шпі́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Прыстасаванне з тонкага дроту або пластмасы для заколвання валасоў у жаночай прычосцы. Тады мама нагнулася і, выняўшы з валасоў шпільку, выкалупала ключык са шчыліны. Арабей.

2. Засцежка для вопраткі, адзін канец якой хаваецца ў кручкаватае паглыбленне (галоўку). Закалоць кішэню шпількай. // Адзін з відаў іголкі, на тупым канцы якой прымацавана галоўка. Калола Антона гэтае запытанне, нібы накаленая да чырвані шпілька. Бядуля. // Іголка з каляровай галоўкай для аздаблення жаночых галаўных убораў. Жанчына ў старасвецкай дамскай шапачцы, з вялікаю шпількаю ўпоперак цераз яе. Чорны. // перан.; чаго. Пра тое, што падобна на іголку. З зямлі тырчаць чорныя пакручастыя, вузлаватыя карэнні дрэў ды рудыя шпількі вымершай травы. Новікаў.

3. У шавецкай справе — цвік з падвойнай плешкай. Чаравікі на шпільках.

4. Спец. Стрыжань без галоўкі і з разьбой на абодвух канцах, які служыць для змацавання дэталей.

5. толькі мн. (шпі́лькі, ‑лек). Разм. Вузкія і высокія абцасы ў жаночых туфлях, а таксама туфлі на такіх абцасах. Сядзяць будучыя цешчы, Языкі свае палошчуць, Што ў настаўніцы Алёнкі Закароткая сукенка, Што абцасікі як шпількі ў заатэхніка Марылькі. Танк. [Таня] была ў белым лёгкім плацці і белых лодачках-шпільках. Паўлаў.

6. перан. З’едлівая заўвага, колкасць. Гаворка.. пацякла жвавей і лагодней, у ёй не было ўжо ні падкалуплівання, ні шпілек. Хадкевіч. — От такіх кілбас няма там у калгасе, — тонкую шпільку пусціў Цімох. Колас.

•••

Падпусціць шпільку гл. падпусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сві́нка1 ‘хвароба залоз, заушніца’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр., рус., балг. сви́нка, польск. świnka ‘тс’. Ад свіння (гл.) з прычыны пухліны, якая значна патаўшчае шыю. Аналагічна лац. scrōfula ‘пухліна на шыі’ ад scrōfa ‘свіння, свінаматка’, грэч. χοιράς ‘апухлыя шыйныя залозы’ ад χοῖρος ‘парася, свіння’ (Фасмер, 3, 578; Вальдэ-Гофман, 2, 501; ЕСУМ, 5, 190; БЕР, 6, 550).

Сві́нка2 ‘від рыбы на рацэ Буг’ (беласт., Ніва, 1973, 16 вер.), свінюк ‘рыба падуст, Chondrostoma nasus (L.)’ (Жук., рэдка на Нёмане), ‘харыус’ (Інстр. 2). Рус. сви́нка ‘падвід падуста, волжскі падуст’, укр. дыял. сви́нька ‘дняпроўскі падуст’, сви́нка ‘падуст’, польск. świnka, славац. švinka ‘тс’. Да свіння (гл.). Назва дадзена па знешнім выглядзе, таму што ў гэтай рыбы рот знаходзіцца пад храсткаватым носам, які моцна вытыркаецца (гл. Сабанееў, Жизнь, 506 і наст.). Параўн. таксама іншыя назвы гэтай рыбы: пад‑уст, насар, ням. Schweinfisch < Schwein ‘свіння’. Агляд матэрыялу па розных славянскіх мовах гл. Усачова, Этимология–1973, 93.

Сві́нка3 ‘грыб таўстуха’ (Янк. 1; рагач., Арх. ГУ; Нік., Оч.; Сл. рэг. лекс.), ‘грыб сіняватага колеру’ (Нас.), свіння́, сві́нка ‘назвы грыбоў, пераважна розных відаў сыраежак’ (Сярж.–Яшк.). Ад свіння1 (гл.) у форме памяншальнасці, што наогул прадуктыўна ў назвах раслін (гл. Мяркулава, Очерки, 155). Адносна семантыкі назвы параўн. свінуха2 (гл.).

