вымерлая млекакормячая жывёла сям. мядзведзяў атр. драпежных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне (300—10 тыс. гадоў назад). Першыя знаходкі рэшткаў выяўлены ў пячорах (адсюль назва). 2 падвіды: вялікі і малы. М.п. вялікі быў пашыраны ў Еўропе, на Каўказе, Урале, Зах. Сібіры, Паўн. Афрыцы; М.п. малы — у горных масівах Еўропы, паўн. Казахстане, на Алтаі. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М.п. вялікага знойдзены каля г. Смаргонь і ў Гродзенскім р-не (урочышчы Мелавыя Горы, Румлаўка). Рэшткі маюць стратыграфічнае значэнне.
Вонкавым выглядам падобны на сучасных амер. мядзведзяў грызлі, але большых памераў. Галава вельмі вялікая адносна памераў цела, чэрап з уздутай лобнай часткай. Пераважна расліннаедны Аб’ект палявання чалавека каменнага веку, пра што сведчаць наскальныя малюнкі ў пячорах Зах. Еўропы і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДО́Й,
колькасць малака, атрыманага ад с.-г. жывёл за пэўны перыяд часу; паказчык малочнай прадукцыйнасці жывёлы. Адрозніваюць Н.: разавы, сутачны, месячны, гадавы, лактацыйны (за перыяд лактацыі) і пажыццёвы. Залежыць ад віду, пароды, узросту (павышаецца да 6—7-й лактацыі, потым зніжаецца), стадыі лактацыі (у першыя 1,5—3 мес павышаецца, потым зніжаецца), індывід. асаблівасцей (масы і складу цела жывёлы, узросту на момант 1-га ацёлу, фізіял. стану і інш.), кармлення, умоў трымання і тэхналогіі даення жывёл. Сярэднія лактацыйныя Н. (тыс.кг) кароў 1—5 і больш, кабыл і вярблюдзіц 1—2, зебу 0,8—1,2, буйваліц 0,8—1, коз 0,15—0,2. Найб. Н. у кароў кастрамской, сіментальскай, халмагорскай, чорна-пярэстай, чырв. дацкай, яраслаўскай і інш. парод (гл. адпаведныя арт.). На Беларусі сярэдні гадавы Н. кароў каля 2,5 тыс.кг (1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГУ́СТЫ (Herpestes),
род млекакормячых сям. віверавых атр. драпежных звяроў. 14 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Малой, Пярэдняй і Паўд. Азіі, Афрыцы. Акліматызаваны ў Вест-Індыі, на Гавайскіх і Фіджы а-вах. Жывуць у розных умовах. Трымаюцца паасобна, часам групамі. Найб. вядомы самы буйны прадстаўнік роду М. егіпецкі — іхнеўмон (H. ichneumon), або фараонаў пацук.
Даўж. цела да 65 см, хваста да 51 см, маса да 3,2 кг. Тулава падоўжанае, канечнасці кароткія, морда вострая. Поўсць кароткая, грубаватая. Афарбоўка бурая розных адценняў, часам са светлымі плямамі. Драпежнікі, кормяцца дробнымі жывёламі, пераважна грызунамі і змеямі, у т. л. ядавітымі. Імунітэту да змяінага яду не маюць, спраўляюцца з імі дзякуючы хуткай рэакцыі. Нараджаюць 2—4 дзіцяняці. Лёгка прыручаюцца. М. называюць таксама шэраг інш. родаў сям. віверавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДУ́ЗЫ,
асобіны палавога пакалення кішачнаполасцевых жывёл, якія свабодна плаваюць. Характэрны для сцыфоідных і многіх гідроідных. Некат. сцыфоідныя (стаўрамедузы) жывуць на дне, прымацаваныя да субстрату. Пашыраны ў морах, часам у прэсных водах. М. ўзнікаюць пры адпачкаванні ад прымацаваных да субстрату асобін бясполага пакалення — паліпаў. У некат. гідроідных (трахіліды) і сцыфоідных чаргаванне пакаленняў страчана, М. развіваецца з яйца.
Дыяметр ад некалькіх міліметраў да 2,3 м. М. уласціва гетэрапалярная радыяльна-восевая сіметрыя. Цела паўпразрыстае, у форме парасона або звона; па краях шчупальцы (даўж. да 30 м), у некат. з жыгучымі клеткамі, і органы пачуццяў. Ротавая адтуліна ў сярэдзіне ніжняга боку парасона. Рухаюцца рэактыўным спосабам (выкідваюць ваду з поласці парасона). Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя. Палавыя прадукты выкідваюць у ваду, дзе яны апладняюцца і развіваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁСБА́ЎЭР ((Mōssbauer) Рудольф Людвіг) (н. 31.1.1929, г. Мюнхен, Германія),
нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Баварскай АН (1967), замежны чл.Нац.АН ЗША (1978), Рас.АН (1982) і інш.
