ПАРЫ́ЖСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1947.

Падпісаны 10 лют. ў Парыжы паміж дзяржавамі-пераможцамі ў другой сусветнай вайне 1939—45 і б. саюзнікамі Германіі ў Еўропе (Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Фінляндыяй). Набылі сілу 15.9.1947. Падрыхтаваны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 у ходзе працы Савета міністраў замежных спраў (засн. на Патсдамскай канферэнцыі) і Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946. Дагаворы з б. саюзнікамі Германіі падпісвалі тыя краіны, што былі з імі ў стане вайны (з Італіяй — 20 дзяржаў, што абвясцілі ёй вайну, з Фінляндыяй — 10, з Румыніяй, Балгарыяй і Венгрыяй — адпаведна 11, 12 і 12); ад імя ўрада БССР усе 5 дагавораў падпісаў міністр замежных спраў К.В.Кісялёў. Пастановы мірных дагавораў ліквідавалі тэр. набыткі б. саюзнікаў Германіі. Італія прызнала суверэнітэт Албаніі і Эфіопіі, акупіраваныя ёй Дадэканескія а-вы вярталіся Грэцыі, Юлійская Крайна (акрамя Трыеста) перадавалася Югаславіі, а Трыест з прылеглай да яго невял. вобласцю быў абвешчаны «свабоднай тэр.» (у 1954 паводле італа-югасл. пагаднення зах. частка «свабоднай тэр.» разам з г. Трыест адышла да Італіі, а Усх. — да Югаславіі). Італія пазбаўлялася сваіх афр. калоній — Лівіі, Эрытрэі і Італьян. Самалі. Былі скасаваны Венскія арбітражы 1938 і 1940. Венгрыя вяртала ч. Трансільваніі, Румыніі, а Фінляндыя вобласць Петсама (Печанга) — Сав. Саюзу. На перададзенай Сав. Саюзу ў арэнду на 50 гадоў тэр. Поркала-Уд на паўн. узбярэжжы Фінскага заліва (недалёка ад Хельсінкі) стваралася сав. ваенна-марская база (у 1955 сав. ўрад датэрмінова адмовіўся ад арэнды Поркала-Уд). Паліт. пастановы абавязвалі Італію, Венгрыю, Румынію, Балгарыю, Фінляндыю забяспечыць сваім грамадзянам асн. дэмакр. правы і свабоды, забаранялі адраджэнне і дзейнасць фаш. арг-цый, прадугледжвалі прыцягненне да суда ваен. злачынцаў. Гэтым краінам дазвалялася мець для мэт абароны абмежаваную колькасць узбр. сіл, але забаранялася вырабляць атамную і інш. зброю масавага знішчэння. Эканам. раздзелы дагавораў прадугледжвалі выплату адпаведнымі краінамі рэпарацый ахвярам экспансіі: Сав. Саюзу, Албаніі, Грэцыі, Югаславіі, Чэхаславакіі і Эфіопіі. П.м.д. спрыялі ўрэгуляванню адносін паміж дзяржавамі пасля 2-й сусв. вайны.

