ПОЛІТЭІ́ЗМ (ад полі... + грэч. theos бог),

мнагабожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з’яў прыроды (гл. Анімізм, Татэмізм, Фетышызм), шанавання разрозненых духаў родаплемянных рэлігій (гл. Дэманалогія). Веру ў мноства раўнапраўных фетышаў і духаў змяніла вера ў багоў, якія атрымалі канкрэтнае аблічча, імя, культ. У рытуалах П. гал. ролю адыгрывалі жрацы, якія групаваліся вакол храмаў ці свяцілішчаў, валодалі багаццем і мелі вял. ўладу. Такімі былі рэлігіі стараж. егіпцян, грэкаў, рымлян і інш. народаў, а таксама некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі. Політэістычнымі рэлігіямі з’яўляюцца індуізм, будызм. Элементы П. захаваліся ў монатэістычных рэлігіях — іудаізме, хрысціянстве, ісламе і інш. (гл. Монатэізм). Напр., у хрысціянстве адначасова з гал. Богам захавалася вера ў Святую Тройцу (Бога-Айца, Бога-Сына і Бога—Святога Духа), ушанаванне анёлаў, прарокаў, святых і інш. Пераходнай формай монатэізму да П. з’яўляецца генатэізм, які прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярх. богам. Ва ўласна бел. пантэоне дахрысц. часоў найб. шанаваліся Пярун, Жыжаль, Вялес, Ярыла, Зюзя, Цёця, Лада, Ляля і інш.

В.​В.​Красноеа.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭСТА́НЦКІ ХАРА́Л,

духоўны гімн нямецкай пратэстанцкай царквы. Спяваўся ўсёй абшчынай на роднай (ням.) мове, напачатку аднагалосна, пазней на 4 галасы ў строгім акордава-гарманічным складзе. Асн. крыніцамі П.х. былі ням. і лац. духоўныя песні, грыгарыянскія спевы ў ням. перакладах; ужывалася тэхніка кантамінацыі (стварэнне новага тэксту да вядомай мелодыі рэлігійнага ці свецкага паходжання).

Узнік у Германіі ў 16 ст. ў эпоху Рэфармацыі і Сялянскай вайны 1524—25. Выконваў ключавую функцыю ў кульце рэфармацыйнай царквы. аналагічную грыгарыянскаму харалу ў каталіцкай царкве. П.х. роднасны духоўным гусіцкім (Чэхія), фламандскім, гугеноцкім (Францыя), пурытанскім (Англія), і інш. песням рэфармацыйных плыней. Найважнейшую ролю ў фарміраванні і прапагандзе рэпертуару П.х. адыгралі М.​Лютэр і І.​Вальтэр, распачаўшы друкаванне зб-каў П.х. «Erfurter Enchiridien» («Эрфурцкія Энхірыдыёны»), «Geystliches Gesangk Büchleyn» («Кніжачка Духоўных спеваў», 1524). За першыя дзесяцігоддзі Рэфармацыі з’явілася больш за 200 канцыяналаў (Г.​Люфта, І.​Клюга, Г.​Рау, В.​Бабста і інш.). У 16—18 ст. П.х. стаў асновай стварэння жанраў харальнай апрацоўкі: харальная прэлюдыя, матэт, кантата, канцэрт і інш.

Т.​У.​Ліхач.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ШЧА,

месца (крыніца, возера, камень, узгорак і г.д.), надзеленае, паводле ўяўленняў вернікаў, надзвычайнымі надпрыроднымі сіламі і ўласцівасцямі. П. назвалі таксама маленне пра дараванне грахоў у якім-н. «святым» ці «цудадзейным» месцы. У навук. ўжытак тэрмін «П.» ўвёў у пач. 20 ст. М.​Янчук. Вера ў П. генетычна звязана з культам прыроды. Некат. П. ўзніклі з язычніцкіх свяцілішчаў. Аднак этнографамі зафіксаваны выпадкі ўзнікнення пакланення П. і ў 19—20 ст. П. наведвалі, каб пазбавіцца ад хвароб, сюды прыносілі ахвяраванні (палатно, ручнікі, кветкі, ежу і інш.). Значная частка П. была прызнана хрысціянскім духавенствам і знаходзілася пад яго апекай. Каля такіх П. нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэліг. свят праводзілі хрэсныя хады і богаслужэнні. Найб. вядомымі былі П. Сіняя Крыніца каля г. Слаўгарад Магілёўскай вобл., Святая Горка каля г.п. Смілавічы Мінскай вобл., нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., камяні-следавікі на Траецкай гары ў Мінску і інш. П. на Беларусі даследавалі М.​Доўнар-Запольскі, Янчук, Ф.​Пакроўскі, Е.​Раманаў, А.​Багдановіч, М.​Мялешка.

