РУКАПІ́СНАЯ КНІ́ГА,

кніга, тэкст і мастацкае афармленне якой выкананы ад рукі. Асн. формай Р.к. (як і друкаванай) быў кодэкс — блок змацаваных аркушаў (сшыткаў) пісчага матэрыялу (пергамент ці папера), звычайна заключаны ў пераплёт, які часам упрыгожваўся па-мастацку выкананым абкладам. Напачатку Р.к. перапісвалі ўставам, пазней паўуставам і скорапісам. Паводле прызначэння Р.к. падзяляюць на богаслужэбныя і чэцці (для чытання) рэліг. і свецкага зместу.

Р.к. былі вядомы ў стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі. Яны мелі форму скрутка, пісаліся на папірусе, скуры, гліняных плітках. У 2—3 ст. пачалі ўжываць пергамент, пазней паперу. На працягу 3—15 ст. у Еўропе склаліся традыцыі візант., лац. і слав. Р.к. Перапісаныя ў італьян., франц., ням. майстэрнях (скрыпторыях), яны былі на Беларусі ў бібліятэках Радзівілаў, Сапегаў, Полацкай езуіцкай акадэміі. Візант. Р.к. паўплывала на знешні выгляд, тэхніку вытворчасці і аздобу слав. кнігі. Менавіта з грэч. рукапісаў браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі на слав. мову хрысц. богаслужэбныя кнігі. Для напісання слав. Р.к. ўжываліся кірыліца і глаголіца. Самая стараж. датаваная слав. Р.к. — Астрамірава евангелле, перапісанае дыяканам Грыгорыем у 1056—57. Найб. раннімі помнікамі стараж.-рус. пісьменнасці, што дайшлі да нас, з’яўляюцца Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076. Р.к. стараж. Русі спалучае тэкст і маст. аздобу, часта гэта помнік муз. культуры (з нотнымі запісамі). У аздобе стараж.-рус. Р.к. вылучаюць стылі стараж.-візант., тэраталагічны (звярыны), балканскі новавізант. і старадрукарскі.

На Беларусі Р.к. з’явілася ў 11 ст. і бытавала да 19 ст. Розныя веравызнанні і шматэтнічнасць абумовілі тое, што яна пісалася рознымі алфавітамі, на слав., лац., яўр. мовах. На развіццё кірылаўскай Р.к. паўплывалі культ. сувязі з Маскоўскай Руссю і Украінай. Бел. Р.к. ствараліся ў Полацку, Тураве, Друцку, Слуцку, Супраслі, Мінску, Навагрудку, Куцейне, Віцебску. Перапісчыкі былі рознага сац. паходжання — ад князёўны (Ефрасіння Полацкая) да простага гараджаніна (пісец Марцін з Гальшан). Р.к. — часта адзіная крыніца вывучэння бел. мовы і л-ры, гісторыі і права (зб-кі папулярных сярэдневяковых аповесцей «Александрыя», «Троя», Статуты ВКЛ, летапісы беларуска-літоўскія). Многія Р.к. маюць укладныя запісы і прыпіскі — важную крыніцу гісторыі культуры. Маст. аздоба Р.к. залежала ад яе прызначэння. Раскошна ўпрыгожваліся богаслужэбныя кнігі. Вядомы багата аздобленыя кнігі і свецкага зместу. Упрыгожванні складаюцца з заставак, ініцыялаў, мініяцюр і ілюстрацый. Найб. важныя помнікі маст. аздобы бел. Р.к. — Тураўскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, Радзівілаўскі летапіс, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі рукапіс, Ваўкавыскае евангелле, Евангелле Дабрахотава 16 ст., Пінскі зборнік 17 ст. Цэнтрамі збірання і вывучэння бел. Р.к. ў 19—пач. 20 ст. былі Віленская публічная б-ка (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы) і Беларускі музей у Вільні. Бел. Р.к. зберагаюцца ў Рас. Нац. (С.-Пецярбург) і дзярж. (Масква) б-ках, б-ках Расійскай АН (С.-Пецярбург), Маскоўскага ун-та, АН Украіны (Кіеў), Ягелонскага ун-та (Кракаў), у Рас. дзярж. архіве стараж. актаў. Нязначную колькасць Р.к. зберагаюць Цэнтр. навук. б-ка імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі, Нац. б-ка Беларусі, Нац. маст. музей Беларусі.

