аддзе́л, ‑а, м.

1. Падраздзяленне ў структуры якой‑н. установы або прадпрыемства. Аддзел кадраў. Планавы аддзел. Раённы аддзел народнай асветы.

2. Адна з частак, на якія падзяляецца што‑н. цэлае на аснове пэўных прыкмет. Аддзелы галаўнога мозгу.

3. Састаўная частка чаго‑н. (магазіна, музей, выстаўкі), дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Аддзел беларускага жывапісу. Галантарэйны аддзел.

4. Раздзел у навуцы, прысвечаны пэўнаму колу пытанняў. Генетыка — аддзел біялагічнай навукі. // Раздзел у газеце або часопісе, у якім змяшчаюцца артыкулы, аб’яднаныя тэматычна. Літаратурна-крытычны аддзел газеты.

5. Уст. Выдзелены бацькам сыну надзел зямлі. Мікодым, як большы сын, па спрадвечнай завядзёнцы пайшоў на аддзел і паставіў сабе хату не поруч з бацькавай, а ў другім, канцы водруба. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бібліягра́фія

(ад гр. biblion = кніга + grapho = пішу)

1) навуковае, сістэматызаванае апісанне кніг і іншых выданняў, зробленае па якой-н. прыкмеце;

2) спіс кніг, артыкулаў па якім-н. пытанні (напр. б. па гісторыі);

3) аддзел у перыядычных выданнях, прысвечаны кароткаму агляду кніг, што выйшлі з друку.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Ве́чар ’час сутак ад канца дня да наступлення ночы’ (КТС, БРС, Сцяшк. МГ, Касп., Бяльк., Бяс.); ’увечары, вечарам’ (Сцяшк. МГ, Янк. I); ’забавы моладзі з танцамі’ (Інстр. лекс.); ’грамадскі вячэрні сход, прысвечаны якой-небудзь даце, падзеі’ (КТС, БРС), укр. ве́чір ’вечар’, рус. ве́чер ’тс’, урал. ’перадвясельная вечарынка’, вяц. ’вечарам’, смал. ’старасць’, ст.-рус. вечеръ ’вечар’; ’увечары’; ’забава’, вечерний ’заходні’ (з XIII ст.), польск. wieczór ’вечар’; ’вячоркі’; ’вечарам’, н.-луж. (w)jacor, в.-луж. wječor ’вечар’; ’захад’, чэш. večer ’вечар, вечарам’, славац. večer ’тс’, славен. večér ’вечар’; ’захад’, серб.-харв. ве̏че, ве̏чер ’ранні вечар’; ’вячоркі’; ’увечары’; ’захад’, макед., балг. вече́р ’вечар’; ’увечары’, ст.-слав. вечеръ ’вечар’. Прасл. večerъ суадносіцца з літ. vãkaras ’вечар’ (< *vekeros < *ve‑ke(spe)ros), арм. gišer (гл. Махэк₂, 680; Рудніцкі, 1, 376), лат. vakars, а таксама, відаць, з грэч. ἑσπέρα, ἕσπερος, лац. vespera, ірл. fescor ’тс’ (< *ve‑(ke)speros), ст.-інд. vaskara. Некаторыя даследчыкі звязваюць večer з ням. West ’захад’, ст.-в.-ням. wästan, англа-сакс. west, ст.-нарв. vestr (Эндзелін, KZ, 52, 119; Траўтман, 348; Мюленбах-Эндзелін, 4, 448). Гл. таксама Міклашыч, 376; Вальдэ, 827; Бругман, IF, 13, 1902, 157; Покарны, 1174; Брукнер, 614; БЕР, 1, 140; Фасмер, 1, 309; Праабражэнскі, 1, 81; Шанскі, 1, В, 81. Малаімаверна збліжэнне *večer з *věko ’века’ (КЭСРЯ, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фі́зіка

(гр. physike)

1) навука, якая вывучае агульныя ўласцівасці і будову матэрыяльнага свету, а таксама законы руху матэрыі (напр. тэарэтычная ф., атамная ф.);

