1) спецыяльная гісторыка-філал. дысцыпліна, якая вывучае стараж. рукапісныя і друкаваныя помнікі з мэтай іх правільнага прачытання, вызначэння аўтарства, часу і месца стварэння, выяўлення іх сапраўднасці, аўтэнтычнасці. На аснове вонкавых прыкмет рукапісу даследуе пісчыя матэрыялы, прылады, тып пісьма, асаблівасці спосабаў запісу, аздабленне (арнамент, мініяцюры), афармленне пераплётаў, вадзяныя знакі на паперы і г.д. Цесна звязана з гісторыяй, эпіграфікай, геральдыкай, сфрагістыкай, дыпламатыкай, храналогіяй, археалогіяй, нумізматыкай, мовазнаўствам, літаратуразнаўствам, музыказнаўствам і інш. Асобная галіна П. — крыптаграфія. Паводле сістэмы пісьма, алфавіта і мовы адрозніваюць П. грэч., лац., слав., араб., кіт., груз., індыйскую і інш.Слав. П. вывучае стараж. помнікі беларусаў, рускіх, украінцаў, балгараў, сербаў, напісаных пераважна кірыліцай, а таксама глаголіцай, пэўнымі тыпамі пісьма (уставам, паўуставам і скорапісам), дэкаратыўным пісьмом (вяззю).
П. як навука ўзнікла ў 17 ст. ў Францыі і спачатку лічылася галіной дыпламатыкі. Тэрмін «П.» ўпершыню ўжыў франц. вучоны Б.Манфакон (навук. праца «Грэчаская палеаграфія», 1708, на лац. мове) і вылучыў яе ў самаст.навук. дысцыпліну. У Расіі зарадзілася ў 1-й чвэрці 18 ст.Вял. роля ў распрацоўцы слав. кірыліцкай П. належыць І.І.Сразнеўскаму, А.І.Сабалеўскаму, В.М.Шчэпкіну, В.Ягічу і інш. Пачынальнік бел. П. — Я.Ф.Карскі, які найб. дэталёва вызначыў і апісаў крыніцы палеагр. назіранняў з улікам іх складу, месца захоўвання рукапісаў у працы «Славянская кірылаўская палеаграфія» (1928, факсімільнае выданне 1979), апісаў таксама матэрыялы рукапісаў, іх вонкавае афармленне, прылады пісьма. Помнікі пісьменнасці, створаныя на Беларусі, вывучалі І.І.Грыгаровіч, А.Турчыновіч, М.В.Каяловіч, І.М.Даніловіч, М.К.Любаўскі, М.К.Баброўскі, М.Я.Нікіфароўскі, М.В.Доўнар-Запольскі, А.П.Сапуноў, Дз.І.Даўгяла, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, В.І.Баркоўскі, А.П.Ігнаценка, В.І.Мялешка, В.Ф.Шматаў і інш. Апісанне некалькіх тысяч помнікаў пісьменнасці даў В.Ю.Ластоўскі ў сваёй манаграфіі «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Пра наяўнасць асобнай бел. разнавіднасці кірылічнага пісьма пісаў Л.У.Чарапнін у працы «Руская палеаграфія» (1956). Бел. мовазнавец А.М.Булыка ў манаграфіі «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970) разгледзеў напісанне асобных кірылічных літар у бел. пісьме на розных этапах яго развіцця. Эвалюцыю бел. пісьма ў сувязі з развіццём літ. мовы вывучалі А.І.Жураўскі і Л.М.Шакун. Бел. славіст М.А.Паўленка ў працы «Гісторыя пісьма» (2-е выд. 1987) раскрыў асн. этапы развіццябел. пісьма. Палеаграфічнае апісанне Баркулабаўскага летапісу зрабіла Н.Т.Вайтовіч. На прыкладзе Судовай (актавай) кнігі Каўнаскага земскага суда 1566—67 літ. вучоны А.К.Антановіч выявіў асаблівасці бел. скорапісу 2-й пал. 16 ст. Яму належыць таксама палеаграфічнае апісанне унікальных па сваёй значнасці бел. тэкстаў, напісаных араб. пісьмом («Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом...», 1968). Літоўскі гісторык Э.Лаўцявічус у працы «Папера ў Літве ў XV—XVIII стст.» (1979) сабраў звесткі пра паперні ў Вільні, Слуцку, Паставах, Гальшанах, Смаргоні і інш. Разгляду асаблівасцей бел. пісьма прысвяціў сваю працу польскі вучоны Т.Рот-Жаброўскі («Гісторыя рускага пісьма», 1987). Пячаткі стараж.-бел. дакументаў апісаў у сваёй працы «Пячаткі старажытнай Беларусі» (1993) бел. гісторык А.К.Цітоў, стараж. прылады пісьма (пісалы) — археолагі Ф.Д.Гурэвіч, Я.Г.Звяруга, А.М.Мядзведзеў. Палеаграфічныя здымкі шматлікіх дагэтуль невядомых стараж. рукапісаў апісаў рас. кнігазнавец М.В.Нікалаеў (кн. «Палата кнігапісная», 1993). Падрыхтаваны і выдадзены першы вучэбны дапаможнік «Беларуская палеаграфія» (1996).
