Куле́ш ’рэдкая мучная каша’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах., Нік. Очерки, Шн., Серб., Бяльк., Федар. Рук., Мат. АС, Малч., Мядзв., Вешт., Грыг., Гарэц., ТС, Касп.). Укр. куліш, рус. кулеш ’тс’, балг. куляша ’від кашы’, серб.-харв. ку̀леш ’мамалыга’, польск. kulesz ’каша з кукурузнай мукі’, славац. kuľaša ’тс’. Мадэль словаўтварэння даволі празрыстая: *kulexъ > kulešь, як lem‑exъ > lemešь (SP, 1, 72, 77). Да kuliti, kuljati (гл. куляць 1). Параўн. кулага (гл.). Іншая версія: да венг. köles ’проса’ (Якабсон, Slavic Word, 2, 1955, 612), параўн. Трубачоў, Slavia, 29, 1960, 9.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуга́р ’чарка, келішак’ (Шн. 2), пугарчык ’тс’ (Шн. 3, Цых.), ст.-бел. пугарь (1635), ст.-укр. погарь (XVI ст.), на думку Булыкі (Лекс. запазыч., 101), перанята са старапольскай, аднак не выключаны і іншыя шляхі запазычання, параўн. славац., венг. pohar ’келіх, чаша’ і сцвярджэнне Банькоўскага, што ў польскай мове“to regionalne lwowskie słowo rozpowszechnili poeci romantyczni” (Банькоўскі, 2, 963). Разам са славен. pehar ’кубак’, серб.-харв. nexäp, behar, рум. pähar лічыцца “балканскім словам нямецкага паходжання”: ст.-в.-ням. *pehhäri/ behhäri < с.-лац. biccańum (апошняе засведчана ў глосах і мае няясную матывацыю, гл. Скок, 1, 133).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЯГЕЛО́НЫ (па-польску Jagiellonowie), Ягайлавічы,

галіна Гедзімінавічаў, нашчадкі вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Ягайлы (Уладзіслава II), сына Альгерда і ўнука Гедзіміна. Правілі ў ВКЛ у 1440—1572, у Польшчы ў 1434—1572, у Венгрыі ў 1440—44 і 1490—1526, у Чэхіі ў 1471—1526. Прадстаўнікі Я.:

Уладзіслаў III Варненчык (31.10.1424. Кракаў — 10.11.1444), старэйшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай (Друцкай), кароль Польшчы з 1434 і Венгрыі з 1440; гл. Уладзіслаў III Варненчык.

Казімір Андрэй Ягайлавіч (30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492), 3-і сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай (Друцкай), вял. князь ВКЛ з 1440 і кароль Польшчы з 1447; гл. Казімір IV Ягелончык.

Уладзіслаў II (1.3.1456, Кракаў — 13.3.1516), старэйшы сын Казіміра IV, кароль Чэхіі з 1471 і Венгрыі з 1490 (Уласла II). У 1500 замацаваў прывілеі чэш. шляхты, у Венгрыі — прывілеі магнатаў, у 1515 прызнаў спадчыннае права на троны Чэхіі і Венгрыі за аўстр. Габсбургамі ў выпадку сканчэння там дынастыі Я.

Казімір (3.10.1458, Кракаў — 4.3.1484), 2-і сын Казіміра IV і Альжбеты Ракушанкі, каталіцкі святы (кананізаваны ў 1522). Ушаноўваецца каталіцкай царквой як патрон Вільні, апякун зямель ВКЛ, патрон Гродзенскага біскупства (з 1991).

Ян I Ольбрахт (27.12.1459, Кракаў — 17.6.1501), 3-і сын Казіміра IV, кароль Польшчы з 1492. Адначасова яго брат Аляксандр быў абраны вял. князем ВКЛ, і унія Польшчы і ВКЛ была спынена. У 1496 выдаў Пётркаўскі статут. які прымацаваў сялян да зямлі і зацвердзіў правы шляхецкіх сеймаў.

Аляксандр Казіміравіч (5.8.1461 Кракаў — 19.8.1506), 4-ы сын Казіміра IV, вял. князь ВКЛ з 1492 і кароль Польшчы з 1501; гл. Аляксандр.

Жыгімонт (1.1.1467—1.4.1548), 5-ы сын Казіміра IV, вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы з 1506; гл. Жыгімонт I Стары.

Ян (8.1.1499, Кракаў — 18.2.1538), пазашлюбны сын Жыгімонта I Старога, біскуп віленскі ў 1519—36 і пазнанскі з 1536.

Ганна (23.7.1503, г. Буда, Венгрыя — 27.1.1547), дачка Уладзіслава II, апошняя прадстаўніца чэшска-венг. галіны Я. З 1521 замужам за Фердынандам Габсбургам (з 1526 кароль Чэхіі і Венгрыі, з 1556 герм. імператар, гл. Фердынанд I). Дзякуючы гэтаму шлюбу Габсбургі набылі правы на чэш. і венг. троны.