т. 12, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

форма колькаснага і якаснага абазначэння гіст. развіцця ў часе. Тыпалагічна адрозніваюць П.г. лінейную, што прадугледжвае падзел гісторыі на раўназначныя па сваіх маштабах і глыбіні ступені, кожная наступная з якіх вырастае з папярэдняй, і іерархічную, што выражаецца ў супадпарадкаванні асобных з’яў і этапаў развіцця, якія з’яўляюцца ч. больш агульнага і складанага працэсу (напр., сярэднявечча, ранняе сярэднявечча). Самая стараж. П.г. ўзыходзіць да ўсх. і грэчаскай міфалогіі, якая разглядала гісторыю чалавецтва як паступовы пераход ад самага шчаслівага — «залатога» да самага заняпалага і адсталага — «жалезнага веку». Як альтэрнатыва ёй у Стараж. Грэцыі ўзнікла ўяўленне аб культ. прагрэсе чалавецтва і яго паступальным руху да нейкай ідэальнай мэты. Гэтай ідэяй была прасякнута іудзейска-хрысціянская канцэпцыя гісторыі. У эпоху Адраджэння (14—16 ст.) еўрап. гуманісты зрабілі першую спробу ўсеагульнай перыядызацыі гісторыі. У 17 ст. канчаткова склалася класічная схема трохчасткавай еўрап. гісторыі: «Стараж. свет — Сярэднія вякі — Новы час», якая пазней у мадыфікаваным выглядзе пераўтворана ў «рабаўладанне—феадалізм—капіталізм» і была пашырана на гісторыю ўсяго чалавецтва. Паводле традыцыі, што склалася ў гіст. навуцы, развіццё нееўрап. свету таксама падзяляецца ў адпаведнасці з рамкамі еўрап. гісторыі. Разам з тым гісторыя нееўрап. свету не ўпісваецца нават у самую агульную трохчленную схему еўрап. гістарыяграфіі, паколькі дынаміка яго развіцця ў адрозненне ад лінейна-прагрэсіруючай еўрапейскай мела спіралепадобную цыклічнасць. У бел. гістарыяграфіі існуюць 2 асн. падыходы да П.г. нац. гісторыі: т.зв. дзяржаўніцкі і фармацыйны. Першы з іх аформіўся ў 1-й чвэрці 20 ст. ў працах В.Ю.Ластоўскага і У.М.Ігнатоўскага, якія, грунтуючыся на дзярж. прыналежнасці, вылучалі ў яе гісторыі полацкі, літоўска-бел. (ВКЛ), польскі (у складзе Рэчы Паспалітай), рас. і сав. перыяды. У 1940—80-я г. ў бел. гістарыяграфіі панавала фармацыйная канцэпцыя П.г. Зараз у даследаваннях многіх бел. гісторыкаў незалежна ад іх паліт. арыентацыі назіраецца прысутнасць дзяржаўніцкага прынцыпу.

У.​С.​Кошалеў.

т. 12, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),

італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян. літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.​Баршчэўскі, Ю.​Гаўрук, М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974;

Сонеты. Мн., 1982;

Эстетические фрагменты. М., 1982;

Лирика. М., 1989;

Африка: Поэма. М., 1992;

Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;

Сочинения философские и полемические. М., 1998.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;

Франческо Петрарка: Библиогр. указ. М., 1986.

Ф.Петрарка.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНАМПЕ́НЬ,

горад, сталіца Камбоджы, на р. Меконг, каля ўпадзення ў яе прытока Танлесап. 984 тыс. ж. (1994). Рачны порт, даступны для марскіх суднаў. Вузел аўтадарог. Чыгункай злучаны з портам Кампонгсаам і Бангкокам (Тайланд). Міжнар. аэрапорт. Гал. паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: дрэваапр., тэкст., харч. (рысаачыстка, вытв-сць пальмавага алею, цукру і інш.), харчасмакавая, мылаварная, тытунёвая. Прадпрыемствы па суднарамонце, аўтазборцы. ЦЭС. 3 ун-ты. Вышэйшая тэхн. школа. Школа выяўл. мастацтваў і музыкі. Музеі: археалогіі і гісторыі, Каралеўскі палац «Сярэбраная пагада» і інш.

Засн. каля 1372 пад наз. Чадамук. У 1434 кхмерскі кароль Понья Ят перанёс сталіцу з г. Ангкор у Чадамук (пазней стаў называцца П.). Тут пабудаваны гар. ўмацаванні, каралеўскі палац і будыйскія храмы. П. не страціў эканам. значэння і пасля пераносу сталіцы ў гарады Лавек (1528) і Удонг (1623). У 1866 П. зноў стаў сталіцай. Тут былі размешчаны цэнтр. ўстановы франц. адміністрацыі пратэктарата Камбоджы. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі. У 1945 П. занялі франц. войскі на чале з ген. Ф.​М.​Леклеркам. З 1953 П. — сталіца незалежнай Камбоджы.

Радыяльная структура цэнтра (склалася ў 2-й пал. 19 ст.) спалучаецца з прамавугольнай сеткай прылеглых раёнаў. Цэнтр горада забудаваны віламі, 2—4-павярховымі дамамі еўрап. тыпу з крамамі і канторамі, ускраіны — лёгкімі драўлянымі жылымі дамамі. Самае стараж. збудаванне П. — ват (манастыр) Пном са ступай 15 ст. Сярод пабудоў 19—20 ст.: комплекс Каралеўскага палаца (2-я пал. 19 — пач. 20 ст., цяпер музей), «Сярэбраная пагада», Нац. музей (1917—20), крыты рынак (1936), бальніца (1956—60, рас. арх. Н.​Якабсон і інш.), помнік Незалежнасці (1960), зала канферэнцый Чадамук (1961), Нац. спарт. комплекс (усе арх. Ванмаліван), Вышэйшы тэхнал. ін-т (рас. арх. С.​Міхайлаў, А.​Мачалаў, В.​Навумаў; абодва 1962—64).

