ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Стафан
(сапр., верагодна, Куколь; каля 1570, с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — ?),
бел. педагог, пісьменнік-палеміст, царк. прапаведнік 16 — пач. 17 ст. Брат Л.Зізанія. Выкладаў у Львоўскай (з 1586, з 1592 рэктар; адзін з яе заснавальнікаў) і Віленскай (1593—99) правасл. брацкіх школах. У 1595 у Вільні выдаў «Катэхізіс» на бел. і польск. мовах (не збярогся), які на правасл. саборы ў Навагрудку (1596) асуджаны як ерэтычны. З. пазбаўлены духоўнага сану і адлучаны ад царквы; апраўданы Брэсцкім царк. саборам 1596. Аўтар рэліг.-філас. твораў «Лист Іеремеи патріархи константинопольскаго напоминалный» (1596), «Казанье святого Кирилла патріаръхи іерусалимъскаго...» (Вільня, 1596; перавыд. ў Маскве пад назвай «Книга Кириллова», у Гродне 1786, 1791 пад назвай «Кириллова книга»). У буквары Л.Зізанія 1596 змешчаны твор З. «Изложеніе о православной вѣрѣ» — маленькі катэхізіс пытанняў і адказаў. Творы З., скіраваныя супраць каталіцкага духавенства і папы рымскага, варожа сустракаліся і правасл. артадоксамі. Характэрнай для яго светапогляду была ерэтычная ідэалогія сярэдневякоўя, ён імкнуўся даць сваю інтэрпрэтацыю Бібліі, прапаведаваў верацярпімасць, рацыяналістычна падыходзіў да ацэнкі з’яў прыроды і навакольнага свету. З 1599 у Троіцкім правасл. манастыры ў Вільні, дзе прыняў імя Сільвестра. У выніку барацьбы з уніятамі быў вымушаны тэрмінова пакінуць Вільню.
Літ.:
Алексютович Н.А. Культурно-просветительская деятельность братьев Зизаниев // Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.
М.Б.Батвіннік.
т. 7, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЗЮ́ЛЯ Андрэй (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасяды Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.1921),
бел. паэт. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу (1910). Там стварыў бел. секцыю. Адзін з арганізатараў з’езда бел. каталіцкага духавенства 1917 у Мінску. Служыў ксяндзом у бел. мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Частае перамяшчэнне па службе было вынікам незадаволенасці касцельнага начальства тым, што З. вёў службу па-беларуску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, М.Багдановічам, А.Грыневічам, З.Верас і інш. Друкаваўся з 1909 у «Нашай ніве», пасля ў газетах «Беларус», «Крыніца», «Вольная Беларусь», «Светач» і інш. Аўтар зб. вершаў «З роднага загону» (1913, 1931, Вільня, факс. выд. Мн., 1993), паэмы «Аленчына вяселле» (выд. 1923). У творах З. дыдактычна-маралізатарскія тэндэнцыі ў хрысц. духу. Асобнай брашурай у Петраградзе выйшаў патрыятычны верш «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). Аўтар рэліг. гімна «Божа, што калісь народы...» (1918). Збіраў фальклор, з Грыневічам выдаў зб. «Беларускія песні з нотамі» (т. 2, 1912). Рукапісы З. зберагаюцца ў Б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, у б-цы Нац. АН Беларусі ў Мінску.
Літ.:
Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939;
Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Бел. мова і літ. ў школе. 1991. № 7—8.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАСІФЛЯ́НЕ, Асіфляне,
царкоўна-палітычны рух і філас. плынь у Рус. дзяржаве ў 15—16 ст. Заснавальнік і кіраўнік — ігумен Успенскага (Іосіфа-Валакаламскага) манастыра Іосіф Волацкі (адсюль назва). І. распрацавалі і праводзілі ў жыццё ідэі аб пануючым становішчы царквы ў рус. грамадстве. Напачатку Іосіф Волацкі выступаў за абмежаванне велікакняжацкай улады на карысць духавенства і ўдзельных князёў. Пасля збліжэння з вял. князямі Іванам III і Васілём III ён распрацаваў тэзісы пра боскае паходжанне ўлады манарха. На яго думку, свецкая па форме манархія павінна была з’яўляцца тэакратычнай па сутнасці. Карыстаючыся сваім уплывам на вярх. ўладу, І. жорстка распраўляліся з ератыкамі і сваімі ідэалаг. праціўнікамі. У барацьбе з «несцяжацелямі» яны адстаялі непарушнасць царк. догмаў і царк.-манастырскае землеўладанне. І. зрабілі значны ўклад у распрацоўку ідэі «Масква — трэці Рым», якая разам з тэорыяй пра боскае паходжанне манархіі лягла ў аснову ідэалогіі рас. самадзяржаўя. Аднак з 2-й пал. 16 ст. манархія пачала ўсё больш нецярпіма ставіцца да ўмяшання царквы ў дзярж. справы. Апошняй праявай іасіфлянскай дактрыны была царк. палітыка патрыярха Нікана, які намагаўся практычна ажыццявіць тэорыю тэакратычнай дзяржавы. Перамога І. у 16 ст. значна паўплывала на гіст. лёс праваслаўя, рас. самадзяржаўя і Расіі ў цэлым.