2) П. ў музыцы — прыкладная музыказнаўчая дысцыпліна, якая вывучае стараж. сістэмы муз. натацыі, метады іх транскрыпцыі на сучасную натацыю і даследаванне рукапісных помнікаў муз. пісьменнасці, эвалюцыю муз. знакаў. Выконвае крыніцазнаўчыя функцыі — выяўляе, апісвае, сістэматызуе, расшыфроўвае і перакладае муз. помнікі на сучасную натацыю. Выкарыстоўвае метады даследавання пеўчай і агульнай П. Вылучаюць муз. П. візантыйскую (грэч.), лац. (грыгарыянскую), армянскую, славяна-рускую і інш.
Як навука пачала складвацца ў 1850-я г. Яе асн. палажэнні выкладзены ў працах Ш.Э.А.Кусмакера, а таксама І.Вольфа («Гісторыя мензуральнай натацыі ад 1250 да 1460», т. 1—3, 1904—65; «Даведнік натацый», т. 1—2, 1913—19). Уклад у вывучэнне пеўчай натацыі зрабілі Г.Рыман, О.Фляйшэр, П.І.Вагнер, П.Ферэці, Ж.Хандшын, Э.Ямерс. У Францыі выдадзены збор помнікаў неўменнага пісьма «Палеаграфія музычная» (т. 1—19, 1889—1950). Асаблівасцям візант. натацыі прысвечаны працы А.Гастуэ і Ж.Б.Цібо на мяжы 19—20 ст., у 1920—30-я г. — даследаванні Э.Велеса, Г.Тыльярда і К.Хёга. Славяна-рус. пеўчая П. ўключае рус., бел., укр., балг., сербскія, часткова харвацкія рукапісныя муз. помнікі 10—20 ст., знаменныя сістэмы натацыі — кандакарную, стаўпавую (знаменную, крукавую), дзямественную, пуцявую, казанскую і інш., а таксама квадратную лінейную, што на Беларусі вядома з 15 ст., і знаменна-лінейныя дваязнаменныя рукапісы. Найб. раннія даследаванні належаць В.Ундольскаму (1846) і І.Сахараву (1849). Муз. П. цікавіліся У.Адоеўскі, У.Стасаў. Вял. ўклад у распрацоўку муз. П. зрабілі Дз.Разумоўскі, С.Смаленскі, В.Металаў, А.Праабражэнскі, І.Вазнясенскі, пазней да яе звярталіся В.Бяляеў, М.Успенскі. Заснавальнік сучаснай муз. П і школы муз. медыявістыкі — М.Бражнікаў (аўтар прац «Руская пеўчая палеаграфія», «Курс лекцый па старажытнарускай музыцы і палеаграфіі», абедзве 1971, рукапісы). У галіне славяна-рус. П. працавалі замежныя даследчыкі Э.Ара, І.Гарднер, Э.Кошмідэр, М.Веліміровіч, Р.Палікарава-Вердэй, О.Странк, К.Флорас, К.Леві, Б.Карастаянаў і інш.
На Беларусі ў галіне муз. П. працуюць даследчыкі-медыявісты Л.Касцюкавец (аўтар курсу) у Бел. акадэміі музыкі, Т.Ліхач і інш.Гл. таксама Нотнае пісьмо, Царкоўная музыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СЫ,
нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс.чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс.чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх.славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс.км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.
Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст.тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл.Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.
Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч ПаспалітуюВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр.ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).
У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл.Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв.зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр.тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).
Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.
Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.
Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.
Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.
Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц.бел.нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.
Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).
Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.
Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.
Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл.Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел.Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.
Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.
Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.
У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.
І.У.Чаквін.
Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн.чал.Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.
У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ.«Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.
Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн.чал.
У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя«Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыябел.нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час.«Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ.«Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).
Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.
На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».
Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.
Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.
Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст.нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.
П.У.Церашковіч.
Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр.рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн.чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн.чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.
Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л.БДУ, Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіццябел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).
І ўсё ж бел.л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.
Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл.развіццяБССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.
У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).
Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн.чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).
Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.
З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам.развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.
Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел.нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.
Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.
Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).
Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.
Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.
Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.
Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.
Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.
У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).
Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіццявял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.
Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.
Да арт.Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.Да арт.Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.Баплана. Каля 1654.Да арт.Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.Да арт.Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калі́ць2 ’бяліць, рабіць пабелку’ (тураў., Выг.; гом.КЭС; петрык., Мат. Гом.; кам., Сл. паўн.-зах., ТС). Укр.палес.калити ’мазаць сцяну глінай’, польск.kalić ’бяліць’, славац.kaľiti ’бяліць (сцены)’. Беларускае быццам бы толькі палескае, статус іншых фіксацый не вельмі ясны, наўрад ці правамерна рабіць дапушчэнне аб праславянскім характары слова. Бел. інавацыя відавочная — на базе семемы ’мазаць глінай’, ад kaliti > kalъ (гл. кал). Утварэнне, паралельнае да каліць1 (параўн.).
Калі́ць3 ’гартаваць’ адзначана толькі форма калытыся ’гартавацца’ (драг., Жыв. сл.). Статус слова няясны, гэта палескі кавальскі тэрмін і не выключана, што ён запазычаны з суседніх моў. Рус.калить ’гартаваць’, чэш.kaliti, славац.kaliť, славен.kaliti, серб.-харв.ка́лити, макед.кали, балг.каля ’гартаваць’. Праславянская семантыка па-рознаму разумеецца даследчыкамі, існуюць розныя погляды на сувязі слав. лексемы і як вынік былі прапанаваны розныя этымалогіі. Паводде Бернекера, 1, 476, прасл.kaliti суадносіцца з ірл.calath, кімр.calad ’цвёрды’, лац.callum, callus ’мазоль’ і да т. п.; Мее (BSL, 14, 373) шукае сувязі з рус.колеть ’цвярдзець’; Ваян (RÉS, 19, 112) лічыць, што слав.kaliti — паралельнае з герм.*köljan ’ахалоджваць’. Былі і іншыя прапановы, сярод якіх найбольш абгрунтаванай і прынятай у некаторых новых слоўніках з’яўляецца версія аб сувязі слова з прасл.kalъ, гл. спец. Махэк, LF, 65, 314–315. Паводле гэтай версіі, генетычная сувязь лексем відавочная, паколькі ў традыцыйнай (даўняй) ганчарнай вытворчасці цвёрдасць надаецца напальваннем. Такая думка была падтрымана Слаўскім. 2, 29, аднак неабходна адзначыць, што сам Махэк₂ (236) адмовіўся ад ранейшай прапановы і прыняў фактычна версію Бернекера. Сумненні таксама ў Машыннага (JP, 39, 1959, 2). Трубачоў (Эт. сл., 9, 124) вельмі ўпэўнена мяркуе аб эвалюцыі семантыкі ’апускаць металічны выраб у ваду, у раствор гліны’ > ’гартаваць’.
Калі́ць4 ’напальваць’ (Мат. Гом.). Рус.дыял.калить ’тс’, наўг. і інш. ’грэць і да т. п.’. Можна разумець як вытворнае ад каліць3, семантыка зразумелая, паводле геаграфіі — інавацыя ў рус. і часткова бел. гаворках.