Каралеўскі палац у Пнампені 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.

т. 12, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, якая склалася ў 11 ст. ў Полацкім княстве ў час яго эканам. і паліт. ўздыму. Сфарміравалася ў культавым буд-ве на аснове пераасэнсавання традыцый візант. архітэктуры пад уплывам першага манум. збудавання на тэр. Беларусі — Полацкага Сафійскага сабора. Найб. росквіту дасягнула ў 12 ст. Для П.ш.д. характэрна муроўка з плінфы «са схаваным радам», якая ўтварала двухколерную гаму паверхні сцяны, радзей — з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). Школа творча развіла адзін з кірункаў візант. царк.-буд. традыцыі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда (бакавыя знадворку не выяўлены і часцей схаваны ў тоўшчы алтарных сцен). Асн. тып культавых збудаванняў: 1-нефавыя бесслуповыя з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра) 3-нефавыя 6-слуповыя з 3 апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра); трохнефавыя 4- або 6-слуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (храм-пахавальня Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Віцебская Благавешчанская царква, Барысаглебская царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра). У шэрагу храмаў меліся абходныя галерэі. Для некат. помнікаў П.ш.д. характэрна размяшчэнне падкупальнага квадрата не над усх., а над зах. парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла і канструкцыйна-дэкар. сістэма перакрыцця падкупальнага квадрата ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастамента барабана гал. купала, аздобленага звонку 3-лопасцевымі аркамі. Прадстаўнік П.ш.д. дойлід Іаан — аўтар Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Мяркуюць, што полацкія дойліды ўдзельнічалі ў буд-ве Навагрудскай Барысаглебскай царквы, будавалі ў Ноўгарадзе (царква на Сінічай гары) і Смаленску. П.ш.д. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё архітэктуры Беларусі, на Смаленскую школу дойлідства, а таксама Маскоўскую школу дойлідства і Пскоўскую школу дойлідства.

Ю.​А.​Якімовіч, Г.​А.​Лаўрэцкі.

Да арт. Полацкая школа дойлідства. Благавешчанская царква ў Віцебску. Здымак пасля рэстаўрацыі.

т. 12, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМО́ВА,

напісанае аўтарам, рэдактарам або іншай асобай слова да чытача, якое змяшчаецца ў пачатку кнігі ці асобнай публікацыі для лепшага іх разумення.

Заснавальнік П. на Беларусі — Ф.​Скарына: гуманіст.-асветніцкія, навуч.-пазнавальныя П. да асобных кніг Бібліі. Некат. П. адрасаваны ці прысвечаны мецэнатам [напр., прадмова Міколы Гусоўскага да кн. «Песня пра зубра» (1523) адрасавана каралеве Боне). У выданні Статута ВКЛ 1588 у якасці П. змешчана прамова Л.​Сапегі на Варшаўскім сейме. У асобных кнігах ролю П. выконвалі вершаваныя эпікграмы. У 16—17 ст., у часы вострай ідэалаг. барацьбы і рэліг. палемікі, П. мелі пераважна сінкрэтычны характар, былі сродкам выражэння надзённых пытанняў грамадска-паліт. жыцця, важных праблем развіцця культуры, поглядаў і імкненняў прадстаўнікоў розных сац. груповак і рэлігійных кірункаў, грамадзянскага, нац. і эстэт. крэда іх аўтараў (П. С.​Буднага, В.​Цяпінскага да асобных твораў палемічнай і перакладной л-ры). У П. таго часу — зародкі бел. філалогіі, крытыкі, літ.-знаўства і публіцыстыкі. Важную ролю ў развіцці бел. л-ры і грамадскай думкі 19 — пач. 20 ст. адыгралі П. Я.​Чачота, Р.​Падбярэскага, Ф.​Багушэвіча, Цёткі і інш. пісьменнікаў.