Літ.:

Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;

Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX ст. Коўна, 1926;

Рукописная и печатная книга. М., 1975;

Розов Н.Н. Книга Древней Руси XI—XIV вв. Мн., 1977, Шматаў В.Ф. Мастацтва заходнерускіх рукапісаў (XI—XIII стст.) // Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;

Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993;

Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001.

М.​В.​Нікалаеў.

Да арт. Рукапісная кніга. Старонка грэчаскай рукапіснай кнігі «Хлудаўскі псалтыр». 8 ст.
Да арт. Рукапісная кніга. Старонка старажытнарускай рукапіснай кнігі «Кіеўскі псалтыр». 1397.
Рукапісная кніга. Старонка Мсціжскага евангелля.

т. 13, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ,

нацыянальна-вызваленчы антыфаш. рух у другую сусветную вайну 1939—45 супраць ням., італьян. і яп. захопнікаў, а таксама супраць мясц. калабарацыяністаў. Р.С. быў глыбока нац. ў кожнай краіне і адначасова інтэрнацыянальны (паводле складу, узаемадзеяння і ўзаемадапамогі ўдзельнікаў) для ўсіх народаў, якія змагаліся за вызваленне ад захопнікаў. У Р.С. ўдзельнічалі прадстаўнікі розных пластоў грамадства: патрыятычна настроеныя рабочыя, сяляне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства. У краінах Азіі ў барацьбу супраць яп. каланізатараў уключаліся некат. групы памешчыкаў. Тым не менш на развіццё Р.С. наклалі адбітак тагачасныя класавыя і ідэалаг. супярэчнасці. Амаль ва ўсіх краінах, акупіраваных агрэсарамі, у Р.С. вылучаліся 2 плыні: лева-камуністычная і права-кансерватыўная. У Францыі, Італіі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах абедзве плыні супрацоўнічалі ў барацьбе супраць агульнага ворага, у шэрагу краін (Югаславія, Албанія, Польшча, Грэцыя) адначасова са змаганнем супраць акупантаў яны варагавалі паміж сабой. У барацьбе супраць акупантаў Р.С. набыў разнастайныя формы: антыфаш. агітацыя і прапаганда, забастоўкі, дыверсіі і сабатаж на прадпрыемствах, якія выраблялі прадукцыю для акупантаў, збор разведвальных звестак для армій антыфаш. кааліцыі, партыз. вайна. Вышэйшая форма Р.С. — усенар. ўзбр. паўстанне. Асаблівая старонка Р.С. — мужная барацьба падп. арг-цый вязняў гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў. Вязні Бухенвальда і Маўтгаўзена ў 1945 вызваліліся, узняўшы ўзбр. паўстанні. Барацьба супраць фашызму, за нац. вызваленне спалучалася з барацьбой за сац. і дэмакр. пераўтварэнні, у залежных краінах — з барацьбой супраць калан. прыгнёту. Пашырэнне маштабаў Р.С. ў шэрагу краін прыводзіла да аб’яднання патрыят. сіл на аснове тактыкі народнага фронту ў агульнанац. патрыят. франты (называліся Нац., Нац.-вызв. і інш.). У краінах Усх. Еўропы яны і створаныя імі часовыя ўладныя структуры адыгралі пры падтрымцы СССР значную ролю ў наступным прыходзе да ўлады камуніст. і левых сіл. У многіх краінах Еўропы ў Р.С. змагаліся грамадзяне СССР. Сярод іх Героі Сав. Саюза В.​А.​Квіцінскі, М.​Гусейн-задэ, Ф.​А.​Палятаеў, В.​В.​Порык. У падп. групах і партыз. атрадах, што дзейнічалі на Тэр. Францыі, Польшчы, Югаславіі, Чэхаславакіі, Даніі, Нідэрландаў і інш. краін было нямала грамадзян з Беларусі: У.​У.​Анічэнка, У.​М.​Антоненка, Ф.​К.​Варанішча, У.​П.​Вардомскі, Л.​М.​Віцятнёў, Д.​А.​Гараеў, А.​М.​Грынеўскі, Б.​К.​Зузо, А.​М.​Кандраценка, Б.​А.​Кедышка, Л.​М.​Кашачкіна, Н.​І.​Лісавец, Ф.​М.​Ліхавец, А.​Дз.​Панізнік, У.​М.​Руткоўскі, М.​С.​Фралоў, В.​К.​Харытончык, Т.​У.​Чахоўская і інш. Грамадзяне шэрагу еўрап. краін змагаліся супраць гітлераўцаў у радах партызан і падпольшчыкаў на тэр. СССР, у т. л. на Беларусі (немец Ф.Шменкель, француз Р.​Жан, бельгіец Ж.​Говартс, славак Я.Налепка і многія інш.). На акупіраванай тэр. СССР Р.С. адбываўся ў форме партыз. і падп.-дыверсійнай дзейнасці, пераважна пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле і інш.). Партыз. рух набыў таксама масавы характар ў Югаславіі, Польшчы, Албаніі, Грэцыі, Італіі, Францыі, Кітаі, Філіпінах, Бірме, Малаі. На заключным этапе 2-й сусв. вайны Р.С. моцна спрыяў вызваленню ад акупантаў шэрагу краін (Югаславія, Францыя, Італія, Грэцыя, Кітай), у некат. выпадках сілы Супраціўлення самі вызвалілі свае краіны (Албанія, Грэцыя, Малая, В’етнам). Р.С. быў адным з істотных фактараў, якія спрыялі перамозе антыгітлераўскай кааліцыі, далейшаму развіццю нац.-вызв. барацьбы народаў Азіі і Афрыкі. Удзельнікаў Р.С. з 1951 аб’ядноўвае Міжнародная федэрацыя барацьбітоў Супраціўлення.