Калі́ць5 ’прабіраць, выгаворваць’ (Юрч.). У іншых бел. гаворках адпаведнікаў як бынцам няма. Рус.раз., уладз., сарат., арханг.калить ’лаяць, сварыць; сварыцца’, вяц. ’рабіць каму-небудзь строгую заўвагу’. Статус беларускага слова няясны, яно магло трапіць у бел.усх. гаворкі разам з рус. перасяленцамі. Аднак не выключана, што тут незалежныя ўтварэнні; на базе калить ’каліць’ утвораны рус. лексемы, а бел. — або па той жа семантычнай мадэлі, або ў выніку развіцця семантыкі ’знеслаўляць’ (< ’пэцкаць’) > ’выгаворваць’, параўн. бел.тур.каляць ’знеслаўляць’ і ’пэцкаць’ (да кал). Больш верагоднай уяўляецца першы варыянт тлумачэння, параўн. семантычную паралель у рус.маск.жечь ’лаяць, сварыць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
по́ўны, ‑ая, ‑ае; повен, поўна.
1. Напоўнены да самага верху, да самых берагоў. — А ты не бядуй, — уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Тады набярэш поўны.Даніленка.Па дарозе .. [Сцяпана Карпавіча] дагнаў грузавік з поўным кузавам залацістай пшаніцы.Капусцін.// Які змясціў у сабе найбольшую магчымую колькасць каго‑, чаго‑н. Назаўтра ў нас была поўная хата людзей.Дамашэвіч.// Які ўмясціў у сябе многа каго‑, чаго‑н. Шумелі сады, поўныя вясёлых птушак.Якімовіч.Цёпла там і там прастор, Небасхіл там повен зор.Чарот.
2.перан.; чаго, чым. Цалкам ахоплены чым‑н., прасякнуты чым‑н. Гутарка так і лілася, так і сакатала, і гутарка самая прыязная, поўная спачування.Колас.// Які яскрава выяўляе пачуццё, перажыванне (пра вочы, погляд і пад.). Твары дзявочыя, поўныя ласкі, Ўдаль пазіралі, дзе постаць была.Гурло.[Міхасёвы] круглыя цёмныя вочкі былі поўныя ціхіх думак..Колас.
3. Які праяўляецца не часткова, а поўнасцю. Разгром матарызаванай нямецкай часці быў поўны.Чорны.// Нічым не абмежаваны. [Таццяна:] — Ты ж цяпер у сваёй хаце, поўная гаспадыня.Зарэцкі.
4. Які дасягнуў адпаведнай нормы. Поўных васемнаццаць год.// Ва ўсім аб’ёме, увесь. Поўны збор твораў.// Завершаны, даведзены да канца. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькі шаблі.Лынькоў.// Вычарпальны. Поўныя звесткі.
5. Які дасягнуў найвышэйшага развіцця, граніцы. Да наступлення поўнай цемры мы прайшлі возера і дабраліся да крутога лясістага берага.Шамякін.// Найвышэйшы, максімальны (пра хуткасць, сілу і пад.). Шафёр ўключыў поўную скорасць.Якімовіч.// Не прыглушаны, на ўсю сілу (пра голас, гук і пад.). І раптам: і свіст і крыкі. Здаецца, сама ноч загалёкала на ўсё поўнае горла.Баранавых.
6. У меру тоўсты, сыты. З гэтага дня завязалася наша цеснае сяброўства з Юркам, а потым і з той поўнай нізенькай жанчынай.Васілевіч./ Пра часткі цела, твару. Шарсцяны світар шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы.Мележ.
•••
Поўны месяцгл. месяц.
Поўныя прыметнікігл. прыметнік.
Дыхнуць на поўныя грудзігл. дыхнуць.
На поўным газегл. газ.
На поўны ротгл. рот.
Поўнай жменяйгл. жменя.
Поўнаю мераю (плаціць)гл. мера.
Поўная чашагл. чаша.
Поўны корабгл. кораб.
Пры поўнай амуніцыігл. амуніцыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умо́ва, ‑ы, ж.
1. Пісьмовая або вусная згода, дамоўленасць. Выканаць умову. □ [Дубіцкі:] — Ну што ж! Тады ідзіце. Толькі ўмова: доўга там не будзьце, каб тут пра вас [хлопцаў] не трывожыцца.Чарнышэвіч.Васіль, як па ўмове, з палеткаў Ужо набліжаўся сюды.Калачынскі.