Сві́нка4 ‘гульня са спецыяльнай калодачкай або мячыкам з анучак (свінкай): хто будзя пасвіць свінку?’ (гродз., Нар. словатв.), свінья́ ‘старажытная гульня, пры якой цурку заганяюць у ямку’ (ТС). Укр. сви́нка ‘від гульні, а таксама драўляны шар, які ганяюць палкай’, рус. сви́нка ‘пацурбалак, цурка або чушка для гульні ў свінкі’, балг. сви́нка ‘мячык і гульня, пры якой імкнуцца закаціць яго ў ямку’, славен. svínjka ‘драўляны мячык’, серб. дыял. свињћа ‘цурка або камень, якую адзін з гульцоў (“свињар”) спрабуе кійком загнаць у ямку, чаму перашкаджаюць іншыя гульцы; сама гульня’. Да свіння1; да семантыкі параўн. рус. чу́шка ‘свіння’ і ‘злітак, брусок свінцу або чугуна’. Менш верагодна вывядзенне з прасл. *sъvinъka < sъvi(nǫ)ti (параўн. укр. зви́нка ‘мячык з шэрсці; гульня ў мяч’ ад звити ‘звіць’), гл. ЕСУМ, 5, 190.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНТАГАНІ́ЗМ (ад грэч. antagōnisma спрэчка, барацьба),

ідэйнае, паліт., маральнае і інш. процістаянне супрацьлеглых варожых сіл; адна з формаў супярэчнасцяў, што назіраюцца ў прыродзе і грамадстве. Адметная рыса антаганізму — непрымірымы канфлікт процістаячых сіл, з’яў, тэндэнцый развіцця. Катэгорыя «антаганізм» ужываецца ў біялогіі і матэматыцы, у грамадскіх навуках, у т. л. ў сац. філасофіі (творы класікаў і класавай барацьбы, грамадска-эканам. фармацый, цывілізацый, культур), паліталогіі (канфлікт паміж дэмакратыяй і таталітарызмам), гуманіст. і рэліг.-маральных філас. вучэннях (барацьба ліній дабра і зла, плоці і духу). У развіцці сучаснай цывілізацыі, калі супярэчнасці паміж ёю і прыродай усё большыя, адзначаецца антаганізм двух падыходаў да прыроды: спажывецкага (прымат непадзельнага панавання чалавека над наваколлем) і рэгенерацыйнага (прымат гарманічнага ўзаемадзеяння грамадства з прыродай).

А. у біялогіі выяўляецца перш за ўсё ў барацьбе за існаванне. Найб. выразныя антаганіст. адносіны паміж драпежнікам і яго здабычай, гаспадаром і паразітам, а таксама канкурэнтныя ўзаемаадносіны (напр., за святло і мінер. жыўленне ў раслін, за кармы і месца пражывання ў жывёл). У фізіялогіі падобныя адносіны выяўляюцца ў разнастайнасці ўмоўна процілеглых функцый органаў або сістэм арганізма, якія ўдзельнічаюць у адначасовай спалучанай дзейнасці (актывацыя — інгібіраванне, узбуджэнне — тармажэнне, узмацненне — аслабленне, асіміляцыя — дысіміляцыя). А. рэчываў — від узаемадзеяння амінакіслот, вітамінаў, гармонаў, метабалітаў і антыметабалітаў у арганізме, які характарызуецца палярным дзеяннем: узмацненнем ці аслабленнем пэўных рэакцый. А. мікраарганізмаў выяўляецца ў тармажэнні або прыгнечанні жыццядзейнасці адных відаў мікраарганізмаў іншымі. Упершыню адзначыў франц. вучоны Л.​Пастэр (1877). Найб. рэзкі антаганізм сярод актынаміцэтаў, плесневых грыбоў, бактэрый; назіраецца таксама сярод дражджэй, водарасцяў і прасцейшых. Дзейнасць мікробаў-антаганістаў спрыяе ачышчэнню глебы ад патагенных мікраарганізмаў.

В.​І.​Боўш.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЙ (ваен.),

арганізаваная ўзбр. сутычка падраздзяленняў, часцей і злучэнняў бакоў, якія ваююць; асн. тактычная форма баявых дзеянняў з мэтай дасягнення перамогі над праціўнікам. Вядзецца з выкарыстаннем усіх наяўных відаў агню і манеўру на зямлі, у паветры і на моры.

