По́лах ’спалох, перапуд, пярэпалах’ (Др.-Падб., Гарэц., Яруш., Нас., Касп.). Укр. поло́х ’страх’, рус. поло́х ’тс’, н.-луж. płoch ’тс’, сюды ж чэш., славац. plachý ’палахлівы; нясмелы’, славен. plah ’нясмелы’, серб.-харв. пла̏х ’хуткі, рэзкі’, балг. плах ’нясмелы, палахлівы; страх’. Прасл. *polxъ, магчыма, роднаснае грэч. πάλλω ’ўзбуджаю, уражваю’ (Фасмер, 3, 317). Паводле Сноя (448; гл. таксама SR, 35, 3, 269–275), узыходзіць да і.-е. *polo‑ ’страх’, вытворнае ад *pel‑ ’устрывожыць’, сюды ж гоц. us‑filma ’перапалоханы’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́мнік ’помнік’ (ТСБМ). Польск. pomnik, чэш., славац. pomník ’тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад помніць (гл.), як цягнуць > цягнік (гл.). Хутчэй за ўсё, запазычана з польск. pomnik, што пашырыўся ў XIX ст. як калька з ням. Denkmal ’тс’, адсюль і чэш. pomník (Банькоўскі, 2, 694, насуперак Орлась, JP, 76, 4–5, 299–302), што, магчыма, паўплывала і на ўтварэнне рус. памятник ’тс’ (Кохман, Sprawozd. Opol. TPN, wydz. 2 В, 24, 25–27), параўн. паралельнае ужыванне ў Міцкевіча pomnik, pamiętnik, monument ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пралес : шкіра ў лес, на пралес, здароўе ў хаце, хвароба ў лес (Шн. 3), пралес ’пералесак’ (Нікан.). Прыназоўнік на (пралес) у прыкладзе з Шэйка, як быццам бы, сведчыць аб тым, што значэнне тут ’нейкае месца ў лесе’, магчыма, ’прагаліна, паляна’ (параўн. значэнні пралесак). Тады пралес — дэрыват ад пра- (< пера‑? гл.) і лес, у адрозненне ад укр. праліс, польск. prałs і чэш. prales ’некрануты, даўні лес’, якія ад пра- і лес (параўн. Банькоўскі, 2, 756). Параўн. пра́мара.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́нця ’бесхарактарны, заняпалы чалавек’ (Цых.). Няясна, параўн., аднак, фармальна і семантычна блізкія балг. пу́нчо ’ненармальны, дурны чалавек’ (няяснага паходжання, гл. БЕР, 5, 854), в.-луж. punca, риса, н.-луж. punca ’weibliche Scham’ (з ням. Bume, puncen ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1186), славен. punca ’лялька, дзяўчына, каханка’ (з італ. pulcella ’дзяўчына, дзеўка’ < лац. pullus ’юнак’, гл. Бязлай, 3, 136) і пад., у аснове якіх, магчыма, экспрэсіўныя словы дзіцячай мовы, параўн. рус. дыял. пуня ’плаксівы чалавек, недарэка; ахламон’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабу́шка1 ’саматканая спадніца’, ’завітая намітка на галаве ў выглядзе шапачкі’ (ТС, Нар. лекс.), ’спадніца з палатна, тканага ў клетку’ (Малчанава, 136), рябу́шкі ’саматканыя спадніцы’ (віц., ДАБМ, камент.). Сюды ж, відаць, і рабу́шка (рябушка) ’абруч з бяросты як частка галаўнога ўбору замужняй жанчыны’ (ТС). Ад рабо́к (гл.).