Літ.:

Антифашистское движение сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы. М., 1991;

Движение сопротивления в Западной Европе, 1939—1945: Нац. особенности. М., 1991.

Э.​М.​Позняк.

Да арт. Рух Супраціўлення. Антыфашысцкае выступленне ў Даніі. Горад Одэнсе. 1943.
Да арт. Рух Супраціўлення. Грэчаскія партызаны каля збітага імі нямецка-фашысцкага самалёта. 1943.

т. 13, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Віля́ць ’махаць, хістаць, паварочваючы збоку’; ’рухацца па звілістай лініі’; ’ухіляцца ад прамога адказу, хітрыць, падманваць’ (Нас., КТС, БРС, Шат., КЭС, лаг.). Укр. виляти ’віляць (напр., хвастом)’; ’ухіляцца ад працы’; ’весяліцца, гуляць, ганяцца’, рус. варон., валаг. вилять ’зварочваць з дарогі’; ’гойсаць, шныраць, ухіляцца, пазбягаць каго-небудзь’; ’кідацца з боку ў бок’; ’ухіляцца з прамога шляху, хітрыць’, ви́ля ’нясталы чалавек, ветрагон’, польск. wilać ’махаць (хвастом)’, уст. wilać się ’віцца (аб дыме)’. Іншыя славянскія адпаведнікі семантычна звязаны больш з прасл. лексемай vila ’міфічная істота, фея, русалка’; ’вар’ятка’; ’вядзьмарка, чараўніца’, польск. wiłować ’шалець, вар’яцець, губляць галаву’, чэш. vilniti ’быць юрлівым’, ст.-чэш. vilovati ’дрэнна паступаць, распутнічаць’, макед. вилнее ’бушаваць, бясчынстваваць’, чым з віляць, ад якой яны фармальна адрозніваюцца. Таму можна дапусціць інавацыю ўсх.-слав. *виляти, якое, відаць, з’яўляецца роднасным ад літ. уст. vìlti ’здраджваць’ (Атрэмбскі, 2, 33), vilióti ’вабіць, падманваць, спакушаць’, apvìlti ’падманваць, расчароўваць’, vỹlius ’падман, спакушэнне, каварства’. Шанскі (1, В, 99); Пелікан (LF, 1929, 56, 244), Фасмер (1, 315), Брандт (РФВ, 18, 8), Младэнаў (66), КЭСРЯ (81) мяркуюць, што лексема з’яўляецца суфіксальным дэрыватам ад вилыи ’завілісты, пакручасты’ (< *вить і суф. ‑л‑). Петарсан (AfslPh, 36, 152) звязвае лексему вилять са ст.-інд. vḗllati ’хістаецца’, vēllitas ’хвалісты, гарбаты’, пракр. velli, vellā ’павеўная расліна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ква́каць ’утвараць гукі, падобныя да «ква-ква» (гл. таксама кво́каць) (ТСБМ) ’крычаць (пра качку)’ (ТС, Сл. паўн.-зах.), ’крычаць (пра жаб)’ (Нік. Напаў., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’пра пчол’ (Анох.). Укр. квакати ’крычаць (пра жабу або пра качку)’, рус. квакать ’тс’, балг. квакам ’тс’, макед. квакам ’тс’, серб.-харв. ква́кати ’тс’ (таксама пра варон)’, славен. kvȃkati ’крычаць (пра жаб, варон)’, польск. kwakać ’крычаць (пра качак, жаб, варон)’, чэш. kvákati ’крычаць (пра качак, гусей, варон)’, славац. kvákať ’тс’, в.-луж. kwakać ’тс’, н.-луж. kwakaś ’тс’. Яшчэ прасл. kvakati ’крычаць (пра качак і варон)’. Гукапераймальнае. Параўн. укр. ква, квак (пра жаб), рус. ква, квак ’тс’, серб.