Формы і спосабы вядзення бою мяняліся з развіццём баявой тэхнікі і якаснага складу войскаў. Да вынаходства пораху баі вяліся кіданнем стрэлаў, дзідаў, дроцікаў, камянёў і завяршаліся рукапашнай сутычкай пяхоты і конніцы. Са з’яўленнем у Еўропе ў 14 ст. агнястрэльнай зброі — агнём ружжаў і артылерыі і завяршаўся штыкавой рукапашнай сутычкай пяхоты. З аснашчэннем войскаў хуткастрэльнай артылерыяй, кулямётамі, з выкарыстаннем танкаў і авіяцыі вырашальнае значэнне для поспеху бою набыла каардынацыя дзеяння ўсіх родаў войскаў.

Сучасны наземны бой, у якім удзельнічаюць усе роды сухапутных войскаў пры падтрымцы авіяцыі (часам і ВМФ), наз. агульнавайсковым. Ён характарызуецца выкарыстаннем найноўшай зброі і разнастайнай тэхнікі, высокай манеўранасцю, хуткімі і рэзкімі зменамі становішча, вял. прасторавым размахам. Яго найважнейшыя прынцыпы: раптоўнасць нападу, актыўнасць і бесперапыннасць баявых дзеянняў, разгрупаванне сіл, канцэнтрацыя сродкаў на напрамку гал. ўдару, зладжанае ўзаемадзеянне родаў войскаў, якое дасягаецца выкарыстаннем радыёэлектронных сродкаў, у т. л. і касмічных. Асн. віды сучаснага бою: наступленне, сустрэчны бой, абарона, адыход. Спланаваная сістэма бою вял. маштабу і стратэг. значэння наз. бітвай ці аперацыяй. Паветраны бой — проціборства ў паветры самалётаў (або іх груп), верталётаў, якія знішчаюць праціўніка або адбіваюць яго атакі. Проціпаветраны бой вядуць часці ППА і інш. роды войскаў з мэтай знішчэння паветраных сіл праціўніка і прыкрыцця сваіх войскаў і аб’ектаў. Марскі бой — баявыя дзеянні караблёў флоту на моры і ў прыбярэжных раёнах дзеля знішчэння сіл флоту праціўніка або нанясення яму паражэння.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫ па землеўладанні і землекарыстанні,

сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн. дзес. (78,4%) да 4,1 млн. дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.

Літ.:

Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;

Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРА́КТНАЕ МАСТА́ЦТВА, беспрадметнае мастацтва,

нонфігуратыўнае мастацтва, плынь у выяўленчым мастацтве многіх краін, у аснову якой пакладзены метад абстракцыянізму. Узнікла ў 1910—13 у выніку расслаення кубізму, экспрэсіянізму, футурызму. Першыя абстрактныя кампазіцыі стварылі рус. мастак В.​Кандзінскі, які працаваў у Германіі, француз Р.​Дэланэ, іспанец Ф.​Пікабія, чэх Ф.​Купка, у Нідэрландах П.​Мондрыян, у Расіі К.​Малевіч, М.​Ларыёнаў, Н.​Ганчарова і інш. Пасля 1-й сусв. вайны тэндэнцыі абстрактнага мастацтва праяўляліся ў некат. творах дадаізму і сюррэалізму, у архітэктуры, дэкар. мастацтве, дызайне (эксперыменты групы «Стыль» і «Баўгауз»).