Рабу́шка2 ’клін у пярэднім навоі’ (Ян.). Няясна. Магчыма, нейкім чынам звязана з серб. ра̑бош, ра̑буш, харв. rȃboš ’бірка’, балг. ра́бош, рабу́ш ’тс’, параўн. таксама балг. ръбу́шка ’зарэз, пазнака на нечым’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Размажджэ́рыць (размождже́риць) ’разбіць, растаўчы’ (Нас.), размазджа́рыць, размазджыры́ць ’разбіць’ (Сцяшк. Сл.), што да мождже́риць ’таўчы, разбіваць на дробныя часткі’ (Нас.), мажджэ́рыць ’драбіць, таўчы, раздрабляць’ (ТСБМ), мождже́рь ’медная або чыгунная ступка’, ’невялікая мартыра’ (Нас.), рус. смал. можже́р, можжи́р ’ступа’, ’вялікая гармата’, укр. модже́ра ’мартыра’, ’тс’, чэш. moždíř ’ступка, мартыра’. Лічыцца запазычаннем з польск. moździerz ’ступа’, ’мартыра’, у якую яно трапіла з лац. mortarium, магчыма, праз пасрэдніцтва с.-в.-ням. morsære, ст.-в.-ням. morsâri (Фасмер, 2, 637; Брукнер, 346). Гл. мажджара.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ннік ’чыстацел’ (ТС), ’расліна паўночнік, Knautia arvensis L.’ (Кіс., Мат. Гом.), ’трыпутнік, Plantago lanceolata L.’ (Сл. ПЗБ), ра́нік ’расліна лопух вялікі, Arctium lappa L.’ (лун., ЛА, 1). Розныя расліны з лекавымі ўласцівасцямі, ад рана1 (гл.), параўн. адносна апошняй: лісця таўком і заліваям сокам раны (жлоб., ЛА, 1). Параўн. таксама рус. ранник ’расліна Salvia aethiopis’, што Даль (4, 59) адносіць да ўтварэння ад рана2 (гл.). Магчыма пераасэнсаванне першаснай назвы пад уплывам другаснай матывацыі, параўн. ралнік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скабі́ць ‘скрэбці (бульбу)’ (Мат. Гом.), магчыма, сюды ж (калі гэта не другаснае ўтварэнне) ска́біць ‘заганяць стрэмку’ (Нас., Байк. і Некр.), параўн. каш. skobʼic ‘здзіраць кару з дрэва’. Відаць, узыходзіць да прасл. *skobiti ‘скрэбці вострай прыладай’, роднаснага літ. skõbti ‘дзяўбсці, рваць, шчыпаць’, лац. scabere ‘драпаць’, ст.-в.-ням. scaban ‘тс’, ням. schaben ‘скрэбці, церці’, адносна якога выказваецца меркаванне пра яго страту ў славянскіх мовах яшчэ ў праславянскі перыяд (Варбат, Этимология–1971, 3). Гл. таксама SEK, 4, 281.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слу́чай ‘выпадак, здарэнне’ (Нас., Шат., Растарг., ТС, Ян., Сл. ПЗБ), слу́чай ‘тс’ (Растарг., Бяльк.). Укр., рус. слу́чай, серб.-харв. слу̏ча̑ј, славен. slučȃj, балг. слу́чай, макед. случај, ст.-слав. сълоучаи. Прасл. *sъlučajь утворана з суф. ‑jaj ад *sъlučati sę ‘здарацца’; гл. Слаўскі, SP, 1, 86 і наст. Апошняе да лу́чыць (гл.); гл. Фасмер, 3, 679; Бязлай, 3, 266. Дыялектнае случа́цца, случы́цца ‘здарацца’ (Ян.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), случя́тыся ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), магчыма, з рус. случа́ться ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́ўма ‘гвалтоўна, напорыста’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), ‘знянацку, нечакана’ (Барад.). Дзеепрыслоўе ад соваць (гл.), утворанае па тыпу бегма, лежма і пад. Да семантыкі параўн. соўну́ць ‘штурхнуць’ і су́нуць ‘сунуць, пайсці гуртам’ (ТС), параўн. укр. совману́ти ‘штурхнуць’, што таксама звязваюць з со́ва́тися ‘совацца’, суну́ти ‘піхнуць’ (ЕСУМ, 5, 343). Магчыма, сюды ж соўма́к, соўма́н ‘ціхі, негаваркі чалавек, што паводзіць сябе незалежна’ (ТС), соўмач ‘нелюдзімы чалавек’ (лук., ЛА, 3), гл. саўміла. Наўрад ці звязана з тур. sovmak ‘гнаць, праганяць, адганяць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)