2. Афіцыйны дакумент. Трыпут раптам прыгадаў той дзень, калі яны складалі ўмову.Савіцкі.Васіль дамогся свайго — заключыў з МТС умову.Шамякін.
3.часцеймн. (умо́вы, умоў). Патрабаванні або прапановы аднаго з дагаворных бакоў, якія прымаюцца або адхіляюцца другім бокам. [Настаўніца:] — Я дам табе, Ігнась, пару кніжак, толькі з умоваю, што, прачытаўшы, ты перакажаш мне змест.Мурашка.[Тамара] дала згоду быць жонкай Сімона, паставіўшы толькі адну ўмову: не Гамрэклія, а Гамрэкелі.Самуйлёнак.[Машыніст:] — Згодны вы [генерал] прыняць нашы ўмовы ці не?Лынькоў.// Узаемныя абавязацельствы дагаворных бакоў, якія забяспечваюць заключэнне, выкананне дагавору. Умовы перамір’я. Умовы кантракта. Умова аб тэрмінах аплаты.// Якія‑н. гарантыі, ільготы і пад., што дае каму‑н. асоба ці ўстанова. Умовы найму. Працаваць на льготных умовах. □ [Гарлахвацкі:] У мяне ёсць на ўвазе добрыя работнікі, якія ахвотна пойдуць да мяне працаваць, калі ім забяспечыць належныя ўмовы.Крапіва.Сялянскі пазямельны банк даваў на кабальных умовах крэдыт для куплі зямлі і гаспадарчых патрэб.«Весці».
4.часцеймн. (умо́вы, умоў). Правілы, законы, прынятыя, устаноўленыя ў якой‑н. галіне дзейнасці, жыцця. Умовы карыстання электрычнымі прыборамі.
5.часцеймн. (умо́вы, умоў). Абставіны, у якіх працякае або пры якіх адбываецца што‑н. Кліматычныя ўмовы. Жыллёвыя ўмовы. □ Праводзіўся грамадскі агляд — у якім стане ахова працы, тэхніка бяспекі, .. падрыхтоўка завода да работы ў зімовых умовах.Карпаў.Ва ўмовах суровай рэчаіснасці праходзіць Андрэй Касцевіч школу рэвалюцыйнага выхавання.Хромчанка.
6. Прадпасылка, ад якой залежыць існаванне, ажыццяўленне чаго‑н. Спецыяльныя веды, высокая прафесійная падрыхтоўка, агульная культура чалавека ператвараюцца ў абавязковую ўмову паспяховай працы ўсё больш шырокіх слаёў работнікаў.«Звязда».Росквіт нацый пры сацыялізме — неабходная ўмова іх збліжэння і паступовага развіцця пры поўным камунізме.«Полымя».
7.толькімн. (умо́вы, умоў). Звесткі, даныя, якія ляжаць у аснове чаго‑н. Умовы доследу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),
трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн.км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс.км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн.км² (у т. л. суша 149,1 млн.км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн.км², або 70,8%), аб’ём 1083∙1012км³, маса 5976∙1021кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс.км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс.км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙1011 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд.км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.
Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля 2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля 1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр.атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,151015т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б.ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш 1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс.км і 22 тыс.км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).
Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙1012т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіццягеагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).
Літ.:
Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.
В.П.Якушка.
Да арт.Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.Да арт.Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.Да арт.Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА,
1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіццясусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.
2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.
Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).
Пытанні эстэтыкі візант.рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.Гіберці («Каментарыі»), Л.Б.Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.Віньёла, Д.Барбара, С.Сермо, А.Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.П.Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.Феліб’ен, архітэктуру — Ф.Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.Феліб’ена, К.Ф.Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.Дзідро зарадзілася прафес.маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.Канта, Ф.Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.Меерам (Германія) і А.К.Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.Констэбл (Англія), Э.Дэлакруа, Ш.Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.Куглер, К.Шназе, А.Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.Яропкін, І.Корабаў, М.Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.Урванаў, П.Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.Акімава, П.Свіньіна, І.Снегірова, А.Вастокава, А.Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.Айналаў, Н.Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.Бенуа, І.Цвятаеў, Б.Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.Алпатаў, Н.Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.Колпінскі, В.Лазараў, Г.Недашывін, В.Палявой, Г.Вагнер, Б.Рыбакоў, Дз.Сараб’янаў, А.Фёдараў-Давыдаў, У.Стасаў, У.Фаворскі і інш.Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.Апалінэр, А.Англіўель дэ Ла Бамель, Т.Бюрале, Д.Габары (Францыя), Ф.Вікгоф і М.Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.Баларын. Л.Белозі (Італія), Я.Беластоцкі (Польшча), Я.Гамолка (Чэхія), Э.Панофскі (ЗША), Э.Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.Малевіч (Расія), У.Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.Гомбрых), псіхааналіз (Э.Крыс).