Людовік II (1.7.1506—29.8.1526), сын Уладзіслава II, кароль Чэхіі і Венгрыі з 1516 (Лаяш II). З яго смерцю ў бітве з туркамі пад Мохачам дынастыя Я. у Чэхіі і Венгрыі спынілася.

Ядвіга (25.3.1513, Познань — 7.2.1573), дачка Жыгімонта I Старога. З 1535 замужам за брандэнбургскім курфюрстам Іахімам II Гогенцолернам.

Ізабела (18.1.1519—15.9.1559), дачка Жыгімонта I Старога. З 1539 замужам за каралём Венгрыі Янашам I Запальяі.

Жыгімонт Аўгуст (1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572), сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца, вял. князь ВКЛ (фармальна з 1529, фактычна з 1544) і кароль Польшчы з 1548; гл. Жыгімонт II Аўгуст. Апошні мужчынскі прадстаўнік дынастыі Я.

Соф’я (13.7.1522, Кракаў — 28.5.1575), дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца. З 1556 замужам за браўншвейг-вольфенбютэльскім герцагам Генрыхам.

Ганна (18.10.1523, Кракаў — 9.9.1596), дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца. З 1576 замужам за Стафанам Баторыем (шлюб з ёю быў умовай абрання яго на трон Польшчы і ВКЛ).

Кацярына (1.11.1526, Кракаў — 16.9.1583), дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца. З 1562 замужам за герцагам фінляндскім Янам Вазам (з 1568 кароль Швецыі Ян III). Іх сын Жыгімонт у 1587 быў выбраны на трон Польшчы і ВКЛ, адначасова ў 1592—99 быў каралём Швецыі; гл. Жыгімонт III Ваза.

Па жаночых лініях Казімір IV Ягелончык з’яўляецца продкам усіх цяперашніх еўрап. каралёў і пануючых князёў, а таксама тых дынастый, што страцілі троны ў выніку рэвалюцый у 19 і 20 ст., і шматлікіх арыстакратычных сем’яў.

Літ.:

Wolff J. Rod Gedymina. Kraków, 1886;

Genealogisches Handbuch des Adels: Fürstliche Häuser. Bd. 1—13. Limburg, 1951—87;

Isenburg K.W. Stammtafeln zur Geschichte der europäischen Staaten. Bd. 1—2. 2 Aufl. Marburg, 1953;

Cenealogia. Warszawa, 1959;

Wdowiszewski Z. Genealogia Jagiellonów. Warszawa, 1968;

Duczmal M. Jagiellonowie. Kraków, 1996.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЦІСЛА́ВА (Bratislava),

горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс. ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л. ун-т імя Я.​А.​Каменскага (з 1919). Нац. тэатр. Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар. муз. фестываль «Браціслаўская ліра».

Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.

На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкі нац. т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.​Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн. школы (арх. М.​Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.​Куліх, І.​Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.

Горад Браціслава.
Мост цераз Дунай у Браціславе.
Да арт. Браціслава. Замак. 9—18 ст.

т. 3, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАПЕ́ШЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,

наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 29.10.1944—17.2.1945 у Венгрыі ў 2-ю сусв. вайну.

Абароне Будапешцкага ўмацаванага раёна, які прыкрываў подступы да Вены і Паўд. Германіі, ням. камандаванне надавала асаблівае значэнне. На подступах да Будапешта праціўнік стварыў 3 моцныя абарончыя паласы. Тут дзейнічалі 43 ням. дывізіі (у т. л. 8 танкавых і 1 кавалерыйская) і 3 брыгады. Войскі 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.​Я.​Маліноўскі) у цяжкіх баях з 29 кастр. прарвалі абарону праціўніка і да 9 снеж. выйшлі да знешняга абарончага абводу Будапешта. Войскі 3-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.​І.​Талбухін) пачалі наступленне 7 ліст., фарсіравалі Дунай і да 9 снеж. выйшлі на Пн ад воз. Веленцэ і да воз. Балатан, пагражаючы тылам варожай групоўкі. 20 снеж. пачалося агульнае наступленне сав. войск. 26 снеж. будапешцкая групоўка ворага ў 180 тыс. чал. была акружана. Каб пазбегнуць ахвяр і разбурэння Будапешта, сав. камандаванне прапанавала гітлераўцам капітуляваць. Ультыматум быў адхілены, а сав. парламенцёры забіты. Каб вызваліць акружаныя дывізіі і аднавіць абарону на Дунаі, ням.-фаш. камандаванне ў студз. спрабавала арганізаваць контрнаступленне (гл. Балатонская абарончая аперацыя 1945). На асобных участках фронту праціўнік пранік у абарону сав. войск і выйшаў да Дуная. Сав. войскі, адбіўшы жорсткія атакі ворага, 27 студз. перайшлі ў наступленне, 13 лют. вызвалілі Будапешт і ліквідавалі акружаную групоўку. У Будапешцкай аперацыі разам з сав. войскамі ўдзельнічалі балг., рум. баявыя злучэнні і венг. добраахвотны Будайскі полк. У ходзе аперацый сав. войскі знішчылі больш за 20 дывізій праціўніка, стварылі ўмовы для наступлення на Вену і Паўд. Германію. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак склалі каля 320 тыс. чал. (з іх забітымі 79 946 чал.). 79 злучэнням і часцям, якія ўдзельнічалі ў Будапешцкай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Будапешцкіх».

