вёска ў Велікаборскім с/с Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 25 км ад г. Хойнікі, 120 ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Партызанская. 1239 ж., 418 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.
Вядома з 16 ст., вёска ў Кіеўскім ваяв. Каралеўства Польскага. Знаходзілася ва ўладанні Парышэвічаў, Шуйскіх, Прозараў і інш. З 1793 у Рас. імперыі, сяло Хойніцкай вол. Рэчыцкага пав. У 1866 адкрыта нар. вучылішча. У 1886 — 527 ж., 58 двароў, царква, млын. З 1919 у РСФСР, з 1926 у БССР. У Вял.Айч. вайну 3.6.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, расстралялі і спалілі 36 яе жыхароў. У 1970 — 1120 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІКО́ЎСКІ ((Dunikowski) Ксаверы Францішак) (24.11.1875, г. Кракаў, Польшча — 26.1.1964),
польскі скульптар, мастак. Скончыў Кракаўскую АМ (1903), з 1930 яе прафесар. Прафесар Дзярж. вышэйшай школы пластычных мастацтваў у Вроцлаве (з 1959). Творчасць Д. зазнала ўплыў сімвалізму (цыкл «Чалавек», 1898—1905), кубізму («Надмагілле Баляслава Смелага», 1917—20), Майстар партрэтаў (А.Міцкевіч, 1908, і інш.). У 1925—29 выканаў для Вавельскага замка ў Кракаве серыю «Вавельскія галовы». У 1940-я г. стварыў «Пантэон польскай культуры». Аўтар помніка Ю. Дзятлу ў Кракаве (1937—39), мемар. манументаў «Помнік паўстанцам» каля г. Аполе (1946—52), «Помнік вызвалення зямлі Варміньскай і Мазурскай» у Ольштыне (1949—53). Дзярж. прэміі Польшчы 1948, 1955.
К.Дунікоўскі. Адам Міцкевіч. З серыі «Вавельскія галовы». 1925—29.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНАЯ РУ́СКАЯ РА́ДА,
украінская нац.-культ. і паліт.арг-цыя ў Аўстр. імперыі ў 1848—51. Створана ў Львове прадстаўнікамі ўкр. інтэлігенцыі і уніяцкага духавенства ў час рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі. Мела філіялы. Паводле праграмнага дакумента рады — адозвы да ўкр. народа ад 10.5.1848 — галіцыйскія ўкраінцы ўпершыню афіцыйна абвешчаны часткай укр. народа. Дамагалася нац.-культ. аўтаноміі ўкраінцаў у складзе Аўстр. імперыі, выкладання ў нар. школах на ўкр. мове і інш. Стварыла культ.-асв.т-ва, адкрыла Нар. дом у Львове, правяла з’езд дзеячаў укр.культуры, выдавала першую ў Галіцыі ўкр.газ. «Зоря галицька». Распушчана аўстр. ўладамі.
Літ.:
Косачевская Е.М. Восточная Галиция накануне и в период революции 1848 г. Львов, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА, Аўхар,
протадзяржава, якая існавала ў Зах. Афрыцы на тэр. сучасных Маўрытаніі (паўд.ч.) і Малі (зах.ч.) у 4—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 8 ст. Сталіца — г. Кумбі-Сале. Этн. аснова — народ санінке. Мела армію ў 200 тыс.чал., у т. л. 40 тыс. лучнікаў. Была буйнейшым пастаўшчыком золата ў краіны Магрыба. Правіцелі Ганы кантралявалі транзітны гандаль золатам і соллю, абкладалі яго высокай пошлінай. У 1076 сталіцу Ганы заваявалі Альмаравіды. У выніку паўстання 1087 краіна вызвалілася, аднак у хуткім часе пачаўся яе распад. У 1240 Гана канчаткова трапіла пад уладу протадзяржавы Малі. Ад гіст. Ганы назва сучаснай дзяржавы Гана.
Літ.:
Куббель Л.Е. «Страна золота» — века, культуры, государства. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧО́К,
гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш. Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ (Фадзей Уладзіслававіч) (1858, каля г. Пінск — ?),
бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1873—77), у Кракаве ў Я.Матэйкі. У 1907 выкладаў арнаментыку ў Вышэйшай школе заахвочвання мастацтваў у Пецярбургу. Пісаў кампазіцыі на гіст. тэмы і пейзажы («Прысяга князя», «Лясная глуш»). Аўтар серыі малюнкаў гербаў бел. гарадоў для «Гербоўніка літоўскага», які публікаваўся ў пач. 20 ст. ў віленскіх час. «Kwartalnik Litewski» («Квартальнік літоўскі») і «Litwa i Rus» («Літва і Русь»). Вядома яго графічная серыя партрэтаў польскіх каралёў (Леха, Крака, Мешкі II, Пяста і інш.), гіст. асоб (Т.Касцюшкі, Напалеона) і дзеячаў культуры (А.Міцкевіча і інш.).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ-МУЗЕ́Й I З’ЕЗДА >РСДРП.
Адкрыты ў 1923 у Мінску ў доме, дзе ў 1898 адбыўся Першы з’езд РСДРП. У першыя дні Вял.Айч. вадны дом згарэў. У 1948 адноўлены. У 1953 перамешчаны бліжэй да р. Свіслач. У залах музея 292 экспанаты (1997), у т. л. дакументы і матэрыялы пра ўзнікненне і дзейнасць першых с.-д. груп у Расіі, жандарскія і паліцэйскія данясенні пра 1 з’езд РСДРП, фотаздымкі дэлегатаў з’езда і матэрыялы пра іх далейшы лёс, «Маніфест Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі» (выд. ў 1898 у Бабруйску) і інш. У мемар. пакоях адноўлена абсталяванне кватэры чыг. служачага мінскага сацыял-дэмакрата П.В.Румянцава. З 1992 філіял Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах.ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАМЫ́СЛІ,
вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., на р. Чарніца. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад г.п. і чыг. ст. Лёзна, 55 км ад Віцебска. 1236 ж., 466 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1749. З 1772 цэнтр воласці ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ. З пач. 1830-х г. мястэчка. У 1860 у Дабрамыслях 350 ж., у 1910 — 646 ж., 215 двароў, нар. вучылішча, царква, яўр. малітоўны дом, 5 хлебных крам, млын. З 1924 цэнтр сельсавета ў Лёзненскім р-не. У 1971 у Д. 425 ж., 146 дамоў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П (Heliotropium),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 220 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных абласцях, радзей на Пн умеранага пояса. Растуць на камяністых мясцінах, сухіх схілах, часта на саланцах і сметніках. Некат. віды — геліятроп еўрапейскі (H. europaeum) і шарсцістаплодны (H. lasiocarpa) — ядавітыя (маюць алкалоід цынагласін, які выклікае ў жывёлы параліч нерв. сістэмы). У культуры, у т. л. на Беларусі, вядомы дэкар. сарты з прыемным пахам геліятропа перувіянскага (H. peruvianum) і шчыткападобнага (H. corymbosum).
Кусты, паўкусты і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаванымі сцёбламі. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пахучыя (маюць пахучы эфірны алей), сабраныя ў завіткі; вяночак белы ці фіялетавы, з кароткай трубачкай і 5-раздзельным адгінам. Плод — чатырохарэшак.