форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая мае на мэце ўстанаўленне працяглых вытв. сувязей прадпрыемстваў па сумесным вырабе канчатковай прадукцыі. К.в. можа быць галіновае (паміж прадпрыемствамі адной галіны прам-сці), міжгаліновае, унутрызаводскае (паміж цэхамі прадпрыемства), унутрыраённае (паміж прадпрыемствамі аднаго эканам. раёна) і міжраённае. К.в. вынікае са спецыялізацыі вытворчасці і мае тыя ж 4 формы: прадметнае, калі заводы пастаўляюць галаўному прадпрыемству вырабы, што ідуць на камплектаванне канчатковай прадукцыі; падэталёвае, калі галаўны з-д атрымлівае ад прадпрыемстваў-сумежнікаў асобныя дэталі і вузлы для гатовай прадукцыі; тэхналагічнае, калі адзін з-д выконвае для другога асобныя тэхнал. аперацыі або пастаўляе пэўныя паўфабрыкаты; функцыянальнае, калі спецыялізаванае прадпрыемства па аказанні паслуг выконвае для інш. прадпрыемстваў функцыі па абслугоўванні вытв-сці (рамонт абсталявання і інш.). К.в. дазваляе больш поўна выкарыстоўваць усе перавагі спецыялізацыі і канцэнтрацыі і скарачаць працягласць вытв. цыкла па вырабе канчатковай прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ,
структура кіравання, якая мае на мэце прамое ўздзеянне на працэс кіравання з боку лінейнага кіраўніка (дырэктара, начальніка, майстра, брыгадзіра). Кіраўнік засяроджвае ў адных руках усе функцыі кіравання. Пры такой структуры кожнае падраздзяленне (або асобны выканаўца падпарадкоўваецца аднаму вышэйстаячаму органу кіравання ці кіраўніку, які самастойна выконвае ўсе кіраўніцкія функцыі. Станоўчым у Л.к. з’яўляецца тое, што яно выключае двайное падпарадкаванне, мае дакладныя і простыя ўзаемаадносіны, вызначаецца аператыўнасцю распрацоўкі і рэалізацыі кіраўніцкіх рашэнняў, павышае адказнасць кіраўніка за вынікі работы; адмоўнае — значны аб’ём інфармацыі, што перадаецца на розных узроўнях, высокія патрабаванні да кваліфікацыі кіраўнікоў і іх кампетэнцыі ва ўсіх пытаннях работы падначаленых звёнаў, абмежаванне ці зніжэнне ініцыятывы работнікаў ніжэйшых узроўняў кіравання. Л.к. больш прыдатнае пры невял. аб’ёмах работ, дзе задача па кіраванні менш складаная. Усё большыя аб’ёмы і складанасці вытв-сці прадвызначылі далейшае раздзяленне функцый кіравання і выклікалі неабходнасць выкарыстання функцыянальнага кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ КАСМІ́ЧНЫЯ НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
спадарожнікавыя сістэмы вызначэння каардынат рухомага аб’екта, аснашчанага адпаведнай апаратурай. Рас. сістэма наз. ГЛАНАСС (ад ГЛАбальная НАвігацыйная Спадарожнікавая Сістэма), амерыканская GPS (ад Global Positioning System глабальная сістэма вызначэння каардынат).