-харв. ква‑ква (пра качак), славен. kva‑kva (пра жаб), балг. ква‑ква ’тс’ і г. д. Балтыйскія паралелі: літ. kvakė́ti ’крычаць (пра жаб), смяяцца’, лат. kvākt ’тс’. Улічваючы экспрэсіўнасць гэтых слоў, яны наўрад ці сведчаць аб балта-славянскай архаіцы. Да таго ж кароткі карэнны вакалізм у літ. паралелі не рэгулярны. Трэба таксама мець на ўвазе літ. kvatóti ’смяяцца’, пад уплывам якога kvakė́ti магло атрымаць другое значэнне і разам кароткі вакалізм (Бернекер, 655; Фасмер, 2, 217; ЕСУМ, 2, 413; Фрэнкель, 325).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аціля́кавацца ’надта марудзіць, абыякава адносіцца да справы’ (Янк. Мат.), ацялякаваць, ацялякавацца ’марудзіць’ (КСП), ацілягавацца ’марудзіць, нядбайна адносіцца да працы’ (КЭС, лаг.), ацялягвацца ’рабіць нешта павольна’ (мядз., Цыхун, вусн. паведамл.), аціляка ’марудная, павольная ў справе асоба’ (міёр., Крыўко, вусн. паведамл.). Магчыма, запазычанне з літоўскай мовы, параўн. atsilìkti, atsiliẽkti ’адстаць, адставаць’, зваротны прыставачны дзеяслоў ад lìkti, liẽka ’аставацца, астацца’, крыніцай запазычання магла быць форма 3‑й ас. адз. л. atsiliẽka (адносна апошняй формы гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 209), параўн. аціляка, з пазнейшым расшырэннем адыменнай дзеяслоўнай асновы суфіксам ‑ва‑, параўн. прастарэка ’балбатун’ — прастарэкаваць ’гаварыць лухту, балбатаць’, варыянтнасць у корані слова тлумачыцца фанетычна: а замест і ў выніку прыпадабнення складоў, г замест к як вынік азванчэння ў інтэрвакальным становішчы, параўн. дыял. стага́н, ’шклянка’ і інш. У карысць такой версіі сведчаць і лінгвагеаграфічныя даныя, аднак яны не пярэчаць і іншай версіі: ацялякавацца ад целекаваты, у сваю чаргу ўтворанага ад вядомага з гаворак на беларуска-літоўскім паграніччы і паўночна-ўсходніх польскіх гаворак цяляк (cielak) цяля; дурнаваты, няразвіты хлопец’, раней таксама ’пастух цялят; гультай, разява’. Больш праблематычнай здаецца сувязь з полац. цюлёгаць ’квэцаць, рабіць абы-як’ (Садоўскі, вусн. паведамл.), польск. ciulać ’марудна і абы-як рабіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руса́лка 1 ’міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў у выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце’ (ТСБМ), ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, руса́ўка ’тс’ (ТС). Укр. руса́лка (і ма́вка), рус. руса́лка, польск. rusałka, чэш., славац. rusalka, славен. rusalka (і vila), серб.-харв. ру́са̄лка (і вила), балг. руса́лка (і ви́ла, самоди́ва). Этымалогія цьмяная ў сувязі з налажэннем розных паняццяў і семантычнымі зменамі. Першаснай формай трэба прызнаць руса́ўка і значэнне ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, якія суадносяцца з ру́савы дзед (гл.). Форма руса́лка другасная, узнікла пры дапамозе субстантывуючага суфікса ‑ка ад руса́льны (дзень, тыдзень), параўн.: Русалка — дэнь такый (драг., Талстая, Полес., 214), прыметніка, утворанага ад русаллі (гл.). У далейшым назва міфалагізавалася і была перанесена на паганскія персанажы, што сімвалізавалі ахоўную функцыю (Той русаўкой пужалі дзецей, шчоб не ходзілі по жыці, ТС, 4, 336). Гл. Цыхун, БЛ, 57, 120.