т. 3, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНА́Й (ням. Donau, венг. Duna, славацк., чэш. Dunaj, балг., сербск. Дунав, рум. Dunárea),

стараж.-грэч. Істр, рака ў Еўропе, на тэр. ФРГ, Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Югаславіі, Балгарыі, Румыніі, Украіны; другая па даўжыні пасля Волгі. Даўж. 2850 км, пл. бас. 817 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў Брэге і Брыгах на ўсх. схілах горнага масіву, Шварцвальд, упадае ў Чорнае м. Верхні Д. (да Вены) цячэ па Баварскім пласкагор’і ў вузкай глыбокай даліне, якая падзяляе адгор’і Альпаў і Чэшскага масіву. У сярэднім цячэнні перасякае Сярэднедунайскую раўніну. У асобных горных хрыбтах і градах (Венгерскія Вароты, Вішаградскі праход, Жалезныя Вароты, Казанэ) утварае даліны прарыву. Ніжняе цячэнне (да вусця) праходзіць па Ніжнедунайскай раўніне. Утварае дэльту (пл. 3500 км²), дзе вылучаюцца 3 гал. рукавы (гірлы); Кілійскае, Сулінскае і Георгіеўскае. Больш за 300 прытокаў, 34 з іх суднаходныя. Гал. прытокі: Марава, Ціса, Олт, Сірэт, Пруг (злева), Ін, Драва, Сава, Марава (справа). Жыўленне мяшанае. Рэжыму верхняга Д. характэрна летняе разводдзе ад раставання снегу і лёду ў гарах, на астатняй тэр. веснавое разводдзе і летняя межань. На асобных участках у суровыя зімы замярзае да 1,5 мес. Сярэдні гадавы расход вады 6430 м³/с. Рыбалоўства (пераважна ў дэльце). Водзяцца бялуга, сяўруга, асетр, дунайскі селядзец, сазан, жэрах і інш. Выкарыстоўваецца на арашэнне і водазабеспячэнне гарадоў і прамысл. цэнтраў. Суднаходная да вярхоўяў, мае вял. значэнне ў трансп. сувязях Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. У ніжнім цячэнні (у Румыніі) Д. злучаны каналам з Чорным м. У Жалезных Варотах (на мяжы Румыніі і Югаславіі) 2 буйныя ГЭС (Джэрдап), каскад ГЭС з вадасховішчамі на тэр.

Аўстрыі і ФРГ. Гал. гарады на Д. — Рэгенсбург (ФРГ), Лінц, Вена (Аўстрыя), Браціслава (Славакія), Будапешт (Венгрыя), Нові-Сад, Бялград (Югаславія), Русе (Балгарыя), Брэіла, Галац (Румынія), Ізмаіл (Украіна) і інш. У дэльце Д. запаведнік Дунайскія плаўні. Д. — міжнар. рака. Канвенцыяй аб рэжыме суднаходства на Д. 1948 устаноўлена свабода суднаходства, забаронена плаванне ваен. караблёў непрыдунайскіх краін.

Рака Дунай у Будапешце.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ІСП; Partito Socialista Italiano — PSI),

