.-рус. котьлъ, котелъ, рус. котёл, ст.-бел. котелъ, ст.-укр. котелъ, укр. коте́л, польск. kocioł, kocieł, чэш. kotel, славац. kotol, kotel, ст.-слав. котьлъ, балг. котел, серб.-харв. ко̀тао, славен. kótel. Прасл. *kotьlъ ’тс’. Старое запазычанне, у часы, блізкія да прасл., з герм. (гоц.) *katils, *katilus ’кацёл’ (< лац.). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 217–219; Фасмер, 2, 351; Слаўскі, 2, 317–318; Махэк₂, 283. Параўн. катля́р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бакла́га. Ст.-бел. боклаг, боклага, баклага, биклаха (Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.). Рус. бакла́га, бакла́жка і інш., укр. бакла́г, бакла́га, бакло́, боклаг, боклага (дзве апошнія формы з XVI ст.) і г. д. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. каз.-тат., тур. baklak від пасудзіны для вады’). Міклашыч, Türk. El. Nachtr., І, 9; Карловіч, Wyr. obce, 73; Брукнер, KZ, 48, 161; Фасмер, 1, 110. Для ўкр. мовы, магчыма, некаторыя формы праз польск. (бо́кло, бо́кла, бо́клак, параўн. польск. bukłak, bokłak). Адносна рум. версіі гл. Шалудзька, Rum., 126 і Крынжалэ, 216. Параўн. яшчэ бікла́га.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Набгом ’прагна, нагнуўшы посуд (піць)’ (Касп.) і нагбом ’нагінаючы пасудзіну’ (Нас., Бяльк., БРС), піць набгом ’піць з вялікай пасудзіны, нагнуўшы яе’ (барыс., бялын., Янк. Мат., калінк., З нар. сл.), ’хутка, адразу’ (Сцяшк.), ’піць не шклянкаю, а з бутэлькі, збана ці іншай пасудзіны, нахіліўшы яе’ (Янк. 1), ’(піць) нагінаючы пасудзіну або прыгнуўшыся да вады (возера, ручая)’ (Гарэц.). Гл. нагбом ’тс’ (да нагіба́ць), згодна з Карскім (2–3, 75). Выпадкова супала з укр. на́бгом ’бітком’ (ад бга́ти ’піхаць’); сюды ж, відаць, і набгомка ’невялікая міска’ (Жд. 2) (бо ядуць з яе нахіліўшы?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)