Руса́лка 2 ’страказа’ (гом., Арх. ГУ), параўн. балг. руса́лка ’матылёк падзёнка, Ephemera vulgata’. Перанос назвы русалка 1 на насякомых, звязаных з вадой, па знешняму выгляду (“бухматасць”) і перыяду з’яўлення, блізкім да свята Тройцы. Мяркуецца, што яны сімвалізавалі душы памерлых продкаў, гл. Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табу́н ’статак жывёл, гурт’, ’чарада (птушак)’, ’натоўп’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Сцяшк., Цых., Сл. ПЗБ), ’гайня, зграя ваўкоў’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ’статак кароў і авечак на пашы’ (Жыв. св.), таўбу́н ’тс’ (Жд. 2), табуні́ць ’збіраць у адно месца’ (Сцяшк. Сл.), табуні́цца ’збірацца разам, збівацца ў табун, статак’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.), ’збірацца ў чараду (пра птушак)’ (ТС), ’гайняваць, знаходзіцца ў стане цечкі (пра ваўкоў)’ (валож., бялын., бых., Жыв. св.), табу́ніцца (пра кароў) (полац., ЛА, 1), ’збірацца ў чароды (пра птушак)’ (івац., ЖНС). Укр. табу́н, рус. табу́н, стараж.-рус. табун, польск. tabun ’статак коней або (радзей) быдла’, балг. табу́н, серб. та̀бӯн ’статак коней (жарабцоў)’. Польскае і паўднёваславянскія словы лічацца запазычаннямі з усходнеславянскіх моў. У апошніх — з цюркскіх; звычайна параўноўваюць з адзначанымі Радлавым (Опыт, 3, 1, 978) тат., чагат. табун ’статак (коней)’ і дададзеным Фасмерам (4, 7) крым.-тат. табым ’табун; натоўп’, якія далей супастаўляюцца з манг. tabun ’пяць’, што звязваецца з пяццю відамі жывёл у статках манголаў (Анікін, 520). Чарных (2, 223), аднак, зазначае, што ў сучасных цюркскіх мовах гэта вельмі рэдкія словы, у старажытнацюркскіх тэкстах яны не знойдзены, таму не маюць надзейнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трася́нка 1 ‘стрэсенае сена з саломай, якое ідзе на корм жывёле’ (ТСБМ; докш., Янк. Мат., Варл.; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вруб., Брасл. сл., Лекс. Бел. Палесся; дрыс., Яшк. Мясц.; гродз., мін., віц., ЛА, 2), трасяни́ца ‘тс’ (пін., ЛА, 2), трасе́нка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), трэ́сенка ‘тс’ (бяроз., ЛА, 2); сюды ж страся́нка ‘тс’ (гарад., віц., мядз., леп., ЛА, 2). Параўн. укр. дыял. трясани́ця, трясени́ця ‘салома з сенам’, балг. тра́сени́на, тра́сени́ца ‘тс’, а таксама рус. дыял. тряха́нка ‘тс’, дзе, паводле Талстой (Зб. Жураўлёву, 356), адзначана варыянтнасць каранёвых с/х, параўн. траха́ць ‘трэсці’ (гл.). Утворана ад дзеепрыметнікавай формы дзеяслова трэсці (гл.) і прыставачнага ўтварэння страса́ць ‘змешваць трасучы’ (гл. трасці). Адносна балгарскіх формаў выказваецца меркаванне аб іх праславянскім паходжанні, паколькі яны звязаны са спецыфікай догляду за жывёлай з даўніх часоў (Тадораў, Слов. етим., 406). Гл. таксама трушанка.