На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.Ромер (вывучаў бел.нар.дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час.«Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.Шлюбскі і І.Фурман, пра гравюры С.Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г. — газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіццябел.выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруНац.АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш.Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.Аладава, М.Арлова, А.Воінаў, Н.Высоцкая, В.Гаўрылаў, П.Герасімовіч, Л.Дробаў, І.Елатомцава, В.Жук, Ю.Карачун, М.Кацар, А.Лявонава, А.Лакотка, П.Масленікаў, М.Нікалаеў, М.Раманюк, Я.Сахута, А.Сурскі, У.Чантурыя, В.Церашчатава, Т.Чарняўская, Р.Шаура, В.Шматаў, Ю.Якімовіч, М.Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.Атраховіч, М.Баразна, В.Буйвал, Л.Вакар, П.Васілеўскі, Э.Вецер, Т.Габрусь, Т.Гаранская, В.Гаршкавоз, М.Гугнін, В.Каваленка, П.Карнач, Б.Крэпак, А.Кулагін, В.Лабачэўская, Б.Лазука, Л.Лапцэвіч, Л.Налівайка, Э.Петэрсон, І.Паньшына, А.Пікулік, У.Пракапцоў, Э.Пугачова, У.Рынкевіч, Г.Сакалоў-Кубай, Л.Салавей, А.Сяліцкі, В.Трыгубовіч, Н.Трыфанава, Л.Фінкельштэйн, М.Цыбульскі, М.Шамшур, А.Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час.«Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.
Літ.:
Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр.М., 1995;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУКА́ЦЫЯ (ад лац. educatio выхаванне),
працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навуч. установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане — культурнаадукац. прастора, якая ахоплівае сям’ю, разнастайныя навуч.-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сац.-пед. інфармаструктуру, адукац. працэсы на вытв-сці і ў грамадска-культ. жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафес.-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Бел.нац. Сістэма адукацыі ўключае агульную, прафес. адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб’ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць: адукацыю агульную — пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні; прафесійную адукацыю — дапрафес. (прафесійная арыентацыя, адбор) і сярэдняя прафес. падрыхтоўка; вышэйшую адукацыю — падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры; адукацыя дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная, паводле адносін да царквы — свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная (кантралюе царква). Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнар. і нац. стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.
Дзярж. палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; нац.-культ. аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусв. ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм, увага да схільнасцяў і інтарэсаў асобы, магчымасць свабоднай самарэалізацыі; сувязь з грамадскай практыкай, якая гарантуе ўзаемадзеянне адукацыі з вытв-сцю, спрыяе сацыялізацыі асобы, яе адаптацыі да розных формаў жыццядзейнасці; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фіз. ўдасканалення; дэмакратызм (праз яго ўсталёўваецца павага і давер паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі); свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзярж.навуч. установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; заахвочванне адукаванасці; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё нар. педагогікі беларусаў; падтрымка самаадукацыі і самавыхавання, інтэлектуальных і духоўных імкненняў асобы; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Гал. мэты нац. сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцяў; фарміраванне і ўмацаванне нац. свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзярж. мовай; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культ.-гіст. каштоўнасцяў бел. народа і інш.нац. супольнасцяў рэспублікі; падрыхтоўка да самаст. жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы.
Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафес. адукацыі з улікам нац. традыцый, індывід. патрэб, здольнасцяў; бясплатным навучаннем у дзярж. базавых школах, а таксама інш.навуч. установах. Нац. сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных і таленавітых дзяцей; ажыццяўляе сац. дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, з разумовымі ці фіз. недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў. З мэтай забеспячэння цэласнай сістэмы навуч.выхаваўчай работы па фарміраванні ўсебакова развітой асобы ў Рэспубліцы Беларусь распрацаваны шэраг заканадаўчых, дырэктыўных, нарматыўных дакументаў: законы «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб правах дзіцяці» (1993); канцэпцыі адукацыі і выхавання, выхавання ў нац. школе Беларусі, навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці (усе 1993), а таксама комплексная праграма развіцця адукацыі і выхавання на Беларусі на перыяд да 2000 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎНАР-ЗАПО́ЛЬСКІ (Мітрафан Віктаравіч) (14.6.1867, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 30.9.1934),
бел. гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў бел.нац. гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1902 праф., заг. кафедры Кіеўскага ун-таў. У 1907—17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага ін-та. З 1920 у Харкаве, Баку, з 1925 праф.БДУ, правадз.чл. Інбелкульта, старшыня яго гіст.-археагр. камісіі. З 1926 праф. Ціміразеўскай с.-г. акадэміі, правадз.чл. Ін-та гісторыі АНСССР. У 1929 у сувязі з упамінаннем імя Д.-З. ў справе «Платонава—Тарле», ідэалагічным наступам на «нацдэмаўшчыну» ў Беларусі, арыштам вядучых бел. вучоных ён не пазбег праследаванняў. Было заблакіравана выбранне Д.-З. акадэмікам АНСССР, асуджаны як ідэйна-заганны рукапіс яго кнігі «Гісторыя Беларусі», паскораны выхад на пенсію.
Першыя нарысы, прысвечаныя звычаёваму праву, зямельным адносінам, абрадам, вераванням, гіст. мінуламу Беларусі, пачаў публікаваць у канцы 1880-х г. У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асн. ядро канцэпцыі гіст.развіццябел. народа, паставіў праблему неабходнасці нац. адраджэння Беларусі. У 1891 выдаў манаграфію «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», у 1899 — працу «В.М.Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку». Даследаваў сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ 14—16 ст., дзярж. асновы літ.-бел. гаспадарства, гісторыю сялянства на Беларусі і ў Расіі (працы «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах», 1901, «Нарысы па арганізацыі заходнярускага сялянства ў XVI ст.», 1905, «Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII—XIX стст.», 1906, «На зары сялянскай свабоды», 1911). Выдаў Баркулабаўскі летапіс, «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)» (т. 2, вып. 1), «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі» (т. 1). Вывучаў грамадскую думку Расіі, дзекабрысцкі рух (працы «З гісторыі грамадскіх плыняў Расіі», 1905, «Палітычныя ідэалы М.М.Спяранскага», «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», абедзве 1906, «Ідэалы дзекабрыстаў», 1907). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у адбудове бел. дзяржаўнасці на дэмакр. асновах. У 1919 на бел. і асн.еўрап. мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», у якім ён на падставе аналізу гіст., эканам. і этнагр. фактараў абгрунтаваў права бел. народа на суверэннасць. Апублікаваў манаграфію «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.» (1926), раздзел «Беларуская ССР і Заходняя вобласць РСФСР» у кн. «Эканамічная геаграфія СССР» (1926), завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі» (1926, выд. 1994), у якой разгледзеў шляхі, пройдзеныя бел. народам ад эпохі першабытнага ладу да пач. 1920-х г. У Рэчыцы Д.-З. пастаўлены помнік (1997).
Тв.:
Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888;
Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901;
Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909;
История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911;
Обзор новейшей русской истории. Т. 1—2. Киев, 1912—18.
Літ.:
Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М.В.Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883—1928) // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРАВІЗА́ЦЫЯ (франц. improvisation ад лац. improvisus нечаканы, раптоўны),
стварэнне маст. твора непасрэдна ў працэсе выканання. У шырокім сэнсе — творчасць без папярэдняй падрыхтоўкі, якая выяўляе непасрэднасць развіццямаст. думкі. Адрозніваюць уласна І. (з прытрымліваннем зададзеных тэмы, матываў, вобразаў) і свабодную (вольны выбар тэмы і формы яе раскрыцця). Магчыма ў паэзіі, музыцы, танцы, тэатр. мастацтве і інш. Адзін з відаў І. — экспромт.