Скончыў Мюнхенскі тэхн.ун-т (1955), у 1964—72 і з 1977 праф. гэтага ун-та. У 1960—64 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1961 праф.). У 1972—77 дырэктар Ін-та Лаўэ—Ланжэвэна ў г. Грэнобль (Францыя). Навук. працы па гама-спектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. і нейтрыннай фізіцы. У 1958 адкрыў з’яву ядз. гама-рэзанансу (гл.Мёсбаўэра эфект). Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР (1985). Нобелеўская прэмія 1961 (разам з Р.Хофстэдтэрам).
Тв.:
Рус.пер. — Эффект RK и его значение для точных измерений // Наука и человечество. М., 1962;
Резонансная спектроскопия гамма-излучения: Лекция. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНЫ БЫК, тур (Bos primigenius),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных; продак еўрап. свойскай буйн. раг. жывёлы. Быў пашыраны ў лесастэпах і стэпах Усх. паўшар’я ў 2-й пал. антрапагенавага перыяду. На Беларусі трапляўся да пач. 17 ст. ў Белавежскай пушчы, лясах Панямоння і Прыбужжа. Апошні тур (самка) у прыродных умовах забіты ў Польшчы ў 1627, на тэр.Зах. Сібіры дажыў да 18 ст.
Выш. ў карку да 2 м, маса да 1,5 т. Падобны да сучасных свойскіх быкоў, за выключэннем пераважна чорнай афарбоўкі цела і белай паласы ўздоўж спіны. У канцы антрапагену П.б. распаліся на буйную і дробную расы. Лічыцца, што буйная засталася ў дзікім стане (была аб’ектам палявання), а дробная прыручана ў Грэцыі каля 4 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНГВІНАПАДО́БНЫЯ, пінгвіны (Sphenisciformes),
атрад нелятаючых птушак. Вядомы з эацэну (каля 60 млн.г. назад). 1 сям., 21 род (6 сучасных), 44 віды (16 сучасных). Пашыраны ў Антарктыцы, на паўд. узбярэжжах Аўстраліі, Афрыкі і Паўд. Амерыкі, на Пн — да а-воў Галапагас. Гняздуюцца калоніямі (да 1 млн. асобін), некат. віды жывуць невял. групамі ці паасобна. 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 120 см, маса да 45 кг. Апярэнне кароткае, шчыльнае, раўнамерна ўкрывае цела. Крылы ператвораны ў пакрытыя лускападобнымі пёрамі ласты, з дапамогай якіх П. плаваюць (са скорасцю да 40 км/гадз) і ныраюць (да глыб. 200 м). Кормяцца рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Нясуць 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́Т,
у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.Берклі, Э.Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец. спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЕ ПАРАЖЭ́ННЕ,
вынік уздзеяння электрамагнітнага выпрамянення (квантаў), элементарных часціц на клеткі, тканкі, органы, сістэмы арганізма, што выклікае парушэнні іх нармальнай жыццядзейнасці. Крыніцы выпрамяненняў: іанізавальнае выпрамяненне, інфрачырвонае выпрамяненне, лазернае выпрамяненне, ультрафіялетавае выпрамяненне, сонечнае выпрамяненне бачнай ч. спектра (святло), а таксама касмічныя прамяні і інш.Біял. эфект П.п. залежыць ад прасторавага размеркавання выпрамянення, працягласці і рытму яго ўздзеяння, магутнасці дозы выпрамянення і фізіял. стану арганізма.
Найчасцей пад П.п. разумеюць парушэнні, абумоўленыя біялагічным дзеяннем іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйнае паражэнне), якія пры пэўных умовах могуць выклікаць развіццё прамянёвай хваробы. Інфрачырв выпрамяненне праяўляецца праз цеплавыя апёкі і пераграванне ч.цела або арганізма ў цэлым (сонечны ўдар, цеплавы ўдар і інш.). Ультрафіялетавае выпрамяненне аказвае пераважна хім. дзеянне. Магутныя светлавыя пучкі лазераў выклікаюць у асн. апёкі сятчаткі вока, скуры. Гл. таксама Апрамяненне арганізма, Прамянёвыя пашкоджанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВІКІ, радыялярыі (Radiolaria),
клас (падкл.) прасцейшых падтыпу саркодавых. 4 атр., каля 8 тыс. відаў. Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Жывуць пераважна ў цёплых морах у складзе планктону. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). Рэшткі П. уваходзяць у састаў геал. парод: апокі, радыялярыту, трэпелу, яшмы. На Беларусі адзначаны ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры ад 0,04 да 1 мм, у некат. каланіяльных — да некалькіх сантыметраў. Унутр. шкілет — скурыстая капсула з порамі, вонкавы — мінеральны, з воднага крэменязёму (апалу) або сернакіслага стронцыю. У цытаплазме П. трапляюцца аднаклетачныя водарасці. Ад цела адыходзяць шматлікія псеўдаподыі, іх функцыя — улоўліванне корму, — інш. прасцейшых. Размнажаюцца дзяленнем.