2) раздзел гэтай навукі, прысвечаны вывучэнню будовы і агульных уласцівасцей якой-н. формы матэрыі (напр. ф. Зямлі, ф. мора, ф. крышталёў);

3) спецыяльная дысцыпліна, якая займаецца вывучэннем гэтай навукі, а таксама падручнік па гэтай дысцыпліне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Барыс Львовіч) (н. 21.5.1925, г. Смаленск),

рускі пісьменнік, драматург. Скончыў Ваен. акадэмію бранятанкавых войск (1948). Вядомасць прынесла аповесць «А досвіткі тут ціхія...» (1969; аднайм. фільм, 1972; Дзярж. прэмія СССР 1975; бел. пер. Ю.​Гаўрука; інсцэніроўка Бел. т-ра Я.​Коласа 1971 і інш.), у якой адзін з трагічных эпізодаў Вял. Айч. вайны ўзняў да значнага філас.-маст. абагульнення. Працяг ваен. тэматыкі ў аповесцях «Іванаў катэр», «Самы апошні дзень» (абедзве 1970), «Сустрэчны бой» (1979) і інш., у рамане «У спісах не лічыўся» (1974). Сац.-маральная праблематыка ў раманах «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1973), «І быў вечар, і была раніца», «Вам прывітанне ад бабы Леры» (абодва 1989), аповесцях «Незгасальная купінá» (1986), «Жыла-была Клавачка», «Кароткая ракіроўка», «Гібель багінь» (усе 1989) і інш. Гіст. раман «Былі і небыліцы» (кн. 1—2, 1977—80) прысвечаны падзеям руска-турэцкай вайны 1877—78. Аўтар біягр. аповесці «Лятуць мае коні» (1982), п’ес «Афіцэр» (1955), «Стукайце і адчыніцца» (1959), апавяданняў, кінасцэнарыяў.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. М., 1988.

С.​Ф.​Кузьміна.

Б.Л.Васільеў.

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАР (Таіса Мікалаеўна) (н. 20.2.1945, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1967). Настаўнічала. З 1981 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1970. У паэт. зб-ках «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «Святочны снег» (1981, уключае вянок санетаў «Радасць»), «Спадчынны боль» (1987, вершы і паэма «Мы родам з вайны»; раздзел «Кніга песень» змяшчае паэмы-песні паводле матываў нар. легенд), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995) трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра... недасяжны свет». Зб-кі апавяданняў і аповесцяў «Сінія яблыкі» (1984), «Час, калі нас любілі» (1988), «Паветраны замак на дваіх» (1990) прысвечаны праблемам сучаснай сям’і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэнню сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяраў культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Пераклала на бел. мову з малдаўскай зб. лірыкі Г.​Віеру «Імя тваё» (1986).

І.​У.​Саламевіч.

Т.М.Бондар.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ ФЕАДАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху феодализма»,

зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі ад стараж. часоў да 1861. Падрыхтаваны Ін-там гісторыі АН БССР і Архіўным упраўленнем пры СМ БССР (т. 1—4, Мн., 1959—79). Матэрыялы для зборніка запазычаны з інш. выданняў, значная частка (асабліва за 17—19 ст.) выяўлена ў архівах; апублікаваны на рус. і стараж.-бел. мовах, некаторыя дакументы — у перакладах з польск. і лац. моў.

1-ы том (ад стараж. часоў да сярэдзіны 17 ст.) змяшчае матэрыялы пра развіццё феадалізму, феад. раздробленасць, утварэнне ВКЛ, уніі з Польшчай. Матэрыялы 2-га тома (сярэдзіна 17 — 18 ст.) прысвечаны вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, сац.-эканам. і культурнаму развіццю Беларусі, паліт. і рэлігійным рухам. 3-і том (канец 18 — 1-я пал. 19 ст.) змяшчае дакументы аб падзелах Рэчы Паспалітай і сац.-эканам. становішчы Беларусі, 4-ы том (1-я пал. 19 ст.) — пра вайну 1812, палітыку рас. улад на Беларусі, нац.-вызв. рух, культуру Беларусі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРЧЫ́Н (Пётр Сідаравіч) (25.10.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 19.7.1997),