Э.​М.​Зайкоўскі.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1432,

заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены ад імя караля польскага Ягайлы як вярх. князя літоўскага і рускага яго ўпаўнаважанымі пасламі са згоды новага вял. кн. ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ў Гродне 15.10.1432, у дзень заключэння новай уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Меў на мэце схіліць на бок Жыгімонта баярства, што падтрымлівала вял. кн. Свідрыгайлу. Паводле П. правасл. бел. і ўкр. князі і баяры ўраўноўваліся ў асабістых і маёмасных правах з феадаламі-католікамі. Ім гарантавалася недатыкальнасць маёнткаў як спадчынных, так і дадзеных вял. князямі, права вольнага распараджэння землямі, дазвалялася займаць дзярж. пасады ў Віленскім і Трокскім ваяв., уступаць з літ. баярамі ў гербавае братэрства (набываць гербы). Такім чынам, на правасл. баярства былі пашыраны Прывілей 1387 і Гарадзельскі прывілей 1413. Аднак фактычна П. 1432 дзейнічаў толькі на тэр. зах. часткі Беларусі. Бел. і ўкр. феадалы ў сваёй масе не падтрымалі Жыгімонта і выступілі супраць падпарадкавання Польшчы. Яны ўступалі ў войска Свідрыгайлы, разгаралася феад. вайна (гл. Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Гэта вымусіла Жыгімонта выдаць Прывілей 1434. П. 1432 напісаны на лац. мове.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКІ КРЭМЛЬ, Кром,

помнік стараж.-рус. дойлідства ў г. Пскоў. Узведзены ў 13—16 ст. у цэнтры стараж. ч. горада на мысе пры зліцці рэк Вялікая і Пскава. Асн. буд. матэрыял — мясц. камень-плітняк. У плане — няправільны шматграннік, выцягнуты з Пн на Пд. Ад магутнай цыліндрычнай вежы ў ніжняй ч. Крома крапасная сцяна ўступамі злучана з высокай паўн. вуглавой вежай Куцякрома (1400) і цягнецца да паўд. Смердзяй вежы (перабудавана ў 19 ст.). У сярэдзіне 13 ст. ўзведзена паўд. ч. сцяны, т.зв. Першы, ці Персі (перабудавана ў 1337, 1393—94, 1400, 1425, рэстаўрыравана ў 1886). Крапасная сцяна 13 ст., што выходзіць да р. Вялікая, працягваецца ўмацаваннямі Даўмонтава і Сярэдняга гарадоў. Фартыфікацыйныя збудаванні П.к. належаць да Пскоўскай школы дойлідства. На тэр. П.к. захаваліся 4-стоўпны 5-купальны Троіцкі сабор (1682—99, перабудаваны ў 18—19 ст.), 7-гранная вежападобная званіца (канец 17 ст., верхні ярус і шпіль — пач. 19 ст.). У стараж. планіроўцы горада вылучаліся радыяльныя вуліцы, што былі працягам важных шляхоў, якія сыходзіліся да Крома.

І.​Л.​Чэбан.

Пскоўскі крэмль.

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШЭВО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура, якая сфарміравалася на аснове паморска-падклёшавых старажытнасцей пры ўдзеле латэнскай культуры ранняга жал. веку. Ахоплівала тэр. паўд. і сярэдняй Польшчы ў міжрэччы Віслы і Одэра, пазней пашырылася на У у бас. Зах. Буга і верхняга Днястра. Датуецца 2 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. Назва ад могільніка ў в. Гаць каля г. Пшэварск (Польшча). П.к. прадстаўлена неўмацаванымі паселішчамі і грунтавымі могільнікамі. Выяўлены наземныя і паглыбленыя ў мацярык жытлы зрубнай і слупавой канструкцый з глінянымі або каменнымі агнішчамі, гасп. пабудовы і ямы. Характэрны вял. грунтавыя могільнікі з абрадам трупаспалення. Спаленыя косці нябожчыка змяшчаліся ў урну або ссыпаліся ў ямку. Пахаванні ваяроў суправаджаліся зброяй. Асн. заняткамі насельніцтва былі земляробства і жывёлагадоўля. Знойдзены ляпны і ганчарны посуд, разнастайныя быт. і гасп. рэчы. У сучаснай польскай л-ры пануе думка, што П.к. створана германскім насельніцтвам, найперш плямёнамі лігіяў. Існуе таксама меркаванне аб наяўнасці ў складзе П.к. славянскага кампанента. На Беларусі матэрыялы П.к. выяўлены на паселішчы Блювінічы на р. Лясная ў Брэсцкім р-не.