Літ.:
Федотов Г.П. Святые Древней Руси. М., 1990;
Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991.
т. 7, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЛОКОЛ»,
першая расійская рэв. газета. Выдавалася ў 1857—67 у Лондане і Жэневе (з 1865) А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым на рус. і франц. мовах. Мела дадаткі «Под суд!» (1859—62) і «Общее вече» (1862—64). Выйшла 245 нумароў тыражом 2500 экз. Распаўсюджвалася нелегальна, мела карэспандэнтаў у Расіі, у т. л. на Беларусі.
Асвятляла сац.-паліт. становішча народаў, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі. Выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, выкрывала злачынствы царскай бюракратыі, духавенства. Сярод публікацый 1859—64 артыкулы, нататкі, інфарм. паведамленні (усяго 49) пра Беларусь, бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, бюракратызм у арміі. Выступала ў падтрымку паўстання 1863—64, асуджала паліцэйскія рэпрэсіі, крытыкавала дзейнасць віленскага віцэ-губернатара ген.-губернатара М.М.Мураўёва, прапагандавала рэв.-дэмакр. шлях вырашэння нац. пытання, адстойвала права бел. народа на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу. Змясціла серыю дарожных нататкаў невядомага аўтара «Ад Віцебска да Коўны» (1862, № 128—130) з апісаннямі Віцебска, Оршы, Магілёва, Барысава, Мінска, а таксама звесткі пра сял. хваляванні на тэр. Беларусі.
Публ.:
«Колокол». Вып. 1—11 (факс. изд.). М., 1960—64.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герценовский «Колокол». М., 1963;
Кісялёў Г. Па слядах аднаго пісьма М.П.Агарова і А.І.Герцэна // З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960.
т. 8, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
адм.-тэр. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Мінску. Утворана ў крас. 1793 у складзе Грэка-расійскай (Рускай) правасл. царквы. У 1-й трэці 19 ст. ўключала тэр. Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ. З 1840 тэр. епархіі ахоплівала толькі Мінскую губ. У 1921 зах. частка епархіі апынулася ў Польшчы і перайшла пад юрысдыкцыю Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У ліп. 1922 абвешчана Мінская мітраполія, якая падзялялася на Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую, Слуцкую епархіі. Мітрапалітам стаў епіскап мінскі Мелхіседэк, які т.ч. узначаліў усю правасл. царкву на тэр. БССР. У выніку рэпрэсій супраць духавенства ў 1930-я г. епархія фактычна спыніла дзейнасць. Ва ўмовах ваен. акупацыі ў кастр. 1941 адноўлена ў рамках Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1950-я г. ў сувязі з тым, што епіскапы на інш. бел. кафедры не прызначаліся, М.п.е. ў рангу мітраполіі заставалася адзінай у Беларусі (кананічна падпарадкоўвалася Маскоўскаму патрыярхату). У 1989 утвораны Бел. экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква), сталі адраджацца інш. епархіі. З лют. 1992 межы М.п.е. сталі супадаць з адм. граніцамі Мінскай вобл. На 2000 у епархіі 279 царк. прыходаў, 4 манастыры, дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя і Мінскае духоўнае вучылішча. З 1989 адноўлена выданне «Минских епархиальных ведомостей».
Літ.:
Шэйкін Г. Мінская епархія // Бел. правасл. каляндар, 1997. Мн., 1996.
Г.М.Шэйкін.
