«БЕЛАРУ́СКАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ І РА́ДЫЁ»,

штотыднёвая газета. Выдаецца з 1957 у Мінску на бел. мове. Да 1960 наз. «Гаворыць Мінск», у 1960—70 — «Беларускае радыё і тэлебачанне», з 1970 сучасная назва. Друкуе тэле- і радыёпраграмы, якія трансліруюцца і рэтрансліруюцца на Беларусі па 19 каналах, анонсы тэле- і радыёперадач, інтэрв’ю з іх удзельнікамі і стваральнікамі, тэхн. кансультацыі і інш.

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ГА,

бел. традыцыйная страва; малочная поліўка (паранае малако, разведзенае вадой), з якой елі густы кісель. У пост або калі не было малака валогу рабілі з тоўчанага канаплянага семя. Яго залівалі вадой, шалупінне асядала на дно, а зверху адстойвалася валога — «бы малако». Валогу рабілі найчасцей у Цэнтр. Палессі. У некаторых раёнах Беларусі валога — закраса з масла (кашу «заваложвалі»).

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНТРАБЯ́НКА,

традыцыйны бел. мясны выраб. Лакальная назва патрашанка. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць або падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сутак прыціскаюць гнётам. Ядуць халодную. На З Беларусі вантрабянку называюць сальцісонам.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНЦЯ́Н Вачаган Унанавіч

(14.5.1913, с. Зак Ахалкалакскага р-на, Грузія — 1.8.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Камандзір кулямётнага разліку сяржант Ванцян вызначыўся 23.6.1944 у час прарыву варожай абароны каля г.п. Шуміліна Віцебскай вобл.: знішчыў 3 кулямётныя пункты, адбіў 2 контратакі ворага, падбіў танк. Загінуў у баі каля р. Мемеле (Літва).

т. 3, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЦКІ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1904—13 у в. Васілевічы Рэчыцкага пав. (цяпер горад у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл.). Вырабляў чаўнакі, бабіны, паганялкі для прадзільных і ткацкіх ф-к Расіі. У 1913 меў паравы рухавік (100 к.с.), працавала 120 рабочых. На міжнар. выстаўках у Бруселі (1905) і Бесарабіі (1912) прадукцыя адзначана залатымі медалямі.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШКЕ́ВІЧ Іван Іванавіч

(н. 1.10.1937, в. Ганалес Мінскага р-на),

бел. акцёр, тэатр. дзеяч. Засл. работнік культуры Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). З 1964 акцёр Бел. драм. т-ра імя Я.Коласа, з 1969 заг. аддзела культуры Віцебскага гарвыканкома, на парт. рабоце ў Віцебску і Мінску. З 1982 дырэктар Нац. акад. драм. т-ра імя Я.Купалы.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІЖЖЭ́, Веліж’я,

возера ў Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., у пойме р. Прыпяць, за 11 км на У ад г. Петрыкаў. Пл. 0,23 км², даўж. 1,65 км, найб. шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, пясчаныя, пад хмызняком. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя. Злучана ручаём з р. Скалодзіна.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЯМІ́ЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПнУ ад г. Столін, 295 км ад Брэста, 47 км ад чыг. ст. Гарынь. 2004 ж., 685 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Веляміцкая Ільінская царква. Каля вёскі група археал. помнікаў Велямічы.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАМЕ́ЙКІ,

вёска ў Беларусі, у Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл., чыг. ст. на лініі Крычаў—Магілёў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на Пн ад г. Чэрыкаў, 69 км ад Магілёва. 1645 ж., 633 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан і сав. актывістаў.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІР,

водаварот, кругавы лейкападобны рух вады ў паверхневым слоі на асобных участках вадаёмаў або рэк. Узнікае пры зліцці плыняў вады, пры абцяканні выступаў берага або пры рэзкім расшырэнні рэчышча. Можа быць пастаянным або часовым. Марскія віры ўтвараюцца ў месцах сутыкнення прыліўна-адліўных хваль з цячэннямі. Вір — небяспечнае месца; на тэр. Беларусі вада ў віры доўга не замярзае.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)