Практыка абстрактнага мастацтва зводзіцца да складання з дапамогай адцягненых элементаў маст. формы (каляровая пляма, лінія, аб’ём і г.д.) нявыяўленых кампазіцый, імпульсіўна-стыхійных ці рацыяналістычна ўпарадкаваных. Да сярэдзіны 20 ст. вызначаліся 2 асн. кірункі — экспрэсіянісцкі і геаметрычны абстракцыянізм. Прадстаўнікі першага (Кандзінскі, Дж.​Полак, Дэланэ і інш.) імкнуліся да самаст. гучання колеру, лірызму, пошуку вечнай духоўнасці і беспрадметнага свету. Мастакі другога кірунку (Малевіч, Мондрыян) карысталіся абстрактна ўпарадкаванымі, амаль што геам. формамі, пабудовамі, канструкцыямі. У сярэдзіне 20 ст. ў ЗША узнікла школа т.зв. «абстрактнага экспрэсіянізму» (Полак, М.​Тобі), які развіўся ў многіх краінах (пад назвай ташызм або «бясформеннае мастацтва») і абвясціў сваім метадам «чысты псіхал. аўтаматызм», вынікам якога стала абсалютызацыя самога працэсу творчасці мастака. Абстрактнае мастацтва садзейнічала развіццю дызайну, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паўплывала на развіццё тэатра і кінамастацтва, новых яго відаў і кірункаў (оп-арт, поп-арт, мінімалізм і інш.).

Да арт. Абстрактнае мастацтва. П.​Мондрыян. Кампазіцыя. 1930.
Да арт. Абстрактнае мастацтва. Дж.​Полак. Лічба 1. Фрагмент. 1950.
Да арт. Абстрактнае мастацтва. В.​Кандзінскі. Эскіз I да «Кампазіцыі VII». 1913.

т. 1, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУШЭ́ННЕ,

адвод лішніх паверхневых і грунтавых водаў з пераўвільготненых зямель, адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай асушальнай сістэмы. Дазваляе асвоіць новыя землі, павысіць іх урадлівасць, рацыянальна выкарыстоўваць сродкі механізацыі і хімізацыі. Аб’екты с.-г. асушэння — балоты і забалочаныя або залішне ўвільготненыя (часова ці пастаянна) землі. Праводзіцца таксама пры буд-ве, торфаздабычы, асваенні радовішчаў карысных выкапняў, ахове ад падтаплення населеных пунктаў і прамысл. аб’ектаў, у лясной гаспадарцы, з санітарна-аздараўленчымі мэтамі. Асн. спосабы асушэння: стварэнне адкрытай (каналы) і закрытай сетак (трубчасты, кратовы, шчылінны дрэнаж) з вертыкальным дрэнажом. Дадаткова робяць штучныя лагчыны, нагорныя каналы, закрытыя збіральнікі, самацёчныя свідравіны, абвалаванне, польдэры, пасадкі дрэў і інш.

Асушэнне рабілі за 3 тыс. г. да нашай эры ў Егіпце (Фаюмскі аазіс), ганчарны (Месапатамія) і мураваны (Рым) дрэнаж — за 2 тыс. г. да нашай эры. У 16 ст. нашай эры з’явіліся першыя дрэны з керамічных трубаў (Англія), з канца 18 ст. асушэнне праводзілі адкрытымі каналамі. У 19 ст. ў Еўропе і ЗША пашырыўся керамічны дрэнаж. Найб. асушаных зямель у ЗША, Канадзе, Японіі, Індыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, Германіі і інш.

У Беларусі асушэнне праводзіцца з канца 18 ст., найперш на Палессі. Асушальная сетка пабудавана на 3,8 млн. га (1994), з іх 2,8 млн. га с.-г. ўгоддзі (40% ворыва, 28 — сенажаць, 27 — паша, 5% інш.).

Найб. асушаных зямель у Брэсцкай (25,3%) і Мінскай (23,6%) абласцях.

Літ.:

Маслов Б.С., Станкевич В.С., Черненок В.Я. Осушительно-увлажнительные системы. М., 1981;

Аношко В.С. Мелиоративная география Белоруссии. Мн., 1978.

Б.​Я.​Кухараў.

Да арт. Асушэнне: пракладка асушальнага канала (злева); укладка керамічнага дрэнажу.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНАТЭ́ЛА (Donatello; сапр. Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),

італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).

Данатэла. Давід. Бронза. 1430-я г.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БА,

паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.

Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.

Н.​М.​Івахненка.

Да арт. Глеба. Глебы: 1 — дзярнова-карбанатная; 2 — дзярнова-падзолістая; 3 — дзярнова-падзолістая (глеяватая); 4 — дзярновая забалочаная (глеяватая); 5 — поймавая; 6 — тарфяна-балотная.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)