В.​С.​Вяргей.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нет ’няма; не’ (Сл. ПЗБ, ТС, Пятк.), ст.-бел. нѣтъ ’тс’ (Полацкая грамата 1399 г.), рус. нет ’тс’, укр. дыял. ніт ’тс’, славац. дыял. niet ’тс’, балг. дыял. нет ’не’ (Спис, на Бълг. ак. на науките. Кл. ист.-филол., кн. 8. София, 1914, 99). Зафіксаваную ў Бібліі Скарыны і ў Евангеллі Цяпінскага (1580) форму нѣтъ Карскі (2–3, 7, 260) выводзіць з ne + je + тоу (гл. не, ёсць, тут); параўн. у апошняга ў паралельных тэкстах: ст.-бел. ничого нетъ, ст.-слав. ничегожѣ есть (гл. таксама Сабалеўскі, Лекции, 249; Праабражэнскі, 1, 596; Фасмер, 3, 67); меркаванні адносна рус. і ўкр. нет/ніт: з ne‑je‑tъ (Шлякаў, РФВ, 21, 230–232) або з ně‑tu (дзе < něstь, Міклашыч, 3, 320; Зубаты I, 2, 410), параўн. не́ту ’няма’ (Нас.), рус. дыял. нету ’няма’; выказваецца думка, што абедзве зыходныя формы (з часціцай і прыслоўем tu) былі аўтаномныя, што не выключана іх далейшае збліжэнне (ESSJ SG, 2, 483). Балг. нет ’не’ хутчэй за ўсё паралельнае да дыял. ет ’ёсць’, якое лічаць вытворным ад е ’тс’ з ‑т пад уплывам канчаткаў 3‑й ас. адз. л. дзеясловаў тыпу хо́дит, мислит і пад. (БЕР, 1, 512). Гл. таксама Львоў, РР, 1968, 3, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Майда́н1 ’плошча, дзе збіраюцца сходы, адбываюцца кірмашы’, ’вялікі двор або пляц (у маёнтку)’ (ТСБМ, Булг., Сцяшк.; Сл. ПЗБ; палес., Нар. сл., ТС), ’пастаўнік у полі’, ’прыбудоўка да хлява’, ’загарадзь для свіней, цялят перад хлявом’ (бяроз., Шатал., зах.-палес., Нар. сл.; брэсц., ДАБМ, к. 232), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі’ (Бір.; нясв., Яшк.; мазыр., З нар. сл.), ’шырокая прастора, вялікае гала’ (стол., Яшк.; іван., усх.-палес., Нар. сл.), ’смалакурня, месца, дзе былі прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў, дзе выганялі дзёгаць, выпальвалі кавальскі вугаль’, ’яма, дзе гналі смалу’, ’яма для дзёгцю’ (Бяльк., Маш.; стол., бых., Рам. 3; слаўг., Яшк., Растарг.; гродз., мін., Яшк.; Сл. ПЗБ). Укр. майда́н ’плошча’, ’лясная паляна’; ’смалакурня’, рус. майда́н ’плошча, месца сходак’, ст.-рус. маидан ’базарная плошча’, польск. majdan ’плошча ў лагеры для кірмашоў і нарад, акружаны палаткамі’, ’базар’, ’смалакурня’. Бел. лексема запазычана хутчэй за ўсё праз укр. мову з крым.-тат. mäidan, тур. meydan, якія паходзяць з араб. majdān (Фасмер, 2, 559; Радлаў, 4, 1990, 2069; Бернекер, 2, 6; Брукнер, 318).

