ГАЙТЫСО́ЛА ((Goytisolo) Хуан) (н. 5.1.1931, г. Барселона, Іспанія),
іспанскі пісьменнік. З 1956 жыў у Францыі. Першы раман «Спрытнасць рук» (1954) — своеасаблівы маніфест пасляваен. пакалення. У творах 1950 — пач. 1960-х г. асэнсаванне вынікаў грамадз. вайны і франкізму (раман «Самота ў раі», 1955; трылогія «Прывіднае заўтра»; дакумент. аповесці «Палі Ніхара», «Чанка»; зб. апавяданняў «Каб жыць тут» і інш.). У рамане «Асаблівыя прыкметы» (1966), зб. эсэ «Хваставы вагон» (1967) даследаваў метамарфозы светаадчування інтэлігенцыі сучаснай Іспаніі. У раманах «Помста графа дона Хуліяна» (1970), «Хуан Беззямельны» (1975), «Макбара» (1980), «Сарацынскія хронікі» (1982) спробы развянчаць сац. міфы і стэрэатыпы нац. свядомасці. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМБЕ́ТА ((Gambetta) Леон Мішэль) (2.4.1838, г. Каор, Францыя — 31.12.1882),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Італьянец па паходжанні. Адвакат. У гады Другой імперыі адзін з лідэраў рэсп. партыі. У 1869 абраны ў Заканад. корпус. Пасля разгрому франц. арміі пад Седанам (2.9.1870) у франка-прускую вайну 1870—71 разам з Ж.Фаўрам абвясціў Трэцюю рэспубліку. У 1870—71 міністр унутр. спраў і міністр абароны ў часовым урадзе нац. абароны; 7.10.1870 пакінуў на паветр. шары абложаны Парыж, каб арганізаваць супраціўленне Прусіі з дапамогай нанава арганізаванай арміі. Пасля капітуляцыі Парыжа (28.1.1871) выйшаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах 1876 разам з рэсп. партыяй атрымаў перамогу. У 1879—81 старшыня палаты дэпутатаў. У 1881—82 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Сузаснавальнік Лігі патрыётаў, прыхільнік саюзу з Расіяй; падтрымліваў калан. экспансію. Абвінавачаны ў намерах распачаць вайну ў Егіпце, выйшаў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМІНЬДА́Н (літар. нацыянальная партыя),
палітычная партыя ў Кітаі. Засн. ў 1912 шляхам зліцця рэв. арг-цыі Тунмэнхой (кіраўнік Сунь Ятсен) з некат. паліт. ліберальна-бурж. групоўкамі. У 1923—24 аформіўся саюз Гаміньдана з Камуніст. партыяй Кітая (КПК), створана масавая паліт.арг-цыя антыімперыял. і нац.-вызв. характару. У аснову яе праграмы (1924) пакладзены 3 прынцыпы: нацыяналізм, народнасць і нар. працвітанне. Гаміньдан адыграў рашаючую ролю ў рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі. У час рэвалюцыі правае крыло Гаміньдана на чале з Чан Кайшы праводзіла палітыку згортвання адносін з КПК, а пасля смерці Сунь Ятсена (1927) пайшло на поўны разрыў з ёй і захоп улады, што выклікала грамадз. вайну. Пасля паражэння ў 1949 арміі Гаміньдана і абвяшчэння КНР рэшткі гаміньданаўцаў уцяклі на в.Тайвань, дзе аднавілі дзейнасць партыі. У КНР дзейнічае рэв.к-т Гаміньдана (засн. ў 1948 сіламі, апазіцыйнымі Чан Кайшы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́ВА (Людміла Мікалаеўна) (н. 19.1.1950, Мінск),
мастак тэатра. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973). У 1973—80 маст. рэдактар выд-ва «Беларусь», з 1983 у Нац.акад. т-ры оперы Беларусі (з 1989 мастак-пастаноўшчык). Высокая культура малюнка, сакавітасць і гарманічная прыгажосць каларыту вызначаюць створаныя ёю эскізы касцюмаў да оперы «Кавалер руж» Р.Штрауса (1989), «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1993), балета «Карсар» А.Адана (1991), афармленне опер «Мадалена» С.Пракоф’ева (1989), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1994), «Кармэн» Ж.Бізэ (1995), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1996), фантазіі «Шэкспір і Вердзі» (1992). Па яе эскізах створаны таксама касцюмы да спектакляў «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1992) у Бел. т-ры імя Я.Коласа, «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча (1993) у Бел. т-ры імя Я.Купалы і інш.