Кожная з сістэм мае 24 штучныя спадарожнікі Зямлі (ШСЗ) на спец. арбітах і сетку наземных станцый вызначэння каардынат ШСЗ і інш. параметраў. Апаратура карыстальніка прымае навігацыйныя радыёсігналы ад 4 ШСЗ і аўтаматычна вызначае каардынаты, скорасць руху і дакладны час аб’екта на зямлі, моры ці ў паветры і на ўбудаваным дысплеі паказвае напрамак руху да зададзенага пункта на электроннай карце мясцовасці. Навігацыйная інфармацыя ад прыёмніка можа выкарыстоўвацца таксама для работы аўтапілота, радара ці інш. апарата. Другое прызначэнне М.к.н.с. — аўтам. сачэнне за месцазнаходжаннем рухомых аб’ектаў (напр., з мэтай бяспекі руху). У гэтым выпадку рухомы аб’ект дадаткова маеспец. апаратуру для перадачы навігацыйнай інфармацыі на дыспетчарскі цэнтр, напр., авіякампаніі, параходства, аўтамаб. ці аўтобуснага парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАНАРО́ДЖАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця з моманту нараджэння і да канца першага месяца жыцця. Бывае даношанае (цяжарнасць 38—41 тыдзень), неданошанае дзіця, пераношанае (цяжарнасць больш за 41 тыдзень). Пасля нараджэння Н.д. прыстасоўваецца да ўмоў навакольнага асяроддзя. Адбываецца ўдасканальванне органаў і сістэм арганізма, асабліва сардэчна-сасудзістай сістэмы, сістэмы імунітэту. Н.д. мае масу цела ў сярэднім 3000—4000 г, даўж. 50—52 см. Даўж. галавы Н.д. складае чвэрць цела, акружнасць чэрапа — 34—36 см (на 1—2 см больш за акружнасць грудной клеткі) Да 3-га дня адпадае кукса пупавіны. У першыя 3—4 дні ў Н.д. адбываецца «фізіялагічная» страта масы цела (да 10%), з 6—7-га дня маса пачынае прыбываць (за 1-ы тыдзень павялічваецца на 600—700 г). Пераношанае Н.д. мае прыкметы трафічных парушэнняў (напр., шчыльныя косці чэрапа з закрытымі швамі і малымі цемечкамі), больш схільнае да захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІТРО́НІЙ,
звязаная сістэма часціц электрона і пазітрона. Падобны на атам вадароду, дзе пратон заменены пазітронам. Мае масу, роўную 2 электронным, а памеры ўдвая большыя за памеры атама вадароду.
Утвараецца пры сутыкненнях павольных пазітронаў з атамамі рэчыва. У залежнасці ад узаемнай арыентацыі спінаў электрона і пазітрона адрозніваюць ортапазітроній (спіны часціц паралельныя; час жыцця τ = 1,4∙10−7 с; распадаецца на 3 γ-кванты) і парапазітроній (антыпаралельныя; τ = 1,25∙10−10 с; распадаецца на 2 γ-кванты).
Палярызаваны П., утвораны пазітронам, атрыманым пры бэта-распадзе, мае своеасаблівыя ўласцівасці: вектар яго спіна прэцэсіруе вакол напрамку магн. поля (тэарэтычна прадказана У.Р.Барышэўскім і эксперыментальна назіралася ў Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі). Уласцівасці і час жыцця П. ў рэчыве адрозныя ад характарыстык свабоднага П. і вызначаюцца ўласцівасцямі рэчыва. Выкарыстоўваецца для вывучэння фіз.-хім. асаблівасцей рэчыва, напр., хуткіх хім. рэакцый атамарнага вадароду, працягласць працякання якіх параўнальная з часам жыцця П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,
падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, маетэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.
Да арт.Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁГАЛА́КТЫКІ,
разнавіднасць галактык, якія з’яўляюцца крыніцамі магутнага радыёвыпрамянення. Вядома больш за 500 Р.
Практычна ўсе галактыкі выпрамяняюць у радыёдыяпазоне. З прычыны вял. адлегласцей (большых за 5—6 Мпк) радыёвыпрамяненне звычайных галактык вельмі слабае, у сярэднім ў мільён разоў меншае за аптычнае выпрамяненне. Інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення Р. на некалькі парадкаў вышэйшая, у большасці выпадкаў іх аптычнае выпрамяненне слабае і не заўсёды можна атаясаміць Р. з аптычнай крыніцай. Радыёвыпрамяненне Р. мае сінхратронную прыроду (гл.Сінхратроннае выпрамяненне). З дапамогай радыёінтэрферометраў устаноўлена, што 75% Р. — падвойныя сістэмы. Самая магутная Р. — Лебедзь A (у сузор’і Лебедзь), у аптычным дыяпазоне мае 18-ю зорную велічыню; вобласць радыёвыпрамянення складаецца з 2 кампанентаў, размешчаных сіметрычна па абодва бакі ад зоны аптычнага выпрамянення. Лінейныя памеры кожнага кампанента 100 тыс.св. гадоў, адлегласць паміж імі 300 тыс.св. гадоў.
Літ.:
Пахольчик А.Г. Радиогалактики: Пер. с англ.М., 1980.