бел. мастак. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1990). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1934—37). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1949). Працаваў у станковай графіцы ў тэхніцы пастэлі, літаграфіі, афорта і інш. Асн. творы прысвечаны абароне Брэсцкай крэпасці: «Брэсцкая крэпасць» (1957), «Цытадэль над Бугам» (1967), «Руіны чырвонаармейскага клуба» (1972), «Свяшчэнныя камяні», «Зорка бессмяротнасці» (абодва 1974), трыпціхі «Салдаты Брэста» (1979—81), «Памяць Брэста» (1992). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» ў Брэсцкім абл. краязнаўчым музеі (1957, з Ф.​Зільбертам), шэрагу партрэтаў абаронцаў крэпасці П.​М.​Гаўрылава, Р.​К.​Семенюка, А.​А.​Вінаградава, Я.​М.​Фаміна, І.​М.​Зубачова, А.​М.​Кіжаватава і інш. з мемарыяльнай серыі «Жыццё за Радзіму» (1960—84). Творам уласціва дакумент. дакладнасць, лаканізм, манументальнасць кампазіцыі, вастрыня маст.-вобразных вырашэнняў. Сярод твораў на інш. тэмы: «Касцёл святой Ганны» (1972), «Над Прыпяццю» (1975), «Май» (1992—93), серыя «Мінск» (1959) і інш.

Літ.:

Пугачева Э.Н. Петр Дурчин. Мн., 1986.

Г.​А.​Фатыхава.

П.Дурчын. Трыпціх «Памяць Брэста». 1992.

т. 6, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛКІН (Леанід Іванавіч) (22.5.1935, в. Стэп Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1989),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1957). Быў сакратаром Гомельскага аддз. СП БССР (1967—77) і праўлення СП БССР (1979—86), з 1986 працаваў у час. «Вожык». Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (выд. 1990), зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989) і інш. Раман «Не магу без цябе» (1973) аб працы і побыце бел. геолагаў, раман «Зямля дзяцей нашых» (1979) пра складаныя праблемы пераўтварэння Палесся, жыццё меліяратараў. Актуальным праблемам вясковага жыцця прысвечаны раман у апавяданнях «Матчына хата» (1983). Працаваў і ў галіне драматургіі: «Бо ў пісанні сказана» (1966), «Выпрабаванне» (паст. ў 1975), «Жыгулі ў экспартным варыянце» (як радыёп’еса, паст. ў 1978), «Хвост паўліна» (паст. на тэлебачанні, 1981). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра П.​Броўку «Маўчаць я ніколі не буду» (1980).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1987.

т. 5, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКАЯ ((Dąbrowska) Марыя) (6.10.1889, г. Русаў, Польшча — 19.5.1965),

польская пісьменніца. У 1907—14 вучылася ў Лазанскім і Брусельскім ун-тах. Літ. дзейнасць пачала ў 1910-я г. Першыя зб-кі апавяданняў «Дзеці радзімы» (1918), «Галінка чарэшні» (1922) і «Усмешка дзяцінства» (1923) прысвечаны дзецям з іх своеасаблівым успрыманнем свету. У зб. навел «Людзі адтуль» (1926) паказаны жыццё і ўнутр. свет вясковай беднаты ў пач. 20 ст., у зб. «Прыкмета жыцця» (1938) — нялёгкае існаванне чалавека ў грамадстве. Самы вядомы твор Д. — эпічная тэтралогія «Ночы і дні» (1932—34), у якой намалявана гісторыя жыцця адной сям’і з 1860-х г. да 1-й сусв. вайны. Аўтар гіст. драм «Геній-сірата» (1939) і «Станіслаў і Багуміл» (1945), рамана-эпапеі «Прыгоды думаючага чалавека» (незакончаны, выд. 1970), «Дзённікаў» (1—5, выд. 1988), літ.-крытычных артыкулаў (зб. «Думкі аб падзеях і людзях», 1956).

Тв.:

Pisma wybrane. T. 1—3. Warszawa, 1956;

Бел. пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)