Трася́нка 2 ‘змешанае беларуска-рускае маўленне’ (ТСБМ, Улас.), трасʼанка ‘моўная блытаніна’ (“językowy galimatias”, Вруб.). Метафарычнае ўтварэнне на базе трася́нка 1, аналагічнае ўкр. су́ржык ‘украінска-рускае змешанае маўленне’ (гл. суржык). Актывізацыя ўжывання ў 80‑я гады XX ст. прыпісваецца З. Пазняку (Рамза, Беларуская думка, 2010, 7, 113), аднак слова ў такім значэнні ўжывалася і раней (Свобада, Беларуска, 30, 192; Запрудскі, Arche, 2009, 11–12, 176).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысце́н 1, трысце́нь ‘прыбудова да хаты з трох сцен’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Жд. 1, Нар. Гом., Вушац. сл., Варл.; докш., Янк. Мат., Бяльк., Мат. Гом., Др.-Падб.), ‘прыбудоўка з трыма сценамі да хаты, аддзеленая ад яе сеньмі, якая служыць за камору’ (Кліх), трысьце́н ‘сенцы’ (круп., ЛА, 4), трысце́нка ‘прыбудова да хаты з трох сцен’ (Жд. 1), трысце́нак, трысце́ннік ‘тс’ (Сцяшк., Ян.; глус., Янк. Мат., Жд. 1; віл., Жыв. сл., Янк. 2; ст.-дар., ЖНС), трысце́нік ‘тс’ (астрав., Сл. ПЗБ); трысцён (снапоў) ‘старана ў гумне, заложаная снапамі аднаго віду збожжа’ (бых., ЛА, 5), трысце́нак ‘хлеў’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.; шчуч., З нар. сл.), ст.-бел. тристенъ ‘прыбудова з трох сцен’ (1754 г., ПГС), хлѣвок тристенный (1591 г., ГСБМ). Як паказвае старабеларускае словазлучэнне, лексема трысцен(ь) — вынік семантычнай кандэнсацыі на базе тры (гл.) і сцяна (гл.). Лексічныя адпаведнікі ёсць у літоўскіх і латышскія гаворках: літ. trisiẽnis ‘старана ў гумне’, trisiẽnis, trusiẽnis ‘прылазнік’, лат. trisienis, trisens, trisiens(is), trisins ‘зруб калодзежа’; усе яны ўзыходзяць да trỹs ‘тры’ + síenis ‘сцяна’, ‘мяжа’. Параўн. таксама літ. trìsienis ‘трохграннік’, trisiẽnis ‘трохгранны’.

Трысце́н 2, трысьце́нак ‘трохграннік’ (Байк. і Некр.). Калька з польск. trójścian ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

bundle

[ˈbʌndəl]

1.

n.

1) вя́зка f.; зьвя́зак -ку m., но́шка f.

a bundle of firewood — вя́зка, но́шка дро́ваў

2) па́чак -ка, клу́нак -ка m.

3) пук -а́ m., пучо́к -ка́ m.

a bundle of nerves — клубо́к нэ́рваў (пра нэрво́вага чалаве́ка)

2.

v.t.

1) вяза́ць, зьвя́зваць у вя́зкі, клу́нкі

2) адсыла́ць, адпраўля́ць сьпе́хам

They bundled me off to the hospital — Яны́ сьпе́хам адпра́вілі мяне́ ў шпіта́ль

3.

v.i.

вы́йсьці або́ вы́ехаць сьпе́хам

•

- bundle up

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)