Майда́н2 ’зарослы хмызняком роў’ (Бяльк.), рус. майда́н ’прасека ў лесе на высокім месцы’ складаюць адзін арэал. Да майда́н1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мару́да, мару́дзька, мару́днік, мару́дны ’вельмі павольны, непаваротлівы чалавек’, ’марудны ў рабоце’, ’мямля’ (ТСБМ, Грыг., Бес., Яруш., Др.-Падб., Мал., Янк. БП, Нас., Бяльк., Растарг., Сцяшк. Сл.; КЭС, лаг.; ашм., шальч., гродз., беласт., Сл. ПЗБ); мару́да ’доўгае, нясцерпнае чаканне чаго-небудзь’ (Нас.), ’маруднасць, павольнасць у справе’ (ТС); мару́дна, мару́дне, мару́дня, мсцісл. морудна, драг. марудно ’вельмі павольна’ (Шат., ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’тс’, ’слаба, няярка’ (З нар. сл.), ’павольна, цяжка’ (Бяльк.); мару́дзіць, мару́діті ’рабіць павольна’, ’доўга не пачынаць справу’, ’забаўляць, спыняць каго-небудзь’, ’быць нерашучым’ (ТСБМ, Яруш., Сцяшк., Нас., Шат., Касп., Бяльк., ТС, Бес.; КЭС, лаг.). Укр. мару́да, мару́дний, мару́дно, мару́дитися ’тс’; рус. уладз. маро́дно ’павольна’, смал. моруда ’павольнасць’, пск., смал. маруда ’павольны, непаваротлівы чалавек’, мару́дник ’гарэза’, марудно ’павольны’, польск. maruda ’капун’, ’нудны чалавек’. Балтызм, утвораны пры дапамозе суфікса ‑да (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34–35) ад літ. mar‑ (параўн. marùs ’смяротны, нежыццяздольны’, marùmas ’адсутнасць жыццяздольнасці, жывучасці’. Аднак значна пазней бел. мару́дзіць (з вытворнымі) ці польск. marudzić былі запазычаны ў літ. мову (marū̃dyti, marū̃dėti, marū́dnas, marūdnùs). Зарэмба (Wyr, obce w Panu Tadeuszu, 44) выводзіць польск. marudny з ням. Marode ’замучаны, стомлены’ < франц. maraud ’падлюга, нягоднік’. Гэтаксама SWO, 456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыгр ‘буйная драпежная жывёла Panthera tigris, Felix tigris’ (ТСБМ, Нас.), ‘люты звер’ (Ласт.), ты́гра, тыгры́ца ‘тыгрыца’, перан. ‘злая жанчына’ (Байк. і Некр.), ты́г(а)р, ты́гра ‘Felix tigris’ (Некр. і Байк.), ты́гр(ыс) ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. тигрисъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. тигр, рус. тигр, рус.-ц.-слав. тигръ, ст.-слав. тигръ ‘тыгр’ (у Супрасльскім рукапісе: рѣка тигрьска ‘рака Тыгр’), якое ўзыходзіць да с.-грэч. τίγρις ‘тыгр’, апошняе было запазычана з нейкай авестыйскай лексемы, роднаснай ст.-перс. tiɣri‑ ‘страла’, tiɣra‑ ‘востры’ < і.-е. *(s)tei̯g‑ ‘калоць, басці’, ‘завостраны’ (Фасмер, 4, 56; Сной₂, 763; Голуб-Ліер, 495; ЕСУМ, 5, 564). У сучасных славянскіх мовах назвы гэтай жывёлы былі запазычаны з ням. Tiger ці з франц. tigre, якія ўзыходзяць да лац. tigris ‘тс’ (Сной, Фасмер, там жа; Махэк₂, 663; Арол, 4, 70). Ст.-бел. тигрисъ (тикгрисъ) ‘тыгр’ (1517 г.) запазычана са ст.-польск. tygris ‘тс’ у XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 144), што захавалася ў суч. польск. tygrys ‘тс’. Форма тыгра ‘тс’ (Я. Колас, М. Гарэцкі, гл. Каўрус, Словаклад) і адпаведныя дыялектныя формы ўтвораны паводле мадэлі сябра, майстра, Пётра, каб пазбегнуць неўласцівага народнай мове спалучэння зычных на канцы слова (Станкевіч, Язык, 781).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)