т. 10, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР III Фёдаравіч
(сапр. Карл Пётр Ульрых Гальштэйн-Гаторпскі; 21.2.1728, г. Кіль, Германія — 18.7.1762),
расійскі імператар [студз.—ліп. 1762]. Першы прадстаўнік гальштэйн-гаторпскай лініі (1762—1917) дынастыі Раманавых. Сын гальштэйн-гаторпскага герцага Карла Фрыдрыха і Ганны Пятроўны, дачкі Пятра I. У 1742 рас. імператрыца Лізавета Пятроўна абвясціла яго сваім наследнікам. Пасля ўступлення на прастол П. III, як прыхільнік Прусіі, спыніў ваен. дзеянні супраць яе ў Сямігадовай вайне 1756—63, чым выклікаў незадаволенасць у патрыятычна настроеных колах грамадства. Санкцыянаваў шэраг важных мерапрыемстваў. распрацаваных набліжанай да яго прыдворнай групоўкай (А.І.Глебаў, М.І.Варанцоў, Дз.В.Волкаў і інш.): Маніфест аб вольнасці дваранства 1762, скасаванне Тайнай канцылярыі і інш. Падрыхтоўка да секулярызацыі манастырскіх маёнткаў, большая верацярпімасць да прыхільнікаў расколу і пратэстантаў, закрыццё хатніх цэркваў і інш. перамены выклікалі незадаволенасць правасл. духавенства. Малаадукаваны, няздольны да кіравання, П. III насаджаў у арміі прускія парадкі. Незадаволеная гэтым і антынац. знешняй палітыкай імператара гвардыя ўзвяла (9.7.1762) на прастол яго жонку Кацярыну II. П. III быў арыштаваны і неўзабаве забіты гвардз. афіцэрамі. Дварцовы пераварот спарадзіў у народзе неабгрунтаваныя чуткі быццам П. III скінуты дваранамі за намер вызваліць сялян ад прыгону (як «вызваліў» дваран). Пад імем П. III выступалі многія самазванцы, у т. л. Е.І.Пугачоў.
т. 12, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБУНА́Л ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, Галоўны Літоўскі Трыбунал,
вышэйшы апеляцыйны суд дзяржавы, пастановы якога мелі сілу пастаноў сойма. Створаны ў 1581, дзейнічаў з 1582. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якіх выбіралі на павятовых сойміках па 2 ад кожнага павета тэрмінам на 1 год (з 1588 яшчэ выбіраліся 3 дэпутаты ад Жамойцкай зямлі).
Разглядаў апеляцыі на рашэнні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэнні павятовай адміністрацыі. Суддзямі маглі быць выключна шляхціцы, ураджэнцы ВКЛ, якія мелі ўласныя маёнткі і былі дасведчанымі ў праве і мясц. звычаях. Сесіі трыбунала праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся на аснове Статута ВКЛ, соймавых канстытуцый і звычаёвага права большасцю галасоў. Месцам сесій трыбунала была Вільня (штогод), Мінск і Навагрудак (па чарзе праз год); да 1588 сесіі праходзілі і ў Троках. Па 1-й інстанцыі трыбуналу былі падсудныя ўсе справы, аднесеныя да яго кампетэнцыі, а таксама справы аб неналежным выкананні старостамі і замкавымі ўраднікамі сваіх абавязкаў пры судаводстве і справы духоўных асоб (пры разглядзе апошніх бралі ўдзел дэпутаты ад духавенства). Парадак судаводства ў трыбунале рэгламентаваўся законам, яго рашэнні выконваліся павятовымі судамі. Акрамя разгляду спраў трыбунал ажыццяўляў натарыяльныя дзеянні: замацоўваў тастаменты (завяшчанні), сведчыў дагаворы куплі-продажу маёнткаў, пазыкі і інш.
Літ.:
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.
Г.А.Маслыка.
т. 15, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́СТАШЫ́ (харвацкае Ustaša адпор, паўстанне),
праварадыкальная плынь у харвацкім нац.-вызв. руху ў 1929—45. Засн. ў студз. 1929 у Італіі (мела таксама базы ў Венгрыі, Аўстрыі, Бельгіі і інш. краінах) лідэрам Харвацкай партыі права А.Павелічам пасля ўсталявання ў Югаславіі дыктатуры караля Аляксандра I Карагеоргіевіча. У статуце руху (1932) яго задачай абвешчана ўзбр. барацьба за вызваленне Харватыі (з уключэннем ч. Босніі да р. Дрына). Арг-цыі У. (больш за 1 тыс. членаў — студэнты, адстаўныя афіцэры, чыноўнікі, ч. каталіцкага духавенства і інтэлігенцыі) арыентаваліся пераважна на фаш. Італію, невял. частка — на нацысцкую Германію; ажыццяўлялі тэрарыст. акты, у т. л. забойства Аляксандра I Карагеоргіевіча і міністра замежных спраў Францыі Л.Барту 9.10.1934. У 2-ю сусв. вайну 10.4.1941 абвясцілі на акупіраванай тэр. Югаславіі «Незалежную дзяржаву Харватыя» (фактычна пратэктарат Італіі і Германіі) на чале з Павелічам; жорстка праследавалі яўрэяў, правасл. хрысціян (пераважна сербаў), мусульман. Пасля вызвалення Югаславіі (1945) многія У. прыгавораны да пакарання смерцю, частка эмігрыравала ў Аргенціну. Пэўны ўздым у Харватыі руху паслядоўнікаў У. адбыўся ў час сербска-харвацкай вайны 1991—95.