І. вядома са старажытнасці. Вытокі І. ў літаратуры — у нар. творчасці, вусны характар якой садзейнічаў выкарыстанню элементаў І. пры неабходнасці прытрымлівацца традыцый у цэлым (казкі, прыказкі, прымаўкі і інш.). Дасягнула росквіту ў рус. паэзіі 19 ст. (П.Вяземскі, В.Брусаў). Вядомымі імправізатарамі былі А Міцкевіч, М.Багдановіч. У музыцы І. — адметны вызначальны фактар музыкі вуснай традыцыі розных народаў свету, у т. л. беларусаў. Характар, канкрэтныя формы і мера выяўлення І. залежаць ад творчых здольнасцей нар. выканаўцаў, спосабаў музіцыравання, гістарычна выпрацаваных стыліст. норм пэўных жанраў, мясц. выканальніцкіх традыцый. На Беларусі выдатныя майстры І. — нар. спевакі С.Дубейка, А.Каранчук, З.Хвораст, дудачнікі В.Швед, М.Глушань, гарманіст А.Свірыдовіч і інш. У прафес. музыцы сферы і формы выяўлення І. гістарычна змяняліся: ад вак. поліфаніі 13—15 ст. (cantus firmus, англ. discantus і фабурдон) да інстр. музыкі барока і класіцызму (генерал-бас, выканальніцкая дзейнасць Г.Ф.Гендэля, І.С.Баха, В.А.Моцарта, Л.Бетховена), ад канцэртнай практыкі эпохі рамантызму (кадэнцыі ў канцэртах, І. на зададзеную тэму; Ф.Шапэн, Ф.Ліст, І.Брамс, бел. музыканты-віртуозы І.Гузікаў, М.Ельскі, А.Абрамовіч) да джазавых кампазіцый 20 ст. І. як сродак муз. выхавання займае важнае месца ў пед. сістэмах Э.Жак-Далькроза, К.Орфа. Курс І. існуе ў Бел. акадэміі музыкі. І. ў танцы — з глыбокай старажытнасці неад’емная частка нар. абрадаў, гульняў, свят. У нар. танцы часта выяўляецца ў спаборніцтве выканаўцаў. У танц. мастацтве І. вар’іруецца ад прымітыву да высокага прафесіяналізму. У пач. 20 ст. ў вял. ступені імправізацыйным было мастацтва т. зв. свабоднага танца Х.Дункан. І. — абавязковы элемент нар. танца, пашырана ў бальных танцах. І. ў тэатры — ігра акцёра, заснаваная на яго здольнасці ствараць сцэнічны вобраз, уласны тэкст на зададзеную тэму ў час паказу без папярэдняй падрыхтоўкі. Зарадзілася ў нар.тэатр. творчасці, была істотным элементам сцэн. дзеяння стараж.т-ра Усходу (існуе і цяпер), прысутнічала ў антычным, сярэдневяковым і рэнесансавым т-ры, выступленнях скамарохаў. Высокага ўзроўню дасягнула ў італьян. камедыі дэль артэ і франц. фарсе. Пазней сустракалася як стыліст. прыём (напр., у К.Гоцы). У пач. 20 ст. К.Станіслаўскі, Я.Вахтангаў, У.Меерхольд сцвярджалі каштоўнасць І. ў працэсе стварэння спектакля. Імправізацыйны характар мелі бел. каляндарна-земляробчыя і сямейна-бытавыя абрады, бел.нар.т-р, інтэрмедыі школьнага т-ра. Мастацтвам І. былі прасякнуты выступленні трупы В.Дуніна-Марцінкевіча, Першай бел. трупы І.Буйніцкага, бел. вечарынкі і інш.Вял. увагу І. аддавалі рэжысёры Е.Міровіч, У.Галубок, М.Міцкевіч, акцёры Дз.Арлоў, Г.Глебаў, А.Ільінскі, П.Малчанаў, Б.Платонаў і інш.
Літ.:
Богатырев П.Г. Традиция и импровизация в народном творчестве // Богатырев П.Г. Вопросы теории народного искусства. М., 1971;
Сапонов М.А. Искусство импровизации. М., 1982;
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Мн., 1971;
Станиславский К.С. Работа актера над собой. Ч. 1—2. 4 изд. М., 1951.