У сучаснай л-ры П. не мае цвёрдых, выразна акрэсленых жанравых прыкмет. Паводле формы і стылю П. самыя разнастайныя — ад кароткіх дзелавых анатацый да разгорнутых артыкулаў. Бываюць П. ад аўтара, рэдактара, укладальніка, перакладчыка, рэдкалегіі і інш. У залежнасці ад характару і прызначэння выдання (збор твораў, навук. манаграфія, зборнік артыкулаў, слоўнік, публікацыя помніка пісьменнасці і інш.) у П. падаецца сціслая інфармацыя пра змест і гісторыю ўзнікнення, аўтара, раскрываюцца прынцыпы і мэты выдання і інш. П., як правіла, суправаджаюцца першыя публікацыі ў газеце, часопісе. У выданнях тыпу хрэстаматый ці анталогій, апрача агульнай П., нярэдка падаюцца і кароткія П. да кожнай публікацыі помніка пісьменнасці, урыўка з буйнога твора або твораў пісьменніка. Ролю П. часам выконваюць пасляслоўі.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУС (Prus) Баляслаў [сапр. Главацкі

(Głowacki) Аляксандр; 20.8.1847, г. Грубешаў, Польшча — 19.5.1912], польскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Гал. школе ў Варшаве (1866—68). З 1873 супрацоўнічаў у газетах і часопісах, у 1882—83 рэдактар час. «Nowiny» («Навіны»). Друкаваўся з 1872. Зазнаў уплыў польскага пазітывізму. Аўтар рэаліст. аповесцей «Анелька», «Зваротная хваля» (абедзве 1880),

«Фарпост» (1885), у якіх крытыка шляхты, жыццё рабочых, барацьба сялян супраць ням. каланізацыі. Жыццё чалавека з сац. нізоў, лёс дзіцяці і яго ўяўленне аб навакольным свеце ў навелах «Міхалка» (1880), «Антак» (1881), «Камізэлька» (1882), «Грахі маленства» (1883) і інш. Вяршыня яго рэаліст. творчасці — сац.-псіхал. раман «Лялька» (1887—89, экранізацыя 1968), у якім аналіз грамадскага і духоўнага жыцця Польшчы 19 ст., разнастайнасць характараў, банкруцтва ідэй пазітывізму, а таксама рамант. ілюзій. У сац.-быт. рамане «Эмансіпіраваныя жанчыны» (1890—93) карціна жыцця Варшавы і правінцыі, багацце псіхал. і прафес. тыпаў жанчын. Гісторыка-філас. раман «Фараон» (1895—96, экранізацыя 1966) адметны маст. дасканаласцю; на фоне паліт. барацьбы за ўладу ў Егіпце ў 11 ст. да н.э. вырашаюцца праблемы сучаснасці. Аўтар раманаў «Дзеці» (1908), «Перамены» (1911), літ.-крытычных прац. Стварыў арыгінальную форму «Хронік» (т. 1—20, выд. 1954—70). Яго творчай манеры ўласцівы спалучэнне псіхал. і сац. аналізу, гумар, лірызм, канкрэтнасць і пластычнасць апісанняў. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.​Брыль, П.​Бітэль, М.​Чарнецкі.

Тв.:

Pisma. T. 1—29. Warszawa, 1948—52;

Listy. Warszawa, 1959;

Wybór pism. T. 1—10. 5 wyd. Warszawa, 1974—75;

Бел. пер. — Міхалка. Мн., 1930;

Грахі маленства: Апавяданні. Мн., 1981;

На канікулах // Далягляды, 1987. Мн., 1987;

Рус. пер.Соч. Т. 1—7. М., 1961—63.

Літ.:

Szweykowski Z. Twórczość Bolesława Prusa. 2 wyd. Warszawa, 1972;

Pieścikowski E. Nad twórczością Bolesława Prusa. Poznań, 1989.

С.​Дз.​Малюковіч.

Б.Прус.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАЕ́ННЫ АРХІ́Ў у Маскве.