Л.Ганчарова. Эскіз касцюма да оперы «Кавалер руж» Р.Штрауса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РАК ((Gierek) Эдвард) (н. 6.1.1913, в. Паромбка, цяпер у межах г. Сасновец, Польшча),
польскі дзярж. і парт. дзеяч. У 1923—48 жыў і працаваў на вугальных шахтах у Францыі і Бельгіі. У 1946—48 узначальваў Нац. раду палякаў у Бельгіі. З 1948 чл. Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП), сакратар ЦК (1956—64), чл. Палітбюро ЦК ПАРП (1956, 1959—80), 1-ы сакратар катавіцкага к-та ПАРП (1957—70). У 1970—80 1-ы сакратар ЦК ПАРП. Прыхільнік эканам. супрацоўніцтва Польшчы з Захадам, выкарыстання замежных крэдытаў з мэтай паскарэння развіцця краіны, пры гэтым захоўваліся прынцыпы сацыяліст. эканомікі і залежнасць Польшчы ад СССР. У выніку выраслі даўгі і Польшча апынулася ў глыбокім эканам. крызісе. У перыяд узнікнення хвалі забастовак ва ўсёй краіне ў 1980 Герак выведзены з ЦК, у 1981 выключаны з ПАРП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (12.8.1881, г. Мічурынск, Расія — 23.7.1963),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). З 1947 правадз.чл.АМСССР (у 1947—57 прэзідэнт). Вучыўся ў маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1903—15) у А.Я.Архіпава і К.А.Каровіна. Аўтар пейзажаў («Тройка. Зімовая дарога», 1912, «Пасля дажджу», 1935), партрэтаў (В.В.Лепяшынскай, 1939, групавога партрэта мастакоў І.М.Паўлава, В.М.Бакшэева, В.К.Бялыніцкага-Бірулі і В.М.Мяшкова, 1944), жанравых карцін («Лазня», 1940), ілюстрацый (да «Тараса Бульбы» М.Гогаля, 1947, і інш.), нацюрмортаў, тэатр. дэкарацый. Работы Герасімава прасякнуты аптымізмам, вызначаюцца выразнай кампазіцыяй, маляўнічасцю. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1949. У Нац.маст. музеі Беларусі 5 работ Герасімава (сямейны партрэт, 1934, «Чаромха», 1955, і інш.).
Літ.:
Осипов Д.М. Александр Герасимов: [Альбом]. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МАНАЎ (Уладзімір Кірылавіч) (н. 2.2.1929, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1962), выкладаў у ім у 1963—78. Працуе ў жанрах гіст., бытавым, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Апошні бой К.Заслонава» (1964), «На сценах старога Слуцка» (1973), трыпціх «А хто там ідзе?» (1969), «Дажынкі» (1978), «Мой родны кут» (1982), «Касіў Ясь канюшыну» (1985), серыя «З эцюднікам па Еўропе», «Лазня» (абедзве 1986), «Свет Скарыны», «Зоркі не гаснуць» (абедзве 1991), «Крыжы зямлі» (1995), «Божа, дапамажы!» (1996); партрэты Героя Сац. Працы Т.Р.Арды (1982), драматурга А.Петрашкевіча (1984), Кастуся Каліноўскага («Чорная пятля», 1989); пейзажы «Прыпяцкія плёсы» (1976), «Зіма» (1988); нацюрморты «Галінка арабіны» (1988), «Бэз» (1995) і інш. Творчасць насычана нац. каларытам, дынамікай, гармоніяй колеру, у ёй — спалучэнне лірыкі і публіцыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́ДАС, Гранадас-і-Кампінья (Granados y Campiña) Энрыке (27.7.1867, г. Лерыда, Іспанія — 24.3.1916), іспанскі кампазітар, піяніст, педагог. Вучыўся ў Ш.Берыо, Ф.Педрэля і Ж.Маснэ. Шмат канцэртаваў, вядомы як выканаўца твораў Ф.Шапэна і Э.Грыга. Выступаў з І.Альбенісам, Э.Ізаі, К.Сен-Сансам, Ж.Цібо і інш. У 1900 заснаваў у Барселоне Т-ва класічных канцэртаў (выступаў як дырыжор), у 1901 — Акадэмію музыкі (кіраўнік да 1916; пазней яго імя). Кампазітарская творчасць Гранадаса звязана з адраджэннем ісп.нар. музыкі, т.зв. Рэнасім’ента; асн. рыса яго твораў — спалучэнне нац. элемента з сучаснай тэхнікай пісьма. Сярод твораў: 7 опер, у т. л. «Марыя дэль Кармэн» (1898), «Гаескі» (1916); сімф. паэма «Боская камедыя» паводле Дантэ (1908) і інш.арк. творы; камерна-інстр. ансамблі; для фп. — 10 ісп. танцаў, «Арагонская рапсодыя», «Іспанскае капрычыо»; для голасу з фп. — танадыллі, песні, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА (грэч. graphikē ад graphō пішу),
сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключае графемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл.Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.
Літ.:
Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКІ (Антон Іванавіч) (н. 14.1.1936, в. Лугавая Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фалькларыст. Канд.філал.н. (1978). Скончыў Мінскі пед.Ін-т (1959). З 1959 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе фалькл. жанры (загадкі, песні, паданні, легенды). Аўтар кніг «Зімовая паэзія беларусаў» (1980), «З любоўю да народа» (1989), «Тайны народнай песні» (1994), раздзелаў у кнігах «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), «Праблемы сучаснага беларускага фальклору» (1969), «Беларуская фалькларыстыка» (1980). Складальнік тамоў збору «Беларуская народная творчасць»: «Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі» (1975), «Загадкі» (1972) і «Легенды і паданні» (1983, абедзве з М.Грынблатам), «Земляробчы каляндар» (1990), зб-каў фальклору «Дрэва кахання» (1980), «Сакрэт шчасця» (1986), «Бяздоннае багацце» (1990), «Самае галоўнае» (1992), «Музыка-чарадзей» (1995), «Не сілай, а розумам» (1997) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1986.