палітычная арг-цыя левага кірунку ў Італіі. Засн. ў 1892 на ўстаноўчым з’ездзе ў г. Генуя пад назвай Партыя італьян. працоўных у выніку аб’яднання анархісцкай Рэв. сацыяліст. партыі і Рабочай партыі (абедзве засн. ў 1881). Паводле праграмы, прынятай на 2-м з’ездзе (1893; у 1919, 1934, 1956, 1976 уносіліся змены), мэтамі партыі абвешчаны кааперацыя з бурж. ін-тамі, аграмаджванне сродкаў вытв-сці і інш. У 1893—95 наз. Сацыяліст. партыя італьян. працоўных, у 1930—47 — Італьян. сацыяліст. партыя пралетарскага адзінства, з 1966 Аб’яднаная італьян. сацыяліст. партыя — Італьян. с.-д. партыя, з 1968 — Італьян. сацыяліст. партыя — секцыя Сацыяліст. інтэрнацыянала. У 1894 — пач. 20 ст. забаронена ўладамі, у 1920 стала масавай партыяй (216 тыс. чл.). У 1921 ад партыі аддзялілася яе рэв. крыло, якое ўтварыла Італьян. камуніст. партыю (ІКП). У 1926—43 забаронена разам з інш. антыфаш. партыямі. У 1934 заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з камуністамі. У 1944—47 удзельнічала ў фарміраванні ўрадаў. У 1947 правае крыло на чале з Дж.Сарагатам утварыла Італьян. с.-д. партыю. У час «халоднай вайны» выступала з нейтральных і пацыфісцкіх пазіцый. Пасля XX з’езда КПСС і венг. падзей 1956 разарвала супрацоўніцтва з ІКП. З 1963 удзельнічала ў левацэнтрысцкіх кааліцыях, што прывяло да расколу (у 1964 створана Італьян. сацыяліст. партыя пралет. адзінства, распушчана ў 1972, увайшла ў ІКП). Пасля паражэння на выбарах 1968 страціла папулярнасць, вярнула яе ў 1978, выступіўшы з праграмай шырокага саюзу дэмакр. сіл. У 1983—87 суправячая партыя (прэм’ер-міністр Б.Краксі, ген. сакратар ІСП у 1976—93). Выяўленне ў 1993 карупцыйнай аферы з удзелам вядучых палітыкаў ІСП выклікала ў партыі ўнутр. крызіс. Пасля выбараў 1994 увайшла ў парламенцкую кааліцыю левых сіл. Друкаваны орган — газ. «Avanti!» («Наперад!», з 1896). Кіруючы орган — з’езд.

т. 7, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Барка́н 1, парка́н ’плот, агароджа’ (Касп., Шушк., Шн., Маш., Інстр. II). Укр. барка́н, парка́н ’тс’. Запазычанне з польск. parkan ’тс’ (а гэта з венг. párkány, параўн. Брукнер, 396). Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 237.

Барка́н 2, барканчу́к ’дзіця незамужняй жанчыны’ (Маш.). Метафарычнае ўжыванне слова барка́н ’агароджа’? Першапачаткова, відаць, пейаратыўная назва (’дзіця, што нарадзілася пад плотам’). Але хутчэй зыходнай формай, зразумела, з’яўляецца барканчу́к (вытворнае суфіксам ‑чук ад барка́н ’агароджа’), адсюль скарачэнне барка́н.

Барка́н 3 ’від тканіны’ (Нас.). Рус. барака́н, барка́н. Першакрыніца — араб.-перс. barrakan. Форма барка́н, як лічыць Фасмер, 1, 123, зыходзіць да гал. barkaan. Гл. яшчэ Брукнер, 15.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Башта ’гаўптвахта, турма; вежа’ (Нас.); у ст.-бел. з XV ст. (Булыка, Запазыч.; Нас. гіст.; Гіст. лекс., 115). Рус. (XVI ст.) башта, укр. ба́шта (з XVI ст.). Запазычанне з зах.-слав. моў: польск. baszta, чэш. bašta < італ. bastia. Бернекер, 45; Брукнер, 18; Фасмер, 1, 139; Шанскі, 1, Б, 64; Махэк₂, 47–48; Рыхардт, Poln., 33; Рудніцкі, 92. Да еўрапейскіх форм гл. яшчэ MESz, 1, 256 (венг. bástya, там і літ-pa); Клюге, 55. Гіст. лекс., 115, і Булыка, Запазыч., 39, тлумачаць гэта слова як германскае па паходжанню. Першакрыніцай запазычання ням. Bastéi (!) з фанетычных меркаванняў ва ўсякім выпадку быць не можа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́лтыс ‘у Заходняй Беларусі сельскі стараста’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), со́лтус, со́лтас ‘тс’ (Сл. ПЗБ). З польск. sołtys ‘часовы начальнік, які назначаецца панам вёскі’, дыял. sołtys, sałtys, szałtys. Запазычанне з с.-в.-ням. schultheiʒ ‘той, хто загадваў, вызначаў павіннасці або даваў сведчанні’ ад с.-в.-ням. schult, schulde ‘павіннасць, абавязак’ і heiʒen ‘распараджацца, загадваць’; першасная форма з XIII ст. szołtys > sołtys у выніку мазурэння (Борысь, 567). Ст.-бел. шолтысъ, шелтысъ, солтысъ з польскай, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 25; але польскае слова ён памылкова лічыць запазычаннем з нямецкай пры пасрэдніцтве венг. szöltes ‘тс’. Басай–Сяткоўскі (Słownik, 329) адкідаюць чэшскае пасрэдніцтва (параўн. Новавейскі, Zapożyczenia, 16).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)