Засн. ў 1920 як Архіў Чырв. Арміі пры Ваен.-гіст. камісіі Усерас. Гал. штаба ў якасці ведамаснага архіва. У 1921 перададзены ваен.-марской секцыі Адзінага дзярж. архіўнага фонду, з 1925 самастойны дзярж. архіў, з 1933 Цэнтр. архіў Чырв. Арміі, з 1941 Цэнтр. дзярж. архіў Чырв. Арміі, з 1958 Цэнтр. дзярж. архіў Сав. Арміі, з 1992 сучасная назва. 32 817 фондаў, З 393 110 адзінак захоўвання за 1917—91 (асобныя дакументы з 1877). Зберагае матэрыялы па гісторыі стварэння і дзейнасці сав. узбр. сіл за гады грамадз. вайны і да 1940, пагранічных і ўнутр. войск за 1918—91, асабістыя фонды вядомых ваен. дзеячаў. Захоўвае фонды Наркамата па ваен. справах (1917—18), Штаба Вышэйшага ваен. савета (1918), Усерас. гал. штаба (1918—21), РВС СССР (1918—30), Штаба РСЧА (1920—24), Палявога штаба Рэўваенсавета РСФСР (1917—21), Канцылярыі галоўнакамандуючага Ўзбр. сіламі (1918—24), Усерас. бюро ваен. камісараў (1917—20), Паліт. ўпраўлення пры Рэўваенсавеце (1918—30), упраўленняў Зах., Паўд.-Зах., Паўн., Туркестанскага, Усх. і Паўд. франтоў і падначаленых ім армій, стралк. і кав. карпусоў, дывізій, дакументы фарміраванняў белай арміі. Гісторыя войск спец. прызначэння прадстаўлена ў фондах Усерас. Надзвычайнай Камісіі, Наркамата ўнутр. спраў, Мін-ва ўнутр. спраў, Мін-ва дзярж. бяспекі за 1918—91 і пагранічных войск з 1918. Захоўвае фонды Гал. ўпраўлення ваен.-навуч. устаноў (1917—24), ваен. акадэмій, школ і курсаў, упраўленняў ваен. акруг, у т. л. Мінскай (1918), Зах. (1918—20, 1940), Бел. (1926—40), Наркамата па ваен. справах БССР (1920—24) і Бел. ваен. камісарыята (1924—25); вайск. аб’яднанняў, злучэнняў, камандаванняў арм. карпусоў, дывізій і часцей Чырв. Арміі за 1918—41 і інш.

Літ.:

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 176—179;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

т. 13, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЗЕВІЧ (Леапольд Іванавіч) (12.6.1895, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 1938?),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Брат Ч.​І.​Родзевіча. Вучыўся ў Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду (1923—24). З 1910 у Вільні, уключыўся ў бел. культ.-асв. і грамадскі рух. Удзельнічаў у Беларускім музычна-драматычным гуртку, выступаў у Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. У 1917 мабілізаваны ў армію. У час польск. акупацыі 1919—20 працаваў пісарам Бел. вайсковай камісіі ў Мінску. З прыходам сав. улады ў апараце Наркамата земляробства БССР, потым пераехаў у Вільню. У 1921—23 кіраваў Беларускай драматычнай майстроўняй, рэдагаваў газ. «Беларускі звон», «Наша будучыня». У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), чл. яе ЦК. У 1923 арыштаваны польск. ўладамі. Адзін з ініцыятараў аб’яднання БРА з КПЗБ; з 1923 чл. ЦК КПЗБ. З 1924 сакратар Гродзенскага акр. к-та КПЗБ. У 1925—33 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг», час. «Бальшавік». На II канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) далучыўся да сэцэсіі. З восені 1925 у Мінску, кіраваў замежнай рэдакцыяй прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, быў рэдактарам «Бюлетэня ЦК КПЗБ», членам Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. У 1933 арыштаваны па справе т.зв. Бел. нац. цэнтра. Да 1938 знаходзіўся ў Саратаве. У 1938 паўторна арыштаваны (дакладныя дата і месца смерці невядомы). Рэабілітаваны ў 1956. Аўтар драм «Блуднікі» (1912, надрук. ў 1960), «Пакрыўджаныя» (1916, надрук. ў 1921), вадэвіляў, у т. л. «Збянтэжаны Саўка» (1921), «Багаты і бедны» (1922), паэт. зб-каў «Беларусь» (1922), «На паняволеных гонях» (1928) і інш.

Літ.:

Хаўратовіч І. Ён заслужыў добры ўспамін аб сабе // Полымя. 1965. №9;

Ліс А. Паміж літаратурай і палітыкай: драма аднаго рамантыка // Спадчына. 1997. №3. Bergman A. Leopold Rodziewich // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej Warszawa, 1984.

А.​М.​Вабішчэвіч.

Л.І.Родзевіч.

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.​І.​Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.​Д.​Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.​І.​Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр. нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч. тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн. км² з насельніцтвам больш за 50 млн. чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр. укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.

Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, І.​М.​Серада, А.​І.​Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр. укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел. нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач. ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас. ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.

У.​Е.​Снапкоўскі.

Да арт. Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)