Літ.:
Фрейдзон В.И. История Хорватии: Краткий очерк с древнейших времен до образования республики (1991 г.). СПб., 2001;
Семиряга М.И. Коллаборационизм: Природа, типология и проявления в годы второй мировой войны. М., 2000.
У.Я.Калаткоў.
т. 16, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДО́СІЙ КАСО́Й (? — сярэдзіна 1570-х г.),
рэлігійны вальнадумец і прапаведнік у Маскоўскай дзяржаве і ВКЛ; адзін з кіраўнікоў рэфармацыйнага руху ва Усх. Еўропе. Ідэолаг радыкальнай антыправасл. ерасі — феадасіянства. У 1554 прыцягнуты да следства па справе рус. вальнадумца М.Башкіна і зняволены ў адзін з маскоўскіх манастыроў. Уцёк на Беларусь, дзе жыў у 1550—60-я г. (спачатку ў Віцебску). Крытыкаваў царк. абраднасць, афіц. веравучэнне, правасл. царкву як сац. ін-т і духавенства як носьбіта ўласцівых царкве заганаў. Адмаўляў боскую прыроду Хрыста, не верыў у святых і цуды, у замагільнае жыццё і ўваскрэсенне мёртвых, крытыкаваў шанаванне абразоў, асуджаў феад. адносіны і ўладу, заклікаў да грамадскага непадпарадкавання. Выступаў за роўнасць народаў і веравызнанняў. Ідэі Ф.К. мелі шырокую падтрымку сярод гар. нізоў Беларусі і ўвогуле ВКЛ. Феадасіянства стала агульнаславянскай з’явай і адыграла немалую ролю ў генезісе антыфеад. тэндэнцый у ходзе Рэфармацыі ў ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай, уяўляла небяспеку для духоўнай манаполіі правасл. царквы. Пад пагрозай расправы Ф.К. з аднадумцамі прымусілі пакінуць Віцебск. Самыя познія звесткі пра Ф.К. датуюцца сярэдзінай 1570-х г., калі ён прапаведаваў на Валыні. Прадаўжальнікам феадасіянскіх традыцый на Беларусі быў С.Лован.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970.
т. 16, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РБЕРЫ, Херберт Чэрберы (Herbert Cherbury) Эдвард (3.3.1583, Эйтан-он-Северн, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 20.8.1648), англійскі філосаф, гісторык, паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік англ. дэізму. Ірл. (1624) і англ. (1629) пэр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1618—22 пасол у Францыі. У час грамадз. вайны 1642—46 у Англіі выступаў на баку раялістаў, але ў 1644 быў вымушаны капітуляваць. У гал. філас. працы «Пра ісціну» (1624) сцвярджаў, што вечная і універсальная ісціна даступная пазнанню, бо кожны чалавек надзелены Богам прыроджанымі псіхічнымі здольнасцямі, правільнае развіццё якіх прыводзіць да спасціжэння «агульных ідэй». Распрацаваў вучэнне пра «натуральную рэлігію розуму», у аснове якой ляжаць 5 «агульных ідэй»: існуе вышэйшае быццё; яго трэба шанаваць; дабрадзейнае жыццё — гал. форма шанавання; чалавек атрымлівае збаўленне праз раскаянне; пасля смерці кожнага чакае ўзнагарода ці пакаранне. На яго думку, ісціна («агульныя ідэі») была ўласціва раннім формам рэлігіі да часу спекуляцый на рэліг. ідэях з боку духавенства («Пра рэлігію язычнікаў», апубл. 1663). Аўтар «Аўтабіяграфіі» (1624, апубл. 1764), гіст. працы «Жыццё і цараванне караля Генрыха VIII» (1649), паэт. кн. «Выпадковыя вершы» (апубл. 1665) і інш. Рэліг.-філас. ідэі Ч. разглядалі П.Гасендзі, Р.Дэкарт; яго вучэнне паўплывала на станаўленне кембрыджскай школы платанізму і шатландскай школы ў філасофіі.
Н.Г.Кісялёва.
т. 17, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)